Вы тут

Лукашэнка: Аб’ядноўваючы чалавечы капітал і кампетэнцыі мы узмацнім пазіцыі


Прэзідэнт Беларусі ўпершыню ўручыў Прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі. Яе атрымалі два праекты са сферы касмічных распрацовак.


Прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі атрымалі беларускія і расійскія вучоныя за выбітныя дасягненні сумесных навуковых даследванняў і адкрыццяў. У мінулым годзе на суісканне ўзнагароды падалі 18 работ са сферы машынабудавання, лазерных тэхналогій, даследавання космасу, медыцыны, сельскай гаспадаркі. 

Экспертны савет выбраў два аўтарскія калектывы, якія сёння атрымалі дыпломы. Калектыў з шасці навукоўцаў (Пётр Віцязь, Сяргей Залаты, Дзмітрый Сікорскі, Леанід Макрыдзенка, Рашыт Саліхаў, Сяргей Церахаў) распрацавалі Беларускую касмічную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і арбітальную групоўку спадарожнікаў. Яшчэ адна група аўтараў (Сяргей Грабчыкаў, Мікалай Мухураў, Аляксей Труханаў, Наталля Барадкова, Алег Караблёў, Уладзімір Котцаў) стварылі высокаэфектыўныя сістэмы электрамагнітнай аховы і новае пакаленне датчыкаў патоку касмічнага выпраменьвання для касмічных прыбораў.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, уручэнне ўзнагарод напярэдадні Дня адзінства Беларусі і Расіі стане новай традыцыяй у гісторыі саюза. «Сумесныя поспехі ў гэтай сферы — вынік шматгадовага супрацоўніцтва. А пройдзены беларускімі і расійскімі вучонымі шлях ад ідэі да эфектыўнай рэалізацыі інавацыйнага праекта — гэта паказчык найвышэйшай ступені ўзаемнага даверу», — упэўнены Прэзідэнт.

Ён патлумачыў сваю думку: навука інтэрнацыянальная, але вучоныя не заўсёды адкрытыя ў сваіх даследваннях і іх выніках. «А гэта дэманстраванне таго, што мы на стадыі адкрыцця і канечных вынікаў абсалютна адзіныя», — сказаў кіраўнік краіны.

Першыя ўзнагароды за выдатныя вынікі ў навуковай дзейнасці і стварэнні інавацыйнай прадукцыі ў галіне касмічнай тэхнікі і тэхналогій — гэта стымул для далейшага развіцця інтэлектуальнага і тэхналагічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў пра сваё рашэнне 15-гадовай даўніны па развіцці касмічных тэхналогій. «Тады было шмат спрэчак, і ў Акадэміі навук вучоныя мне прапаноўвалі гэтым не займацца: “Навошта Беларусі гэтыя касмічныя даследаванні?” Я не скажу, што яны памыляліся. Магчыма, у тым сэнсе, для чаго прыдназначаны космас, Беларусі даследаванні і не патрэбныя, маглі запазычыць і ў расіян, — акцэнтаваў Прэзідэнт. — Але я думаў пра тое, што суперсучасныя тэхналогіі — космас, біятэхналогіі, развіццё ўласнага ракетабудавання, атамная электрастанцыя, ІТ-сфера — калі мы будзем гэтым займацца, падымуць дзяржаву і нацыю на больш высокі ўзровень развіцця і прыцягнуць шмат сумежных галін».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, поспехі лаўрэатаў паказваюць: народы Беларусі і Расіі адзіныя ў сваіх мэтах, моцныя братэрскай сувяззю і верныя агульнай гістарычнай памяці.

«Але і выклікі, якія ставіць сёння перад намі час, у нас таксама агульныя. Адказвалі і будзем адказваць на іх разам», — запэўніў Прэзідэнт. 

