Вы тут

Як ў Беларуска-Расійскім ўніверсітэце ў Магілёве ідзе інтэграцыя дзвюх краін


Беларускі-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве — адзін з паспяховых праектаў дзвюх краін. Створаны на базе тэхнічнага ўніверсітэта, у савецкі час вядомага як машынабудаўнічы інстытут, выпускнікі якога лічыліся аднымі з найлепшых у СССР спецыялістаў. Сёння тут існуе інжынерна-эканамічны факультэт, дзе навучанне ідзе па адукацыйных праграмах Расійскай Федэрацыі, а маладыя спецыялісты атрымліваюць дыплом расійскага ўзору. Конкурсы тут заўсёды вялікія, бо напрамкі самыя што ні ёсць сучасныя: праграмная інжынерыя, біятэхнічныя сістэмы і тэхналогіі, інаватыка, мехатроніка і робататэхніка. Расійская моладзь паступае сюды па выніках расійскага Адзінага дзяржэкзамену, беларусы, адпаведна, — па выніках ЦТ.


Уладзімір Поклад, напрыклад, прыехаў сюды з Кіславодска па парадзе старэйшага брата, які два года таму скончыў ВНУ з «чырвоным» дыпломам. Брат вучыўся па спецыяльнасці «Інаватыка», а Уладзімір выбраў «Мехатроніка-робататэхніка», дзе вучаць распрацоўваць робататэхнічныя сістэмы. Хлопец вельмі сур'ёзна захоплены вучобай і марыць стаць высакакласным спецыялістам. А яшчэ яму падабаецца падарожнічаць па Беларусі. За два гады вучобы паспеў аб'ехаць, лічы, усю краіну. Вельмі быў уражаны Гроднам з яго замкамі, Гомелем з яго вялікім паркам і палацам Румянцавых-Паскевічаў.

— Выбіраю горад, тыцнуўшы пальцам у карту, — усміхаецца малады чалавек. — Вечарам сеў у цягнік, раніцай прыехаў. Цікава і вельмі даступна па цане. Гуляю па парках, заходжу ў музеі, параўноўваю са сваім горадам.

Ураджэнец Смаленшчыны Яўген Мылаў упершыню трапіў ва ўніверсітэт на Дзень адкрытых дзвярэй па падказцы мсціслаўскай радні. Спадабалася і сама ВНУ, і спецыяльнасці, і горад.

— Беларускія населеныя пункты чыстыя, дагледжаныя, — кажа Яўген. — І мова цудоўная. Прыяцель пазнаёміў мяне з аднакласніцай, якая размаўляе выключна на беларускай мове. Мы з ёй хутка пасябравалі. Я нават некаторыя слоўцы беларускія запомніў. Напрыклад, «ковер» па беларуску — гэта «дыван». Размаўляць па-беларуску пакуль не атрымліваецца, але разумець — разумею.

Яўген вельмі добра фатаграфуе, нават з'яўляецца членам універсітэцкага фотаклуба, актыўны ўдзельнік студэнцкіх мерапрыемстваў.

— У нас шмат агульнага, мы нікога не дзелім на сваіх і чужых, мы — адна сям'я, — кажа старшыня студсавета БРУ Вадзім Мілько. Ён таксама студэнт інжынерна-эканамічнага факультэта, прыехаў у Магілёў з Гродна.

— Беларус, рускі — тут няма ніякай розніцы, жывём дружна, без здарэнняў, — кажа ён. — У нас шмат цікавых праектаў. Асабіста я ўдзельнічаў у вялікім конкурсе па лініі Рассупрацоўніцтва «Здравствуй, Россия», які праходзіў у Маскве. На яго прыехалі прадстаўнікі 48 краін свету, каб пазнаёміцца з рускай культурай, абмяняцца вопытам і адрасамі. Хутка будзем арганізоўваць вялікі турыстычны праект з расійскімі студэнтамі, які называецца «Спадчына роднай зямлі». Ён ахопіць многія гарады Беларусі і Расіі, будзем падарожнічаць, знаёміцца з культурай дзвюх краін. Нашы студэнты ўдзельнічаюць у расійскіх алімпіядах і конкурсах. Мы ў Беларусі — гэткі флагман Садружнасці Беларусі і Расіі.

