Вы тут

Дзень роднай мовы, Хатынь, радавое дрэва і дзяўчына-трактарыст


«Дык давайце ж яе адкрываць — для саміх сябе!»

Мне, лічу, вельмі пашчасціла: я вучылася ў беларускамоўнай школе, у далёкія 1990-я на беларускай жа мове праводзіла ўрокі, і сэрца маё радавалася, бо тады, як мне здавалася, ледзь не ўсе размаўлялі па-беларуску.


У чарговым паходзе ўздоўж ракі Бярэзіны.

Цяпер з гэтым куды больш складана. З месяц таму мне, напрыклад, давялося даказваць (прычым людзям адукаваным), што дзень роднай мовы прыдумалі зусім не беларусы, што свята — міжнароднае, што за лёс сваёй мовы так ці інакш перажываюць усе, апроч хіба людзей з туманнага Альбіёна...

Ці трэба нам?

Пачну з таго, што наш Рэспубліканскі цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі (я працую ў Бабруйскім гарадскім...) часта ладзіць розныя конкурсы. «Натхнёныя водарам Радзімы» — так называлася заданне для тых, хто ў летніх вандроўках звяртае ўвагу на ўсё беларускае. Але ж перш чым некуды адправіцца, я спытала ў дзяцей, што такое водар? І пачула ад некага: «Хлеб»...

Трохі пазней мы з імі рушылі туды, дзе ён расце. Жылі на ўскрайку вёскі Мілое, што на чыгуначнай лініі Асіповічы — Магілёў, вандравалі па нашай Магілёўшчыне: бачылі прыгожы чарнічнік ва Усакіне, партызанскія зямлянкі, вялікую брацкую магілу... Бачылі, як працуе шклозавод у Ялізаве, пешкі пахадзілі па самім Магілёве, падзівіліся даляглядамі, пагулялі ў парку сярод скульптур, а ў манастыры нас пакармілі смачным абедам...

У астатнія дні бегалі басанож па траве, збіралі чарніцы, купа-ліся ў лясным азярку, плялі вянкі, на Купалле хадзілі па начным лесе і спявалі каля вогнішча — праўда, больш Цоя і Высоцкага.

А яшчэ летась праводзіўся конкурс да 90-годдзя Караткевіча, і мы рызыкнулі паставіць казку «Чортаў скарб». У мае любімыя 1990-я ў спектаклі бралі ўдзел усе вучні класа. Мы тады «распладзілі» столькі розных фальклорных нячысцікаў... Ну як у тых жа Гогаля ці Яна Баршчэўскага! А ў канцы казкі, разагнаўшы чарцей, ледзь не хорам грымнулі «Чаму ж мне ня пець?».

Хвіліна маўчання каля брацкай партызанскай магілы.

Тады дзеці рабілі ўсё хутка і лёгка.

На гэты раз — не хацелі нават здымацца! Прычым тыя, хто вядзе блогі ці стрымы ў «Інстаграме»! Аднак казку мы паставілі і нават Гран-пры атрымалі. Адкрывайце на «Ютубе» спасылку і глядзіце.

Шчыра кажу: здатных на любы конкурс ці алімпіяду ў школе знайсці лёгка. Мы ж, у цэнтры турызму, працуем з тымі, хто прыйдзе. Для таго, каб гэтыя дзеці адчулі сябе беларусамі, мала звазіць іх у тыя ж Дудуткі. Трэба даць ім паслухаць жывую беларускую мову, сапраўдную народную гаворку.

Гэта атрымалася ў палескай вёсцы Снядзін. Мы трапілі туды на пароме праз Прыпяць, жылі ў палатках у двары школы, за пяць кіламетраў хадзілі на раскоп да нашых археалагінь Валянціны Вяргей і Алёны Касюк.

Лера Мініч з ручніком, вышытым бабуляй,  у конкурсе «Знаходка года».

Работа была нялёгкай, паліла сонца. Праз кожныя 45 хвілін мы купаліся ў возеры з празрыстай вадой. Тое ж (вадаёмаў на Палессі шмат) рабілі па дарозе туды і назад, а па вечарах хадзілі да месцічаў. І не толькі па яйкі, малако... Там было сапраўднае Палессе. Мне стала цікава, а як жа спяваюць? Каб паслухаць, давялося адшукаць і запрасіць да нас палешукоў.

