Вы тут

Плеяда маладых. Драгун: Рабі, што павінен, і ўсё само да цябе прыйдзе


Так склалася, што работу дзяржаўных служачых на новым месцы ацэньваюць па тэрміне «100 дзён». Гэты адлік вызначальны, бо пасля яго можна падвесці першыя вынікі работы чыноўнікаў рознага рангу. Таксама «100 дзён» даюць падставы зразумець, якім будзе далейшы працоўны шлях новага назначэнца. З першым намеснікам міністра лясной гаспадаркі Аляксандрам Драгуном, мы сустрэліся якраз праз пару дзён пасля гэтага «рубяжа».


— Аляксандр Мікалаевіч, вы выраслі на Магілёўшчыне ў вёсцы Нясята. Згодныя, што ў вясковых людзей асаблівае стаўленне да прыроды і яе аховы?

— Безумоўна, тое, што я родам з сельскай мясцовасці, паўплывала на выбар прафесійнага шляху. Я з малодшых класаў рыхтаваўся паступаць у ВНУ, звязаную з лясной гаспадаркай, аховай прыроды. Для сябе нават вырашыў: калі не здолею паступіць ва ўніверсітэт, пайду ў Полацкі лясны тэхнікум, але ў любым выпадку буду атрымліваць адмысловую адукацыю. Дзякуючы добрай вучобе ў школе я адразу паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, вучыўся на спецыяльнасці «лесаінжынерная справа». Выпускнікі займаюцца лесанарыхтоўкай і перапрацоўкай драўніны.

— Вясковаму хлопцу паступленне ў адну з вядучых ВНУ краіны далося лёгка?

— Мне пашчасціла стаць удзельнікам адукацыйнага эксперыменту ў Нясяцкай сярэдняй школе. У нашым класе выбралі тройку вучняў, якія займаліся асобна ад астатніх па прынцыпе вышэйшай навучальнай установы. У нас былі не ўрокі, а «пары» з паглыбленым вывучэннем матэматыкі, фізікі і добрай моўнай падрыхтоўкай. Я скончыў школу з залатым медалём і здолеў здаць экзамены ў дзве ВНУ — Гомельскае вышэйшае каманда-інжынернае вучылішча МНС і БДТУ. Як цяпер памятаю, у тэхналагічным універсітэце з 60 абітурыентаў адабралі на маю спецыяльнасць толькі 12 чалавек. Калі называлі прозвішчы тых, хто паступіў, я быў адзінаццатым... Тады, у 17 гадоў, сутыкнуўся з вельмі складаным выбарам, куды ісці далей. Мне падказалі старэйшыя таварышы: калі я скончу вучэбную ўстанову МНС, то буду працаваць выключна ў гэтай структуры. Але і тэхнічная адукацыя таксама дала б мне магчымасць служыць у МНС, калі б я захацеў.

— Многія хлопцы ў юным узросце мараць звязаць жыццё з сілавым блокам...

— Гэта, вядома, рамантыка: пагоны, афіцэрскае званне... Яно было вельмі прыцягальным. Я неаднойчы мог звязаць сваё жыццё з ваеннай службай. Адразу пасля ўніверсітэта служыў у 120-й АМБр і меў магчымасць застацца па кантракце. Але свой выбар я зрабіў на карысць лясной гаспадаркі яшчэ ў юнацтве.

— Ваш працоўны шлях пачаўся з прадпрыемства «Белдзяржпаляванне», куды вы атрымалі размеркаванне як малады спецыяліст. Колькі там працавалі?

— Фактычна некалькі месяцаў, потым пайшоў служыць у армію, пасля пераразмеркаваўся ў Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У той час ва ўстанове аддавалі перавагу тым, хто меў профільную адукацыю і служыў у арміі. Я ніколі не ставіў перад сабой мэты рухацца па кар'ернай лесвіцы. Кар'ерыстаў нідзе не любяць. Я проста працаваў. Мне пашчасціла сустракаць старэйшых людзей, якія давалі парады. Памятаю, як адзін чалавек сказаў: «Рабі, што павінен, і ўсё само да цябе прыйдзе». Так і атрымліваецца. Калі ты шчыра працуеш, імкнешся, цябе ў любым выпадку заўважаць і прапануюць рухацца далей.

— Вы з сям'і паляўнічых. Захавалі тое захапленне?

— Для мяне паляванне — гэта магчымасць перазагрузіцца, адцягнуць увагу ад рабочых момантаў. У кожнага так ці інакш назапашваецца стомленасць. За некалькі дзён на паляванні перафармаціруешся, каб з новымі сіламі прыйсці на работу. Калі не маеш ніякага хобі, можаш вельмі хутка перагарэць у прафесійным плане.