Ён падзяліўся: у апошні час шмат пераконвае сваіх расійскіх і беларускіх калег, што не трэба плакацца наконт сённяшніх санкцый. «Для вучоных — гэта велізарны шанец. Вы будзеце запатрабаваныя як ніколі. Ніякія палітыкі, ніякая эканоміка без новых і прарыўных тэхналогій, іннавацыйных рэчаў нічога зрабіць не зможа», — заявіў Прэзідэнт.

Санкцыі і сыход замежных вытворцаў з рынку, па словах кіраўнік краіны, — шанец для развіцця айчыннага, унутрнага рынку і нашых тэхналогій, вытворцаў.

«Асабліва хвалявацца не трэба. Трэба нейкі час, каб мы маглі перабудавацца. Я намякаю на тое, што без вас, вучоных, мы гэта не зробім. Калі ласка, падключайцеся. Гэта менш тычыцца лаўрэатаў, паколькі вы ўжо падключыліся. Гэта больш тычыцца іншых вучоных, якія гледзячы на вас, будуць у гэтым кірунку працаваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паабяцаў істотную падтрымку навукоўцам. Ды і дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, заступіўшы на сваю пасаду, у першую чаргу звярнуў увагу на павелічэнне колькасці сумесных праграм і іх фінансаванне.

«Я рад, што ў нас чалавек, які штурхае гэтыя працэсы ў Саюзнай дзяржаве, — зямны і практыкаарыентаваны. Мы будзем павялічваць саюзныя праекты, але будзем іх прызямляць. Для нас фундаментальная навука заўсёды была вельмі важная. Але нам і прыкладная сёння вельмі неабходная. Вось тое, што вы робіце, нам вельмі неабходнае», — дадаў Прэзідэнт.

Менавіта на гэтым ідэалагічным фронце навукоўцы — галоўныя байцы, бо ідэі, не ўласцівыя нашаму славянскаму менталітэту, а часам згубныя для нашага духоўнага развіцця, экспартуюцца звонку з тэхналогіямі, звярнуў увагу кіраўнік краіны. «Тэхналогіі магчыма, ідуць першымі, а за імі ідуць іх ідэі. Тое ж самае і ў адукацыі. Таму вы, даследчыкі і распрацоўшчыкі, павінны быць на крок наперадзе. Павінны быць у авангардзе развіцця нашых краін і дзяржаў. Толькі так, аб’ядноўваючы чалавечы капітал і кампетэнцыі дзвюх краін, мы працягнем узмацняць нашы пазіцыі. Гэта аб’ектыўная рэальнасць, і з ёй давядзецца лічыцца тым, хто развязаў супраць нас гібрыдную вайну», — заявіў Прэзідэнт.

Ён абсалютна перакананы, што мы пераадолеем сітуацыю, якую нагнятаюць варожа настроеныя да славянскага адзінства лідары, якія ўявілі сябе сусветнымі элітамі, але ўжо губляюць глабальную перавагу. «Цяжкасці стануць для нас дадатковым стымулам для развіцця не толькі навукі, але і ўсіх сфер дзейнасці нашых дзяржаў. Нам усім трэба шмат працаваць. Неабходна хутка і эфектыўна пераводзіць новыя веды ў сучасныя тэхналогіі — тое, чым вы займаецеся, ствараць канкурэнтныя на сусветным рынку навукаёмістыя галіны прамысловасці. І не толькі ў межах нашага Саюза», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пажадаў вучоным выдатных поспехаў у далейшай навуковай і вытворчай дзейнасці на карысць народаў і ў імя будучыні ўсходнеславянскай цывілізацыі. «Як ніколі ёй гэта адтрымка сёння неабходная. Нам яе належыць захаваць. Напярэдадні нашага свята хачу павіншаваць вас з заслужанымі ўзнагародамі. Няхай вашыя ідэі заўсёды будуць «на грэбні хвалі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка перад уручэннем узнагарод.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання Прэзідэнт зноў звярнуўся да гасцей. Ён паведаміў, што сёння ў яго запланаваная размова з Уладзімірам Пуціным, падчас якой перадасць віншаванне і раскажа пра новую традыцыю ўручэння прэмій.