Яны малайцы — не адмовілі. Прыйшлі чатыры бабулі і два дзяды з кіёчкамі-кавенькамі, а як сталі спяваць, дзеці пакідалі ўсё, бо ў іх былі такія галасы і такія песні...

Тут у нашай кампаніі знайшліся аж два аматары фальклору, Юля і Максім. Убачыўшы гасцей, яны адразу пабеглі па дыктафоны, а потым распачаўся сапраўдны батл: то палешукі пяюць, то студэнты...

А да ўсяго над лагерам закружылі буслы. Вось гэта было відовішча! Адзін хлапец, неверагодны балбатун (пазней я бачыла яго на «Ютубе» ў стэндапах), прызнаўся: «Я ўпершыню адчуў, што ёсць такая не адкрытая пакуль для нас краіна пад назвай Беларусь.

Дык давайце ж яе адкрываць — для саміх сябе ды для дзяцей!

Людміла ДАБРАВОЛЬСКАЯ

г. Бабруйск


«Яны жылі і ваявалі дзеля нас... Дзеля міру»

Кім былі мае продкі? Над гэтым пытаннем задумваецца, мусіць, кожны? Вось і я падышла да бабулі, папрасіла расказаць. Яна, вядома ж, згадзілася — прынесла альбом з фотаздымкамі. Мы разам разгарнулі яго і ўбачылі мужчыну з доўгімі вусамі, у прыгожым пінжаку... Гэта быў мой прапрадзед Канстанцін. На іншай старонцы — яго сын, мой прадзед Міхаіл. Як высветлілася, цікавыя асобы!

Прапрадзед па бацькоўскай лініі нарадзіўся на Палессі ў 1886 годзе, марыў, як многія ў той час, «купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут...»

Дзеля гэтага прапрадзед ездзіў на заробкі ў Амерыку і, вярнуўшыся адтуль, сапраўды купіў зямлю, коней — узяўся гаспадарыць. Ён, мусіць, вельмі захапіўся, бо жаніўся досыць позна, толькі ў 35 гадоў. За жонку ўзяў прыгожую і працавітую Ганну.

Яны сталі шчыраваць разам і, дзякуючы гэтаму, праз нейкі час прапрадзед купіў яшчэ два дамы. Свой першы ён ахвяраваў царкве Барыса і Глеба, што знаходзіцца ў пасёлку Лунін Лунінецкага раёна...

Здавалася, што стваральнае жыццё будзе працягвацца далей, аднак пачалася Другая сусветная вайна, і ў 1942 годзе мой прапрадзед Канстанцін загінуў, удавой засталася яго жонка, сіротамі — чацвёра дзяцей.

Старэйшы з іх, мой прадзед Міхаіл, нарадзіўся ў 1922 годзе, скончыў восем класаў, марыў вучыцца далей, але вайна і смерць бацькі паламалі ўсе яго планы. У 1943-м Міхаіла прызвалі на вайну і, мяркуючы па ўзнагародах, якія захоўваюцца ў сям'і, ваяваў ён вельмі мужна, удзельнічаў у вызваленні Варшавы і проста жудаснай, па яго ўспамінах, бітве за Берлін.

Пасля заканчэння вайны прадзеду прапаноўвалі прадоўжыць службу ў Германіі, але ён — як некалі бацька з Амерыкі — вярнуўся на радзіму, аднаўляў тут разбураную вайной гаспадарку, жаніўся, выгадаваў дзвюх дачок — Ніну і Таццяну. Менавіта яны праз гады расказалі мне пра нашых продкаў.

...Ёсць такая прыказка: «У добрым родзе ўсе ў згодзе». Дык гэта пра нас, нашу вялікую дружную сям'ю. Я ганаруся яе сапраўднасцю і мінулым. У Год гістарычнай памяці кожны, як мне здаецца, павінен даведацца пра жыццё сваіх папярэднікаў, пра лёсы тых, хто ліў пот і кроў за сваю Радзіму. Я пытаюся ў сябе: «Дзеля чаго ці каго яны рызыкавалі, а то і ахвяравалі сваім жыццём?» І, паслухаўшы расказы маіх бабуль і дзядуль, разумею: дзеля нас, дзяцей, дзеля будучыні!

