Вы тут

Смарт-тэхналогіі і добрасуседства пад адкрытым небам


​Савет Рэспублікі працягвае падрыхтоўку да ІХ Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Пасля сумеснага пасяджэння з расійскім бокам беларускія сенатары адпрацоўваюць кожную з шасці секцый. На чарговай нарадзе на мінулым тыдні пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктара Лісковіча разглядзелі падрыхтоўку пятай секцыі. Яна будзе асвятляць пытанні інтэграцыі вышэйшай адукацыі рэгіёнаў дзвюх краін. Пройдзе пасяджэнне секцыі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. 


«Мы імкнёмся падыйсці да падрыхтоўкі дадзенай секцыі так, каб лепшае, што ёсць у кожнай з нашых краін, нашых рэгіёнаў было карысна і запатрабавана адзін адным і ў канечным выніку служыла развіццю сістэмы вышэйшай адукацыі ў Саюзнай дзяржаве, выхаванню маладых людзей і атрыманню імі неабходных ведаў», — сказаў член Савета Рэспублікі.

Плануецца, што на секцыі з кожнага боку выступяць па восем дакладчыкаў. Іх тэзісы будуць строга рэгламентаваны часам — не больш за пяць мінут, каб даць слова ўсім і не збіцца з падрыхтаванай праграмы.
«Неабходна адзначыць, што запланавана вялізная праграма. Падрыхтаваны ў ёй не толькі разгляд дакладаў, правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі. Акрамя таго, у холе галоўнага корпуса ўніверсітэта будзе разгорнутая вялікая выстаўка. Удзел у ёй прымуць больш за 20 ВНУ нашай краіны і Расіі. Прысвечана выстаўка будзе развіццю смарт-тэхналогій, смарт-абсталявання і смарт-ўніверсітэта. То бок, гэта тыя інавацыі, якія неабходны сёння для разумнай эканомікі і лічбавай прасторы», — расказаў журналістам Віктар Лісковіч.

Таксама ён дадаў, што ў гарадскім парку Ж.Э.Жылібера, які мяжуе з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, плануецца разгарнуць выстаўку «Добрасуседства пад адкрытым небам». Яна будзе змяшчаць чатыры інтэрактыўныя пляцоўкі — «Славянскі карагод», «Дарогамі Перамогі», «Адукацыя — найлепшае багацце», «О, Спорт — ты мір». Кожная з іх прапануе майстар-класы, флэшмобы, канцэртныя і спартыўныя выступленні, адукацыйныя акцыі, конкурсы і інтэлектуальныя гульні. 

Па словах сенатара, праз кожную з пляцовак будзе праходзіць тэма гістарычнай памяці. «Мы пакажам, як развівалася адукацыя ў Савецкім Саюзе, Беларусі, чаго яна ўжо дасягнула, будзем размаўляць пра гісторыю Беларусі і Савецкага Саюза, пра герояў, якія адстаялі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Вельмі разлічваем, што пляцоўку ў парку наведаюць гараджане, госці горада, вучні школ і іншых устаноў адукацыі», — падзяліўся сенатар.

У рамках секцыі прадугледжана падпісанне дзесяці пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і расійскімі ВНУ з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Новакузнецка, Томска, Уладзівастока. Так, напрыклад, плануецца, што адпаведнымі дакументамі абмяняюцца мінскі БДЭУ і Дзяржаўны ўніверсітэт кіравання (Масква), Гродзенскі «мед» і Ціхаакіянскі «мед» (Уладзівасток), Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Дзяржаўны інстытут мастацтвазнаўства (Масква). Як дадаў Віктар Лісковіч, такія сувязі дапамогуць інтэгравацца навуковым і вучэбных распрацоўкам, уніфікаваць падыходы да абучэння моладзі.

«Сёння пытанні сумеснага навучання ў беларускіх і расійскіх ВНУ ўжо абумоўлены адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі. Мы, канешне, будзем прапаноўваць да разгляду ўрадамі варыянты, каб на парытэтнай аснове нашы дзеці маглі атрымліваць адукацыю ў ВНУ Беларусі і Расіі», — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.

ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе з 23 па 24 чэрвеня ў Гродне. Ён будзе складацца з шасці секцыі, на якіх разгледзяць наступныя пытанні: развіццё навукі, інтэграцыю адукацыі, узаемадзеянне ў аграпрамысловым комплексе, узаемадзеянне Маладзёжных парламентаў, эканамічную інтэграцыю (заключэнне пагадненняў паміж прадпрыемствамі, міністэрствамі і ведамствамі), заканадаўчае рэгуляванне дзейнасці Саюзнай дзяржавы.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.