Вы тут

Суседскія і зямельныя спрэчкі, будаўніцтва школы, шум ад вытворчасці


Трынаццаць чалавек выслухаў падчас асабістага прыёму грамадзян старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын у Жодзіна. Заяўнікі звярталіся да кіраўніка цэнтральнага рэгіёна з рознымі пытаннямі: рамонт дамоў, уладкаванне дарог, дваровых тэрыторый, будаўніцтва сярэдняй школы і шмат іншага. Як заўсёды не абышлося без зямельных спрэчак, узаемаадносін паміж суседзямі. Бадай, гэтыя праблемы заходзяць так далёка, што ў іх не разбярэцца і сам чорт. Цягнуцца яны гадамі і вырашэнне іх залежаць толькі ад супрацьлеглых бакоў.


Фота: БелТА

Жыхарка Жодзіна Яўгенія Анатолеўна паскардзілася, што яе суседзі —прадпрымальнікі здаюць кватэру на суткі ў пяціпавярховым доме. І якраз насупраць той, дзе жыве пенсіянерка.

— Яны прыбралі перагародку, каб кватарантам было вальней, а на сумежную сцяну павесілі плазмавы тэлевізар. Мала таго, што «тэлек» раве на ўсю катушку, то яшчэ і кватарнты

ад яго не адстаюць. Жлукцяць гарэлку, сварацца, шумяць, уключаюць моцна музыку, — расказала жанчына..
Кабета неаднаразова выклікала міліцыю, але як толькі супрацоўнікі на парог — у кватэры цішыня. «Відаць, нехта папярэджвае аб прыездзе міліцыянераў», — да такой высновы прыйшла Яўгенія Анатолеўна.

Старшыня Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі растлумачыў, што па гэтым пытанні праводзілася праверка. Гаспадары кватэры здаюць яе на законнай аснове, плацяць падаткі. Што тычыцца перапланіроўкі, то за гэта яны пакараныя.

Аляксандр Турчын пагадзіўся з заяўніцай, што сапраўды, кватэры, якія здаюць на суткі праблемныя, невядома, хто там і з якой мэтай пражывае. Такія кватэры павінны быць пад пільным кантролем.

— Пастараемся разабрацца з вашай праблемай, — запэўніў ён заяўніцу. І даў даручэнне начальніку абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, каб наведаліся ў гэтую скандальную кватэру, пагутарылі з арэндадаўцамі.

Лідзіі Мікалаеўне са Смалявіцкага раёна таксама не даюць спакою суседзі. Яна даўно пражывае ў вёсцы Перамежнае ў асабістым доме. Усё было добра. Мірна, спакойна. Да таго часу, пакуль сусед не ўзвёў гаспадарчую пабудову і пачаў пілаваць драўніну.

Як запэўнілі прадстаўнікі райвыканкама, праверкай займаліся адпаведныя службы, але парушэнняў не выявілі.

Аляксандр Турчын даручыў яшчэ раз выехаў на месца і больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі. "Выпадкі, калі людзі ў жылых дамах займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю нярэдкія«—дадаў старшыня аблвыканкама.

Вера Мікалаеўна, якая жыве на вуліцы Партызанскай у Жодзіна, каторы год вядзе спрэчкі з сумежным землекарыстальнікам. Гаспадарчыя пабудовы суседзяў мяжуюць. Зліў з даху гаража суседа ўпіраецца ў дах гаража заяўніцы, з-за чаго там з’явілася цвіль, пайшлі трэшчыны. Жанчына патрабуе, каб суседка перанесла пабудовы далей ад мяжы зямельнага ўчастка.

Але ж, там жыве такая ж пенсіянерка, як і Вера Мікалаеўна. Ці пад сілу ёй гэтая працэдура. Ды і грошай для пераносу трэба багата—заплаціць за тэхніку, людзям за работу. Але жанчына стаяла на сваім: нічога складанага ў гэтым няма, зачапіць за «пяткі» і перасунуць будыніну.

Узнікае пытанне, а чаму б Веры Мікалаеўне не перанесці свой гараж? Вось бы і праблема вырашылася, падумалася мне.

— Мы не можам прымусіць вашу суседку прыбраць аб’ект нерухомасці, бо не маем па законе такога права, — зрабіў выснову кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

Аляксандр Турчын даручыў мясцовым уладам запрасіць жанчыну і пагутарцыь з ёй. Калі тая прыме прапанову, то неабходна аказаць ёй дапамогу з тэхнічнага боку.

Наталлю Міхайлаўну і Жанну Віктараўну хвалюе, што ў іх мікрараёне дзеля будаўніцтва жылых дамоў і аўтастаянкі будуць высякаць лес. Жанчыны лічаць, што і кафэ, якое тут знаходзіцца, толькі псуе навакольную панараму. Прасілі яны таксама пабудаваць у 8-м мікрараёне школу. "Дзеля стаянкі лес высякаць не будуць"—запэўніў губернатар. —Разам з тым выдзяленне зямельных участкаў і выбарная высечка дрэў праведзены па законе. Калісьці пад будаўніцтва вашых дамоў таксама дрэвы прыбіралі. Магчыма і суседзі, як вы цяпер, хацелі прыгожы выгляд з акна".

Яўген Аляксандравіч з Жодзіна папрасіў пахадайнічаць наконт падключэння прыватнага жылога дома да цэнтральнай сістэмы каналізацыі. Ён аспрэчваў парадак і суму працэдуры падключэння. Але ж камунікацыі былі пабудаваны ў асноўным за кошт бюджэтных сродкаў. А кааператыў, які быў створаны для будаўніцтва, не вярнуў запазычанасць. Таму падключыцца да цэнтральнай каналізацыі можна толькі пры ўнясенні фінансавых сродкаў.

Заяўнік спасылаўся на тое, што гарвыканкам не зрабіў разлік кошту кампенсацыі. Разлік зрабіў старшыня кааператыва. Заяўнік павінен кампенаваць 1250 рублёў. Яўген Аляксандравіч не пагаджаецца з такой сумай. Ён сцвярджае, што ў разлік былі ўзяты толькі 200 дамоў, а не 450, як у сапраўднасці.

Старшыня Мінаблвыканкама лічыць, што без пагашэння запазычанасці не трэба было падключаць жыхароў да камунікацыі. Але калі такое здарылася, то неабходна разабрацца: які нарматыўны акт дае падставу і хто мае права падключаць новых спажыўцоў.

Уладзімір Уладзіміравіч падымаў пытанне рамонту дарогі Барсукі-Ялоўка. Яна мае асфальтавае пакрыццё, якое прыйшло ў нягоднасць. Па дарозе небяспечна не толькі ехаць, але і ісці пешшу.

На Міншчыне, сапраўды, існуе праблема дарог, пагадзіўся з мужчынай Аляксандр Турчын. Але варта аддаць прыярытэты, расставіць акцэнты.

Калі старшыня аблвыканкама знойдзе час, то выедзе на месца і прыме рашэнне.

Пасля заканчэння прыёма грамадзян Аляксандр Турчын выказаў упэўненасць, што Жодзіна—горад, які дынамічна развіваецца. Нядаўна тут адкрылі дзіцячую паліклініку, у перспектыве — будаўніцтва сярэдняй школы ў 8-м мікрараёне. У планах — узвядзенне спартыўнага комплексу сумесна з БЕЛАЗам.

Аляксандр Турчын назваў гараджан актыўнымі людзьмі, а пытанні, якія яны задавалі характэрныя для любога рэгіёна краіны. Па яго словах, прагучала шмат пазітыўных прапаноў, цікавых ідэй.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.