Вы тут

Нарадзіць без боязі. Не варта слухаць сябровак і чытаць форумы


Амаль усім жанчынам, якія ўпершыню збіраюцца стаць мамай, характэрны ўсвядомленыя або неўсвядомленыя страхі. Пракаментаваць самыя распаўсюджаныя з іх і расказаць, як з імі справіцца, мы папрасілі ўрача — акушэра-гінеколага 11-й гарадской паліклінікі, аспірантку кафедры рэпрадуктыўнага здароўя і медыцынскай генетыкі БелМАПА Святлану КРЭЕР.


1. Раптам я не змагу вынасіць дзіця і здарыцца выкідыш?

— Каб такое пытанне не ўзнікала, неабходна старанна падрыхтавацца да цяжарнасці як жанчыне, так і мужчыну. Сучасныя пары пачынаюць усвядомлена падыходзіць да такой падзеі, як з'яўленне на свет новага чалавека. Усё мусіць быць старанна спланавана. Падрыхтоўка як мінімум за тры месяцы дапамагае пазбегнуць большасці ўскладненняў, якія могуць быць звязаны з выношваннем плода.

Гэта так званая прэгравідарная падрыхтоўка, якая ўключае комплекс мерапрыемстваў, што складаецца з дыягностыкі, прафілактыкі і, калі спатрэбіцца, лячэння. Усё гэта рыхтуе будучых бацькоў да зачацця, выношвання дзіцяці і родаў. Калі плануюць цяжарнасць, то звычайна мяркуюць, што падрыхтоўка неабходна выключна жанчыне, на долю якой выпадаюць выношванне і роды. Аднак і для мужчыны таксама прадугледжаны пэўны план дзеянняў. Падрыхтоўкай жанчын займаецца акушэр-гінеколаг, мужчын — уролаг-андролаг. Таксама будучыя бацькі могуць звярнуцца да спецыяліста-рэпрадуктолага.

Звычайна прэгравідарная падрыхтоўка шлюбнай пары да цяжарнасці адбываецца ў тры этапы. Першы — ацэнка стану здароўя будучых бацькоў. Варта здаць аналізы крыві і мачы, біяхімічны аналіз крыві, на гармоны шчытападобнай залозы, абследаванне на такса-
плазмоз, краснуху, цытамегалавірусную інфекцыю, гепатыты, ВІЧ, сіфіліс, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам (хламідыі, міка-, урэаплазмы, ВПГ 2 тып, вірус папіломы чалавека высокай канцэрагеннай рызыкі), агляд у тэрапеўта, стаматолага, лора, акуліста і пры неабходнасці кансультацыю ў генетыка. У гэты перыяд можна правесці неабходнае вакцынаванне, папярэдне абгаварыўшы з урачом, праз які час пасля працэдуры можна будзе планаваць зачацце. На дадзеным этапе неабходна пралячыць наяўныя захворванні, а калі ёсць хранічныя, перавесці іх у фазу рэмісіі.

Другі этап — падрыхтоўка да самога зачацця. Неабходна паступова адмовіцца ад шкодных звычак, нармалізаваць, калі неабходна, вагу, наладзіць рэгулярныя фізічныя нагрузкі ці прагулкі. Шпацыра на свежым паветры і фізічныя практыкаванні паляпшаюць кровазварот у органах малога таза мужчын і жанчын, тым самым спрыяльна ўплываюць на работу рэпрадуктыўнай сістэмы. Важны пераход на больш здаровыя прынцыпы харчавання (гатаванне на пары або ў духоўцы, павелічэнне ў рацыёне гародніны і лёгказасваяльных нятлустых гатункаў рыбы і мяса, адмова ад паўфабрыкатаў, грылю, фаст-фуду, вэнджанай і тлустай ежы).

Тут важна адзначыць, што правільнае харчаванне неабходна і жанчыне, і мужчыну, бо каля трох месяцаў доўжыцца цыкл паспявання сперматазоідаў. А для іх росту арганізм выкарыстоўвае той «матэрыял», які паступае з ежай. Сілкуючыся лёгказасваяльнай бялковай ежай і прадуктамі з амега-поліненасычанымі тлустымі кіслотамі, мужчына забяспечвае якасны «будаўнічы матэрыял» для сперматазоідаў. Таксама неабходна адзначыць важную ролю фоліевай кіслаты. Яе прыём за тры месяцы да зачацця і да 12 тыдняў цяжарнасці дазваляе прадухіліць парокі развіцця нервовай трубкі ў плодзе.

2. Раптам дзіця народзіцца нездаровым?

