Вы тут

Гомельская і Бранская вобласці намецілі кропкі росту ў супрацоўніцтве


З нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі Гомельшчыну з афіцыйным візітам наведвае дэлегацыя Бранскай вобласці.


Як вядома, тыдзень таму расійскія суседзі прымалі на Браншчыне гомельскіх гасцей. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз дамовіліся аб развіцці сумесных праектаў у будаўніцтве, сферах адукацыі і спорту. Аб тым, што бакі гатовыя абмяркоўваць любыя прапановы па актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, пайшла гаворка і падчас сустрэчы бранскай дэлегацыі ў Гомельскім аблвыканкаме. 

Поспех – у супрацоўніцтве

Кіраўнік Гомельскай вобласці Іван Крупко адзначыў, што па аб’ёме інвестыцый у эканоміку паўднёва-усходняга беларускага рэгіёну Расійская Федэрацыя займае першае месца. На Гомельшчыне зарэгістравана 426 прадпрыемстваў з расійскім капіталам. 

— Расійская Федэрацыя — наш асноўны партнёр. Падпісаны пагадненні з 28 рэгіёнамі Расіі, а доля ў тавараабароце складае 60 %. Прычым за 2021 год гэты паказчык вырас на 137%. Асабліва хацеў бы адзначыць той факт, што Расійская Федэрацыя займае першае месца па аб’ёмах інвестыцый у наш рэгіён, — падкрэсліў Іван Крупко. — У цяперашняй сітуацыі трэба ствараць новыя сумесныя вытворчасці, каб нашы рэгіёны развіваліся, а дабрабыт людзей павялічваўся.

Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз выказаў упэўненасць у тым, што поспех у супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі грунтуецца ў тым ліку на ўзаемным даверы і павазе.

Падчас візіту ў Гомель дэлегацыя Бранскай вобласці наведала прадпрыемствы-флагманы абласнога цэнтра ААТ «Гомсельмаш» і ААТ «Спартак». 

Агульная памяць 

Сімвалічным напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі стаў удзел гамяльчан і гасцей з Браншчыны ў мітынгу каля мемарыяльнага комплексу «Алея Герояў» у Гомелі. Губернатары регіёнаў аддалі даніну памяці 38 Героям Савецкага Саюза і тром Поўным кавалерам ордэна Славы, якія звязалі сваё жыццё з Гомелем. Агульная памяць аб вайне, агульныя боль і смутак аб загінулых, агульная радасць Перамогі заўсёды будуць жыць адзіна ў сэрцах беларусаў і расіян. Такімі словамі завяршылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак і вянкоў на мемарыяле.

Школьная дыпламатыя

Гасцей з Браншчыны чакалі таксама ў сярэдняй школе № 75 Гомеля: адна з самых маладых устаноў адукацыі абласнога цэнтра падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з сярэдняй агульнаадукацыйнай школай № 71 Бранска.

Для губернатараў Гомельскай і Бранскай абласцей прайшла экскурсія па, сапраўды, адукацыйным мультыкомплексе. У знак шматгадовага сяброўства абласцей кіраўнікі рэгіёнаў пакінулі адпячаткі сваіх далоняў на школьных дрэвах адзінства. Дарэчы, з просьбай аб падпісанні дакумента аб пабрацімстве да Івана Крупко падчас яго рабочай паездкі ў Бранск звярнуліся юныя карэспандэнты школьнай газеты. І вось, пажаданне дзяцей выканана. 

— Важна, каб моладзь нашых краін была аб’яднана ў навуцы, адукацыі культуры і спорце. Акрамя таго, мы павінны выхоўваць яе на гістарычных традыцыях нашых продкаў, каб не забыліся важныя этапы мінулага, — адзначыў падчас наведвання гомельскай школы губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз.

О, спорт — ты мір

Кіраўнікі Гомельскага і Бранскага рэгіёнаў адкрылі таварыскі турнір паміж камандамі дзвюх абласцей па хакеі. Спаборніцтвы, прымеркаваныя да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, праходзяць у Гомельскім лядовым палацы. Удзельнікаў спаборніцтваў віталі Іван Крупко і Аляксандр Багамаз. Яны выказалі спадзяванне, што турнір стане традыцыйным, бо менавіта спорт ва ўсе часы аб’ядноўваў людзей.

Перспектывы і сумесныя планы

Між тым падчас прыёму дэлегацыі Бранскай вобласці Іван Крупко запрасіў расійскага калегу Аляксандра Багамаза на Рэгіянальны бізнес-форум «Гомель — Бранск», які пройдзе 20 мая.

Кіраўнік Бранскай вобласці падзякаваў за цёплы прыём на Гомельшчыне і выказаў упэўненасць у тым, што будзе выканана ўсё намечанае ў супрацоўніцтве беларускага і расійскага рэгіёнаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.