Вы тут

Вялікага чалавека і зблізку відаць


Светлыя і тужлівыя згадкі пра сустрэчы з мітрапалітам Філарэтам, Героем Беларусі.


У сакавіцкія дні многія вернікі Беларусі згадваюць Уладыку: бо нарадзіўся ён, тады яшчэ Кірыл Вахрамееў, 21 сакавіка: у 1935-м у Маскве. Але ж колькі зрабіў для нашай Беларусі! Мне пашанцавала: лёс падарыў мне знаёмства з Уладыкам Філарэтам. Сустракаліся мы зрэдку, і сустрэчы былі на першым часе дзелавыя. Але штораз нашыя размовы выходзілі за рамкі простых зносін. Я, прыходзячы да Уладыкі, разумеў: далёка не на кожнае пытанне атрымаю слоўны адказ. Многае спасцігаў, слухаючы голас, які не забыць ніколі, проста ўзіраючыся ў вочы мудрага суразмоўцы, назіраючы за яго паводзінамі, жэстамі, за рэакцыяй на мае эмоцыі… Пасля сустрэч вяртацца да штодзённай працоўнай мітусні не хацелася. Часам ішоў я ў парк, садзіўся на лаўку, паглыбляўся ў сябе, па драбніцах згадваў, аналізаваў сустрэчу, кожнае слова Уладыкі ў часе якой было да месца.

Чаму наканавана было нам стаць на пэўны час дзелавымі партнёрамі, калі можна так сказаць? І разважаць не бяруся. На тое, відаць, была вышэйшая воля. Уладыка Філарэт аказаўся тым чалавекам, якога я сапраўды чакаў. Верыў, што ён з’явіцца, і знаёмства тое стане лёсавызначальным. Цяпер магу дакладна сказаць: пад ягоным уплывам змяніліся мае погляды на ­жыццё, паскорылася станаўленне мяне як асобы. Я змог больш глыбока спазнаць сябе, навакольны свет, зрабіць важныя высновы, акрэсліць свой далейшы жыццёвы шлях, яго арыенціры... Бо патрапіў пад магутны ўплыў не простага чалавека – духоўнага выхавальніка.

Мітрапаліт Філарэт, памкнёны ў неба

Першае знаёмства прадвызначыла, відаць, усе далейшыя нашы стасункі з Уладыкам. Ён прыняў мяне па маёй просьбе. Як ніхто іншы, ён умеў слухаць і, што немалаважна, умеў чуць. У часе той сустрэчы, магчыма, чакаў, што пачну я гаварыць аб праблемах, для вырашэння якіх захочу атрымаць яго дабраславенне. Пачуўшы, аднак, што прыйшоў я не прасіць, а прапанаваць сваю дапамогу, знайсці пункты судотыку ў дзейнасці грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд сацыяльнай абароны былых вайскоўцаў” і Беларускай праваслаўнай царквы, ён, падалося мне, трохі нават здзівіўся. Але не перабіваў. Адчуваўся велізарны досвед яго стасункаў з людзьмі. Слухаў засяроджана, потым узняў вочы і ўважліва глядзеў на мяне. Я чакаў пабачыць на ягоным твары ўсмешку. А ён сказаў: першы раз бачыць чалавека перад сабой, які нічога ў яго не просіць... І толькі тады ўсмешка такі азарыла яго высакародны твар. Пасля мы вярталіся да той сустрэчы. І ўспаміналі ягоныя словы, і ўжо разумелі адзін аднаго.

Першым вялікім агульным праектам, у якім пашчасціла мне паўдзельнічаць, было будаўніцтва ў Мінску Духоўна-адукацыйнага цэнтра БПЦ. Уладыка надаваў праекту вялікае значэнне. Узнікала шмат праблем, асабліва фінансавых. Дапамагалі дзяржава і камерцыйныя структуры. Помніцца беражлівае, душэўнае стаўленне Уладыкі да кожнага чалавека, які прапаноўваў сваю дапамогу. Як правіла, ён сам сустракаў такіх людзей у холе Епархіі, праводзіў да сябе ў кабінет і спакойным ціхім голасам расказваў пра свае планы. Ён не прасіў – проста гаварыў. І не пачуць яго было немагчыма!

