Вы тут

Лоўчы пояс. Як зрабіць і правільна ўстанавіць


Каб адысці ад хіміі і не аддаць ураджай пражэрлівым полчышчам шкоднікаў, вопытныя садоўнікі вярнулі ў сады лоўчы пояс. Для маленькіх садоў іх выкарыстанне на дрэвах стала ў нейкай ступені панацэяй ад шкоднікаў.


Лепш за ўсё лоўчыя паясы ад шкоднікаў падыходзяць для знішчэння вусеняў слівавай, яблыневай і грушавай пладажэрак. Лоўчыя паясы служаць добрай засцярогай ад пашкоджанняў жукамі — шэрым пупышкаедам, яблыневым кветкаедам, а таксама пладовай моллю, кляшчамі, белакрылкай, тлямі і іншымі шкоднікамі. Правільна ўстаноўленыя лоўчыя паясы — непераадольная перашкода і для мурашак.

Усе віды лоўчых паясоў пабудаваныя падобна. У аснове іх канструкцыі выкарыстоўваецца перашкода ў выглядзе стужкі, якая шчыльна прылягае, і пасткі рознай формы: простая ліпкая стужка, шматслаёвая гафрыраваная папера або тканіна, лейкападобны пояс, падвойная лейка і іншае. Для ўсіх відаў лоўчых паясоў абавязковае патрабаванне: паміж лоўчым поясам і дрэвам не павінна застацца нават найменшага прасвету, бо дробныя насякомыя здольныя прабрацца пад стужку і падняцца ўгару па ствале.

Лоўчыя паясы могуць быць сухімі (самыя простыя) і апрацаванымі ліпкімі рэчывамі, якія значна павялічваюць іх эфектыўнасць. У гэтым выпадку важныя не шырыня і шматслаёвасць лоўчага пояса, а якасць і працягласць актыўнага ўздзеяння ліпкага пласта. Хуткасохлыя, слабаліпкія кляі для лоўчых паясоў не падыходзяць.

Сухія лоўчыя паясы

Як правіла, гэта разнастайныя лейкі, зробленыя з паперы, цвёрдай ці варсістай тканіны, пластыкавых бутэлек. Іх уздзеянне заснаванае на адлове насякомых, якія абуджаюцца ў глебе і паднімаюцца па ствале для наступнага развіцця, ці тых, хто рухаецца ў зваротным кірунку.

Варыянтаў шмат, але прынцып вырабу наступны. Паласу абранага матэрыялу шырынёй 20—30 см абкручваем вакол ствала дрэва на вышыні 30—50 см над зямлёй. Надзейна і шчыльна замацоўваем, фарміруючы лейку, раструбам накіраваную ўніз. Атрымліваецца, што насякомыя ці вусені паўзуць па ствале і трапляюць у тупік, з якога выбрацца не атрымліваецца. Па водгуках садаводаў, такая засцярога максімальна добра паказала сябе на яблынях, амаль цалкам засцерагаючы іх ад пладажэркі.

Садоўнікі прыдумалі і іншыя варыянты сухіх лоўчых паясоў. Нядрэнна працуюць старыя панчохі, наматаныя на ствалы ў некалькі ўзроўняў, — для некаторых насякомых яны складаюць непераадольны бар'ер. Ідуць у ход палосы са шклаваты, якія пашкоджваюць далікатныя цельцы вусеняў.

Лейкі могуць быць і двухбаковымі, накіраванымі ўніз і ўверх. Такім чынам мы засцерагаем дрэва і ад «узыходзячых», і ад «зыходзячых» шкоднікаў. Робіцца такая канструкцыя аналагічна з папярэдняй, але паласа матэрыялу (паперы, мешкавіны) бярэцца шырэйшая, шчыльна завязваецца пасярэдзіне, пакідаючы «спаднічкі», накіраваныя ўверх і ўніз.

Так ці інакш, пасткі патрабуецца рэгулярна правяраць і вычышчаць, адпраўляючы шкоднікаў у агонь. Трэба адзначыць, што некаторыя дробныя насякомыя могуць знаходзіць трэшчынкі на ствале і па іх абмінуць перашкоду. Каб гэтага не адбылося, добра пад месцам мацавання пояса абмазаць ствол глінай ці садовым варам.

Ёсць яшчэ адзін від лейкі, які, аднак, нельга аднесці да сухіх паясоў. Вырабляецца яна з кавалка тоўстай гумы, які абгортваецца вакол ствала і канцы яго моцна склейваюцца. Затым гума падгінаецца такім чынам, што ўтвараецца рэзервуар, куды наліваюць алей. Насякомыя, якія паўзуць па ствале з кроны ўніз, трапляюць у яго і выбрацца ўжо не могуць. Гэтая прынада зручная тым, што «расце» разам з дрэвам, бо гума цягнецца і досыць доўга не псуецца.

Ліпкія лоўчыя паясы

Прынцып дзеяння заснаваны на прыліпанні шкоднікаў, якія перамяшчаюцца па ствале, да клейкага рэчыва. Гэты спосаб лепш за ўсё засцерагае дрэвы ад мурашак, што рассяляюць тлю на маладых лісточках.

У продажы маюцца гатовыя саставы клею, які не сохне, для вырабу лоўчага пояса. На ўпакоўках некаторых можна нават прачытаць, што сродак наносіцца непасрэдна на ствол. Але рабіць тое ні ў якім разе нельга! Любыя падобныя сродкі наносяцца на падкладку. Гэта адносіцца і да тых, што прыгатаваныя па народных рэцэптах. Садоўнікі ўжываюць, напрыклад, смалу ці дзёгаць. Таксама ёсць і такі рэцэпт. Трэба ўзяць 10 частак хвойнай смалы, 1,2 часткі каніфолі, 1,5 часткі вазеліну. Усё старанна змяшаць і варыць да атрымання ліпкай масы.

Ядавітыя лоўчыя паясы

Для шматлікіх садаводаў гэта гучыць вельмі страшна, але небяспекі ў «забойным» поясе няма. Вырабляюць яго наступным чынам. Паласу матэрыялу (папера, мешкавіна) шырынёй
20-25 см добра насычаюць інсектыцыдам. Затым яе шчыльна замацоўваюць на ствале на вышыні 40-50 см ад зямлі ў выглядзе спаднічкі. Каб яд даўжэй не выпарваўся, над поясам можна замацаваць поліэтыленавую засцярогу.

Перыяд устаноўкі лоўчых паясоў

Пачынаюць прымацоўваць лоўчыя паясы для засцярогі дрэў ад шкоднікаў да набракання пупышак, каб прадухіліць пераход некаторых іх відаў, якія зімуюць у грунце, на крону дрэва. Каб максімальна спрацавала засцярога з лоўчых паясоў, неабходна іх устаноўку суаднесці з цыклам развіцця шкоднікаў:

• супраць даўганосікаў, тлі, мурашак, расліннаедных кляшчоў, белакрылак лоўчыя паясы ўстанаўліваюць з сакавіка-красавіка і да чэрвеня, а таксама восенню ў верасні-кастрычніку (пасля таго як знятыя плады);

• супраць вусеняў пладажэрак паясы накладваюць з другой паловы чэрвеня (да збору пладоў ранніх сартоў) і да поўнай уборкі ўраджаю (верасень-кастрычнік).

Пры наяўнасці ў садзе тлі і мурашак лоўчыя паясы накладваюць з ранняй вясны (калі прачнуцца мурашкі) і да позняй восені. Гаспадарлівыя мурашкі пераносяць увесну сваіх «кароў» з зімовых кватэр на дрэвы, а ўвосень вяртаюць іх назад.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.