Вы тут

Мова родная – па-над межамі


Трэцяя Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні: Постаці. Кнігі. Сувязі” сабрала даследчыкаў, вучоных і знаўцаў беларускай мовы і культуры з Латвіі, Беларусі, Чэхіі, Польшчы і Эстоніі

Канферэнцыю правёў Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) у анлайн-рэжыме 21 лютага 2022 года: у Міжнародны дзень роднай мовы. Усіх дакладчыкаў і слухачоў віталі, віншавалі са святам кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, першы намеснік старшыні Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання Аляксей Васільеў, консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава. Яны адзначылі: родная мова мае для любога чалавека, народа сакральнае значэнне. Да таго ж яна служыць сувязным і паяднальным звяном паміж людзьмі, народамі, культурамі. Дзякуючы роднай мове завязваюцца новыя сувязі ды, што вельмі важна, прадаўжаюцца традыцыі.


Пра Пра розныя напрамкі сувязяў між Латвіяй і Беларуссю гаварылі дакладчыкі (было 12 паведамленняў) у трох вызначаных падтэмах. У другі раз дапамагала зладзіць творчае сумоўе інтэрнэт-пляцоўцы ZOOM. Дзякуючы гэтай тэхналогіі кола сувязяў і тэм пашыраецца. Сёлета ўпершыню ў канферэнцыі паўдзельнічалі выступоўцы з Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (Мінск), Полацкага дзяржуніверсітэта, Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі. Былі таксама дакладчыкі з Мінска, Віцебска, Даўгаўпілса. Адкрывала канферэнцыю, і гэта ўжо традыцыя, выступленне кандыдата культуралогіі, намесніка гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алеся Сушы (Мінск).

Даследаванню агульнага і адметнага, што ёсць у Латвіі ды Беларусі, прысвячаліся даклады, многія з іх — у выглядзе прэзентацый, відэаматэрыялаў. Гаварылі пра кніжную культуру, адукацыю, рэлігію, архітэктуру, гістарычных асоб, палітыку, бізнес і, вядома ж, беларускую дыяспару. Немалую цікавасць выклікалі даследаванні супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржмузея гісторыі рэлігіі «Адзін праект — тры храмы. Праваслаўныя цэрквы Гродна, Даўгаўпілса і Сувалак пачатку ХХ стагоддзя» і Даўгаўпілскага краязнаўчага і мастацкага музея «Беларусы ў палітычным жыцці Даўгаўпілса ў 1920-30 гады».

Мы адкрылі для сябе шмат цікавых фактаў і штрыхоў у біяграфіях доктара медыцыны Карла Гібенталя, гісторыка, краязнаўцы і археолага Аляксея Сапунова, пісьменніка, перакладчыка, публіцыста Віктара Вальтара («народжанага ў Дзьвінску пад Сатурнам»), «бацьку сучаснага іўрыта» з мястэчка Лужкі (Шаркаўшчына) Эліэзэра Бэн-Ягуды, а таксама яўрэйскіх мастакоў Даўгаўпілса і Віцебска, пісьменнікаў з Гомельшчыны Івана Шамякіна, Івана Мележа, Івана Навуменкі, Андрэя Макаёнка.

У часе дыктоўкі ў Даўгаўпілсе

Па традыцыі ў дзень канферэнцыі мы пісалі дыктоўку на беларускай мове, тэкст з трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа (у якога сёлета 140-я ўгодкі) падбірала і чытала завуч і выкладчыца беларускай мовы Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ. У анлайн-дыктоўцы разам з рыжанамі прынялі ўдзел беларусы Даўгаўпілса, Мінска, Нарвы і Пярну (Эстонія).

Адной з падтэм канферэнцыі пазначана «кніга». І незадоўга да Свята роднай мовы бібліятэка ЦБК атрымала каштоўны падарунак ад Мінкультуры Беларусі: дзякуючы сродкам з падпраграмы «Беларусы ў свеце» нам перадалі больш за 30 унікальных кніжных выданняў. З іх зрабілі выставу. Вельмі каштоўнае «паведамленне» з Бацькаўшчыны ў плынь міжнароднай канферэнцыі! Родная мова, кнігі — бясцэннае наша багацце, захаванню якога і спрыяюць даўгаўпілскія «Беларускія чытанні». Многія ўдзельнікі адзначалі: галоўнае — што сувязі, стасункі, няхай сабе і анлайн, прадаўжаюцца. І жыве надзея на рэальныя сустрэчы. Да таго ж усе ўдзельнікі чытанняў атрымаюць адпаведныя сертыфікаты і зборнік: ён выйдзе з матэрыяламі канферэнцыі.

Марыя ПАМЕЦЬКА,
метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?