Вы тут

У Маларыцкім раёне разам з механізатарамі ў поле выйшаў святар


Масавую сяўбу на Брэстчыне распачалі больш за тыдзень таму. Спачатку ў поле выйшлі агрэгаты паўднёвых раёнаў вобласці, а потым паступова ў работу ўключыліся аграрыі Ганцавіцкага, Ляхавіцкага, Баранавіцкага раёнаў. Планавалася, што сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых правядуць за два — два з паловай тыдні. Але прырода распарадзілася па-свойму. З першага красавіка палеткі заваліла снегам, з-за чаго здарыўся перапынак у рабоце сейбітаў.


З самага пачатку пасяўной кампаніі вопытныя земляробы са шкадаваннем адзначалі, што глебе не хапае вільгаці, бо зіма была бясснежная. Падобна на тое, што матухна-прырода выпраўляе памылкі.

— Хацелася б спадзявацца, што красавіцкі снег не нашкодзіць пасевам, а, наадварот, насыціць іх такой патрэбнай для ўсходаў і ўваходжання ў сілу вадой, але сітуацыя неадназначная, — лічыць начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Андрэй АСІПЧУК. — Для саміх пасеваў снег не страшны, ды рэч у тым, што мы паўсюль правялі падкормку. А як праявяць сябе гэтыя прэпараты пад уздзеяннем замаразкаў, пакуль невядома. І калі ў Маларыцкім раёне замаразкі былі нязначныя, то ў Баранавіцкім зямлю прыхапіла вельмі нават адчувальна. Ёсць апасенне, што неабходныя раслінам пажыўныя рэчывы ад марозу могуць проста прапасці, не выканаць сваю функцыю. Адным словам, як ні круці, а жывём у зоне рызыкоўнага земляробства. Пра вынік гэтага капрызу надвор'я можна будзе сказаць пазней, але ж маем надзею, што ўрон будзе нязначным.

Паводле слоў Андрэя Асіпчука, да пасяўной сельгаспрадпрыемствы падрыхтаваліся добра. Быў праведзены неабходны агляд тэхнікі, на палі ўнесены ўгнаенні. Усяго яравы клін паўднёвага рэгіёна краіны складае сёлета каля 400 тысяч гектараў. Па стане на 4 красавіка засеяна каля 79 працэнтаў плошчаў. Хутчэй за ўсіх работы правялі ў Бярозаўскім раёне, яны адсеяліся практычна да снегу. А першымі да сяўбы ранніх яравых прыступілі гаспадаркі Маларыцкага раёна. У іх прыкладна на 90 працэнтах плошчаў глеба ўтрымлівае пяскі, для іх важна было не ўпусціць ніводнага дня, каб не даць ветру высушыць землі канчаткова.

Па даўняй традыцыі аграрыі ААТ «Чарняны» выходзяць на палеткі не толькі аднымі з першых у раёне, але робяць гэты дзень знакавым. Для іх сяўба — не проста высокатэхналагічны вытворчы працэс, яна — спрадвечная сялянская работа, паспяховае правядзенне якой з'яўляецца залогам вялікага ўраджаю. Таму ідуць у поле першы дзень нібы на свята, як тое рабілі дзяды і бацькі. Вось і на гэты раз пасяўную працэсію ўзначаліў настаяцель Чарнянскай царквы айцец Мікалай Лесік. Пасля малітвы і блаславення леглі ў свежую глебу першыя зярняты з рук, а потым пайшлі ўжо трактары.

Пачалі сяўбу з аўса. Пад культуру адведзена 160 гектараў. Летась на гэтым полі каля ўрочышча Вялікая Вярба была кукуруза. Пасля яе ўбралі на зерне, поле зааралі, унеслі ў патрэбнай колькасці калійныя і фосфарныя ўгнаенні. Перад сяўбой поле пракультывавалі, дадалі фосфарны і азотны кампаненты.

— Наш галоўны аграном Казімір Сядлецкі — вельмі кваліфікаваны спецыяліст. Працуе Казімір Уладзіслававіч чвэрць стагоддзя ў гаспадарцы, таму за тэхналогію можна быць спакойнымі, — разважае кіраўнік гаспадаркі Андрэй Курдзюк. — Цяпер сеем ячмень, засталіся зернебабовыя. Па стане на раніцу панядзелка пасеяны 81 працэнт яравых. Засталося некалькі дзён да завяршэння пасяўной кампаніі, а снег нам не перашкода.

Гэтая пасяўная ўскладняецца тым, што летась да гаспадаркі далучылі нерэнтабельнае суседняе сельгаспрадпрыемства «Рыта». Акрамя іншага, значна выраслі адлегласці. Даводзіцца адцягваць сілы і сродкі, каб ажывіць вытворчасць, палепшыць эканоміку былой суседняй гаспадаркі. Але ж пасяўная справа святая, ад яе залежыць будучы ўраджай — і значыць, дабрабыт усёй вялікай гаспадаркі. Таму на поле прыехаў і галоўны інжынер Анатоль Абрамук, каб паглядзець, як працуе тэхніка, якую рыхтавалі з восені. Спецыялісты сцвярджаюць, што сыдзе снег, які на тры дні перапыніў тут работу, і ў гаспадарцы паспяхова скончаць пасяўную.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».