— Як сумяшчаюцца прыродаахоўная дзейнасць і паляванне? Ці не супярэчыць гэта адно аднаму?

— Паляўнічая гаспадарка — такі ж від эканамічнай дзейнасці, як сельская. Мы не паводзім сябе як празмерныя лесаахоўнікі і не кажам, што з лесу нічога не варта выносіць. Разумнае лесакарыстанне мае на ўвазе, што ад прыроды можна ўзяць частку рэсурсу, не наносячы страт. Такі падыход дазваляе захоўваць баланс у дзікай прыродзе.

— Да прыходу ў міністэрства вы займаліся барацьбой з браканьерствам. Як тут ідуць справы?

— Выпадкаў браканьерства стала значна менш дзякуючы Дзяржінспекцыі, нашай егерскай службе і ўдасканаленню прававой базы. Калі паляванне даступнае для любога чалавека, ён не пойдзе браканьерыць. Сёння штрафы настолькі вялікія, што танней паляваць законна. Толькі працэдура атрымання дазволу крыху затратная па часе. Неабходна прайсці курсы, здаць экзамены, але дазвол атрымліваеце адразу на дзесяць гадоў.

У Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры.

— У вас як у паляўнічага, безумоўна, ёсць і згаданы дазвол, і дазвол на захоўванне зброі. Ваша паляўнічая зброя асабістая або гэта сямейная рэліквія?

— Я сам набываў сваю зброю. Сямейная рэліквія ёсць, але дасталася майму стрыечнаму брату. Гэта ружжо «Заўэр». Яно ўжо не выкарыстоўваецца для палявання. Менавіта мой брат выхоўваў мяне як паляўнічага. Ды і мой настаўнік фізікі са школы — Мікалай Іванавіч Крыванос — браў з сабой на паляванне. Я вывучаў фізіку грунтоўна яшчэ і таму, што паважаў яго і не мог падвесці. Дарэчы, у мяне засталіся вельмі цёплыя ўспаміны пра школьныя гады. Хацелася б падзякаваць за ўсё маім настаўнікам, асабліва класнаму кіраўніку Алене Яўгенаўне Каплярчук.

— Вы 100 дзён на пасадзе першага намесніка міністра. Можаце падзяліцца сваімі ўражаннямі?

— Работа, зразумела, адрозніваецца ад папярэдняй. У тым ліку і большымі аб'ёмамі, але яна вельмі цікавая. Мы з нашым калектывам імкнёмся прынесці нешта новае ў сферу. Цяпер выконваем даручэнні па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы, займаемся абнаўленнем Ляснога кодэкса.

— Якія яшчэ задачы стаяць перад галіной?

— Першая — гэта нарматворчасць. Другая — лічбавізацыя. У пажаранебяспечны перыяд камеры відэаназірання дазваляюць аднаму спецыялісту бачыць тое, для чаго раней задзейнічалі некалькіх. Але за любой «лічбай» заўсёды стаіць чалавек, таму неабходныя дасведчаныя спецыялісты на месцах. Плюс стаіць задача — павысіць якасць лесааднаўлення і выбудаваць дакладную вертыкаль кіравання ў лесагаспадаранні.

— Часта вам даводзіцца працаваць, як той казаў, «у полі»? У вашым выпадку — «у лесе»?

— Вось учора я прыехаў з населенага пункта Кіраў, каля граніцы з Украінай, быў таксама ў Ельску. Пазаўчора наведваў Целяханы, Пінск, Столінскі лясгас. Гэта паездкі толькі на адным тыдні. Там маніторыў гатоўнасць да пажаранебяспечнага сезона ў лясах. Нечакана магу прыехаць у лясніцтва і аб'явіць вучэбную трывогу, каб паглядзець, наколькі хутка пажарная каманда прыязджае на ліквідацыю.

Пасада кіраўніка не дазваляе або сядзець у кабінеце, або пастаянна знаходзіцца «ў полі» — гэта сімбіёз. Ідэальная формула: з пяці рабочых дзён праводзіць тры ў кабінеце, два — у лесе. Людзі на месцах павінны бачыць, што мы не толькі кабінетныя работнікі. Леснікі вельмі цэняць, калі да іх прыязджаюць з міністэрства і проста пытаюцца, чым дапамагчы.

— Якія прынцыпы для вас асноўныя як кіраўніка?

— Догма адна — павінна быць дакладная вертыкаль і субардынацыя. Загады начальніка, як і ў арміі, не абмяркоўваюцца. Усе разважанні магчымыя да прыняцця рашэння. Стыль і міністра Віталя Дрожжы, і мой — перад загадам цікавімся меркаваннямі ўсіх работнікаў. А калі рашэнне прынятае — ніякіх абмеркаванняў! Гэта разбурае сістэму.

