Вы тут

Іван Саверчанка: Вярнуць гістарычную свядомасць без мастацкай літаратуры немагчыма


Пісаць творы ці аналізаваць іх, вывучаць гістарычныя факты ці на іх аснове пісаць захапляльныя аповесці? Выбар неабавязковы — ёсць людзі, чый талент дазваляе спалучаць гэтыя напрамкі дзейнасці. Прыклад — слынны беларускі літаратуразнаўца Іван Саверчанка. Цяжка пералічыць усе яго пасады і ўзнагароды. І нездарма доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі адну са сваіх кніг, а менавіта зборнік эсэ пра беларускіх пісьменнікаў XІІ—XVІІ стагоддзяў, назваў «Магія слова». Магія беларускага слова, любоў да беларускай гісторыі і культуры вызначыла яго жыццё. 2 красавіка Івану Васільевічу спаўняецца 60 гадоў. Мы гутарым з юбілярам пра актуальныя пытанні сучаснай культурніцкай прасторы.


— Вы — аўтар шматлікіх прац па гісторыі Беларусі, многія постаці мінулага дзякуючы вам сталі ўспрымацца выразней, ярчэй, выйшлі з забыцця... З якой гістарычнай постаці пачалося ваша прафесійнае захапленне беларускай гісторыяй і літаратуразнаўствам?

— Мая першая кніга «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега», выдадзеная 30 гадоў назад вялікім тыражом, паспрыяла вяртанню ў грамадскую свядомасць буйной асобы беларускай гісторыі. Леў Сапега — выдатны палітык, дыпламат, юрыст, дзяржаўны дзеяч і публіцыст, чалавек эпохі Рэнесансу. Ён зрабіў неверагодна шмат для захавання суверэнітэту і незалежнасці тагачаснай Беларускай дзяржавы, умацавання законнасці ў краіне і пашырэння ў грамадстве прававой культуры.

— Сёння мы шмат гаворым пра недапушчальнасць фальсіфікацыі гісторыі. Але ёсць і асаблівы аспект... Уладзімір Караткевіч захапляўся подзвігам чэшскага вучонага Ганкі, які, каб абвергнуць міф пра бедную гісторыю чэхаў, падрабіў старажытныя рукапісы і тым стымуляваў шукаць сапраўдныя артэфакты... І іх пачалі шукаць — і знайшлі. Сам Караткевіч не баяўся ўжыць фантазію, каб стварыць тую карціну старажытнай Беларусі, якая захапляе і абуджае гонар. Той жа Вацлаў Ластоўскі, пра якога вы пісалі, стварыў вобраз загадкавай, містычнай Беларусі, дзе захоўваюцца таемныя веды даўніх народаў. Як ставіцеся да гістарычнай міфатворчасці дзеля абуджэння цікавасці да свайго — ці заўсёды гэта адназначна кепска? І як вызначыць тут мяжу, якую нельга пераходзіць?

— Паўнавартасна вярнуць гістарычную свядомасць беларускага народа без мастацкай літаратуры наогул немагчыма. Літаратура валодае адметным інструментарыем, вобразнымі сродкамі, акурат яны дапамагаюць убачыць з'явы і працэсы больш поўна і аб'ёмна. Даўнія пласты беларускай гісторыі, ад якіх засталося няшмат артэфактаў і пісьмовых крыніц, можна ўзнавіць, пераважна з дапамогай творчай фантазіі, мастацкага ўяўлення. Якраз тут адкрываецца шырокае поле для міфатворчасці і фантазіі.

Гістарычная проза можа быць рознай, у залежнасці ад творчых задач пісьменніка. Мне больш даспадобы рэалістычны кірунак, творы, на старонках якіх адбываецца мастацкая рэканструкцыя мінулага, дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы. Але заслугоўваюць павагі і творы іншага парадку, дзе героі і абставіны цалкам створаны творчым уяўленнем аўтараў.

— На жаль, дасюль даводзіцца спрачацца наконт прыналежнасці да беларускай культуры постацяў, якіх, дарэчы, не ў апошнюю чаргу з-за нашай абыякавасці, ахвотна залічваюць да сваіх нашы суседзі. Сумневы ўзнікаюць і з-за самаідэнтыфікацыі персанажаў — назоў «беларусы» стаў шырока ўжывальны далёка не адразу, і з-за таго, што на працягу некалькіх стагоддзяў існавалі цяжкасці з літаратурным існаваннем беларускай мовы, адукаваныя людзі на нашай зямлі карысталіся лацінскай, польскай, рускай. Гэта не навіна — нагадаю, што ў Расіі доўгі час мовай арыстакратаў, маркерам прыналежнасці да прывілеяванага саслоўя была французская. Як вы вызначаеце культурную прыналежнасць «спрэчных» постацяў? І як змагацца са стэрэатыпам наконт беларускага народа як мужыцкага, «лапцюжнага», які не меў сваёй арыстакратыі і інтэлектуалаў?

