Вы тут

Кніжны гасцінец: Якуб Колас. Водгульле, Франсуа Саган. Нерухомая навальніца


Якуб Колас. Водгульле. Кніга першая. Факсімільнае выданне. Мінск, 2022

У год 140-годдзя Якуба Коласа нас чакае шмат цікавінак, і адна з самых адметных ужо з'явілася — гэта факсімільнае выданне яго зборніка 1922 г. «Водгульле». Як бачыце, яшчэ адзін пачэсны юбілей — 100-годдзе выхаду. Гэты, другі зборнік класіка, быў надрукаваны ў колькасці ўсяго 99 асобнікаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны асабістая бібліятэка Коласа згарэла, нават аўтарскага экзэмпляра не засталося... І ўвогуле ад накладу з дзясятак кніг ці налічыцца. Так што з'яўленне факсімільнага выдання — аднаўленне гістарычнай справядлівасці.


Арыгінал «Водгульля» з'явіўся ў цікавы перыяд. Колас толькі вярнуўся з Куршчыны, куды сям'я эвакуіравалася падчас Першай сусветнай вайны. Кажуць, на сустрэчу Коласа на чыгуначным вакзале прапускалі па запрашальніках. Вядома, адзначылі вяртанне паэта і выданнем кнігі... Вось толькі вершы ў яе ўвайшлі напісаныя ў асноўным да рэвалюцыі. Рэфлексіі з нагоды гаротнага жыцця народа, уласнага турэмнага зняволення ў Пішчалаўскім замку, з нагоды вайны... Шмат сумнай, філасофскай лірыкі. Самыя частыя вобразы — вясна, начныя цені і страхі...

Ў хаце ціха, нават жудка.

Ловіць зыкі вуха пудка:

Звоніць шыба штось жалобна —

Дррон-дррон! Ціха бразгаціць

Чуць счакаўшы, новым звонам,

Нізшым тонам

Так-жа нудна, такжа дробна

Шыбка новая звініць.

Зусім не тое, што чакалася ад паэта-трыбуна, якім хацелі бачыць таленавітага творцу. Таму водгукі крытыкаў былі не такімі ўжо ўхвальнымі, ледзь не ў дэкадэнцтве абвінавачвалі паэта. Але вось якое меркаванне Антона Луцкевіча прыводзіць у прадмове да выдання праўнучка паэта і супрацоўніца яго дома-музея Васіліна Міцкевіч:

«Заглянем да апошняга зборніка Коласа «Водгулле», перачытаем яго найнавейшыя, апошнія вершы і шчырае здзіўленне ахопіць душу: ад сялянскае лірыкі Колас дайшоў да настрояў сучаснага нэрвовага, з незвычайна зложанай псіхічнай арганізацыяй «цывілізаванага» эўрапейца».

Цікава, што наклад факсімільнага выдання такі самы, як і ў арыгінала, — 99 асобнікаў. Таму зразумела, што яно стане рарытэтам. Тым больш азарту для кнігалюбаў. А для ўсіх — нагода перачытаць творы класіка.


Франсуаза Саган. Нерухомая навальніца. «Азбука-Класіка», 2022

У маім юнацтве раманы Франсуазы Саган, накшталт «Вітаю, сум» і «Трохі сонца ў халоднай вадзе», перадавалі адзін аднаму як забароненае чытанне. Жорсткая гульня пачуццямі, і аўтар не выносіць героям строгага вердыкту за амаральнасць... Зрэшты, у свой час і французскіх настаўнікаў 1950-х Саган моцна абурыла. Яе стыль даволі пазнавальны... Але ёсць твор, які ўспрымаецца трохі адрозна: «Нерухомая навальніца» — адзіны «касцюмны» раман пісьменніцы, дзеянне ў якім адбываецца ў XІX стагоддзі. Замкі, арыстакраты, балі, фатальныя прыгажуні і двубоі... Чытачы ў разгубленасці згадваюць Бальзака, Мапасана, нават Стэндаля... Для чаго Саган, бунтарцы 1960-х, спатрэбіўся гэты эксперымент? Нагадаю, што свой псеўданім яна ўзяла з раманаў Пруста, дзе ёсць герцагіня Даратэя Саган, яна ж прынцэса Курляндская. Пэўна, хацелася прымераць на сябе пышныя касцюмы і норавы той эпохі...

Аповед ідзе ад імя правінцыяльнага натарыуса Нікаля Ламона, які ўспамінае сваю маладосць і трагічнае каханне да арыстакраткі Флоры дэ Маржэлас. Спачатку Флора адказвае Ламону ўзаемнасцю... Але раптам з'яўляецца малады селянін і таленавіты паэт Жыльдас Касінад. Флора не можа не пакахаць натхнёнага і гожага юнака. Скандал... Сэрца Нікаля разбітае. Закаханыя з'язджаюць у Парыж... Але гэта толькі пачатак. Жыльдас дабіваецца славы, кароль нават надае яму дваранскае званне... І калі парачка вяртаецца ў замак Флоры, арыстакратычная грамада змушана іх вітаць...

Самы час для «жылі доўга і шчасліва». Але ж не — аўтарка ўводзіць у тэкст новую гераіню, злавесна-гожую і ўладную прыслугу Марту, якая скарае любога мужчыну. Самыя бліскучыя арыстакраты гатовыя дзеля яе на ўсё — і Жыльдас таксама. Саган намякае, што непераадольная перавага Марты ў яе «жывёльнай сіле», адмаўленні ад маральных меж... Пры гэтым красуня пагардліва адмаўляецца ад багатых падарункаў і прыватных прапаноў. Чым прыводзіць у разгубленасць высокамаральнага натарыуса Ламона, які, каб пазбавіць ад болю любімую Флору, спрабуе падкупіць Марту і змусіць пакінуць Жыльдаса...

У выніку сам Ламон робіцца ахвярай спакуснай прыслугі і ўвязваецца ў такое, што не мог уявіць. Жарсці, кроў, смерці...

Мне здаецца, аўтарка атрымала асалоду, ствараючы гэты карнавал, — цікава толькі, чыю маску прымярала: ці не Марты, якая прыўносіць вольныя норавы 1960-х у пачатак XІX стагоддзя, губіць фанабэрыстых арыстакратаў і гераічна гіне на рэвалюцыйных барыкадах?

«...я жадаю ўсім удзельнікам падзей — і катам, і ахвярам, і такім, як я, пасіўным назіральнікам — толькі аднаго: забыцця. Канчатковага, нястрыманага, свінцовага забыцця, такога ж цяжкога, як тое лета ў блаславёнай Аквітаніі, з яе звычайна такім мяккім кліматам».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т. Незалежнасці, 72

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.