Вы тут

Унікальныя ручнікі і дываны стварае народны майстар Беларусі Валянціна Савіцкая


У кожнага беларуса, бадай, знойдзецца дома даматканая посцілка, вышыты ручнік, што застаўся ад маці, бабулі. А вось у Валянціны Савіцкай з аграгарадка Барсукі Смалявіцкага раёна дом падобны на сапраўдны музей народнага мастацтва, дзе можна не адну гадзіну любавацца ўнікальнымі вышыўкамі, ручнікамі, саматканымі дыванамі ды іншымі тварэннямі рук гаспадыні — народнага майстра Рэспублікі Беларусь.


Талент да вышывання Валянціна Фёдараўна адкрыла ў сабе з дзяцінства. Маці і бабуля былі вядомымі майстрыхамі. Зрэшты, у невялікай вёсцы Букча Лельчыцкага раёна на Гомельшчыне, дзе нарадзілася Валянціна Фёдараўна, незвычайным для дзяўчыны было б не ўмець упраўляцца з ніткай ды іголкай. Жанчыны збіраліся вечарамі, спявалі палескія народныя песні — падчас гэтых спеваў і нараджаліся рукатворныя шэдэўры. Сям’я была шматдзетная — у Валянціны былі тры браты. Раніцай маці, справіўшыся па гаспадарцы, усаджвалася за кросны. Адзіную дачку, аднак, прыахвочваць да традыцыйных жаночых рамёстваў не дужа спяшалася — хацела, каб тая добра вучылася ў школе, «выйшла ў людзі». Але талент дзяўчынкі патрабаваў свайго ажыццяўлення: будучая майстрыха брала ў маці ніткі, калі той не было дома, і вышывала, вышывала... 

У 1976 годзе разам з сяброўкай прыехала ў вёску Барсукі, пачала працаваць на Жодзінскай трыкатажнай фабрыцы, дзе ў свае сямнаццаць выконвала дарослую норму. Швачкай у выніку не стала, але каханне сустрэла — у вясковым клубе пазнаёмілася з Валерыем. Вось ужо сорак год Савіцкія разам, пабудавалі ў Барсуках дом, выгадавалі траіх дзяцей, цешаць душу сем унукаў. І ўсе гэтыя гады кожную вольную хвіліну Валянціна Фёдараўна рукадзельнічае, а яшчэ спявае народныя песні ў мясцовым народным фальклорным калектыве «Жывіца». 

Свае вырабы не прадае — яны ўпрыгожваюць дом таленавітай жанчыны. Вышыўкі на ручніках, сурвэтках, касцюмах, абярэгі, саматканыя дываны на аснове народных маляванак, фігурныя круглыя дыванкі — кожны малюнак унікальны па той прычыне, што ніводзін не паўтараецца: усе ўзоры Валянціна Фёдараўна прыдумляе сама, кожны раз новыя.

— Спачатку раблю накід на тканіне, а колеры падбіраю, як прыдумаю. Цяпер багаты выбар нітак, не тое, што раней. Вось абрус ільняны, — гаспадыня паказвае на белы вышываны абрус на стале. — Абрус гэты выткала мая маці, а ўзоры на ім я вышываю, можна сказаць, усё жыццё. Бачыце, сярэдзіна вышытая тонкімі ніткамі, гэта вельмі даўняя мая праца. А апошняе кветкавае кола зрабіла зусім нядаўна, перад Калядамі…

