Вы тут

Беларускія біятланісты — пераможцы чэмпіянату Расіі


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Героі тыдня. Беларускія біятланісты выступілі на чэмпіянаце Расіі, турнір праходзіў у Цюмені. Беларусы Ілья Аўсеенка, Дзмітрый Лазоўскі, Іван Тулацін і Мікіта Лабастаў занялі другое месца ў мужчынскай эстафетнай гонцы 4х7,5 км. Яны ўступілі 6,1 секунды пераможцам — камандзе Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі, вынік якой 1 гадзіна 18 хв. 07,9 сек. На трэцім месцы — біятланісты Цэнтральнай федэральнай акругі.

А Ірына Лешчанка, Ганна Сола, Дзмітрый Лазоўскі і Мікіта Лабастаў сталі пераможцамі ў змяшанай эстафеце. Другое месца ў прадстаўнікоў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі, трэцяе — у зборнай Масквы.

Пакуль беларускія біятланісты выступалі ў Цюмені, выканкам Міжнароднага саюза біятланістаў аднагалосна прыняў рашэнне аб прыпыненні дзейнасці федэрацый Беларусі і Расіі. Беларуская федэрацыя біятлона апублікавала афіцыйную заяву адносна гэтага рашэння ІBU. «Мы катэгарычна не згодныя з рашэннем выканкама Міжнароднага саюза біятланістаў па прыпыненні нашага членства ў саюзе і адхіленні спартсменаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай ІBU. У сувязі з гэтым да ведама кіраўніцтва ІBU даведзена наша пазіцыя аб неабгрунтаванасці прынятых рашэнняў і аргументы на карысць іх найхутчэйшай адмены. Аб'ектыўна ацэньваючы бягучую сітуацыю, абвінавачанні і абмежаванні ў дачыненні да беларускага біятлона, мы разам з Саюзам біятланістаў Расіі працягваем актыўна працаваць над аднаўленнем правоў федэрацыі і нашых спартсменаў з прымяненнем шырокага арсенала юрыдычных сродкаў і іншых магчымасцяў. У нас ёсць дастаткова часу да пачатку спаборніцкага сезона і чарговага Кангрэса ІBU, які пройдзе ў верасні 2022 года, каб дэталёва разабрацца ў сітуацыі і прыняць меры па аднаўленні справядлівасці», — сказана ў заяве.

Цытата тыдня. «Беларускія і расійскія спартсмены не на словах, а на справе даказалі сваё адзінства. Беларускія спартсмены падвергліся беспрэцэдэнтнаму ціску ў перыяд падрыхтоўкі да такійскай Алімпіяды і Гульняў у Пекіне. Мы стойка вытрымалі, спартсмены горда неслі сцяг нашай краіны. Упэўнены, так будзе і ў далейшым», — сказаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук падчас форуму «Мы разам. Спорт», які прайшоў у Маскве. Ён адзначыў, што Расія здольная праводзіць спартыўныя мерапрыемствы любога ўзроўню. «Мы гатовыя прымаць спартсменаў з Расіі на любых спаборніцтвах і вучэбна-трэніровачных зборах. Мы гатовыя сумесна праводзіць мерапрыемствы, універсіяды. Мы гатовыя пашырыць удзел нашых універсітэтаў у гэтых спаборніцтвах. Раней быў адзін — цяпер будзе восем, мы прынялі рашэнне», — дадаў міністр.

Каманда тыдня. Беларускія футбалісты перамаглі каманду Бахрэйна ў другім кантрольным матчы новага сезона. Вынік матча — 1:0. Пераможны гол забіў Андрэй Салавей. У першым матчы новага сезона беларускія футбалісты разграмілі каманду Індыі з лікам 3:0. У другім тайме гэтай сустрэчы мячы забілі Арцём Быкаў, Андрэй Салавей і Валерый Грамыка.

А футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) дабіліся перамогі ў гасцявым спарынгу з аднагодкамі з Азербайджана — 3:1.

Пазіцыя тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка засталася на пятай пазіцыі ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У яе актыве 4657 балаў. На турніры катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Маямі найлепшая беларуская тэнісістка выбыла з барацьбы пасля паражэння ў сваім стартавым паядынку, але захавала за сабой 5-е месца ў сусветным рэйтынгу. Пераможцай гэтага турніру стала польская спартсменка Іга Свентэк, яна ўпершыню ў кар'еры ўзначаліла сусветны рэйтынг.

Аб'ява тыдня. Федэрацыя спартыўнай барацьбы Расіі аб'явіла аб стварэнні прафесійнай барцоўскай лігі Poddubny Wrestlіng League. Першы турнір адбудзецца ў Маскве ў маі, у ім возьмуць удзел найлепшыя барцы Расіі і Беларусі, а таксама прадстаўнікі іншых краін. Спаборніцтвы пройдуць па алімпійскіх стылях спартыўнай барацьбы (вольная, грэка-рымская, жаночая), а таксама ў грэплінгу і панкратыёне. У кожнай вагавой катэгорыі выступяць па 16 спартсменаў. Барацьба будзе весціся ў фармаце асабістага турніру з падвядзеннем вынікаў агульнакаманднага першынства.

Поспех тыдня. Беларускі нападаючы «Нью-Джэрсі» Ягор Шаранговіч закінуў тры шайбы ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ супраць «Фларыды». Першую шайбу ён закінуў у першым перыядзе, адкрыўшы лік матча. Дзве астатнія шайбы ў вароты саперніка беларус закінуў у другім перыядзе. Гэты хет-трык стаў для беларуса першым у кар'еры ў НХЛ.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.