Вы тут

Жаночая экспазіцыя «Палітра вясны» працуе ў Нацыянальнай бібліятэкі


Яшчэ з 3 сакавіка ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстаўка графікі і жывапісу «Палітра вясны», арганізаваная сумеснымі намаганнямі кніжніцы і Беларускага саюза мастакоў. Прымеркавалі праект, у які змясцілі пераважна нацюрморты, да Міжнароднага жаночага дня: ладзіць вясновыя выстаўкі да 8 Сакавіка — ужо традыцыя Нацыянальнай бібліятэкі. Мэта — нагадваць і аматарам выяўленчага мастацтва, і чытачам пра хуткае абуджэнне прыроды, радаваць наведвальнікаў багаццем кветак і колераў. Вясновая экспазіцыя будзе працаваць аж да 26 чэрвеня.


Уладзімір Рынкевіч «Ружы і лёд», 2020 г.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава адзначыла, што задача экспазіцыі — акцэнтаваць увагу на прыгажосці і дабрыні. Яна падкрэсліла: нават калі канцэпцыя праекта нейкім чынам будзе трансфармавацца, сутнасць не зменіцца ніколі, і выстаўкі будуць працягвацца. Дарэчы, першая такая экспазіцыя была арганізавана яшчэ ў 2007 годзе.

Між тым намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па творчай рабоце мастак-графік Андрэй Басалыга заклікаў пры праглядзе экспазіцыі «Палітра вясны» завастрыць увагу на незабыўных пачуццях — цёплых, пяшчотных і заўсёды непаўторных. Бясспрэчна, менавіта яны неабходны ў дадзеным выпадку — усё ж выстаўка не дае падставы разважаць пра сур’ёзныя праблемы грамадства, пытанні гістарычнай спадчыны ці хвалюючыя з’явы сучаснасці. Сюжэты работ таксама не даюць нагоды для дыскусій ці глыбокага і шматбаковага аналізу.

Сяргей Пісарэнка «Веснавыя кветкі», 2020 г.

У цэнтры выстаўкі «Палітра вясны» — кветкавыя кампазіцыі, увасобленыя ў жывапісе, акварэлі і графіцы. Выкананы яны ў асноўным у 2020—2022 гг. Жанравая і тэматычная разнастайнасць работ дае магчымасць паразважаць аб творчых пошуках сучасных мастакоў, якія нібы працягваюць дыялог з папярэднікамі ў мастацтве. Большасць твораў, безумоўна, можна аднесці да жанру нацюрмотра, аднак сустракаюцца таксама пейзажы і сюжэтныя выявы. Амаль усе работы дэманструюцца ўпершыню.

Удзел у выстаўцы прымаюць як сталыя мастакі, прафесіяналы, імёны якіх шырока вядомы ў беларускім культурным асяроддзі і за мяжой, так і маладыя яркія аўтары, якія толькі пачынаюць свой шлях у айчынным выяўленчым мастацтве. Сярод тых, чые творы прадстаўлены ў праекце, — Уладзімір Рынкевіч, Сяргей Пісарэнка, Наталля Шапавалава, Ганна Семілетава, Дзяніс Барсукоў, Юлія Мацура, Сафія Піскун, Ягор Коткін, Іван Семілетаў, Юлія Шамкуць, Вікторыя Валюк, Таццяна Матусевіч, Галіна Хайдарава, Таццяна Патворава, Алена Юр’ева, Кацярына Вішнеўская, Лідзія Лазоўская ды іншыя мастакі — усяго 45 творцаў.

Натуральна, звяртаюць на сябе ўвагу работы Уладзіміра Рынкевіча, які быў частым удзельнікам адмысловых праектаў (да таго ж кіраваў арт-студыяй «Аквавір», прадстаўнікі якой таксама ўдзельнічаюць у выстаўцы). Яго акварэлі «Набліжэнне вясны» (2020) і «Ружы і лёд» (2020) — нетрывіяльны погляд на змены ў прыродзе. Работы сапраўды напоўнены светлымі і цёплымі колерамі. Яны нібы перадаюць тонкі водар кветак і траў, які звычайна прыносіць з сабой яшчэ халаднаваты вясновы ветрык. На першай карціне прасочваецца пэўны сюжэт, здольны патлумачыць надыход цяпла і ажыўленне прыроды. Міф, казка, традыцыя — любая катэгорыя можа апісаць дадзеную работу славутага мастака. Акварэль «Ружы і лёд» меней дынамічная за папярэднюю. Гэтая выява перадае застыласць вобразаў, аднак сама назва падказвае: змены набліжаюцца, холад не назаўсёды, жывое пераможа.

Лідзія Лазоўская «Лугавыя кветкі», 2022 г.

Прыкметна вылучаюцца «Промні», «Макі», «Веснавыя кветкі» (усе 2020 года) Сяргея Пісарэнкі. Іх матывы даволі простыя: кветкі ў вазе (ці ў тым, што яе замяняе) — што можа быць не зразумела? Аднак што гэта за кветкі?

