Вы тут

Ансамбль знайшоў свайго гледача дзякуючы малавядомым народным песням


У рамках творчага праекта «Залаты узрост» народны ансамбль народнай песні «Медуніца» са Шчучына выступіў у філіяле Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага. Гледачы запоўнілі ўсю залу, і не былі расчараваны.


Сямейны дуэт Дар’я і Дзмітрый Паварга, ансамбль народнай песні «Медуніца».

Канцэрт, які адбыўся ў Гродне, у нейкай ступені можна назваць юбілейным. Сёлета ансамблю споўнілася 35 год. За гэты час змянілася шэсць саставаў. Калектыў некалькі «уціснуўся», стаў не такім шматлікім. Памаладзеў. Але, самае галоўнае, застаўся верны сваёй галоўнай тэме — тэме малой радзімы. 

Такую тэматыку з пачатку стварэння калектыву задаў яго бяссменны кіраўнік, кампазітар Генадзь Паноў. У рэпертуары ансамбля нямала песен Геннадзя Аляксеевіча. Многія выконваюцца ў новай аранжыроўцы. «Яны вясёлыя і душэўныя, таму і запатрабаваны. Іх трэба даносіць, — лічыць кампазітар. — Тэматыка розная, але гледачы нязменна цёпла сустракаюць песню „Малая Радзіма“, якую я напісаў на словы Івана Цітаўца». Так было і на гэты раз. Песню ансамбль выканаў двойчы.

У чым сакрэт такога поспеху песні? Магчыма, у тым, што тэма блізкая кожнаму чалавеку. Ва ўсіх ёсць свая малая радзіма, і пачуцці да яе заўсёды глыбокія. У тым ліку і ў саміх выканаўцаў.

— Мне таксама вельмі блізкія матывы малой радзімы, маленькага куточка нашай шчучынскай зямлі, цудоўнай прыроды, — гаворыць адна з удзельніц ансамбля Дар’я Паварга.

У калектыве яна разам са сваім мужам Дзмітрыем. Абодва — работнікі культуры. Лічаць, што сямейным дуэтам спяваць нават весела, спрэчак амаль не бывае. Калектыў з настроем гатовы выконваць песні і пра грыбы, і пра трактарыстку, і пра родныя прасторы. Генадзь Паноў апрацоўвае народныя песні і ўводзіць іх у рэпертуар. Па яго словах, ансамбль знайшоў сваю нішу менавіта дзякуючы малавядомым песням. Некаторыя засталіся яшчэ ад першага саставу ансамбля, калі ладзіліся фальклорныя экспедыцыі. Ёсць песні, якія ўзяты з выдавецкай серыі «Беларуская народная творчасць». Многія з іх незнаёмыя шырокаму гледачу.

Дарэчы, у Генадзя Панова выйшлі з друку два нотных зборніка. Адзін так і называецца- «Малая радзіма». Некалькі экзэмпляраў аўтар падараваў адзінаму ў Гродзенскай вобласці спецыялізванаму аддзелу абласной бібліятэкі.

У нашым фондзе нотных выданняў асаблівае месца займае беларуская музыка, і яна запатрабавана, — адзначыла вядучы бібліятэкар мастацкага аддзела Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі Лілія Хадароўская. — Да нас прыходзяць кіраўнікі розных калектываў — і харавых і сольных, ім усім патрэбен беларускі рэпертуар, беларускія песні. Цяпер мы мы будзем прапаноўваць ім і гэтыя зборнікі, каб людзі больш ведалі нашых гродзенскіх аўтараў.

Такая камерная аўдыторыя — адна з новых формаў у выступленні музычнага калектыва. Звычайна канцэрты праходзяць падчас фестываляў і святаў альбо на сцэне ў залах. Цяпер ансамбль з задавальненнем практыкуе выступленне перад невялікай, але вельмі ўдзячнай аўдыторыяй. Як зазначылі ўдзельнікі «Медуніцы», людзі вельмі чула адгукаюцца на народныя песні. 

Цяга да народнай песні відавочна, кажуць удзельнікі калектыва. І новы састаў працягвае традыцыю, пачатак якой паклаў 35 год таму Генадзь Паноў. Дарэчы, справу свайго творчага бацькі працягвае яго сын Дзмітрый. Ён уліўся ў калектыў адразу пасля службы ў арміі, і вось ужо амаль тры дзясяткі год складае ядро ансамбля.

За гэты час змяніўся не адзін састаў, але паўзаў у ансамбля «Медуніца» не было, — кажа Паноў-малодшы. — Бацька стварыў даволі значны багаж, яшчэ не ўсе яго песні праспяваныя, зараз мы выканалі толькі дзве, а іх больш за 40. І зараз ён працуе над трэцім зборнікам.

Сёлета калектыў павінен падцвердзіць сваё званне «народны». Такая працэдура праходзіць кожныя тры гады. Узровень ацэньвае спецыяльная камісія. Каб адпавядаць патрабаванням, неабходна за гэты час аднавіць палову рэпертуара. «Медуніца» мяркуе поўнасцю завяршыць гэту работу да лістапада. Дарэчы, у кожны канцэрт калектыў заўсёды ўключае прэм’еру песні.


У тэму:

Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

У Гродзенскай вобласці разам з вядомымі калектывамі, такімі як «Белыя росы», развіваюцца і многія іншыя. Такіх музычных калектываў больш за 400. Многія маюць званні народных і ўзорных. Сюды прыходзяць людзі, якія дасягаюць такога ўзроўню, што спецыяльная камісія ацэньвае іх майстэрства па заслугах. А самі ўдзельнікі займаюцца музычнай творчасцю па свайму ў нутранаму натхненню. Культурныя ўстановы — музеі, бібліятэкі — зараз практыкуюць сустрэчы з такімі ансамблямі народнай музыкі. Яны выступаюць таксама на розныых святах, фестывалях, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных. Такія калектывы сапраўдныя носьбіты народнай творчасці. І задача сёння — захаваць гэтыя калектывы, каб яны неслі гэтую глыбінную культуру ў сучаснае жыццё.

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».