Вы тут

Чаму Адам Багдановіч не прыехаў у Ялту, дзе паміраў яго Максім?


Так склалася, што да гэтага гістарычнага персанажа адносіны ўтварыліся дваістыя.

Не ў апошнюю чаргу з-за вельмі эмацыянальнай ацэнкі Уладзіміра Караткевіча, які дакараў Адама Ягоравіча Багдановіча, бацьку паэта Максіма Багдановіча, што той не змог ацаніць талент сына, не пусціў яго вучыцца ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт да акадэміка Шахматава і нават не прыехаў да паміраючага ў Ялту...

Пры гэтым дзякуючы Адаму Багдановічу яго сын стаў менавіта беларускім паэтам, і ўласныя ягоныя работы па фальклоры і этнаграфіі беларусаў маюць каштоўнасць...

Міхась Стральцоў у эсэ «Загадка Багдановіча» пісаў: «Не мы судзім за нешта Адама Ягоравіча, судзіць гісторыя, судзіць і шмат што даруе радзіма, бо яна бачыць: тут трагедыя, і трагедыя не аднаго толькі Адама Ягоравіча. Гэта трагедыя часу. Максім Багдановіч апярэджваў час, і ён перамог. Адам Ягоравіч можа перамагчы, і то толькі часткова, дзякуючы сыну».

Давайце не будзем судзіць, а проста ўспомнім цікавыя факты з біяграфіі гэтага адметнага чалавека.


Хлопец з Халопеніч

У лісце да свайго сябра Максіма Горкага Адам Багдановіч разважае: «Вы пішаце, што вы ўлюбёныя ў Італію і італьянцаў, але мне здаецца, што гэта ўсё ў вас ідзе ад галавы, а не ад сэрца. Што такое Італія?.. А вось мае Халопенічы — гэта іншае, таму што там, што ні крок, то ўспаміны, якія кранаюць струны майго сэрца».

Мінулым летам давялося наведаць Халопенічы, сённяшні гарадскі пасёлак, дзе 160 гадоў таму ўбачыў свет Адам Ягоравіч Багдановіч. Жывапісныя мясціны... Рэшткі Свята-Успенскай царквы, дзе, мяркуючы па пастаўленым унутры лаўкам, пад адкрытым небам адбываюцца богаслужэнні. Насупраць, амаль сцяна да сцяны, утульная драўляная новая цэрквачка. У цэнтры пасёлка, на плошчы, — бюст Адама Багдановіча, дзе ён пазначаны як «этнограф, педагог». Побач — помнік у гонар скасавання прыгону, на чорным граніце пастамента з крыжам напісана: «19 февр 1861 г. Холопеничская Волость».

«Я крестьянин. Отец мой, Юрий Лукьянович, был крепостным, дворовым, повар по профессии... Дед мой, Лукьян Степанович, был также дворовый — садовнік... Мой прадед Степан, по-видимому, первый стал носить фамилию Богдановича, по фамилии своего отчима Никифора Богдановича, как вошедший в состав его «двора» податной единицей. По отцу он должен бы писаться Скоклич» — так пачынаў свае мемуары Адам Ягоравіч.

Шлях вясковага хлапчука, нашчадка прыгонных, у адукаваны свет быў не з лёгкіх... Хоць пра родныя Халопенічы адгукаўся Адам Ягоравіч з пяшчотай, але ўспаміны пра цёмнае, прынізлівае мінулае наўрад ці любіў. Са скуры прогся, каб выбрацца ў свет да навукі. Хрышчаны быў па ўніяцкім абрадзе і атрымаў імя Адольф, а паступаючы ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, змяніў яго на Адам, больш праваслаўнае. Так што мог жыць на свеце не Адам Багдановіч, а Адольф Скокліч.

Пушкін, Лермантаў, Леў Талстой, Дастаеўскі, народнікі... Руская культура ўспрымалася сімвалам лепшага, вольнага і духоўнага, жыцця. Усё жыццё Адам Ягоравіч імкнуўся стаць сваім у свеце рускай інтэлігенцыі. І хоць нават пасябраваў з Горкім, адносіны, хутчэй за ўсё, сустракаў паблажлівыя. Ці мала такіх самавукаў, самародкаў... Манаграфія пра міфалогію беларусаў, у якой шмат было ад спадчыны ўлюбёнай бабкі Рузаліі, не атрымала таго розгаласу, на які спадзяваўся...

Паблажлівы да беларускай народнай культуры тон — таксама ад таго комплексу нуварыша: я ж прыўзняўся над гэтым, я бачу недасканаласць...

Ды Адам Ягоравіч нават назву родных Халопеніч спрабаваў вытлумачыць «высока» — маўляў, ад скіфскай мовы, ад «хола» ці «гола» — «вада, возера», і «пея» — рака. Ну, на горшы выпадак, ад балцкага гідроніма «халапея» — возера, утворанае рэчкай... Толькі не ад «халопы».

