Вы тут

Цярністы шлях Аляксея Талая


Кніга «​Нязломны Аляксей Талай» – пра моцнага духам чалавека, цела якога ў юнацтве моцна пакалечылі асколкі фашысцкай міны з ваенных часоў. Ён здолеў выстаяць у цяжкай барацьбе за жыццё

У Выдавецкім доме «Звязда» ў серыі «Адрасы Беларусі ў свеце» выйшла кніга пра чалавека, які ў юнацтве падарваўся на міне, быў знявечаны, але не зламаўся маральна. Аўтар кнігі – журналістка газеты «Звязда» Валерыя Сцяцко.


Сёння Аляксей Талай — вядомы матывацыйны спікер, які заахвочвае жыць нават тых, хто сутыкнуўся са смяротнай хваробай: «Не кожны здужае, а вы змаглі выстаяць, знайсці ў сабе пазітыў і не вывяргаць праклёны Богу, а пакорліва несці свой крыж. Гэта вельмі важна. У гэтым ваша моц. Вы даяце прыклад іншым людзям, якіх могуць выбіць з каляіны драбнейшыя жыццёвыя праблемы. І, магчыма, у гэтым ваша святая роля. Плач, не плач — заўтра будзе новы дзень. І ўсё трэба пераадольваць. Да апошняга дзянёчка выпрабаваць, што дадзена табе». І дадае: «Мы, інваліды, часта заўважаем, наколькі здаровым людзям усё роўна тое, што ў іх ёсць. І ў гэтым таксама наша місія, Богам дадзеная, — паказваць, што існуе таксама іншае жыццё, у якім трэба скрозь пот і кроў паўзці — у прамым сэнсе гэтага слова — да сваёй мэты».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручае прэмію "За духоўнае адраджэнне" Дабрачыннаму фонду імя Аляксея Талая – за асаблівыя заслугі ва ўвасабленні ідэй гуманізму, рэалізацыю дабрачынных праектаў, скіраваных на захаванне гістарычнай памяці і традыцый, падтрымку дзяцей, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў. 11 студзеня 2022 г.

Па гэты час у зямлі Беларусі знаходзяць небяспечныя боепрыпасы, што засталіся з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Спадарожнікі вайны — бомбы, міны, снарады, патроны — могуць падсцерагаць нас у любы момант. Аляксей Талай падарваўся на міне яшчэ падлеткам, у 16 гадоў: тушыў вогнішча, якое суседскія дзеці распалілі вясной непадалёк ад дачнага ўчастка яго сям’і. Трагедыя здарылася 8 мая 1999 года, напярэдадні Дня Перамогі. А святочны дзень Аляксей сустракаў у разадраным целе, без абедзвюх рук і ног. Было крыўдна: бацькі і дзед столькі спадзяванняў ускладвалі на яго. І што ж: яны не спраўдзяцца? Пытанне «жыць ці не жыць далей?» не давала супакою.

Кніга пабудаваная на ўспамінах родных і тых, хто быў сведкам трагедыі сям’і Талаеў. Аповеды самога Аляксея, маці, брата, сяброў, суседзяў, урачоў, якія былі побач з ім у цяжкую пару, вельмі эмацыйныя і праўдзівыя. Яны кранаюць за сэрца кожнага, хто нераўнадушны да чужога гора. Прывядзем далей некаторыя з іх.

Маці Аляксея, Людміла Канстанцінаўна, успамінае: «На адным з кансіліумаў лекары падазрона са мной размаўлялі. Напэўна, хацелі пачуць: патрэбен мне Лёша ці не, каб высветліць, ці ёсць сэнс з ім важдацца. Я ім сказала: „Усё, што ёсць у Лёшы, мне дастаткова“. І яны зразумелі, што трэба яго лячыць і нават не дапускаць іншых думак». Яна дамаглася, каб сына перавезлі з Аршанскай раённай бальніцы ў Мінскі ваенны шпіталь. Аперыраваць хлопца з мінна-ўзрыўным раненнем узяўся дасведчаны хірург Мікалай Абрамаў. У кнізе ён расказаў: «Лёшу, можна сказаць, яшчэ пашанцавала. Унутраныя органы не пашкодзіліся, дзякуючы чаму ён і выжыў».

Цялесныя і душэўныя раны Аляксея загойваліся доўга. «Былі дні, тыдні, месяцы, калі падавалася, што ўсё скончылася. Фашысцкая міна разарвала маё цела. Лёс не лёс, але тое, што павінна адбыцца, адбудзецца. Усё гэта не проста так. Кожны павінен прайсці праз свае рэперныя кропкі, якія закладваюцца для яго. Пытанне ў тым, ці зможаш ты дапаўзці да наступнага этапа свайго жыцця. Ці зможаш перамяніць сваё жыццё? У той момант, калі ўсе будуць глядзець на цябе, ці зможаш ты гэта? Фашысцкую міну перажыў — а ці зможаш ты жыць далей? Не звар’яцець, а прыняць новае жыццё», — так разважае ён. Перад ім стаяла нялёгкая задача: «Я павінен быў змірыцца з тым, што ніколі не змагу прабегчыся па ранішняй расе, узяць за руку каханую жанчыну, сваіх дзяцей падкінуць да неба. Не змагу. Але нешта ж я змагу! І таму я мушу папрацаваць, каб трымаць марку. Як нашы дзяды і прадзеды выстаялі. Але, змірыўшыся, я ўжо здабыў сілу».

Матывацыйны спікер часта выступае перад маладымі людзьмі ды заклікае іх не здавацца ў цяжкіх абставінах, верыць у свае сілы. І перамагаць! Асабліва яго разумеюць юнакі і дзяўчаты, якія жывуць на тэрыторыі, дзе вядуцца ваенныя дзеянні, а снарады і кулі падсцерагаюць іх на кожным кроку. У мінулым годзе Аляксей Талай наведаў Данецкую Народную Рэспубліку, каб сустрэцца з дзецьмі — ахвярамі вайны. А ў верасні 2021-га ўжо яны (150 чалавек) прыехалі ў Мінск: наведаць яго і адпачыць у Беларусі.

Аляксей на старонках кнігі разважае: «Аднойчы мае выступленні параўналі з тым, як раней у школы прыходзілі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і расказвалі дзецям пра барацьбу з фашыстамі. І гэта было вельмі важна для выхавання. А сёння ветэранаў практычна не засталося. І я зразумеў, што магу расказваць пра выпрабаванні, кроў, боль, страты, пра чалавечае гора. Як унук ветэрана я прадаўжаю яго традыцыі. Расказваю аб выпрабаваннях не толькі сваім дзецям, але і тысячам іншых у розных краінах. Адчуваю вялікую адказнасць».

Часта можна пачуць, што інвалід — гэта ні на што не здольны, няшчасны чалавек. Аляксей жа ўзяў на сябе мужнасць не абмяжоўваць сябе ў магчымасцях і не баяцца выпрабаванняў. У яго чацвёра дзяцей: двое ад першага шлюбу і двое ад другога. Ён паспяховы ў бізнэсе і спорце. Заслужыў званне «Майстра спорту», устанавіў рэкорд свету і Еўропы, увайшоў у склад Нацыянальнай Паралімпійскай зборнай Беларусі па плаванні, стаў Зорным Паслом ІІ Еўрапейскіх Гульняў. На сённяшні дзень узначальвае Дабрачынны фонд Аляксея Талая.

Ганна ЛАГУН

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».