Вы тут

Протаіерэй Уладзімір Даўгаполаў: пра свабоду і любоў


Тэма гутаркі з протаіерэем Уладзімірам Даўгаполавым, настаяцелем прыхода сталічнага храма ў гонар святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі, — свабода. Але паняцце гэта аказалася звязанае з іншым, не менш важным — любоўю.


— Айцец Уладзімір, наколькі чалавек нараджаецца свабодным?

— Свабода — адна з ключавых яго ўласцівасцяў, без яе ён перастае быць чалавекам. Ёсць свабода фармальная, і часцей за ўсё мы кажам пра яе, гэта магчымасць зрабіць тое або іншае. Напрыклад: легчы спаць альбо пайсці есці. І ёсць свабода выбару паміж дабром і злом. У Царквы на гэта маецца пэўны погляд: наш выбар уплывае не толькі на імгненныя наступствы, але і на пазнейшыя выбары, не толькі ў падобных сітуацыях, але ў цэлым. Іншымі словамі, чалавек, які робіць выбар паміж дабром і злом, усё больш і больш схіляецца ў той або іншы бок.

— Калі мы ўпершыню робім асэнсаваны выбар паміж дабром і злом?

— Напэўна, калі пачынаем разумець, што ёсць дабро, а што — зло. Складана сказаць, у якім узросце гэта адбываецца.

— Чаму свабода — адна з ключавых якасцяў чалавека?

— Бо без свабоды чалавек не можа любіць. А Бог, які, як мы верым, ёсць Любоў — дасканалая, нязменная, якая не перастае, — стварыў чалавека для таго, каб ён быў шчаслівы. Ён нас стварыў, каб мы таксама маглі любіць і праз гэта набывалі сваё шчасце. Але без свабоды любіць немагчыма. Можна быць прывязаным, абавязаным, удзячным, але гэта не будзе любоў. Калі Хрыста прасілі абагульніць усе запаведзі Бога (у Старым Запавеце іх больш за пяцьсот), ён сказаў, што ўсё навучанне зводзіцца да двух рэчаў: палюбіць Бога і палюбіць бліжняга.

— Наколькі складана першае?

— Не менш, чым другое.

— Якая тут павінна быць паслядоўнасць?

— Спачатку трэба палюбіць бліжняга. Потым — палюбіць Бога. Па словах апостала Іаана: «Калі хто кажа: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, то ён ілгун; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога не бачыць?»

Чаму? Таму што Бог ва ўсім адрозніваецца ад нас. Ён цалкам іншы. Другі чалавек можа мець іншыя погляды, манеры, але ў многім на нас падобны. Паміж людзьмі значна больш агульнага, чым паміж чалавекам і Богам. І як прасцей нам палюбіць сваяка, няхай мы і не заўсёды з ім згодныя, чым жыхара іншага кантынента, гэтак жа нам прасцей палюбіць чалавека ў цэлым, чым Бога. Таму што Бог адрозніваецца ад усяго, што мы ведаем.

— Калі ўдаецца любіць людзей, у сэрцы няма варожасці, негатыву да іншых, ці азначае гэта, што ты наблізіўся да любові да Бога?

— Мяркую, што так.

— Але як пераканацца?

— У Евангеллі прыводзіцца ўсходняя мудрасць: дрэва адрозніваюць па яго пладах. Каб даведацца, ці сапраўды валодаю добрымі якасцямі, трэба паглядзець на тое, як я на справе (не проста ў душы) стаўлюся да сваіх блізкіх. Недастаткова любіць толькі ў душы.

— Як свабода спалучаецца з рэлігійнасцю, яе абмежаваннямі: пост, малітоўнае правіла, богаслужэнні, устрыманне.

— Вельмі добра спалучаецца. Калі б не было свабоды, чалавек не мог бы практыкавацца ў добрым. Уявіце, што вы едзеце па горнай дарозе: з аднаго боку — высокая скала, з другога — абрыў. Вы бачыце знак «Небяспечная абочына» і свабодныя гэты знак ігнараваць. Гэтак жа і рэлігійныя запаведзі: яны не абмяжоўваюць чалавечую свабоду, але паказваюць прастору, дзе чалавек можа існаваць не толькі бяспечна, але і шчасліва. Мы вольныя выбіраць. Інакш былі б паслухмянымі біяробатамі, якія ўсё робяць правільна. Але мы тады былі б не здольныя на шчасце і любоў.

