Вы тут

Рэальнасць і містыка ў творах Алаізы Пашкевіч


Янка Купала параўнаў яе з бліскавіцай. Сапраўды, яе жыццё было, як бліскавіца — бліскучае і імгненнае, асвятліўшы сярод цемры на момант адвечны шлях гісторыі. «Кароткае, вельмі кароткае жыццё. Але якое поўнае. І менавіта поўнае агню, прагі гарэць і асвятляць народу шляхі да вызвалення», — раскрывае Купалавае параўнанне Максім Лужанін. 


Алаіза Пашкевіч (1876–1916), безумоўна, унікальная з’ява ў нашай гісторыі. Яе можна назваць першай эмансіпіраванай беларускай, якая ўпэўнена ўвайшла не толькі ў культуру і літаратуру, але і ў грамадскую і палітычную дзейнасць. Яна вызначылася светлай і добрай энергіяй, якой дзялілася з людзьмі. Як яна пісала:

І больш свету людзям даць.

Прыгарнуць усё ў дарозе,

Каплю шчасця долі ўліць

Думаць усюды аб народзе,

Родны край усюды спіць.

Яшчэ са школьных праграм Элаізу Пашкевіч ведаем як паэтку-рэвалюцыянера, хрэстаматыйнымі сталі яе паэтычныя бунтарныя пракламацыі. Элаіза перш за ўсё адзін з дзейсных дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, у нейкай ступені, нават яго жаночы сімвал. А ў яе творчасці досыць трагічнасці і драматызму.

Цяпер дзіўнавата чытаць біяграфію Элаізы Пашкевіч, напісаную ў савецкі час, дзе яе выстаўлялі сялянскай дзяўчынкай, так сказаць, прадстаўніком народных нізоў. «Бацькі яе былі бедныя сяляне!» А сапраўды яны мелі 200 гектараў зямлі і валодалі маёнткам Стары Двор на Лідчыне. Так што яна не пераносіла холад і голад, а дзяцінства было асветлена любоўю бацькоў і родных. З маленства яна выхоўвалася ў сваёй бабулі (у сям’і Пашкевічаў гадавалася ажно восем дзяцей!) у фальварку Тарэсін. Прырода, прыгожыя краявіды сталі натуральнай часткай жыцця. Элаіза назірала за сялянскай працай, але не ўдзельнічала ў ёй, і замілоўвалася сялянскай рамантыкай. Як бы там бацькі ні даглядалі, і ні цікавалі, каб іх дачушка не набралася «халопства», ды, відаць, не ўсцераглі і не дагледзелі.

Пэўна, сказаўся ўплыў нянькі дзяцей Пашкевічаў, простай сялянкі бабкі Югасі, якая ведала безліч народных казак і спеваў. Маленькая Ліза была ачаравана гэтым чароўным светам народнай творчасці. Пасля ўжо, у гады вучобы ў Віленскай гімназіі, куды паступіла даволі позна, у 18-гадовым узросце, яна са смуткам узгадвала мілыя сэрцу мясціны, сваю малую радзіму. Апынуўшыся ў атачэнні віленскіх «барышань» — дачок расійскіх чыноўнікаў і мясцовых багацеяў, яна адчувала сябе сярод іх чужой. Можа, тады яна і зразумела, што ў яе ёсць даражэйшы скарб — духоўная повязь з роднай зямлёй і народам. 