«Мне здаецца, мы ў Беларусі ўжо ўстанавілі ўсе традыцыі, якія неабходна было заснаваць і аднавіць. Я лічу, што калі ёсць традыцыі, ёсць аснова для развіцця, існавання дзряжавы. Добрую традыцыю мы сёння пачалі. Я ўпэўнены, што яна будзе жыць, калі будуць лаўрэаты», — рэзюмаваў кіраўнік краіны.

У размове з журналістамі тэму яднання працягнуў Дзмітрый Мезенцаў, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы. Па яго словах, фундаментам адзінства краін з’яўляюцца і высокія тэхналогіі, і 28 праграм, згодна з якімі дзяржавы абдумваюць, што могуць зрабіць адна для адной. «На этапе лавіны санкцый, жорсткага ціску ў адносінах да Расіі і Беларусі мы абавязаны прайсці складаны шлях пераасэнсоўвання і выхаду на новыя праграмы імпартазамяшчэння, пераасэнсоўвання таго патэнцыялу, што ёсць у кожнай з дзяржаў саюза», — сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

Ён распавёў, чаму Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі былі прысуджаны двум праектам з касмічнай сферы, а не больш зямным праектам са сферы АПК.

«Дыстанцыйнае зандзіраванне зямлі мае прыкладную кампаненту. У першую чаргу ў сельскай гаспадарцы, метэрыялогіі, землеўпарадкаванню. Гэта тое, што неабходна агракомполексу, горадабудаўніцтву, архітэктарам, муніцыпальнаму і абласному ўзроўню», — патлумачыў спікер.

Каментарый у тэму

Пётр Віцязь, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: «Створана ў Рэспубліцы Беларусь новая галіна, дзе працуе больш за 400 чалавек па касмічных тэхналогіях. Мы сталі касмічнай дзяржавай. Мы ўдзельнічаем у Міжнароднай хартыі па космасе і буйных катастрофах, у шматлікіх міжнародных праектах. Даходы ад нашага спадарожніка перавысілі расходы больш чым на 20 мільёнаў долараў. А калі ацаніць усю работу, то мы ўжо зарабілі на новы спадарожнік. Мы хочам стварыць новую групоўку спадарожнікаў з больш высокім распазнаваннем. Новыя матэрыялы, інфармацыйныя тэхналогіі, электроніка, элементная база — можна пералічваць многае, што зроблена для касмічных тэхналогій. Самае галоўнае, што гэта выкарыстоўваецца не толькі для космасу, а ва ўсіх галінах нашай гаспадаркі. Прэзідэнт у свой час блаславіў развіццё касмічных тэхналогій, і з яго падачы створана галіна, групоўка спадарожнікаў новага ўзроўню і працаздольны беларуска-расійскі калектыў, які гатовы выконваць задачы на карысць краін».

Уладзімір Катцоў, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі, навуковы супрацоўнік Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі Інстытут касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук: «Распрацоўка любога прыбора, тым больш комплекса займае пяць-дзесяць гадоў. Гэта вялікая праца. На гэтай дарозе заўсёды сустракаюцца нейкія нечаканасці. І гэта ўзнагарода таксама так узнікла. Мы апошні час працуем з праектам “Bepi Colombo”. І на японскам апараце з’явілася праблема. Паколькі іх прыбору і мангітаметру патрабавалася атрымаць карцінку Меркурыя. Ніхто не браўся за гэта. Яны прапанавалі французам, а французы прапанавалі нам. Але нам не сказалі, што задача невырашальная. Мы аб гэтым даведаліся толькі, калі прыехалі ў Японію. Там стала вядома, што праблема не ў прыборы, а ў тым, што электрамагнітная сумяшчальнасць не дазваляе зрабіць сканіруючую прыладу, якая павінна ў японцаў быць. І вось мы з беларускімі калегамі вырашалі гэту задачу два з паловай гады. Пастаянна шукалі і знайшлі інавацыйнае рашэнне, якое можа прымяняцца ў іншых галінах».

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.