Лізавета ЖЫЛАЧ, вучаніца 11 «А» класа гімназіі № 174

г. Мінск


«На Расоншчыне вёскі жылі...»

Не адно дзесяцігоддзе выпісваю «Звязду», не адно дзесяцігоддзе з нецярпеннем, можна сказаць, чакаю і чытаю любімыя рубрыкі. Сярод іх «...Народ на провадзе!», «Нефармат», «Хто каго?» і, вядома ж, «Неасабісты суб'ектыў».

Нядаўні артыкул «Цяжкім шляхам» закрануў асабліва, бо я таксама быў у Хатыні і таксама доўга перажываў (ды што там, па-ранейшаму перажываю!) трагедыю, якая адбылася ў гэтай вёсцы ў сакавіку 1943-га...

Але ж помнік там не толькі Хатыні — усім беларускім вёскам, якія спалілі разам з людзьмі... Нейкія з іх адроджаны, нейкія — не, бо там (нават уявіць немагчыма!) не засталося людзей: не было каму адраджаць...

Тым не менш мы, людзі Беларусі, па-ранейшаму заставаліся памяркоўнымі і добразычлівымі. Шмат гадоў, баючыся некага пакрыўдзіць ці напружыць адносіны, мы стараліся не закранаць балючую тэму генацыду. А пра яго ж трэба гаварыць, нават крычаць на ўвесь свет, каб праўда — няхай жудасная і трагічная — хоць толькі цяпер, але дайшла-такі да кожнага чалавека на зямлі!..

Так, Хатынь — гэта сімвал, помнік-мемарыял. Там, на могілках спаленых вёсак, ёсць назвы і нашых, расонскіх...

Не ведаю, як іншым, а мне гэтая рана будзе балець пажыццёва.

Там дзе вёска была,

Жалем ныючым вее:

Быццам птах без крыла,

Абеліск сірацее.

А імёны — крычаць,

Як і там, у Хатыні!..

Боль нічым не суняць,

Бо ляжаць тут святыя!

Іх ніяк не вярнуць

З незямной далячыні,

Можна толькі пачуць

Са званамі Хатыні...

Час не вылічыць страт

Ад людзей-ліхадзеяў...

Такіх вёсак, мой брат,

У раёне 109!

Аляксандр МАТОШКА

в. Янкавічы, Расонскі раён.


Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей

Маю аднавяскоўку Таццяну Яроцкую з дзяцінства цягнула да тэхнікі, да ўсяго, што можна было разабраць сабраць, падкруціць. У старэйшых класах яна проста «захварэла» на... трактар. І не дзіва было б, калі б расла у сям'і трактарыстаў, а то...

Бацькі дзяўчыны працавалі ў гандлі, мелі траіх дзяцей, праўда, займаліся імі мала. Таму Таццяна, прачытаўшы аб'яву, што на Мінскі трактарны завод патрабуюцца рабочыя, з'ехала туды. Працавала, спачатку жыла ў інтэрнаце, сумавала. Досыць часта прыязджала дамоў і бачыла, як пакрысе разбураецца радавое гняздо. З часам яе бацькі і сястра памерлі, брат з'ехаў: недагледжаная хата цёмнымі вокнамі глядзела на белы свет, і...

Хоць у сталым узросце, але Таццяна адважылася — вярнулася на бацькоўскую сядзібу. Два гады спатрэбілася ёй на тое, каб давесці ўсё да толку. Затое цяпер...

Ні гарачыня, ні холад, ні трывожныя папярэджанні сіноптыкаў не могуць утрымаць яе дома: яна ідзе на рэчку — і, як многія іншыя сябры па захапленні, лічыць, што галоўнае ў рыбалцы зусім не ўлоў, а працэс. Чыстае паветра, чароўны птушыны спеў, адпачынак...

Як вынік — ніякіх хвароб.

Ніна БУРКО

Бярэзінскі раён

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.