Здаўшы экзамен на званне хатняй настаўніцы арыфметыкі, Элаіза каля года настаўнічала. Давялося пасля вучыцца ў Пецярбургу на курсах прафесара Пятра Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і настаўніц фізкультуры. У Пецярбурзе яна пазнаёмілася з братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі — актыўнымі дзеячамі беларускага адраджэння. Яна знайшла ў іх сваіх аднадумцаў, як у дэмакратычных, рэвалюцыйных, гэтак і ў нацыянальных поглядах. Думаецца, ужо тады Элаіза Пашкевіч ясна ўсведамляла сваю беларускасць. Дапамагла ёй разабрацца, хто яна такая (полька, літоўка, ці «тутэйшая») «Дудка беларуская» Багушэвіча: «Яна то мне сказала, што хто гаворыць па-тутэйшаму, значыць, ён гаворыць па-беларуску, той беларус». Сапраўды складаным быў шлях да беларускасці. У Пецярбургу, які тады бурліў рэвалюцыйнымі настроямі, Элаіза актыўна ўключылася ў грамадскае жыццё. Паводле ўспамінаў яе будучага мужа Сцяпанаса Кайрыса, «яна была вельмі чуйная на народны ўздым ... не церпячы аніякіх кампрамісаў ані ў сабе, ані ў іншых, адкідаючы ды высмейваючы ўсялякія канвенсавыя формы ў дачыненнях, — яна ўважыла за свой абавязак і гонар быць усюды там, дзе так ці гэтак выяўляўся нарастаючы супраць існуючага стану настрой». Элаіза ўдзельнічала ў сходках і дэманстрацыях, рупілася пра арыштаваных сяброў. У пошуках эфектыўнасці рэвалюцыйнай дзейнасці Элаіза выступае ініцыятарам стварэння Беларускай Сацыялістычнай Грамады — першай беларускай партыі. А калі ёсць партыя, дык ёсць і праграма, не толькі палітычная, але і культурна-асветніцкая. Для Элаізы адкрываўся шырокі далягляд для праяўлення сваіх памкненняў. Яна займаецца выдавецкай дзейнасцю ў таварыстве «Круг беларускай народнай асветы і культуры», але галоўнае — піша вершы.

Яе раннія вершы, датаваныя 1902–1903 гадамі, па сваім складзе лёгкія, па змесце простыя і нават па-дзіцячаму наіўныя. Аднак у гэтай наіўнасці і заключаецца хараство ранняй паэзіі Пашкевіч. Яна прасякнута сонечнай празрыстасцю і замілаваннем прыродай, ідэалізацыяй сялянскай працы, што выразна праявілася ў вершах «Лета», «Восень». Мілагучнасць і музыкальнасць вершаў Пашкевіч успрымаюцца, як нешта натуральнае, што вылівалася з яе шчырай душы. У рэвалюцыйныя 1905–1906 гады паэзія Элаізы, якая ўзяла псеўданім Цётка, гучыць бунтарна і пафасна, невыпадкова яе называлі песняром рэвалюцыі. 

Спачатку была вера, што рэвалюцыйныя падзеі зменяць да лепшага жыццё, прынясуць грамадству свабоду ад царскага самаўладдзя, «людзьмі станем, хутка скончым мы свой сон». І ў тым жа вершы («Вера беларуса») выказана аптымістычнае перакананне: «Веру, братцы, у нашу сілу // Веру ў волі нашай гарт». Рэвалюцыйныя вершы Цёткі нелегальна друкаваліся ў Вільні і ў дзясятках тысячаў асобнікаў разыходзіліся па Беларусі. Такой папулярнасці ў народзе гэтай загадкавай Цёткі мог пазайздросціць любы модны тады паэт. І зусім іншы настрой — расчараванне, смутак, драматызм гучаць у яе вершах пасля наступлення царскай рэакцыі. Радзімк давялося пакінуць — Цётка выехала ў Львоў, які знаходзіўся ў Аўстра-Венгерскай імперыі. У эміграцыі Элаіза змагла нарэшце выдаць сваю першую кнігу, названую «Скрыпка беларуская» — прамы перагук з «Дудкай беларускай» і «Смыкам беларускім» Францішка Багушэвіча, працяг яго паэтычнай традыцыі.

Элаіза вучыцца ў Львоўскім універсітэце на філасофскім факультэце, , яе паэтычная скрыпка «ужо грае», але маркотна — гэта настальгія па радзіме. «Кінь мне, доля, хоць расінку з нашай вёскі, хоць пылінку...». І гэты смутак з кожным годам «на чужой старонцы» памнажаўся:

І думна, і цесна, і сэрца самлела

Мне тут, на чужыне, здалёк ад сваіх...

Як птушка на скрыдлах, ляцяць бы хацела,

Як хваля па моры, плыла бы да іх!

Узнялася б, здаецца, расінкай на хмары,

А хмары бы ветрам сказала я гнаць

Далёка, далёка, дзе сняцца мне чары,

Дзе боры густыя на Нёмнам шумяць.