Магіляўчанін Мікіта Кацегаў, як той казаў, патомны беларус, усе яго карані тут, у Беларусі, але таксама кажа: мы з расіянамі адзіныя.

— Інжынерна-эканамічны факультэт выбраў таму, што тут вельмі запатрабаваныя спецыяльнасці, — гаворыць ён. — Калі мы паступалі, была адна група, зараз дзве, і ўсё роўна попыт перавышае прапанову. Плюс яшчэ і ў тым, што мы атрымліваем дыплом расійскага ўзору.

Вучоба, традыцыі, праекты — у БРУ шмат агульных беларуска-расійскіх кіранкаў. Бадай усе ўніверсітэцкія мерапрыемствы і спаборніцтвы адбываюцца на пляцоўках дзвюх краін або з удзелам прадстаўнікоў суседкі. Нядаўна прайшоў традыцыйны фестываль інтэлектуальных гульняў «Мартовский лев», у якім удзельнічалі студэнты з усёй Беларусі, а таксама Смаленска і Калугі. Паралельна гэтыя ж гульні адбыліся на расійскіх пляцоўках у Маскве і Іркуцку, дзе гулялі ў асноўным расійскія знаўцы. У сярэдзіне красавіка БРУ будзе суправаджаць міжнародныя спаборніцтвы па паліятлоне, міжнародная федэрацыя якога знаходзіцца ў Расіі. У Магілёў прыязджае вялікая колькасць спартсменаў з Расіі, спаборніцтвы адбудуцца на найлепшых спартпляцоўках горада.

— У нас ёсць свой прадстаўнік федэрацыі — дацэнт кафедры фізкультуры Вера Пісарэнка, — удакладняе прарэктар па выхаваўчай частцы Андрэй Казанскі. — Паліятлон масавы від спорту, нешта накшталт ГПА — гатовы да працы і абароны. Гэта падцягванні, бег, стральба — адным словам, мнагаборства. Удзельнічаюць прафесійныя спартсмены, майстры спорту міжнароднага класу.

Суразмоўца лічыць, што беларуска-расійскі фармат універсітэта — вельмі ўдалая форма існавання. Яна ўзаемаўзбагачае, дазваляе пашыраць гарызонты. Пры БРУ працуе сацыяльна-культурнае аб'яднанне «Спадчына», у праектах якога удзельнічаюць і расійскія, і беларускія студэнты. Летась быў адкрыты Пушкінскі цэнтр, праз які рэалізоўваецца некалькі сумесных праектаў паміж магілёўскім універсітэтам і маскоўскімі ВНУ. У Новасібірску пры садзейнічанні БРУ створаны Міжнародны расійска-беларускі цэнтр міжрэгіяльнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Выкладчыкі магілёўскага ўніверсітэта дапамагаюць расійскім дзецям знаёміцца з беларускай культурай і гісторыяй. У чэрвені ў Магілёў прыедзе «Цягнік Перамогі», і ўніверсітэт арганізуе вечар для расійскіх школьнікаў. Іх каля 300 чалавек. Заадно пазнаёмяць з традыцыямі ВНУ і яе дасягненнямі. А яны вельмі ўражальныя.

— Мы штогод удзельнічаем у Санкт-Пецярбургскім салоне інавацый і інвестыцый, і заўсёды паспяхова, — з гонарам кажа Андрэй Казанскі. — Летась, напрыклад, узялі Гран-пры гэтага салона за тэхналогію зваркі. Нядаўна паказалі свой універсітэт на салоне «Выстаўка адукацыйных паслуг» у Маскве. Рэклама, інтэрнэт, праекты — матывацыйных момантаў шмат. Наша ўстанова заўсёды трымала высокую планку. Такой яна застаецца і цяпер.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

P. S. З нагоды святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ўніверсітэт наведалі прадстаўнікі расійскага пасольства. Яны азнаёміліся з магчымасцямі ВНУ, прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, дзе былі адзначаны студэнты і выкладчыкі, якія актыўна ўдзельнічалі ў рэалізацыі сумесных беларуска-расійскіх праектаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.