— Якімі якасцямі павінен валодаць сучасны кіраўнік?

— Я сёння назіраю ў многіх сваіх калег страх перад прыняццем рашэнняў. Кіраўнікі баяцца памыліцца. Неабходныя смеласць, упэўненасць у сабе. Прыняў рашэнне — павінен яго давесці да канца. Калі кіраўнік, каб падстрахавацца, восем разоў запытае парады, напіша шэсць запытаў у іншыя органы, мы проста патонем у бюракратыі.

— Вы доўга думалі, калі вам прапанавалі пасаду першага намесніка міністра?

— Вядома, я павінен быў ацаніць, ці хопіць маіх ведаў і вопыту, каб выбудаваць работу і не падвесці міністра. Віталь Аляксандравіч Дрожжа запэўніў, што першы
час буду мець ад яго і падтрымку, і падказку. Намеснік міністра Уладзімір Іванавіч Крэч таксама дапамагае. Работа ў нашым міністэрстве мае сезоннасць. Я, калі прыйшоў зімой, сутыкнуўся з праблемамі бураломаў. Цяпер вядзём пасадку новых лясоў і ахоўваем іх ад пажараў. Летам, восенню будзе іншая спецыфіка работы. У такіх галінах, мяркую, каб увайсці поўнасцю ў пасаду, кіраўніком неабходна прабыць адзін год, пражыць усе сезоны: ад пастаноўкі задач да падвядзення вынікаў.

— Ці раіліся вы дома перад прыняццем пасады?

— Так, жонка мяне падтрымала адразу і сказала, што я спраўлюся. Я раіўся, бо разумею, што гэта дадатковая нагрузка не толькі на мяне, але і на яе. Па графіку на службе восем гадзін, але мой рабочы дзень усё-ткі 24 гадзіны ў суткі. Бываюць дні, калі я прыходжу на работу ў восем, і ў пачатку сёмай магу пайсці дадому. А бывае, як цяпер, з пачаткам пажаранебяспечнага сезона, мой рабочы дзень цягнецца да ночы.

— Любая новая пасада нечаму вучыць. Чаму вас навучыла работа ў міністэрстве, што каштоўнага ўзялі на гэтым месцы?

— Я пакуль імкнуся толькі аддаваць... Але далягляд пашырыўся ў плане міжасобасных зносін. Знаёмішся з новымі людзьмі, на нарадах вучышся ў кіраўнікоў. Разумееш, што мітусня ў прыняцці рашэнняў можа сыграць не на карысць. Марудзіць нельга, але і з гарачкі прымаць рашэнні таксама. Неабходна падыходзіць вельмі разважліва, бо імі будуць кіравацца ў сваёй рабоце тысячы маіх падначаленых.

— Як ведамства мяркуе вырашаць праблему з абмежаваннямі для нашых лесанарыхтоўшчыкаў падчас санкцый?

— Рашэнні ўжо прымаюцца, упарадкоўваюцца, скасоўваюцца працэдуры рэалізацыі драўніны, уведзеныя раней, спрашчаюцца бар'еры паміж пакупніком і рэалізатарам. Мы стымулюем унутраны рынак і займаемся пераарыентацыяй нашага экспарту на азіяцкі кірунак. Наш абавязак пры любых санкцыях — вырошчваць і ахоўваць лес.

— Чаму на працягу ўсіх гадоў драўніна — каштоўны і запатрабаваны прадукт?

— Многія краіны ўзялі курс на экалагічнасць. Еўропа адмаўляецца ад атамнай энергетыкі, пераходзіць да зялёнай эканомікі. Драўніна з даўніх часоў была не толькі будаўнічым матэрыялам, але і палівам. Яна да таго ж, хоць і марудна, але аднаўляльны рэсурс. Дрэва вельмі простае ў апрацоўцы для розных галін эканомікі. Няма неабходнасці ў велізарных тэхналогіях, каб ствараць нейкія вырабы.

— Можна сцвярджаць, што Беларусь — усё яшчэ краіна з вялікай колькасцю лясоў?

— Не «яшчэ». Сёння нават больш можна пра гэта сцвярджаць, бо мы прырастаем па колькасці лясоў. Мы кажам пра 40 працэнтаў лясістасці ў краіне. Цяпер пачалі работу па пераводзе ў лясны фонд земляў, што зараслі драўнінна-хмызняковай расліннасцю. Выпрацоўваем падыходы, як будзем прымаць іх у лясны фонд і браць пад ахову.

Марыя ДАДАЛКА

Фота з архіва Мінлясгаса

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?