І ў гэтым Адам Ягоравіч — тыповы беларус. Колькі іх і ў наш час, пераязджаючы ў гарады, выракалася роднай мовы, саромелася акцэнту і вясковага паходжання... Міхась Стральцоў заўважыў у эсэ «Загадка Багдановіча» пра мову твораў Адама Ягоравіча: «Што ж, дарэчы, датычыць яго рускай мовы, дык яна, шчыра кажучы, не вызначаецца якімі-небудзь асаблівымі вартасцямі, а наадварот, адчуваюцца ў ёй тыя залішнія правільнасць, закругленасць і грунтоўнасць, якія адразу выдаюць пераважна кніжнае веданне мовы».

Таму такой антытэзай успрымаецца сын Адама Ягоравіча Максім. Які з дзяцінства быў у асяродку «высокай», сусветнай, рускай, культуры, але пацягнуўся да сваёй роднай — і мэтай жыцця паставіў давесці, што яна не горшая, не бяднейшая за любыя іншыя. І давёў.

Муж арыстакратак

Чалавек, які сам сябе зрабіў, зведаў страшэнныя цяжкасці на шляху да ведаў... Рамантычны арэол дадаваў харызмы. Адама Багдановіча кахалі самыя рамантычныя і наогул цудоўныя жанчыны.

Першай была Марылька... Марыя Апанасаўна Мякота, прадстаўніца старажытнага арыстакратычнага роду, праўда, настолькі збяднелага, што дзеці гадаваліся ў прытулку.

Марыя была зусім юнай, калі яе сэрца скарыў старэйшы на сем гадоў настаўнік Адам Багдановіч: не паспела нават скончыць навучанне ў Пецярбургскай жаночай настаўніцкай школе. Яе маці Адама Ягоравіча ненавідзела.

Зяць ахарактарызуе характар цешчы як «болезненно неуравновешенный и чрезвычайно эксцентричный». У чым, безумоўна, прадузятасць.

Дарэчы, сябры ўспаміналі, што і з Марыяй не так ладна жылі, нават гразілася з'ехаць...

З аднаго боку, Адам Ягоравіч ставіўся да юнай жонкі паблажліва: «Необходимо отметить еще одну черту: чрезвычайную, иногда мучительную живость воображения», «она вдобавок обладала грацией котенка», «повышенная чувствительность в обыденной жизни с ее мелочными происшествиями иногда проявлялась вспыльчивостью»... С другога, ён аніяк гэтую «живость» не абмяжоўваў. Марыя Мякота займалася з дзецьмі па асаблівай праграме, ладзіла з імі імпрэзы... «Часто у нас собиралась молодежь, особенно в Минске. Пение, декламация, чтение, беседы, споры...»

Марылька шмат курыла, рабіла літаратурныя спробы.

І раптам — катастрофа. Хуткацечныя сухоты.

Дарэчы, хваробу знайшлі толькі праз месяц пасля апошніх, няўдалых, родаў (дачка Ніна памерла). А Марыя «из непреодолимого чувства женской стыдливости не позволяла себя выслушать ни одному врачу».

Пасля смерці Марылькі — сюжэт для «мыльнай оперы». У Ніжнім Ноўгарадзе, куды Адам Ягоравіч паехаў на работу, у харызматычнага ўдаўца закахалася маладзенькая сястра жонкі ягонага сябра Максіма Горкага Аляксандра Волгіна. Прыгажуня, разумніца, арыстакратка. Пашлюбаваліся.

І таксама памерла рана, ад родаў.

А потым нявенчанай жонкай стала малодшая сястра Марыі Мякоты Аляксандра — прыехала даглядаць пляменнікаў. Усё жыццё з-за ганьбы хавалася ад людзей... Але не кідала нашмат старэйшага за сябе Адама Багдановіча. Нарадзіла яму пяцярых дзяцей.

Прагрэсіўны і няўважлівы бацька

Па водгуках сяброў, тры браты Багдановічы жылі як беспрытульнікі. То-бок ніхто не прымушаў іх у час паесці, класціся спаць, не блытацца па вуліцы...

Дый толькі дабрыня другой жонкі, Аляксандры Волгінай, якая настаяла, што пасынкі павінны жыць у іх сям'і, выратавала хлопчыкаў ад туляння па радзіне — Адам Ягоравіч быў схільны да такога.

Можна абурацца... Але, з іншага боку, сам Адам Ягоравіч меў настолькі цяжкое дзяцінства, што наўрад ці мог надаваць значэнне нейкім бытавам рэчам. Ён даваў сваім дзецям галоўнае, на ягоны погляд, — волю і шлях да ведаў. Можа, не заўсёды на стале былі прысмакі, але дзеці былі адзетыя, кавалак хлеба маглі знайсці — тое, што не заўсёды меў іх бацька. Утульнасці не хапала — але для кожнага быў асобны светлы пакой, хоць «абстаноўка самая скупая». Тое, што ўсе тры сыны Марыі Мякоты і Адама Багдановіча раслі вундэркіндамі, геніямі, сведчыць, што была ў бацькавым падыходзе слушнасць.

