Вы тут

Дыктоўка з «Палескіх рабінзонаў»


Сябры, актывісты Ліепайскай беларускай абшчыны «Мара» паўдзельнічалі ў дыктоўцы і Тыдні роднай мовы: ён праходзіў і ў Беларусі з 21 па 28 лютага. Некаторыя дзякуючы платформе ZOOM пісалі ў Ліепаі Рэспубліканскую дыктоўку «Багацце роднай зямлі», і яшчэ потым была сустрэча з родным словам 26 лютага, у суботні дзень.


Для сваёй дыктоўкі мы абралі ўрывак з аповесці «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра (1893–1971): пісьменнік двойчы наш, бо і нарадзіўся ў Ліепаі. А «рабінзонаў» яго памятаем яшчэ са школьнай праграмы. Найстарэйшай ўдзельніцы дыктоўкі Францішцы Шакіравай — пад 80, з маладзейшых адзначым Ірыну Нева. Дзяўчына закончыла Ліепайскую гімназію, ВНУ на латышскай мове ды яшчэ ВНУ ў Лондане на англійскай. А жывую беларускую мову чуе ад маці ды ў Беларускім доме Ліепаі, ад родных у Беларусі. Самаадукацыя! І ўсё ж Ірына была з намі на дыктоўцы. Прызналася пазней, што некаторыя словы чула ўпершыню, аднак тое не азмрочыла свята зносін у цёплым беларускім коле. 

Імпрэза выйшла за межы простай дыктоўкі, мы назвалі сустрэчу: «60 хвiлiнак з родным словам» — і хвілін было яшчэ больш! Гучалі вершы Купалы і Коласа, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча, Дануты Бічэль-Загнетавай... Усе тэматычна блізкія: пра роднае слова, маму, блізкія сэрцу мясціны. Любоў Дурнева чытала вершы зямлячкі з Гомельшчыны Соф’і Шах скрозь слёзы: так яны краналі яе душу. Сваімі ўспамінамі пра родныя мясціны дзяліўся Уладзімір Бабко (з Брэстчыны), іншым таксама было што сказаць. Адно слова: зямлякі! Шмат нас яднае, і слова роднае дае ўнутраныя сілы, натхняе. Зрэшты, у Ларысы Назаравай родавыя карані ўкраінскія, але ж любіць паэзію і захацела паслухаць нашу мілагучную мову (якая, кажуць, не саступае ў спеўнасці нават італьянскай). Вершы Янкі Купалы госця чытала ў перакладзе на рускую. А вось наша зямлячка Ганна Дзюбянава зрабіла пераклад на беларускую «Малітвы» Булата Акуджавы. Кранула ўсіх! 

Гучалі на сустрэчы нашы родныя песні: спявалі Валянціна Абатурава і Людміла Жунда. Да таго ж Валя вельмі душэўна выканала «Не прадаецца хата бацькоў» з рэпертуару гурта «Дразды»: песню знайшоў у інтэрнэце старшыня «Мары» Віктар Янцэвіч. Непаўторны каларыт надалі песні жаночы голас і душа!

Пранікнёна чытала вершы беларускіх паэтаў Ядвіга Карпава, потым Вольга Мікалаева — свае. Піша па-руску, і абедзве мовы ёй родныя. Дарэчы, адзін з удзельнікаў дыктоўкі па звычцы падпісаў яе лацінкай, па-латышску: V. Bobko. І прыгожыя латышскія вершы, песні гучаць у Беларускім доме. Інакш і быць не можа: мы жывём у Латвіі, тут радзіма дзяцей нашых, і само нашае жыццё. У Ліепаі Беларускі дом нам — як родны. Атмасфера яго спрыяе, каб выяўляліся мы добрымі, шчырымі, узнёслымі, чулымі... Няхай так і будзе заўсёды ў нашым Беларускім доме! А змена ж падрастае: пакуль мы пісалі дыктоўку, размаўлялі ды спявалі, малыя беларусікі ў суседнім памяшканні асвойвалі сакрэты вырабу народнай лялькі разам з Ірынай Янцэвіч. Мова беларуская для іх не чужая: з часам і дыктоўкі, можа, пісаць з намі будуць.

Валянціна ГРЫБОЎСКАЯ

Ад рэдакцыі. Пасля перапынку, звязанага з сямейнымі абставінамі, з рэдакцыяй зноў у супрацы Валянціна Грыбоўская: журналістка, выпускніца БДУ, родам з вёскі Бабаевічы Клецкага раёна. Яна ж даслала нам і цікавы тэкст пра Масленіцу: свята ўпершыню ладзілі сёлета ў абноўленым Беларускім доме Ліепаі актывісты “Мары”. Дарэчы, тэкст ёсць і на старонцы Валянціны ў Фэйсбуку, з загалоўкам “Первый блин Масленкi – не комом!” Спецыяльна рыхтаваліся ў суполцы, майстравалі пудзіла Зімы – якое напрыканцы гуляння спалілі. На свята сабралася нямала беларусаў ды проста цікаўных. Асноўную частку імпрэзы, адрасаваную дзецям, зладзілі ў памяшканні: так зручней было блінамі частавацца. Шмат сіл уклалі ў тое, каб гуляла беларуская Масленка ў Ліепаі, актывісткі “Мары” Ірына Каргіна ды Ірына Янцэвіч – абедзьве, дарэчы, маюць багаты досвед працы з дзецьмі.

Важна, што і дабрачынная акцыя была на ліепайскай Масленіцы. На Аукцыён шчодрасці выставілі працу сваіх рук юныя майстры з творчай групы “Васількі” (якой кіруе Ірына Янцэвіч). І можна было там набыць падарункі, сувеніры для сяброў і родных. Асабліва важкі ўнёсак у дабрачынную скарбонку зрабілі даўняя мецэнатка суполкі “Мара” Любоў Дурнева з мужам і дачкой. А яны ж ведаюць: сродкі пойдуць на жыццё Беларускага дома.

З пазнейшага запісу Валянціны ў Фэйсбук даведаліся: два гады таму сышла ў Вечнасць (19 сакавіка 2020-га) “наш беларускі голас на Латвійскім радыё Таццяна Касуха”. У дзень памяці Валянціна ўсклала кветкі на яе магілу, зрабіла здымак, напісала: “Спи спокойно, сябровачка! Твою родную половинку – мужа Георгия –  мы с Леной, нашей третьей коллегой, землячкой, подругой, поддерживаем как можем, как позволяют обстоятельства. И вот так тоже: раз в году встретившись на твоей могилке на Лесном кладбище в Риге. Украшаем ее выбранными на свой – и твой… – вкус цветами... ”

Таццяна Касуха

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.