У Гомелі пацярпелыя ад нядобрасумленнага забудоўшчыка дольшчыкі сталі адрасатамі беспрэцэдэнтнага для рэгіёна рашэння: для абароны іх інтарэсаў падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Беларусі, які прадугледжвае будаўніцтва да канца 2025 года дома і першачарговае права атрымання кватэр у ім. Дакумент знаходзіцца ў стадыі ўзгаднення. Адказнасць за яго рэалізацыю гатовае ўзяць на сябе кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама.
У 2015 годзе прыватная кампанія-забудоўшчык «ЦэнтрЛізінг» прадала жыллёвыя аблігацыі на ўзвядзенне дзесяціпавярховіка з падземным паркінгам у самым цэнтры Гомеля. Але больш за 30 дольшчыкаў — уладальнікаў гэтых самых аблігацыі (1 аблігацыя — 1 квадратны метр) засталіся і без кватэр, і без грошай. Нягледзячы на зрывы тэрмінаў будаўніцтва іх дома, людзі да апошняга спадзяваліся, што забудоўшчык выканае абавязацельствы. Кампанія пабудавала адзін з запланаваных дамоў, а другі так і не пачала.
Забудоўшчык не вырашыў пытанне з уладальнікамі прыватнай забудовы, на месцы якой планавалася будаўніцтва новага дома. На гэты час змянілася і заканадаўства аб выдзяленні зямельных участкаў пад шматпавярховую будоўлю. Сітуацыя аказалася невырашальнай.
Калі дольшчыкі пачалі настойваць на вяртанні грошай, укладзеных у аблігацыі, уласнік кампаніі ўцёк. Ашуканыя гамяльчане звярнуліся ў сілавыя органы. Кіраўнік фірмы быў затрыманы ўлетку 2017 года. На этапе папярэдняга расследавання сума ўрону ацэньвалася ў 1,8 мільёна рублёў. Судовае следства доўжылася больш за 10 месяцаў.
Сабраныя па справе доказы сведчылі аб тым, што бізнесмен заведама не меў намеру выконваць абавязацельствы па будаўніцтве другога шматпавярховіка, аблігацыі за які рэалізаваў. Да суда і падчас следства абвінавачаны поўнасцю ці часткова разлічыўся з некаторымі з пацярпелых. Між тым, суд прызнаў фактычнага кіраўніка кампаніі вінаватым у махлярстве і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Яму было прызначана 6 гадоў пазбаўлення волі.
На працягу амаль васьмі гадоў гамяльчане, якія так і не дачакаліся сваіх грошай за «аблігацыі-пустышкі», не пакідалі надзеі на вырашэнне іх сітуацыі. Людзі звярталіся па дапамогу ў самыя розныя інстанцыі. У лютым бягучага года адразу чатыры звароты ад былых дольшчыкаў «ЦэнтрЛізінгу» паступілі падчас прыёму грамадзян у Ельскім райвыканкаме, якія праводзіў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук. Заяўнікі вырашылі чарговы раз нагадаць аб сітуацыі, з якой не дадуць рады выбрацца. Прывезлі з сабой адказы з інстанцый, публікацыі ў прэсе аб іх гісторыі.
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці запэўніў гамяльчан, што тэрмінова правядзе па агучаным імі пытанні нараду з удзелам прадстаўнікоў усіх адказных ведамстваў і службаў. Мікалай Рагашчук звярнуў увагу і на тое, што ў краіне ўжо ёсць практыка вырашэння падобных складаных сітуацый.
— Думаю, разам выпрацуем прымальнае рашэнне. На дзяржаўным узроўні ёсць усё для гэтага. Усё вырашальна, — падкрэсліў падчас прыёму грамадзян у Ельску прадстаўнік кіраўніка дзяржавы.
На мінулым тыдні аб сутнасці падрыхтаванага праекта Указа Прэзідэнта па абароне інтарэсаў пацярпелых гамяльчан жыхары абласнога цэнтра з першых вуснаў даведаліся ад старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. Кіраўнік рэгіёна правёў сустрэчу з былымі дольшчыкамі «ЦэнтрЛізінгу».
— Працэс ідзе амаль 8 гадоў, і, безумоўна, усе зацікаўленыя ў тым, каб людзі атрымалі жыллё. Калі мы ўсе папрацуем для паскарэння вырашэння сітуацыі, то не страцім будаўнічы сезон бягучага года, — звярнуўся да прысутных губернатар.
Грамадзяне змаглі задаць пытанні прадстаўнікам будаўнічага комплексу рэгіёна, юрыстам і фінансістам. Галоўная просьба, якую аднагалосна агучылі ўсе былыя дольшчыкі, — растэрміноўка аплаты на пяць гадоў падчас будаўніцтва жылля.
Праект Указа дае першачарговае права на атрыманне жылля ў новым доме па сабекошце за метры, пацверджаныя аблігацыямі, якія не былі выкарыстаныя. Дакумент таксама прадугледжвае льготны рэжым і мінімізацыю затрат заказчыка на ўзвядзенне аб'екта, але не прадугледжвае выплату грашовай кампенсацыі і растэрміноўкі аплаты падчас будаўніцтва.
На сустрэчы некаторыя былыя ўдзельнікі долевага будаўніцтва падзяліліся, што нягледзячы на магчымасць ільготнага крэдытавання, другі раз укладваць грошы ў нерухомасць многім не пацягнуць фінансава. Так, гамяльчанка Зоя Новікава ў размове з журналістамі адзначыла, што вельмі ўдзячная за ўвагу і прадуманы падыход да сітуацыі з боку кіраўніцтва вобласці, за стаўленне да людзей. Але яна, напрыклад, цяпер на пенсіі і хвалюецца, што не зможа разлічваць на пазыкі пры будаўніцтве.
Іван Крупко даручыў адказным службам урэгуляваць адносіны паміж упраўленнем капітальнага будаўніцтва і забудоўшчыкамі па растэрміноўцы плацяжоў. Пры гэтым кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу на неабходнасць атрымання прававой ацэнкі такіх дзеянняў з боку кантралюючых органаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Зарплата плюс сацыяльны пакет.
Купіць кватэру ў іншым горадзе, не прыязджаючы ў яго.
Палаючыя берагі Сожа.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.