Назваць Духоўна-адукацыйны цэнтр нерукатворным помнікам Уладыку нельга: яго ж будавалі людскія рукі. Але значэнне той вялікай будоўлі ў жыцці БПЦ немагчыма пераацаніць! Я бачыў, колькі працы, сіл, здароўя ўкладваў Мітрапаліт у часе праектавання і будаўніцтва цэнтра. Усё рабілася дзеля таго, каб прыўзняць духоўную адукацыю ў краіне на новы ўзровень. І Уладыка разумеў, што ўкладанне сродкаў у адукацыю ёсць доўгатэрміновыя інвестыцыі ў праваслаўе, у будучыню мільёнаў людзей.

Я тады займаўся пытаннямі сацыяльнай абароны вайскоўцаў. Сітуацыя ў 90-я гады ў гэтай сферы была вельмі складанай. Развал СССР, скарачэнне Узброеных сіл выклікалі шэраг праблем у жыцці афіцэраў: забеспячэнне жыллём, грамадзянства, перавучванне, працаўладкаванне... У тых умовах людзі мелі патрэбу найперш у маральнай падтрымцы. І мы, афіцэры ў адстаўцы, вырашылі рэалізаваць праект па стварэнні Фонду духоўнага адраджэння. Такім чынам хацелі даць жыццёвы імпульс тэрыторыям “вызваленых” ваенных гарадкоў, дзе сітуацыя была найскладанай. Паводле праекта прадугледжвалася будаўніцтва ў тых гарадках невялікіх цэркваў, арганізацыя работы цэнтраў сацпадтрымкі звольненых афіцэраў і членаў іх сем’яў, стварэнне таксама невялікіх вытворчасцяў – а значыць, і новых працоўных месцаў. Уладыка не проста падтрымаў ідэю – ён актыўна ўключыўся ў працу, прапанаваўшы назваць Фонд у гонар святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Які быў анёлам і апекуном некалькіх вялікіх будаўнікоў рускай дзяржаўнасці ды і ўвогуле рускай ваеннай сілы.

Распрацавалі ўстаноўчыя дакументы. Падпісалі: Уладыка Філарэт і я, кіраўнік грамадскага аб’яднання. Знайшлі фундатараў. Праца пайшла. Ды, на жаль, не ўдалося нам давесці праект да лагічнага завяршэння. Але ж праца побач з Уладыкам не была марнаю: шмат чаму мяне навучыла. І я выказаў яму вялікую падзяку за сумесную дзейнасць, віншуючы з 75-гадовым юбілеем. Уручыў юбіляру вялізны букет, па колькасці пражытых гадоў, яго любімых белых руж.

Час ішоў, мы ўжо рэдка сустракаліся. А Уладыка тым не менш цікавіўся лёсамі людзей, якія стаялі ля вытокаў праекта. Помніцца, як па запрашэнні Уладыкі наведваў і я Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, храм Афанасія Брэсцкага. Пасля царкоўнай службы, як правіла, былі трапезы. Я шчыра ганарыўся, што маё месца было побач з Уладыкам. Па ходзе сустрэчы ён часта звяртаўся да многіх прысутных, прасіў іх падзяліцца думкамі, праблемамі. Часта ў яго каментарах былі ноткі вытанчанага гумару, атмасфера здавалася нязмушанай. Ды адчувалася, што паводзяць сябе людзі, прысутныя на трапезе, крыху скавана, і асабліва святары. Тады я шмат чаго не разумеў. І стараўся неяк падняць агульны настрой, звяртаючыся да Уладыкі з рознымі пытаннямі. Часам, пэўна, і не зусім карэктнымі: як кажуць, занадта мірскімі. Неяк пры чарговым такім пытанні настаяльнік храма айцец Аляксандр, які сядзеў побач, гучна назваў мяне па імені па бацьку. Я зразумеў: раблю штосьці не так. Напрыканцы трапезы я запытаў святара пра тое. Айцец Аляксандр патлумачыў: сваімі пытаннямі я часам правакую Уладыку. Бо, адказваючы на іх, Уладыка – як Першасвятар – фармулюе свой пункт погляду на гэтую праблему. І гэта ўжо ­становіцца нормай закону для ўсёй Беларускай праваслаўнай царквы. Што не заўжды правільна... Я быў вельмі ўдзячны айцу Аляксандру за тое, што пасвяціў мяне ў такія тонкасці царкоўнага жыцця.