— Культуралагічная атрыбуцыя беларускай пісьмовай спадчыны і нацыянальная ідэнтыфікацыя гістарычных асоб — надзвычай важная праблема. Беларускі народ як асобны этнас сфарміраваўся да XІV ст., аб чым сведчаць высновы вучоных-этнографаў. У беларускай культуры знайшлі арганічнае спалучэнне народныя, агульнаславянскія, антычныя, грэка-візантыйскія і заходне-раманскія традыцыі, што з'явілася добрым стымулам яе імклівага росквіту.

Жывая, гутарковая беларуская мова не адразу набыла статус дзяржаўнай, яна паступова пашырала сферы ўжытку. Варта нагадаць, што многія дзяржаўныя дакументы, якія ўвайшлі ў Літоўскую метрыку, напісаны на старабеларускай мове. На працягу доўгага часу ў пісьмовай практыцы краіны выкарыстоўваліся іншыя мовы — царкоўнаславянская, лацінская і польская. У маёй кнізе «Паэтыка і семіётыка публіцыстычнай літаратуры XVІ—XVІІ стст.» (2012) якраз раскрыты характар філалагічных дыскусій паміж прыхільнікамі выкарыстання народнай мовы ў якасці літаратурнай і тымі, хто аддаваў перавагу царкоўнаславянскай традыцыі.

Беларускай мовай у даўнія часы карысталіся не толькі простыя людзі, але і вялікія князі, магнаты, дзяржаўныя службоўцы, аб чым сведчаць шматлікія крыніцы. Пры двары Ягайлы ў Кракаве, калі ён стаў каралём Польшчы, панавала беларуская мова, бо і сам вялікі князь не надта валодаў пальшчызнай.

— Вы — аўтар манаграфіі пра старажытную паэзію Беларусі... Ці перадалася, на ваш погляд, ад таго, малавядомага нам, культурнага пласта нейкая традыцыя сучаснай беларускай паэзіі? У творчасці якіх паэтаў вы бачыце яе водгулле?

— У маёй манаграфіі «Старажытная паэзія Беларусі XVІ — першай паловы XVІІ ст.» (1992) ставілася мэта выявіць найважнейшыя здабыткі паэтычнай культуры Беларусі, на канкрэтных прыкладах даказаць высокі ўзровень мастацка-эстэтычнага развіцця беларускага прыгожага пісьменства ў даўнія часы. У дадатку да выдання змешчаны адшуканыя ў архівах і кнігасховішчах рарытэтныя помнікі нацыянальнай паэзіі, геральдычныя і эмблематычныя вершы, унікальныя паэтычныя шэдэўры. Мне ўяўлялася істотным даказаць, што беларусы ўжо ў даўнія часы мелі высокі ўзровень развіцця кніжнай паэзіі, што засведчыла высокі ўзровень культурнага развіцця народа.

Паэтычныя традыцыі на беларускай зямлі не перарваліся, не спыніліся. Паэзія дагэтуль застаецца запатрабаванай і з'яўляецца важным элементам нацыянальнай культуры. Сучасную паэтычную школу добра прадстаўляюць нашы выбітныя майстры слова: Казімір Камейша, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Навум Гальпяровіч.

— Памятаеце сваю першую рэцэнзію? На каго яе напісалі, пры якіх абставінах?

— Мой творчы шлях пачаўся з літаратуразнаўчых артыкулаў пра беларускіх пісьменнікаў старажытнага часу — паэта Андрэя Рымшу, асветніка Францыска Скарыну, публіцыста Сымона Буднага. Публікавацца пачаў з 1989 г., першыя манаграфічныя працы з'явіліся ў 1992 г. Зараз пішу навуковыя даследаванні, гісторыка-дакументальныя і літаратурна-мастацкія творы.

— Якой павінна быць сучасная крытыка? Бо, здаецца, даўно нядзейсныя класічныя яе формы, найбольш на чытача ўплываюць запісы ў блогах, відэаролікі кніжных блогераў. Размылася мяжа паміж літаратуразнаўствам, крытыкай і кніжнай рэкламай... Ці ўсё-ткі застаюцца незалежнымі ад павеваў часу нейкія крытэрыі ацэнкі твора і эксперты?

— Мне ўяўляецца найбольш прадукцыйным арганічнае спалучэнне крытыкі, літаратуразнаўства і кніжнай рэкламы, якое дапамагае чытачам выбраць прыдатную кнігу, звярнуць увагу на здабыткі сучаснай літаратуры. Майстэрства і талент пісьменніка — вызначальны крытэрый і галоўны чыннік поспеху мастацкага твора.