Якім бы не быў гэты верш («З чужыны», напісаны ў Кракаве, 1908 г.) самотным, але гучыць ён гэткім хвалюючым харалам, услаўляючы Радзіму. Любоў да радзімы для Цёткі не толькі туга па ёй, але і духоўны абавязак паэта быць патрыётам роднага краю, «каб ніхто не мог разняць» з ім, ён мусіць быць «і ў долі і нядолі» разам з народам, заклікаць і натхняць яго на барацьбу за лепшую долю. У традыцыях Багушэвіча, Цётка марыць, каб яе «жывое слова» абудзіла народ. Вельмі красамоўна пачуцці Цёткі праяўляюцца ў вершы «Мае думкі» (1906 г.), «выказаны з незвычайным хараством і з хапаючай за сэрца любасцю», — трапна заўважыў Максім Гарэцкі.

Эміграцыйны перыяд для Цёткі быў плённы. Яна выдае другі зборнік вершаў «Хрэст на свабоду», кнігі «Беларускі лемантар», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», «Гасцінец для малых дзяцей» (усе ў 1906 г). У «Лемантары» Цётка прапаноўвала сваю адмысловую методыку авалодання граматыкай. А ў «Першым чытанні» дзеткі атрымалі вершы, апавяданні, казкі, напісаныя самой Цёткай, а таксама лепшыя творы беларускага фальклору. Прыклады з украінскай дзіцячай літаратуры Цётка па-беларуску прывяла ў «Гасцінцы для малых дзяцей». Як бачым, Элаіза не цуралася такой складанай працы, як дзіцячая адукацыя, і адносілася да яе з належнай адказнасцю.

Нарэшце ў 1911 годзе Цётка вярнулася на радзіму і выйшла замуж за Стэпанаса Кайрыса, знанага дзеяча літоўскага руху. Новае яе прозвішча Кайрыс дазваляла ўнікнуць увагі царскіх шпікаў. З Кайрысам Цётка пазнаёмілася яшчэ ў Пецярбургу, магчыма, тады і ўсхлынула паміж імі іскра кахання. Нас не павінен бянтэжыць выбар Цёткі — літовец. Яна з сімпатыяй адносілася да іншых нацыянальнасцяў: перакладала з украінскай, з захапленнем пісала пра фінскі народ пасля падарожжа па Фінляндыі ў 1914 годзе, шукала гістарычныя паралелі з беларусамі, часам не на карысць апошніх. Увогуле ў Цёткі дзіўным чынам спалучаліся супрацьлеглыя іпастасі: патрыёт і касмапаліт, рэвалюцыянер-рамантык і суровы рэаліст, чулы лірык, практык і летуценнік, змагар і кволая жанчына.

Нібыта знудзіўшыся ад актыўнай рэвалюцыйнай дзейнасці, Цётка амаль цалкам прысвячае сябе культурна-асветніцкай справе. Плённа супрацоўнічае з газетай «Наша ніва», дзе друкуе свае мастацкія творы, чытае беларускія і ў тым ліку свае вершы на выступленнях трупы Ігната Буйніцкага. Стварае нелягальныя беларускія школкі. Засноўвае і выдае ў 1914 годзе ў Мінску маладзёжны часопіс «Лучына», на старонках якога друкаваліся Янка Купала, Якуб Колас, Канстанцыя Буйло, Цішка Гартны, Ядвігін Ш., Янка Журба і іншыя беларускія пісьменнікі. Сама Цётка выступала з актуальнымі публітыстычнымі артыкуламі, у якіх заклікала моладзь шанаваць родную мову, уключацца ў грамадскую дзейнасць. Зрэшты з-за неспрыяльных умоў выданне часопіса спынілася на шостым нумары.

Знаходзіла Цётка час і на мастацкую творчасць. У адрозненне ад ранніх твораў яна звяртаецца да чалавечых перажыванняў і пачуццяў. «Яе вольнаму духу брыдка ўнізе, сярод пад’яромленых людзей, яму хочацца шыбаць пад неба з арламі», — заўважае Максім Гарэцкі.