У Епархіі было некалькі маіх асабістых сустрэч з Уладыкам. Пасля заканчэння адной з іх Уладыка, праводзячы гасцей, кудысьці адлучыўся. Мы стаялі на 2-м паверсе, не ведаючы, што рабіць. З’явіўся ён нечакана, і ў руках трымаў невялікую ікону Збавіцеля – з дабраславеннем Патрыярха Алексія і Уладыкі Філарэта. Ён уручыў ікону мне і сказаў: гэта яго падарунак майму сыну Міхаілу, якому споўнілася 18 гадоў. Мяне глыбока крануў такі ўчынак. Гэта ж па ходзе размовы за сталом Уладыка, пачуўшы пра паўналецце сына, палічыў патрэбным прайсці ў свой кабінет па ікону ды ўручыць яе мне для сына.

Мы ўсе памятаем, як Мітрапаліт Філарэт напрыканцы 2013-га па стане здароўя адышоў ад спраў кіравання Епархіяй. Ды не ўсе ведаюць, што і пасля таго ён часам праводзіў літургіі ў Епархіі. То была знакавая падзея для кожнага прыхаджаніна БПЦ. Аднойчы і я быў на такой літургіі. Здароўе Уладыкі на той час паслабела, ён быў пад пастаянным наглядам урачоў. Шмат рабілі для падтрымання здароўя Уладыкі, ведаю, урачы Ваеннага шпіталя ў Мінску, якім кіраваў тады палкоўнік медслужбы Святаслаў Савіцкі. Уладыка заўсёды з вялікай цеплынёй гаварыў пра гэты калектыў. Калі я зайшоў у Епархію, падняўся на 2-гі паверх, там ужо ішла служба. Уладыка Філарэт праводзіў літургію. Было вельмі шмат людзей. Усім хацелася ў такія хвіліны быць побач са сваім духоўным пастырам. Пасля заканчэння службы я выйшаў у калідор, бо прыкінуў: на гэты раз сустрэчы з Уладыкам пэўна што не будзе. І раптам убачыў: ён ідзе праз натоўп людзей. Было бачна, што стаміўся. Я пайшоў насустрач. Ён убачыў мяне, мы рухаліся насустрач адзін аднаму, спыніліся, абняліся. І я спытаў: “Уладыка, гады не дадаюць здароўя?”. Ён паглядзеў на мяне, нічога не сказаўшы. На твары была лёгкая ўсмешка, але вочы – з тугою. Відаць, пагадзіўся са мной. Я распавёў яму аб маючым адбыцца вяселлі сына. Бачыў, цяжка яму, і праводзіў Уладыку да дзвярэй у ягоны пакой. Тады ж яго сакратар папрасіў мяне крыху пачакаць. Праз некаторы час выйшаў, сказаў: дрэнна стала Уладыку, і ён не зможа выйсці да мяне. І па яго ж просьбе ўручыў мне эксклюзіўны падарунак: ікону святога праведнага Філарэта Міласцівага – для сына, у гонар будучага вяселля.