З аднаго боку, шкада чытаць ва ўспамінах стрыечнай сястры Ганны Валасовіч-Гразновай, як Максім, каб пазбягаць зносін з нялюбай мачахай-цёткай, «ніколі не бываў разам з усімі, не палуднаваў, не піў гарбаты. Заўсёды праходзіў у свой пакой». З другога боку, яму тое дазвалялася — выказваць відавочную непавагу. Старэйшы брат Вадзім, сябар Якава Свярдлова, яшчэ ў гімназіі займаўся рэвалюцыйнымі справамі — бацька не забараняў. Узяўся Максім за беларускую культуру — яго справа, чытае, як і брат, Прудона і Бакуніна — няхай... Максім так згадваў пра бацькаву бібліятэку: «В ней есть все существенное, что появилось когда бы то ни было в литературе всего мира. Мы с детства проходили эту мировую школу. Отец начинал, с чего начинает каждый народ в своем творчестве, с эпоса. Мы уже в детстве знали «Рустама и Зораба», «Илиаду», «Калевалу», былины и пр. и пр...»

Няздзейснены вучоны

«Стары верабей» — называў Максім бацьку, а сябе — «маладым вераб'ём». Не прыехаў «стары верабей» да паміраючага сына ў Ялту, хоць той пісаў — «маладому вераб'ю блага». Апраўдваўся — не ведаў, што настолькі блага.

Міхась Стральцоў звярнуў увагу на пачатак успамінаў Адама Ягоравіча пра сына, якія яму заказалі напісаць з савецкай Беларусі: «Якая неадпаведнасць у тым, што не ён пра мяне, а я пра яго павінен пісаць успаміны».

Стральцоў бачыў тут рэўнасць і здзіўленне: вось, сын дамогся таго, чаго яму не ўдалося... Прызналі класікам. Прычым на той ніве, якую Адам Ягоравіч лічыў неўрадлівай. Ён лічыў сябе знаўцам літаратуры, таму нядзіўна, што не мог змірыцца — прагледзеў побач выдатнага паэта... Ганна Валасовіч-Гразнова піша: «Адам Ягоравіч ведаў сабе цану. Часта казаў: «Спытайся ў свайго дзядзькі (г. зн. яго), ён скажа табе ўсё»; «у бібліятэку табе не варта хадзіць, усё, што табе трэба, ты знойдзеш у свайго дзядзькі».

Але сведкі ўспамінаюць, і як ласкава называў сына «беларускі Гамер»...

Адам Ягоравіч Багдановіч быў чалавекам складаным і безумоўна таленавітым. «По призванию я был всегда учителем: всю жизнь учил, не закрывая рта, в школе, в лесу, в поле, в чайной, в вагоне, на пароходе, в крестьянской избе, в салоне, — словом всюду, где представлялся случай и были слушатели, кто бы они ни были. Иногда это бывало глупо (явно — не в коня корм), но я не смущался и никогда не каялся: в большинстве случаев успех был несомненный».

Ніхто не ведае дакладна, чым застанецца ў гісторыі.

Андэрсен паблажліва ставіўся да сваіх казак, лічачы, што для вечнасці напісаў маралізатарскія раманы...

Даніэль Дэфо, аўтар шматтомных трактатаў, стварыў «Рабінзона Круза» за кароткі тэрмін, бо патрэбна было выдаваць замуж дачку.

Адама Багдановіча, які спадзяваўся на славу навукоўца, ведаюць як бацьку паэта Максіма Багдановіча.

Меншая колькасць ведае яго як аўтара манаграфіі «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов».

Толькі спецыялісты памятаюць пра ягоную грунтоўную працу «Язык земли. Опыт образования и значение водо-речных и озерных имен и от них происходящих». Больш за тысячу старонак рукапіснага тэксту, так і не выдадзенага. Хоць работа, прысвечаная Максіму Горкаму, была прынятая да выдання Дзяржаўнай акадэміяй гісторыі матэрыяльнай культуры — не без дапамогі таго ж Горкага. Але ў 1937-м нават Максім Багдановіч пачаў лічыцца цемрашалам. «Язык земли» прызналі контррэвалюцыйнай працай. А была яшчэ манаграфія «Этнический состав народов славянских и русских» у 2-х тамах...

Адам Багдановіч так і не наведаў магілы Марыі Мякоты... У Халопенічы прыязджаў некалькі разоў, апошні ў 1928 годзе. Незадоўга да смерці пісаў сястры: «Есть у меня еще одно задушевное желание — это съездить в Минск и в Холопеничи: тянет туда. Но это трудно осуществить. Во-первых — две поездки были бы тяжелы для нашего бюджета; а во-вторых, для меня это было бы делом рискованным: поездка в Холопеничи меня бы так взволновала, что я, вероятно, и сложил бы там свои старые кости под березами моих предков».

Памёр Адам Багдановіч у 1940 годзе ў Яраслаўлі. Толькі два сыны ад трэцяга шлюбу перажылі яго.

У завяшчанні Адама Ягоравіча, у пункце «Кнігі асаблівага значэння», першым выданнем значацца «Творы» на беларускай і рускай мовах Максіма Багдановіча.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.