Вы тут

Горад, напісаны крокамі. «Зваротная перспектыва» Галіны Левінай


Сёння малюнак архітэктара паступова становіцца рарытэтам ужо ў сілу сваёй поўнай «непатрэбнасці» ў сучаснай праектнай працы, з рэпрэзентацыямі якой паспяхова спраўляюцца камп'ютарныя графічныя праграмы. Разам з натурнымі малюнкамі сыходзіць цэлая эпоха, калі архітэктары ездзілі па свеце з мальбертам і алоўкам у руках і, вяртаючыся на радзіму, звычайна паказвалі калегам сваю намаляваную «здабычу». Зараз архітэктурны малюнак лічыцца паўнавартасным і самастойным відам мастацтва. Ён стаў папулярным, нават модным. Яго пачалі збіраць не толькі знаўцы графікі, але і буйныя музеі. У Беларусі такія выставы — рэдкасць. Спадзяёмся, што пакуль. Прэцэдэнт з'явіўся. На пачатку Года гістарычнай памяці ў Слуцкай галерэі мастацтваў імя У. Садзіна прайшла выстава малюнкаў Галіны Левінай.


Лаўрэат міжнародных і айчынных конкурсаў, яна годна нясе прозвішча знакамітага бацькі — аўтара мемарыяла «Хатынь». Галіна — прызнаны лідар новай хвалі ў беларускай архітэктуры. Адна з апошніх узнагарод — дыплом І ступені на XXVІІІ Міжнародным аглядзе-конкурсе МАСА ў Тбілісі на найлепшую праектную і рэалізаваную работу, за праект Слуцкага лапідарыя — музея камянёў з дзясяткаў ацалелых старажытных каменных надмагільных помнікаў-мацэваў. Галіна Леанідаўна задумала стварыць месца для разважанняў аб вялікім свеце, знішчаным Халакостам, своеасаблівую, літаральна «сцёртую часам» гісторыю. Унутраная прастора выкладзена з надмагільных помнікаў, на якіх яшчэ чытаюцца надпісы, астатнія будуць умураваны ўглыб сцен.

— Па QR-кодах, якія мы ўстановім на камянях, можна будзе даведацца, што рабіў той ці іншы жыхар Слуцка, — кажа Галіна Леанідаўна. — Ці была ў яго капялюшная крама, ці ён гандляваў нейкімі замкамі, ці ён быў рабін... Гэта месца, куды ты прыйдзеш і будзеш задаваць пытанні, пашыраць свае веды пра Слуцк, пра ўзаемаадносіны людзей, якія ў ім жылі.

Як архітэктар Левіна вядома даўно і шмат каму. Але вось сваю графіку паказваць на выставах яна вырашыла нядаўна, у 2019 годзе, хаця малявала з дзяцінства.

— Малюнак, увогуле графіка — тое, што заўсёды было ўнутры мяне без паказу на публіку. Гэта тое, што суправаджала ўсё жыццё, — аловак у сумцы, туш, пяро... Моманты, калі ты знаходзішся сам-насам з тым, што вакол, у Глуску або Міры, у Слоніме або Гродне, толькі твае, яны больш нічые, нікому не належаць. І самыя шчаслівыя. Для мяне гэта мая гісторыя. Я люблю гэтыя партрэты дамоў, бо ведаю, што за кожным домам — гісторыя людзей. Я люблю местачковыя і гарадскія краявіды, цяпер шмат што незваротна памянялася... Для мяне гэтыя малюнкі, сюжэты шмат значаць. Яны настолькі мімалётныя, наколькі і трывалыя ў нашым разуменні і чытанні Беларусі.

Хуткае маляванне з натуры, адна з першых засвоеных ад бацькі звычак, — прафесійны навык архітэктараў старой школы, якія лічылі, што «толькі малюючы архітэктуру, спазнаеш яе». Маляванне з натуры — і вывучэнне стылю старой архітэктуры, і своеасаблівая «графічная медытацыя».