Маленькіх дзяцей бацькі не пускаюць да адкрытага акна, яны іх абмяжоўваюць, і гэта на карысць. Потым дзеці вырастаюць, могуць свабодна падыходзіць да акна, самі адкрываць яго. Яны гэтак жа могуць выпасці, але ўжо ведаюць пра небяспеку.

— Неяк пачула думку пра тое, што калі б можна было даказаць існаванне Бога, то чалавек быў бы пазбаўлены свабоды.

— Свабоды верыць ён быў бы пазбаўлены, але не свабоды ўвогуле. Адам — першы чалавек, які саграшыў, — бачыў Бога, дакладна ведаў, што Бог ёсць, тым не менш быў свабодны і свабодна абраў непаслушэнства.

Парадокс у тым, што сапраўдная свабода набываецца тады, калі чалавек паступае ў адпаведнасці з запаведзямі Божымі, выбірае дабро, ідзе гэтым шляхам, і ў пэўным сэнсе ён становіцца несвабодным, бо маральна ўжо не можа рабіць інакш.

— Што азначае выказванне: «Дух дыхае, дзе хоча»?

— Гэта пра тое, што чалавек не можа падпарадкаваць сабе Бога. У тым сэнсе, што ніякімі рэлігійнымі абрадамі, практыкамі мы не можам гарантаваць станоўчы адказ Госпада. Бог заўсёды свабодны ў сваіх зносінах з чалавекам, і нам часам вельмі складана зразумець, чаму Ён паступае так або інакш.

— Інакш кажучы, святым можа стаць любы чалавек?

— Першым увайшоў у рай разбойнік, які быў распяты не проста так, яго пакаранне не было судовай памылкай. Тым не менш у апошні момант свайго жыцця ён звярнуўся да Бога і гэтага было дастаткова.

— Вы сказалі, што чалавек, які аднойчы выбраў дабро, схіляецца ў бок дабра. Але ў малітве пра спачылага ёсць словы: «Няма чалавека, які жыў і не саграшыў». Атрымліваецца, што не грашыць немагчыма.

— Чалавеку самому не грашыць немагчыма. Тут неабходна супрацоўніцтва з Богам. Мы можам імкнуцца да святасці, але калі б гэта было магчыма толькі нашымі сіламі, то не трэба было б нараджацца, паміраць і ўваскрасаць Хрысту. Менавіта таму, што чалавек, калі адрозніваў дабро ад зла, не мог сваімі сіламі зло перамагчы, спатрэбілася звышнатуральная дапамога Бога — Яго прыход у гэты свет, бо чалавечая прырода пашкоджаная. Ёсць такое паняцце — першародны грэх. Гэта не той грэх, які здзейсніў некалі Адам (то быў яго асабісты грэх). Але ён перадаў усім сваім патомкам тое, што на царкоўнаславянскай мове называецца «удобопреклонностью» да граху — схільнасць лёгка грашыць.

Самім нам пераадолець пашкоджанасць уласнай прыроды не пад сілу. Але яна была пераадоленая ў асобе Ісуса Хрыста. У Ім чалавек зноў цалкам падпарадкаваўся Богу. Хрыстос быў адначасова і чалавекам, і Богам. І як чалавек Ён настолькі палюбіў Бога, што аказаўся гатовы прайсці праз усе пакуты. Ён па-чалавечы пакутаваў, па-чалавечы памёр і потым уваскрэс.

Грэх у абсалютным сэнсе ёсць аддзяленне чалавека ад Бога. Хрыстос гэтую сцяну разбурыў. У Евангеллі вельмі выразна бачныя праявы Яго чалавечай прыроды. Згадайце малітву пра чашу: «Ойча Мой! Калі магчыма, хай абміне Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты». Па-чалавечы Яму было вельмі страшна, цяжка, але Ён сказаў: «Не як Я хачу, а як Ты».

— І гэта таксама прыклад свабоднага выбару.

— Так. Ён разумее, што без гэтага немагчыма выратаванне чалавецтва.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв’ю: pexels.com

Чытайце таксама:

Праяўленне веры. Наш першы суразмоўца — іерэй Раман Арцёмаў, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску і выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі.

Пратаірэй Уладзімір Даўгаполаў: Бог не чакае ад чалавека цудаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.