— Вядзенне цяжарнасці ў Беларусі ажыццяўляецца згодна з пратаколамі «Медыцынскае назіранне і аказанне медыцынскай дапамогі жанчынам у акушэрстве і гінекалогіі», зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя 19.02.2018 № 17. На падставе гэтага дакумента праводзяцца неабходныя лабараторныя і інструментальныя абследаванні плоду і маці для таго, каб дзіця нарадзілася здаровым. Таму важна загадзя планаваць цяжарнасць і неабходна выконваць рэкамендацыі вашага ўрача. Не бойцеся нават інвазіўных працэдур, напрыклад, амніяцэнтэзу. Пры ім праколваецца брушная сценка і праз іголку ў шпрыц набіраецца каляплодная вадкасць. Паказанні да правядзення дадзенага даследавання ўстанаўлівае ўрач-генетык падчас медыка-генетычнага кансультавання.

3. Маё цела мяняецца — раптам я перастану падабацца мужу?

— У наш час калі жанчына праходзіць прэгравідарную падрыхтоўку, выконвае ўсе рэкамендацыі ўрача, падчас цяжарнасці, нягледзячы на павелічэнне сантыметраў на таліі і сцёгнах, выглядае прывабна. Калі памеры для вас вельмі важныя, то крыху сілы волі — і пасля нараджэння дзіцяці можна вярнуць сабе жаданы выгляд. Цяжарныя з-за гарманальных перабудоў вельмі эмацыянальныя, перажыць гэты псіхалагічны момант дапамагаюць курсы падрыхтоўкі мамы да цяжарнасці і родаў. Клапаціцеся пра сябе, засяродзьцеся на радасці ад падзеі, бывайце ў прыгожых месцах з пазітыўнымі людзьмі. Чытайце ўслых казкі — ваша малое ўжо ўсё чуе і разумее. Будучай маме трэба больш займацца сабой, адпачываць і перастаць імкнуцца перарабіць усе справы дома.

4. Раптам я памру падчас родаў?

— Страх смерці ў родах наведвае часцей непадрыхтаваных да цяжарнасці жанчын. У нашых радзільных дамах праходзяць дні адкрытых дзвярэй. На мой погляд, не будзе лішнім наведаць такое мерапрыемства, каб убачыць загадзя, дзе вы будзеце нараджаць.

Акрамя таго, рэкамендую наведаць такім цяжарным курсы падрыхтоўкі да родаў. У прысутнасці ўрача ў групе цяжарных вы набудзеце ўпэўненасць і спакой. Калі ўсё ж узнікае дадзены момант, неабходна працаваць з псіхолагам.

5. У радзільні страшна, бо там усе крычаць на жанчыну...

— Час ад часу я чытаю водгукі аб нашых радзільных дамах. Часам прыходзяць збянтэжаныя цяжарныя з галоўным для іх пытаннем: «Дзе вы параіце нараджаць?» Дакладна магу сказаць, што часам водгук у інтэрнэце, на жаль, — вельмі суб'ектыўнае меркаванне нейкай канкрэтнай пацыенткі. Усе мы розныя, са сваёй нервовай сістэмай і псіхікай. Уражанні некага ў інтэрнэце ці вашай знаёмай і сяброўкі — толькі іх асабістыя вопыт і меркаванне. У вас будуць свае, зусім іншыя.

На мой погляд, у сучаснай медыцыне кожны медработнік мусіць ставіцца да пацыенткі так, як бы хацеў, каб паставіліся да яго. Асабіста я бачу адэкватнае стаўленне ў радзільных дамах Мінска да нашых цяжарных і парадзіх.

6. Схваткі і роды — гэта балюча, я іх не вытрываю...

— У сучасным акушэрстве праводзіцца адэкватнае абязбольванне ў родах. У кожнай пацыенткі — свой парог болевай адчувальнасці, але з улікам персаніфікаванай медыцыны да кожнай пацыенткі існуе індывідуальны падыход. Таму, каб усё прайшло камфортна ў родах, неабходна падрыхтоўка да цяжарнасці, пераемнасць паміж урачом і пацыенткай.

7. Я страчу сексуальную прывабнасць для мужа, калі ён убачыць мяне падчас родаў...

— Нараджэнне любога дзіцяці — грандыёзная падзея, у тым ліку і эмацыянальная. Што ўжо казаць пра з'яўленне на свет свайго дзіцяці, якога тата чакаў нароўні з жонкай! Нараджэнне — зусім не агіднае відовішча: гэта таінства з'яўлення новага жыцця. Сексуальная цяга — гэта не толькі фізіялогія, але і псіхалогія. У кожнага чалавека свая псіхіка. Вельмі часта можна сустрэць меркаванне, што ўдзел мужчыны ў родах можа быць прычынай пагаршэння ўзаемаразумення ў сям'і і нават разводаў. Гэта магчыма, але толькі ў двух выпадках: першы — адносіны ў пары і так былі ў крызісным стане; другі — мужчына не быў падрыхтаваны да родаў. Узважце ўсе «за» і «супраць».