Якія колеры выкарыстоўвае мастак? З якой насычанасцю працуе? Якую ролю ў кампазіцыі адыгрывае святло? У кожным асобным выпадку знойдуцца розныя адказы, аднак іх аб’ядноўвае адно — загадкавая гармонія, што выяўляецца не ў дакладнай кампазіцыі або незвычайнай дэталі, хоць гэтага ў Сяргея Пісарэнкі не адняць. Творчы метад мастака вельмі пазнавальны і надзвычай прывабны: святочна-рамантычныя сюжэты, частковая ці суцэльная размытасць, цікавыя светлавыя эфекты… Між тым галоўная характарыстыка твораў мастака — спалучэнне эфекту ззяння з адлюстраваннем выразнай ці празрыстай і незаўважнай туманнасці, што, безумоўна, узмацняе эмацыянальны складнік.

Вернымі свайму стылю застаюцца і Дзяніс Барсукоў («Гладыёлусы», 2022), Іван Семілетаў («Кветкі памяці», 2021), Наталля Шапавалава («Амарыліс», 2020), Сафія Піскун («Геаметрыя меданосаў I», 2021), Ала Кушнер («Планета кветак», год стварэння работы не пазначаны),

Ягор Коткін «Вясна ідзе», 2020 г.

Інга Карашкевіч («Кветкі», 2021), Юлія Мацура («Нацюрморт з флоксамі», 2020), Андрэй Карпянкоў («Жоўты букет», 2020)… Пералік можа быць яшчэ даўжэйшы, таму варта было б засяродзіцца на тых аўтарах, якія хоць крышачку, але аддаліліся ад звыклага стылю. Аднак, што тычыцца знаёмых аматару беларускага сучаснага мастацтва творцаў, такіх работ не знайшлося. Напрыклад, Вера Каўзановіч працягвае ствараць лаканічныя, але змястоўныя пейзажы («Зацвісці ў поўню», 2020), а Ганна Чапурная-Алейнік зноў прадстаўляе свае надзвычай рамантычныя і сонечныя нацюрморты.

Што тычыцца такой неабходнай сонечнасці — важнага складніка падобных выставак, то яна сустракаецца ў многіх работах, але найбольш ярка выяўлена ў застылай цішыні пяшчотнай раніцы Вольгі Кузняцовай («Цішыня», 2020). Тут рэальнасць схавана ў казцы, цень — у святле, нядрэмнасць — у сне… А птушка нарэшце не ў клетцы. Побач з гэтым творам змешчана карціна «Хто тут на чужбіне?» Уладзіміра Даўгялы: заключаны ў ёй таксама і «птушыны» матыў, і тэма роднага дома, і праблема «свабоды-несвабоды». Якраз апошнія з названых работ вылучаюцца на выстаўцы сваёй, так бы мовіць, сюжэтнасцю. Між тым яны не выбіваюцца сярод нацюрмортаў, а толькі дапаўняюць іх, у адрозненне ад цалкам тэматычна прыдатнай, але зместава неадпаведнай «Чароўнай садоўніцы» (2022) Марыны Эрэнбург.

І напрыканцы — лыжка дзёгцю ў бочку мёду. «Палітра вясны» сабрала вельмі шмат работ, і ў такой колькасці адразу кідаюцца ў вочы творы другарадныя, не вельмі моцныя і не зусім арыгінальныя. Сярод іх — «Ружа» (2021) Ганны Семілетавай, «Ружы» (2021) Алены Юр’евай, «Мелодыя руж» (2021) Людмілы Зыгмантовіч, «Адлюстраванне» (2020) Анжалікі Вакуліч... Такі пералік можа навесці на думку, што аўтар гэтага тэксту проста не любіць ружы. Магчыма. Аднак убачыць і гэтыя кветкі, і півоні, і флёксы, і валошкі, і ландышы, і нарцысы, і хрызантэмы, і макі, і розную іншую расліннасць трэба на свае вочы. Каб паспрачацца, адчуць асаблівую энергію ці натхніцца.

Іван Семілетаў «Кветкі памяці», 2021 г.

Дарэчы, раім зайсці ў Нацыянальную бібліятэку не толькі дзеля зборнай вясновай экспазіцыі, якую аматарам мастацтва, асабліва акварэлі, варта ацаніць. Зусім нядаўна ў галерэі «Панарама» (22 паверх) пачала работу выстаўка акварэлі Марыі Сыракваш «Вандроўкі ў мінулае», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці. Марыя Сыракваш — маладая мастачка. Вучылася ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў, у 2019 годзе паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на аддзяленне графікі. «Вандроўкі ў мінулае» знаёмяць з улюбёнымі аб’ектамі акварэльнага жывапісу Марыі Сыракваш — архітэктурнымі помнікамі, якія і сёння можна ўбачыць падчас падарожжа па Беларусі: Крэўскі і Смалянскі замкі, царква і касцёл у Ракаве, сядзібы Рэйтанаў, Дамейкаў, Храптовічаў, касцёл у Івянцы, капліца ў Залессі і многае іншае. Серыя складаецца з некалькiх дзясяткаў работ, створаных у перыяд 2019—2021 гг. Выстаўка працуе да 29 мая.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?