Між тым у сваёй прозе Цётка якраз і апісвае гаротнае жыццё гэтых «пад’яромных людзей». Яе прозу можна смела назваць мадэрновай: незвычайнасць сюжэта, дзе падзеі адбываюцца ў двух пласкасцях — рэальнай і містычнай, якія суладна дапаўняюць адно адну; сімвалічная вобразнасць, народная гутарковая мова, густа насычаная выслоўямі і смачнымі словамі, разнастайнасць ад гратэска да драмы. Вось у апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі» дзеянне пачынаецца на ніве, дзе сеецца зерне, а працягваецца ўжо ў сне змарнелага ад знясілення сейбіта. Ці ў «Навагоднім лісце», які шлюць бацькі свайму сыну ў войска пра свае няхітрае жыццё-быццё, раскрываецца ўвесь яго драматызм. Жывуць добра, але хлеб скончыўся перад калядамі, няма чым заплаць падаткі, палова мястэчка згарэла, стражнікі набілі людзей, народ не супакоіўся. Ці вось пацешны «Зваротлівы», які з гумарам расказвае аб сабе, як згубіўся на чужыне. А па дарозе на радзіму пад Мінскам яго высаджваюць з цягніка з-за неадпаведнага (салдацкага) квітка. І здавалася, гратэскавае апавяданне ператвараецца ў горкую драму маленькага чалавека, калі яму няма куды падацца «ні туды, ні сюды».

Самыя кранальныя і пачуццёвыя апавяданні Цёткі «Зялёнка» і «Міхаська», у якіх апісвае ціхае кананне, як звяданне восеньскага лістка, курсісткі Зялёнкі і хлопчыка Міхаські. Ведаючы аб хуткай смерці, Зялёнка трымаецца і не падае духам. Як прасвятленне, шчаснае імкненне пад уплывам музыкі на канцэрце бедная дзяўчына «бяжыць успамінам да сваіх дзіцячых днёў». Так пад музыку яна і памірае.

Пэўна, найлепшае апавяданне Цёткі — гэта «Міхаська». Хлопчык-сірата, якога злая мачыха не ўзлюбіла за прыроднае звыродства і запхнула яго ў запечак, далей ад людскіх вачэй. А калі ён падрос, стаў пастушком — яго дзіцячая душа азлобілася на людзей. Толькі высвятляецца, што яго душа заставалася светлай і шчырай. Ён выратоўвае ад хлопцаў-пастушкоў збітага жорава, які кінуўся да яго па абарону. Гэты жораў і стаў для хлопчыка адзіным сябрам і яго радасцю. Ён выхадзіў птушку, залячыў пабітае крыло, дзяліўся сваёй скуднай ежай. Гэтае кранальнае сяброўства чалавека і птушкі, якія дапамагаюць адзін аднаму ў сваім гаротным становішчы, вырастае да маштабнага сімвалічнага значэння і адсылае нас да вядомага выслоўя з «Маленькага прынца» Сэнт-Экзюперы. «Мы адказныя за тых, каго прыручылі», за тых, хто нам даверыўся. Маленькі хлопчык становіцца моцнай асобай, узяўшы на сябе апеку над бездапаможнай птушкай. І перад смерцю ён просіць прынесці яму жорава, каб і ў апошнюю хвіліну быць са сваім адзіным сябрам. Жораў самотна праводзіў свайго апекуна ў апошні шлях і падняўся ў нябёсы. На магіле Міхаські з’явілася крынічка, названая «Жураўкіны слёзы». Апавяданне Цётка заканчвае чуллівымі словамі: «Я падслухала гоман таго пажоўклага лісця з крынічкі з чыстай вадой і цяпер вяду сказ, як калісьці жыў Міхась у падпечку нашых хат — беларус, малы брат».

Сапраўды, кранальныя апавяданні, якія вучаць чалавечнасці, суперажыванню і спагадзе да чалавека. Магчыма, і сама Цётка прадчувала свой кароткі век, таму так і спяшалася жыць, зрабіць нешта вартае і патрэбнае людзям. У гады Першай сусветнай вайны яна працавала сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку. Пасля акупацыі кайзераўскімі войскамі Вільні ратавала ад тыфу сваіх землякоў у Старым Двары. Не ўсцераглася сама і захварэла пошасцю. У ноч з 4 на 5 (з 16 на 17) лютага 1916 года Элаіза Пашкевіч сканала. Нешта сімвалічнае было ў гэтай смерці: ратуючы іншых, яна сама загінула, як легендарная Страцім-птушка.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».