Вы тут

Казачнае падарожжа ў Кітай


На пачатку XX стагоддзя адна з першых газет на беларускай мове надрукавала пераклады з кітайскіх паданняў. У сярэдзіне мінулага стагоддзя беларускія пісьменнікі звярнуліся да перакладу кітайскіх народных казак. І цяпер, у XXI стагоддзі, кітайскі фальклор цікавіць беларускіх перакладчыкаў і кнігавыдаўцоў. Пабачылі свет казкі з Паднябеснай у калектыўных зборніках «Мастацкай літаратуры». Тры кнігі твораў кітайскага фальклору выйшлі ў серыі «Паветраны змей» выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». 


Мастачка Лізавета Пастушэнка і пісьменнік Міхась Пазнякоў

«Жоўты бусел» — так называецца кніга кітайскіх народных казак, якая пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». Разам аб’яднаны творы: «Жоўты бусел», «Залатая ракавіна», «Дзед і махляр», «Калі зямля становіцца золатам», «Заечы хвост», «Браты Лю», «Чырвоная лілея», «Залаты ключ», «Дзяўчына-паўлін», «Жанчына-лісіца», «Хто багацейшы?» , Чарадзейная пуга«, «Кавалак золата». Пераклаў на беларускую мову і апрацаваў творы кітайскага фальклору вядомы пісьменнік і перакладчык Міхась Пазнякоў.

Трынаццаць казак — трынаццаць зваротаў да мудрасці старажытнага народа Паднябеснай. Кітайскія казкі, як і беларускія, служаць грунтам, крыніцай ведаў пра народ, нацыю. Найбольшае месца сярод казачных твораў кітайцаў займаюць чарадзейныя казкі. Сярод іх — і «Чырвоная лілея». Пра жаніцьбу на чараўніцы, дзяўчыне, якая ўражвала незвычайнай прыгажосцю. 

«...Надышло свята Сярэдзіны Восені. У гэты вечар за вакном ярка свяціў месяц, а пакой асвятляўся чырвоным святлом лямпы. Дулінь, як звычайна, плёў кошык. Раптам лямпа ярка ўспыхнула, і ў ёй расцвіла вялікая чырвоная кветка лілеі. З кветкі выскачыла прыгожая дзяўчына ў белай сукенцы і звонка заспявала: 
Лілея чырвоным палае агнём,
Ноччу зрабілася светла, як днём. 
Працуеш, юнак, ты і ўдзень, і ўначы,
І фея гатова табе памагчы!
Дзяўчына засмяялася, а белай кветкі лілеі як і не было!..»

Ёсць кітайскія казкі пра выпрабаванне, якое ладзяць бацькі дочак у сваім царстве для жаніхоў. У іншых казках ідэалізуецца малодшы брат. Падобныя фальклорныя творы ёсць і ў славянскіх народаў: рускіх, беларусаў, украінцаў... 

У зборніку, які ўклаў, сабраў Міхась Пазнякоў, вылучаецца знакамітая кітайская казка «Браты Лю».

«Даўным-даўно жыла на беразе мора адна добрая жанчына. У яе было пяць сыноў, пяць братоў Лю: Лю-першы, Лю-другі, Лю-трэці, Лю-чацвёрты і Лю-пяты. Яны былі такія падобныя, што ніхто не мог адрозніць аднаго ад другога. Нават маці часам іх блытала. Але ў кожнага з братоў была свая асаблівасць. Старэйшы брат, Лю-першы, мог выпіць цэлае мора, а потым выпусціць яго назад. Лю-другі не баяўся агню. Лю-трэці мог выцягваць свае ногі на любую даўжыню. У Лю-чацвёртага цела было мацнейшае за самае трывалае жалеза. А самы малодшы, Лю-пяты, разумеў мову птушак і звяроў...»

Некаторыя казкі падаюцца шматпланавымі драматычнымі творамі. Кітайскія казкі ўражваюць яркімі краскамі ў характарыстыцы іх герояў. І гэтыя краскі, колеры ў адлюстраванні людзей і дзействаў акрэсліў не толькі перакладчык, але і заўважыла, рэльефна вымалевала мастачка кнігі Лізавета Пастушэнка. Узяўшы жоўты колер за аснову стылістычнага рашэння ў афармленні кнігі, графік зборніка «Жоўты бусел» да партрэтаў герояў фальклорных твораў, правяла бусла ад першай да апошняй старонкі кнігі, ён прысутнічае і ў аднайменнай з назвай выдання казцы, і ў іншых творах.

Малюнкі таленавітай мастачкі дапаўняюць падзеі, што адбываюцца ў чарадзейных царствах, пашыраюць фальклорныя фантазіі. Падаецца, што ў сваіх рашэннях мастачка цэментуе, паядноўвае ў цэласную карціну розныя творы. Цікавымі атрымаліся і рашэнні кніжнага графіка ў выкананні авантытула.
Наклад кнігі «Жоўты бусел», выдадзенай па заказе і пры фінанасавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі ў серыі «Замежная класіка — дзецям», — 700 экзэмпляраў. Будзем спадзявацца, што зборнік хутка разыдзецца, і выдавецтву «Народная асвета» давядзецца друкаваць дадатковы тыраж. Мяркую, што асобна — паштоўкамі альбо маляўнічым буклетам — маглі б быць выдадзены таксама ілюстрацыі Лізаветы Пастушэнкі.

Мікола БЕРЛЕЖ
​Фота: Канстанцін ДРОБАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.