Аранжавыя, малінавыя, пунсовыя, жоўтыя, сінія кветкі паўсюль — вышывальшчыца любіць жыццярадасныя колеры. Васількі, ружы, півоні расцвітаюць на падушках, фіранках, покрывах, ручніках. На круглыя дыванкі на падлозе шкада ступіць нагой, бо кожны з іх — цуд дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але яшчэ большае захапленне адчуваеш, калі даведваешся, што асновай для дыванкоў паслужылі палескія даматканыя посцілкі. У цэнтры кожнага дыванка, акурат на посцілцы Валянціна Фёдараўна вышыла кветкі — разнастайныя, багатыя іх спалучэнні здзіўляюць і зачароўваюць. Ніякага інтэрнэту, стандартных схем — усе малюнкі жанчына стварае сама, па натхненні, як мастак — карціну. Чыстая імправізацыя. Выкажу здагадку, што ажываюць тут і «цвяток радзімы васілька», і шчодрыя кветкі, што раслі ў садзе яе дзяцінства, і зеляніна палескіх лугоў, і лебедзі з грацыёзна выгнутымі шыямі — усё адтуль, кожны твор прасякнуты духам малой радзімы: Палесся.

А вось вясельны абярэг — невялікі прастакутны дыванок. На аснове з даматканага лёну вышыты жаніх і нявеста. Вытканая паўстагоддзя таму льняная тканіна з роднага дома атрымала новае жыццё, малюнак прыдумала Валянціна Фёдараўна сама. Такія абярэгі вышыла сваім дзецям.

Але самае, мабыць, цудоўнае дасягненне Валянціны Савіцкай — арыгінальныя дываны на аснове народных маляванак. Стварыла яна чатыры вялікія дываны, першаму з іх ужо сорак гадоў. У той час, расказвае гаспадыня, купіць добрай пражы не было магчымасці, і майстрыха выпрошвала ў атэлье абрэзкі трыкатажнай тканіны, распускала гэтыя адходы. Можна толькі ўразіцца яе цярпенню — такая карпатлівая праца па сілах не кожнай. 

На Палессі прынята было ўпрыгожваць хаты дыванамі-маляванкамі — такі дыван падарыла ёй мама, калі аддавала замуж. Дываны былі намаляваны фарбамі. І цяпер у некаторых палескіх хатах, па словах Валянціны Фёдараўны, можна ўбачыць тыя старадаўнія дываны.

Свае ж рукатворныя шэдэўры яна стварае метадам «выбівання» нітак на аснову — гэтую аперацыю паказаў ёй майстар з Барысава. Убачыла адзін раз, а загарэлася на ўсё жыццё, усміхаецца Валянціна Фёдараўна. І паказвае, як нітка запраўляецца ў адмысловую іголку з кручком, затым выцягваецца на іншы бок палатна — так ствараюцца гэтыя незвычайныя дываны. У спальні вісіць іх два, абодва — ва ўсю сцяну, на адным кветкавы ўзор, на другім — сцэнка ў міфалагічным, казачным духу. Валянціна Фёдараўна ўзгадвае, што работа над дыванамі так захапіла яе калісьці, што на лямпе плавіліся пластмасавыя дэталі, пакуль жанчына па начах займалася творчасцю, увасабляла на палатне вобразы з казак, песень. Дарэчы, народная песня для Валянціны Савіцкай — неад’емная частка творчасці.

— З Палесся прывезла народны касцюм маёй маці, — успамінае яна. — Гледзячы на яго, вышыла сабе касцюм для выступленняў у фальклорным гурце «Жывіца». Калектыў, якому ўжо больш за трыццаць гадоў, спявае народныя песні, у тым ліку тыя, што я чула на Палессі.

Панаракала Валянціна Фёдараўна, што не так ужо шмат гледачоў прыходзіць зараз на канцэрты — маладыя цікавяцца эстрадай. А спецыялісты хваляць — на «Дажынках» у Барысаве выканаўцаў з «Жывіцы» пачулі сталічныя артысты і падзякавалі за захаванне народных песенных традыцый. Словы ўдзячнасці чуе народны майстар часта, калі дэманструе свае вырабы на розных выставах, фестывалях, кірмашах рамёстваў.

Не навіна, што сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі сілкуецца ад жывых каранёў нацыянальнай культурнай спадчыны, ад традыцыйных рамёстваў. І пакуль у нас ствараюць свае шэдэўры такія майстры, як Валянціна Савіцкая, чыстая крыніца народнае творчасці не збяднее.

Алена БРАВА

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.