Аднаўленне традыцыйных народных касцюмаў беларусаў — справа карпатлівая, якая патрабуе асаблівай увагі і зацікаўленасці. У Доме рамёстваў у Карэлічах сэнс працы ясны ўсім — узнавіць і захаваць, каб паказаць і перадаць навык цяперашнім пакаленням.
Тут традыцыйны касцюм мясцовых жыхароў збіраўся літаральна па нітачках — вышытыя стройныя шэрагі крыжыкаў на плячах, рукавах і каўнярах патрабуюць доўгіх гадзін працы. На стварэнне летняга святочнага строю ў майстрых з Карэлічаў пайшоў прыкладна год. Ім з уменнем ўдалося аднавіць нацыянальны касцюм раёна, які бытаваў тут у канцы ХІХ — пачатку XX стагоддзя. У Доме рамёстваў вырашылі не спыняцца толькі на дарослым варыянце і стварылі традыцыйны нацыянальны дзіцячы касцюм.
Кожны аддзел рамеснай дзейнасці Гродзенскай вобласці ставіць перад сабой задачу аднавіць нацыянальны касцюм. Карэліччына ў гэтым плане была адна з першых — яшчэ чатыры гады таму былі адноўлены мужчынскі і жаночы святочныя сялянскія касцюмы, якія насілі на стыку XIX–XX стагоддзяў. Праз два гады была скончана праца па стварэнні камплекта верхняй цёплай вопраткі. Калі праца над традыцыйнымі дарослымі касцюмамі была завершана, вырашылі адрадзіць таксама і дзіцячы традыцыйны касцюм.
Па словах Юліі Баярэнка, загадчыцы аддзела рамеснай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў», усё пачыналася з пэўнай даследчай працы. Хоць спецыяліст заўважае, што работнікі цэнтра не з’яўляюцца навуковымі супрацоўнікамі, аднак для справы давялося прачытаць мноства навуковай літаратуры.
— Арыентаваліся на інфармацыю са зборніка беларускага мастацтвазнаўцы Міхаіла Раманюка, а таксама звярнуліся да архіваў Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — распавядае майстар аб працы над дзіцячым нацыянальным касцюмам. — Аказалася, што прыкладна да сямі гадоў дзеці хадзілі ў кашулі да падлогі, а ўжо пасля лічыліся дарослымі, таму іх адзенне станавілася паменшанай копіяй дарослага традыцыйнага святочнага касцюма.
Таму вышыўка зробленая па ўсіх традыцыях, з захаваннем сімволікі, закладзеныя ўзоры, якія абазначаюць моцную сям’ю, працяг роду, родную зямлю, здароўе, шчасце і многае іншае. Самі касцюмы зроблены з натуральнай ільняной тканіны, максімальна набліжанай па якасці і колеру да арыгіналу.
У Доме рамёстваў адзначылі, што традыцыйны касцюм беларусаў захоўвае сваё значэнне і сёння ў якасці сцэнічнага і этнічнага сімвала. У цэлым жа, традыцыя ткацтва лічыцца цудоўнай спадчынай беларускага народа, якая нягледзечы на цяжкія гістарычныя ўмовы і ліхалецці войнаў, стагоддзямі ўзбагачалася і ўдасканальвалася. Ва ўзорах народнага мастацтва беларусы сцвярджалі свій эстэтычны ідэал, у якое ўкладвалі тонкі густ і высокае майстэрства.
Да слова, толькі пасля 1940 года Карэлічы і Карэліцкі раён сталі адасобленай тэрытарыяльнай адзінкай. Да гэтага Карэліччына знаходзілася ў складзе Навагрудскага ваяводства, дзе існаваў Навагрудскі касцюм як традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Панямоння. Такую ж вопратку насілі і ў Слонімскім і Лідскім раёнах Гродзенскай вобласці. Пазней адбылася пераацэнка каштоўнасцяў, што сказался і на строях. Змяніліся ўяўленні аб ідэальных формах касцюма, змяніліся і ўмовы яго стварэння. Карпатлівая ручная праца паступова саступіла месца швейным машынкам.
У нашым выпадку майстры шмат у чым арыентаваліся на традыцыйныя касцюмы мясцовасці, якія знаходзяцца ў Карэліцкім краязнаўчым музеі, але адлюстравалі і сваё бачанне. Само ж паняцце «касцюм» уключае бялізну, хатнюю і верхнюю вопратку, галаўныя ўборы, абутак і аксесуары (паясы, пальчаткі, сумкі, спражкі, гузікі, ювелірныя ўпрыгожванні і г.д.), якія ў спалучэнні ствараюць адзіны мастацка-стылявы комплекс адзення канкрэтнага гістарычнага перыяду.
