Вы тут

Школьнікі возьмуць удзел у добраўпарадкаванні крыніц у Гродзенскім раёне


Спачатку адбылося іх захапляльнае знаёмства з гродзенскай актывісткай, старшынёй таварыскага аб'яднання «Крыніца» Тэрэзай Белавусавай. Для абмеркавання праблем навакольнага асяроддзя ў Гожскай сярэдняй школе сабраліся прыхільнікі экалогіі. Гутарка нікога не пакінула раўнадушным. Было зразумела, што пасля азнаямлення з тэорыяй школьнікі абавязкова возьмуцца за справу. Менавіта такія мэты ставіць адукацыйны праект «Школа актыўнага грамадзяніна», у рамках якога і прайшла карысная дыскусія.


У Гожскай сярэдняй школе з экалогіяй дружаць. Тут працуе некалькі адпаведных гурткоў. Іх удзельнікі вывучаюць асаблівасці ландшафту сваёй тэрыторыі, яе флору і фаўну, удзельнічаюць у акцыях па навядзенні парадку на зямлі. Знаёмства з медыяперсонай падчас рэспубліканскага праекта «ШАГ» значна пашырыла ўяўленне аб іх малой радзіме. Сталі вядомыя такія факты, аб якіх многія школьнікі нічога не чулі.

Гаворка ішла пра крыніцы згаданай мясцовасці. І, трэба сказаць, апошнім часам яны вельмі папулярныя. Нямала намаганняў для гэтага прыкладае і Тэрэза Белавусава, чые продкі якраз родам з тутэйшых мясцін. Жанчына расказала, як яе бабуля крынічнай вадой лячыла розныя хваробы. Прычым кожная крыніца, а самых знакамітых тут чатыры, мела свае лекавыя асаблівасці.

— Мая бабуля звычайна брала ваду ранкам, і я зрабіла так і аднесла на праверку ў навуковую лабараторыю. І было вызначана, што вада ў адной з крыніц слабамінералізаваная, без прымесяў, што прыраўноўваецца да мінеральных водаў і мае лекавыя якасці. Што датычыць чысціні, гэтыя воды адпавядаюць усім санітарным нормам. Усе крыніцы правераны навукова-практычным цэнтрам па біярэсурсах і інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі, — адзначыла прамоўца.

Яна расказала аб спецыяльнай экспедыцыі, якая праходзіла нядаўна з удзелам навукоўцаў па праграме «Зяленая эканоміка энергарэсурсаў і рэсурсазберажэння». На аснове даследаванняў унесена прапанова аб наданні статуса помніка прыроды крыніцы, якая названа ў гонар пісьменніцы Элізы Ажэшкі.

— Гэта сімвалічна — згадаць знакамітых землякоў у Год гістарычнай памяці, — падкрэсліла Тэрэза Белавусава, — да таго ж Ажэшка сапраўды прыязджала да гэтай крыніцы, альбо ёй прывозілі адсюль ваду. Кажуць, што вада з яе захоўвае прыгажосць і маладосць. Наша грамадскае таварыства выступіла з праектам стварыць маршрут «Дарогай Элізы Ажэшкі». Мы падалі заяўку ў абласны фонд грамадзянскіх ініцыятыў.

Дарэчы, грамадскае аб'яднанне нядаўна атрымала грант на добраўпарадкаванне крыніц. Школьнікі выказалі жаданне таксама паўдзельнічаць у рабоце. Ахвотнікаў будзе нямала, выказалі ўпэўненасць педагогі. У юных эколагаў ёсць і пэўныя напрацоўкі. Напрыклад, браты-сямікласнікі Міраслаў і Яраслаў Завіноўскія ў лагеры «Зубраня» нават выйшлі ў паўфінал экалагічнага конкурсу са сваім дакладам пра крыніцы.

— У нас былі заняткі па антрапаметрыі крыніц, мы вывучалі сумежныя тэрыторыі, якая тут вытаптанасць, як гэта ўплывае на стан вады. Увогуле, якая антрапагенная нагрузка. Мы рабілі запыт на водаканал і цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, там праводзілі даследаванні, якія паказваюць, што вада чыстая, прыдатная для піцця. Такі аналіз праводзіцца раз на два гады. Аб гэтым мы інфармуем у нашым школьным блогу, што мае ўласны QR-код, — расказала настаўніца біялогіі Галіна Рапейка.

У аграгарадку добра ведаюць крынічную ваду, і многія яе ўжываюць. Найбліжэйшая крыніца мае назву Райгарад і знаходзіцца ў Нёманскай нізіне — самым нізкім месцы ў Беларусі. Але ёсць і яшчэ некалькі не менш вядомых. Мясціны тут чыстыя, тэрыторыя знаходзіцца ў пагранічнай зоне.

— Асабіста я прывожу ваду для сваіх бацькоў з крыніцы Марыяна, іншую яны не ўжываюць, — дзеліцца настаўніца біялогіі. — Ездзім раз на тыдзень, і гэта для нас асаблівы дзень. Мама ставіцца да гэтай паездкі вельмі трапятліва. Яна лічыць, што прыехала не іначай, як у святое месца, і нават не дазваляе гучна размаўляць, кажа, што сюды трэба прыходзіць з малітвай, нетаропка, не прыхваткамі.

Цяпер важна, каб гэтыя крыніцы дайшлі да нашчадкаў. У дадзеным сэнсе яны патрабуюць новага падыходу ў фарміраванні экалагічнай палітыкі, навукова-даследчага і прававога суправаджэння. Так сцвярджае кіраўнік грамадскага аб'яднання «Крыніца». І тут павінны вырашацца дзве задачы — выкарыстанне і ахова. Вось чаму такое важнае наданне ім статусу помнікаў прыроды.

З нядаўняга часу стан крыніц узяты на кантроль і мясцовымі ўладамі. Да добраўпарадкавання падключыўся Гожскі сельвыканкам. Яго старшыня Наталля Макаўчык запэўніла, што на крыніцы Элізы Ажэшкі будзе зроблена агароджа, падсыпаны дарожны пад'езд, адновіцца насціл, на пляцоўцы работнікі лясгаса паставяць лаўкі і стол, установяць шыльду з апісаннем хімічнага саставу вады. Але найперш будзе зроблена ачыстка тэрыторыі. Дапамогу акажуць ваеннаслужачыя пагранічнай заставы, а таксама школьнікі.

— Галоўны вынік «Школы актыўнага грамадзяніна» — рэалізацыя сацыяльна значнай справы, — заўважыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гожскай СШ Жанна Завіноўская. — У нас праект «Чыстая Гожа», і паколькі мы сталі больш працаваць з крыніцамі, вырашылі, што на працягу ўсяго красавіка будзем удзельнічаць у экалагічнай акцыі «Крыніцы» сумесна з пагранічнікамі заставы «Прывалка», будзем выходзіць на прыборку. У баку ніхто не застанецца. Бо іншы раз не хапае жывой справы. У асноўным даём дзецям тэарэтычныя веды. Я бачыла, як іх зацікавіў расказ нашай медыяперсоны. Мы ў будучым хочам распрацаваць экатур «Крыніцы Гожскага рэгіёна». А паколькі ў нас красавік аб'яўлены месяцам экалагічнага выхавання, экатур прапануем для кожнага класа.

Багаты матэрыял, які прывезла ў школу Тэрэза Белавусава, папоўніць школьны музей. Магчыма, ужо хутка тут з'явяцца і свае экскурсаводы, якія цікава і змястоўна раскажуць аб гісторыі свайго крынічнага краю і пра тое, што зроблена для яго захавання.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».