Я замёр. Мне стала не па сабе... Я разумеў, бачыў: шмат працы ўкладзена ў выраб іконы. Гэта быў вельмі дарагі па значнасці падарунак. І мне раптам здалося, што такім чынам Уладыка дзякуе людзям, з якімі звязваў яго лёс. Можа, дзякуе апошні раз. Развітваецца... Я папрасіў перадаць Уладыку мае, майго сына Міхаіла словы падзякі. Узяў падарунак і выйшаў.

Мне здавалася тады, што бачыў я Уладыку ў апошні раз. Але ж не! Хоць ён цяжка пераносіў абвастрэнне хваробы, па маёй просьбе прыняў мяне. Я ўвайшоў у знаёмы пакой. Святло згашана. Паўзмрок. Цішыня. Вельмі гнятлівая, страшная. Уладыка сядзеў, накрыты пледам, у крэсле і, здавалася, драмаў. Пры маім з’яўленні падняў галаву, расплюшчыў вочы і паглядзеў на мяне. Павіталі адзін аднаго. Я, не адрываючыся, глядзеў у яго вочы. У іх было глыбокае разуменне таго, што адбываецца. Ён уважліва слухаў мой аповед, у якім на гэты раз было шмат болю. Але быў і шчаслівы момант: у мяне нарадзіўся ўнук! І я паказаў Уладыку фота Даніка на тэлефоне разам з маім сынам – яго бацькам. Уладыка доўга глядзеў на фота. Потым дабраславіў фота і падаў знак памагатаму. Той прынёс кнігу “Митрополит Филарет из рода Вахромеевых. ЖИЗНЬ НА ПУТИ ПРАВДЫ”, якая прысвечана 75-годдзю Высокапраасвяшчэннага Філарэта (Вахрамеева), Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Ён доўга трымаў кнігу ў руках. Пачаў гартаць старонкі. Вельмі павольна, узіраючыся ў фатаграфіі. Перад яго вачыма нібы прабягала яго жыццё. Ён сышоў ва ўспаміны. Я ціха назіраў за ім. У горле стаяў камяк. Уладыка маўчаў. Потым, дабраславіўшы, перадаў кнігу мне, майму сыну Міхаілу, майму ўнуку Даніілу і сказаў на развітанне: “Усё будзе добра!”. Я пажадаў яму здароўя…

Гэта была мая апошняя сустрэча з вялікім чалавекам: Уладыкам Філарэтам. Пад яго духоўным кіраўніцтвам Беларусь выходзіла з эпохі бязбожжа ў эпоху хрысціянскай веры, дзяржаўнай незалежнасці: па сутнасці, з кастрычніка 1978-га па 25 снежня 2013-га ён быў на чале Беларускай праваслаўнай царквы. Памёр ганаровы Патрыяршы экзарх Беларусі, Герой краіны мітрапаліт Філарэт у 85-гадовым узросце: 12 студзеня 2021 года. І цяпер гісторыя Беларускай праваслаўнай царквы прадаўжаецца ўжо без яго.

Справа ад Уладыкі – Віктар Пракаповіч

Сёння мне вельмі не хапае Уладыкі ў рэальным жыцці: адчуваю тое ўсім нутром, душой. Чаму? Як тут адкажаш… Калісьці ў невялікім мястэчку Любань у сям’і Міхаіла і Алены Пракаповічаў нарадзіўся маленькі чалавек Віктар. Наперадзе ў яго было цэлае жыццё. Бацькі зрабілі ўсё, каб ён адбыўся. Але ж тое было мірское жыццё, у якім вельмі цяжка прыйсці да таго, каб нават задаць сабе пытанне: навошта было табе дадзена гэтае жыццё? Але ж вось у маім лёсе з’явіўся чалавек, які сваім жыццёвым прыкладам дапамог мне расплюшчыць вочы. Тады і пытанне ўзнікла ў мяне, і адказ на яго – таксама з’явіўся. І ўсё маё жыццё змянілася – дзякуючы таму, што ў ім і цяпер ёсць, і заўжды будзе Уладыка Філарэт.

Віктар ПРАКАПОВІЧ, афіцэр запасу
Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.