Малюнкі Галіны Левінай выкананы ў розныя часы і ў розных кутках Беларусі. Сапраўды, яе гарады «напісаны крокамі», яны літаральна «выхаджаныя» і ўвабраныя. Задача спачатку была чыста службовая — прапрацоўка архітэктурнага і канструктыўнага характару будынка ці ансамбля збудаванняў для стварэння сучасных праектаў. Але менавіта там, на натуры, яна адчула непараўнальнае задавальненне ад працэсу малявання і спазнання. Малюнкі ад рукі — удумлівыя, эксперыментальныя і, галоўнае, вельмі асабістыя — самая душэўная, інтымная і містычная частка працы архітэктара, якая ў выпадку Левінай дапаўняецца яшчэ і кароткімі вершамі. Гэта не проста замалёўкі пабудоў мінулага, але яшчэ і разважанні аб сучаснай архітэктуры, аб тым, як, не капіруючы архітэктурныя прыёмы мінулага, ствараць у гарадах архітэктурныя мізансцэны, якія па сваёй візуальнай інтрызе былі б вартыя найлепшых гістарычных узораў.

Усяго ў Галіны Левінай захавалася больш за 600 малюнкаў розных гарадоў. Малюнкі назапашваліся паступова. З гэтай хаатычнай кучы сведчанняў памяці, жыцця, настальгіі вызначыліся цэлыя тэматычныя серыі, якія сталі самакаштоўнымі творамі: серыі малюнкаў Мінска, Віцебска, Глуска, Слоніма, Міра, Смілавіч і г. д.

У камерную экспазіцыю выставы ў Слуцку былі ўключаны нямногія, толькі самыя яркія графічныя выказванні. Яны натурныя і дакументальныя. Побач аказваюцца малюнкі, разарваныя часам, тэмай, маштабам, стылем выканання, — і велічынёй з паштоўку, і малюсенькія «пачыркушкі» тушшу, і закончаныя вялікафарматныя пастэлі. Малюнкі і жывапіс — нібы вокны ў розныя мікрасветы. Іх прывабнасць — не толькі ў арыгінальнай форме, фактуры, дынаміцы, уменні ўбачыць незвычайную дэталь, настрой, перадаць адчуванне прасторы, але і ў выказванні ўласных эмоцый. І ў малюнку паўстае ўжо не помнік архітэктуры, а асабістае мастацкае бачанне гэтага помніка. Часта Галіна Левіна малюе архітэктурныя краявіды і «партрэты» будынкаў, не абцяжараныя ніякімі звышзадачамі, акрамя чыста мастацкіх.

Самымі любімымі сярод іх яна называе напісаныя на хуткую руку накіды з нататніка, якія паказваюць немудрагелістыя матывы — вуліцу ў Глуску, сялянскі гародзік, «хатку бабы Ані» ў Міры, будынак старой сінагогі ў Слоніме. Камусьці прыйдзецца даспадобы яркасць віленскіх вуліц, лірычныя накіды вулачак Мінска і Віцебска. Ну як не закахацца ў гэтыя па-майстэрску выкананыя графічныя мініяцюры, паэтычныя накіды, працятыя сумам і шчымлівай настальгіяй? Многія з захаваных местачковых пейзажаў ужо незваротна страчаны і засталіся толькі на замалёўках.

У адной з любімых еўрапейскіх сталіц Вене Галіна адкрыла сувязі з радзімай. Па гэтай барочнай Яўрэйскай плошчы хадзіў, у гэтай утульнай кавярні сядзеў ураджэнец Слуцка Іегуда Эпштэйн (1870—1945), майстар жанравых гарадскіх карцін. Першыя 17 гадоў ён правёў у маленькім Слуцку, у аднапавярховай камяніцы з блакітнымі аканіцамі. У дар Слуцкай галерэі мастацваў паднесены малюнак пяром яўрэйскай плошчы, прысвечаны мастаку, пахаванаму ў Вене.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».