Псіхолаг пра тое, адкуль бяруцца страхі

Каментарый псіхолага Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Наталлі СТАТКЕВІЧ:

Цяжарнасць — важная падзея ў жыцці кожнай жанчыны. Але яна можа быць як радаснай, так і наадварот. Калі жанчына плануе цяжарнасць, то актуальныя яе радасныя перажыванні. Яна задумваецца аб усіх наступных падзеях, звязаных з цяжарнасцю і родамі.

Але, на жаль, існуе і незапланаваная цяжарнасць, якая становіцца прычынай змены жыццёвых планаў і прыярытэтаў. Нежаданне апынуцца ў падобнай сітуацыі нармальнае. Пры гэтым ёсць людзі, якія панічна баяцца гэтага і адчуваюць наймацнейшы дыскамфорт ад адной думкі зацяжарыць або быць партнёрам цяжарнай жанчыны, — гравідафобы. Гэта ўжо псіхічнае расстройства.

А цяпер пагаворым аб перажываннях дзяўчат, якія вырашылі ўпершыню зацяжарыць і стаць мамай і свядома падыходзяць да гэтага пытання. Тут існуе шэраг негатыўных прадузятасцяў наконт цяжарнасці, бо будучая мама магла атрымаць траўмуючы вопыт у дзяцінстве, у прыватнасці ў сваёй сям'і.

У некаторых выпадках жанчыне ўдаецца прааналізаваць сваё мінулае: стасункі з маці, яе жахлівыя апавяданні аб тым, як яна пакутавала і што страціла, нарадзіўшы дачку, як дачка мусіць быць ёй ва ўсім абавязана. Вельмі часта гэты страх не асабліва відавочна выяўляецца на рацыянальным узроўні, жыве недзе ў глыбіні душы. І там пануе не розум, а эмоцыі, і механізмы запуску гэтага страху маюць эмацыянальную, а не рацыянальную прыроду.

Цяжка зразумець, навошта было казаць дзяўчынцы, якая ўжо дарослая і хоча стаць мамай, што яна «выпадковая» і што бацькі яе зусім не чакалі, проста мама замарудзілася з абортам. У дадзеным выпадку ўражанне ад таго, што ты — нежаданае дзіця, узмацняецца яшчэ і тым, што бацькі хацелі ад цябе пазбавіцца.

Часам маці ва ўсіх падрабязнасцях распавядаюць дочкам аб тым, як цяжка яны нараджалі, — і ў дзяўчынкі з дзяцінства фарміруецца панічны страх родаў. Ён зліваецца са страхам зацяжарыць. Апроч страху перад родамі, падобнымі апавяданнямі маці фарміруюць у дочках устойлівае пачуццё віны за тое, што тыя не ўдзячныя ім за перанесеныя пакуты. Вельмі часта маці ўскладаюць на дачок адказнасць за сваё няшчаснае асабістае жыццё. Дзеці таксама могуць быць вінаватыя ў няўдалай кар'еры і ў тым, што ўсё жыццё маці з-за гэтага нараджэння пайшло наперакасяк. І гэта культываванае мамай пачуццё віны часта становіцца прычынай боязі дачкі, што ўласныя роды могуць паламаць і яе жыццё.

Я пералічыла маленькую частку прычын, адкуль з'яўляюцца страхі зацяжарыць.

Мілыя чытачкі, дарагія дзяўчыны, думаю, прачытаўшы гэтыя радкі, вы зразумееце, што страх родаў, нежаданне нараджаць дзяцей, страх быць адрынутай мужчынам падчас родаў ці пасля — гэта толькі сімптомы, якія з'яўляюцца праявай вельмі моцнай і энергетычна зараджанай драмы ў душы жанчыны.

Што з гэтымі страхамі рабіць? Мае сэнс пачынаць з паступовага пазбаўлення ад розных іншых комплексаў і страхаў, а таксама прапрацоўкі тых траўм, якія іх спарадзілі. Па меры знікнення розных ачагоў напружання ў душы жанчыны слабее і страх родаў. А пасля зняцця «сістэмнага напружання псіхікі» жанчыне становіцца лягчэй пераадольваць цалкам усвядомленыя страхі ці, прынамсі, прыняць для сябе больш усвядомленае рашэнне.

І зразумейце: нашы мамы не вінаватыя — яны не ведалі, як рабіць інакш.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.