— Калі вы пішаце свае мастацкія творы, ці адключаеце ў сабе крытыка і літаратураўнаўцу? Згаданыя іпастасі дапамагаюць ці перашкаджаюць падчас пісьменніцкай працы?

— Навуковыя даследаванні істотна дапамагаюць мне пры напісанні гістарычных твораў. І, наадварот, дзякуючы творчай фантазіі, удаецца сфармуляваць і вырашыць многія праблемы, раскрыць загадкі гісторыі, асвятліць складаныя калізіі. Сінтэз навукі і мастацтва дазваляе выйсці на новы ўзровень асэнсавання гістарычных працэсаў.

— Перыядычна ў літаратуразнаўчых дыскусіях удзельнікі спрабуюць вызначыць, якія жанры і тэмы папулярныя ў чытачоў на дадзены момант... Як правіла, гэтыя прагнозы трываюць нядоўга. Як бы вы ахарактарызавалі сённяшнія зацікаўленні спажыўца літаратуры? І наколькі адрозніваюцца інтарэсы кніжнага рынку ад тэндэнцый самой літаратуры?

— У сучаснай беларускай літаратуры з'яўляюцца якасныя ў мастацкіх адносінах раманы і апавяданні — Георгія Марчука, Уладзіміра Саламахі, Анатоля Казлова, Віктара Праўдзіна, Васіля Шырко, што сведчыць пра вялікі патэнцыял айчыннай прозы. Кожны год друкуюцца дзясяткі цікавых і яркіх кніг для дзяцей і юнацтва. Выдаюцца навукова-папулярныя і пазнавальныя кнігі. Для спажыўцоў існуе дастатковы выбар добрай літаратуры.

— Неаднаразова былі спробы падключыць да стварэння запатрабаваных літаратурных твораў штучны інтэлект. На сёння існуюць адпаведныя праграмы, якія могуць выдаваць падобныя творы на дастаткова прыстойным узроўні... Ці ёсць нешта, што ніколі не будзе падуладнае на прасторах літаратуры штучнаму інтэлекту? І ці зможаце вы, аўтарытэтны літаратуразнаўца, гарантавана адрозніць прадукт камп'ютарнай праграмы ад плёну жывога розуму пісьменніка ці паэта?

— Творчасць і талент — рэчы выключна індывідуальныя. Кожны аўтар мае ўласны стыль, адметны творчы почырк. У творы жыве душа пісьменніка, адлюстраваны яго светапогляд і пачуцці.

— Ці застаюцца ў вас час і сілы на чытанне для ўласнага задавальнення? Ці адбылася «прафдэфармацыя» і фактар геданістычнага чытання знік? Калі не, што вы чытаеце чыста для сябе?

— З радасцю чытаю працы маіх калег, прадстаўнікоў іншых гуманітарных навук — філосафаў, гісторыкаў і культуролагаў. Атрымліваю асалоду ад сучаснай беларускай прозы і паэзіі. Мне пашчасціла, бо прафесійныя інтарэсы супадаюць з асабістымі зацікаўленнямі. Лічу жыццёвай удачай, калі праца прыносіць задавальненне.

— Актуальнае пытанне для ўсіх кніжнікаў: ці хапае ў доме месца для «папяровых сяброў»? Як вырашаеце праблему — пераходзіце на лічбу, час ад часу робіце рэвізію хатняй бібліятэкі? І як пазбаўляецеся ад непатрэбных тамоў?

— У мяне даволі вялікая бібліятэка, у якой шмат кніг па медыявістыцы, зборы твораў Уладзіміра Караткевіча, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, выданні сучасных аўтараў. Частку кніг перадаў у Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа.

— Вядома, пад канец пытанне традыцыйнае: над чым зараз працуеце і як літаратуразнаўца, і як пісьменнік?

— Працую над цыклам аповесцей пра гістарычныя падзеі, якія адбывался на беларускіх землях у X—XІІІ стст. Мне хочацца выявіць вытокі беларускай дзяржаўнасці, распавесці пра асоб, якія адстойвалі незалежнасць Бацькаўшчыны, асвятліць працэсы фарміравання беларускай народнасці, раскрыць канкрэтныя шляхі станаўлення беларускага этнасу як адметнай цывілізацыйнай супольнасці.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: pexels.com 

Выбар рэдакцыі

Культура

Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ. Часопіс «Роднае слова» прэзентаваў сваю версію сучаснага купалазнаўства

Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ. Часопіс «Роднае слова» прэзентаваў сваю версію сучаснага купалазнаўства

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 5 кастрычніка адбылася прэзентацыя «Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ», прысвечаная ліпеньскаму

Грамадства

Беспілотны і электрычны транспарт: што прапануюць беларускія вучоныя

Беспілотны і электрычны транспарт: што прапануюць беларускія вучоныя

Аб'яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёлета святкуе 65-годдзе.