Мужчынскі касцюм карэліцкіх майстрых прадстаўлены кашуляй, вырабленай з ільняной тканіны з лаўсанам. На кашулі красуецца вышыўка «крыжам», упрыгожваючы абшэўкі, каўнер і борт. Жаночы касцюм таксама ўключае кашулю, пашытую з ільняной тканіны і упрыгожаную вышыўкай «крыжам» на рукавах і борце. Спадніца выраблена з ручнога тканага палатна хатняй воўны, якую, па словах Юліі Баярэнка, давялося пашукаць.
Традыцыйна мужчына насіў пояс ручной работы. У Карэліцкім касцюме ён выкананы з нітак чырвонага, жоўтага і колеру «валошкі» (васілька). Лічылася, што мужчына без пояса — «распаясаны». Выраз «распаясаўся» у старажытных славян азначаў страціць чалавечае аблічча, адвярнуцца ад сваіх продкаў і багоў, паводзіць сябе непаважліва ў адносінах да навакольных, неабдумана, сваімі дзеяннямі падвяргаць сябе і навакольных небяспекі. Абавязкова трэба было мець пры сабе галаўны ўбор, ў мясцовых жыхароў — саламяны капялюш.
Асаблівую ўвагу на сябе звяртае ўбранне для галавы ў жаночым касцюме — ён выглядае як намётка. Гэта варыянт даваеннага часу, бо пазней гэтая вышытая ўзорамі стужка замяняецца хусткай, паколькі на выраб намёткі патрабавалася вялікая колькасць матэрыялу.
У мінулым годзе майстры Карэліцкага Дома рамёстваў аднавілі традыцыйны верхні строй канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Касцюм, які ўдалося ўзнавіць карэліцкім майстрыхам, можна назваць дэмісезонным варыянтам верхняга адзення.
Справа ў тым, што на Карэліччыне, ды і ў многіх іншых рэгіёнах Беларусі, ў мароз сяляне нязменна насілі цёплы кажух і футравую шапку-вушанку. А вось асенне-вясновы варыянт у розных мясцовасцях меў свае асаблівасці. Самым пашыраным было адзенне тыпу «світа» прамога халатападобнага крою, да якога яны лагічна адносяць сярмягу, армяк, бурнос, бурку, халат, што характэрна і для Навагрудскага строю. Работніцы Дома рамёстваў самі вырашылі крыху прыталіць і раскляшыць жаночае паліто, каб надаць яму больш элегантнасці. На самай справе форма сілуэту, вароты і паясы ў сялян і сялянак практычна не адрознівалася. У той час світы па традыцыі шыліся з белага або шэрага сукна ці паўсукна розных адценняў (карычневага, жоўтага, сіняга («сіняціны») і інш.), якія, аднак, не даходзілі да выключна чорнага. Таму узнікалі цяжкасці з пошукам менавіта такіх матэрыялаў у сучасных магазінах.
Больш легкай задачай было аднавіць дэкаратыўныя элементы. Яны часта выяўлялася ў святочных світах і кажушках, якія па-майстэрску кроіліся, упрыгожваліся шнурком, аплікацыяй, вышыўкай. Святочную вопратку сялянкі багата аздаблялі шнурамі, аплікацыяй. У Доме рамёстваў у Карэлічах таксама вырашылі зрабіць такія шнуры і ўпрыгожыць імі касцюмы. На гэта пайшло прыкладна пятнаццаць метраў рукадзельнага шнура. Не менш клопатаў выклікалі і звычайныя гузікі.
— Цікава, што гузікі вырабляліся ўручную з дрэва. Іх дызайну асаблівай увагі ніхто не надаваў. Больш заможныя сяляне маглі дазволіць сабе гузікі з металу або косці. Мы прайгралі стандартны варыянт — выразалі іх з дрэва, — тлумачыць Юлія.
У цэлым жа, спецыяліст заўважае, што аб вопратцы жанчын-сялянак нашага рэгіёна маюцца вельмі скупыя звесткі. Іншы раз дэталі касцюмаў прыходзіцца збіраць па крупіцах. І так, да слова, амаль з кожным асобным элементам. Таму такая праца мае вялікую каштоўнасць.
Фота аўтара, sb.by, polymia.by
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.