Вы тут

Ганна Чыж-Літаш: Каб быць шчаслівай, у першую чаргу трэба палюбіць сябе


Журналістку тэлекампаніі «ВаенТБ» Ганну Чыж-Літаш ведаюць у кожным падраздзяленні беларускай арміі. З мікрафонам у руках яна аб'ездзіла практычна ўсе вайсковыя злучэнні краіны. І не проста дзеля таго, каб на ўсю краіну расказаць пра службу салдат і афіцэраў, а на ўласным вопыце паспытаць тонкасці воінскіх прафесій. Ганна ўжо страляла з артылерыйскай гарматы, праходзіла выпрабаванне спецназам, вучылася гатаваць армейскія стравы і нават кіравала танкам.


Нягледзячы на рэдкую для жанчыны вынослівасць і пагоны падпалкоўніка, якія яна носіць, Ганна — вельмі сентыментальны і шчыры чалавек. У гэтым можна пераканацца, узяўшы ў рукі хаця б адну з васьмі кніг, выдадзеных пад яе аўтарствам. Таксама Аня вядзе свой блог, у якога ўжо нямала падпісчыкаў. А яшчэ яна — мама. І гэта, па словах гераіні публікацыі, яе самая галоўная місія.

Дачка

Ганна Чыж-Літаш з'явілася на свет у сям'і афіцэра. На той момант бацька служыў у Бранску. Мама займалася дзецьмі.

— Яна мала дзе працавала, — расказвае Ганна. — Да замужжа была даволі папулярнай спявачкай у Баранавічах. Са сваёй музычнай адукацыяй выступала ў складзе шматлікіх калектываў. Сваю будучыню мама бачыла на сцэне, пакуль у Баранавічы са сваім сябрам не прыехаў мой бацька. Гэта было каханне з першага погляду. Падчас другога свайго прыезду бацька прапанаваў маёй маці выйсці за яго замуж. У яе, неверагоднай прыгажуні, кавалераў было нямала, але выбар быў відавочны. Тым больш бабуля мая сказала выходзіць замуж за вайскоўца. Мама, вядома, не ўяўляла, што яе чакае: жыццё ў вагончыках, у лесе. Расказвала, што здаралася прачынацца ноччу ад таго, што ў пакоі поўзалі пацукі, а побач з хатай хадзілі дзікія звяры. У такой абстаноўцы мая старэйшая сястра рабіла свае першыя крокі.

Мінск стаў чатырнаццатым горадам, куды яны пераехалі. Тут і засталіся. У сталіцы Ганне давялося заканчваць школу. Прызнаецца, што пасля жыцця ў райцэнтры ў Мінску было няпроста. Што ў гэты момант перажывае падлетак, як складваюцца ўзаемаадносіны з аднагодкамі, яна напісала ў сваёй кнізе «Шаснаццаць».

— З кожным годам сувязь з бацькамі становіцца мацнейшай, — прызнаецца Ганна. — Ты адчуваеш нябачную пупавіну, якую даўно перарэзалі. Ты расла без яе шмат гадоў, а тут зноў цябе звязвае з бацькамі нешта большае. Вельмі зблізіліся з мамай пасля нараджэння маёй дачкі. Раптам мне захацелася ад яе такой жа цеплыні, як у дзяцінстве. Мама ў той момант стала для мяне космасам, сусветам. Спярша я толькі дазваляла ёй браць на рукі маё дзіця. Яна дагэтуль мне вельмі дапамагае з дачкой.

Нягледзячы на цесныя адносіны з мамай, Аня лічыць сябе бацькавай дачушкай. «Мы адно аднаго адчуваем і разумеем з першага погляду, — кажа яна. — Калі мне патрэбна нейкая важная парада, я патэлефаную ў першую чаргу бацьку. Усё, чаго я дасягнула ў сваім жыцці, — яго заслуга. Гэта не значыць, што ён за мяне ўсё рабіў. Не! Ён мне даваў ключы, а я сама адчыняла дзверы. Вялікае шчасце мець такога бацьку».

Журналіст

Ганна ніколі не думала, што будзе пісаць. Па сваёй першай адукацыі яна — выкладчык англійскай мовы, сацыяльны педагог-псіхолаг. Аднак у школе не адпрацавала ні дня. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка трапіла ў міліцыю і на працягу чатырох гадоў з'яўлялася прэс-афіцэрам Партызанскага РУУС Мінска. Пісала матэрыялы аб супрацоўніках органаў унутраных спраў, аб правапарушэннях і забойствах, агучвала паведамленні для СМІ. Але гэта было не тое, аб чым яна марыла. Ганна сама хацела займацца журналістыкай. Пасля чатырох гадоў службы ў міліцыі яна пераводзіцца ва Узброеныя Сілы, у тэлекампанію «ВаенТБ». Паралельна заканчвае журфак БДУ.

— Гэта я ўжо цяпер разумею, што самае галоўнае — не журналісцкая адукацыя, — заўважае Аня. — Прафесіяналізм прыходзіць з кожнай напісанай літарай. Усё залежыць ад самога чалавека: які ў цябе светапогляд, як ты глядзіш на людзей — з любоўю або нянавісцю. Твой характар — адлюстраванне знятых табой сюжэтаў.

І характар, прызнацца, у Ганны адметны. Варта толькі паглядзець некалькі сюжэтаў яе тэлепраекта «Праверана на сабе. Жаночы погляд». Там яна і страляе, і пераадольвае паласу перашкод, і ездзіць на ваеннай тэхніцы... «Аднойчы я сама сабе сказала: ты служыш у арміі і ў цябе ёсць магчымасць паспрабаваць усё, — расказвае, як узнікла ідэя праекта, Ганна Чыж-Літаш. — Адна справа, калі цябе на здымкі кудысьці накіруюць, і, можа быць, з боку ты паглядзіш, сфатаграфуешся на фоне танка і пакажаш у сацыяльных сетках — маўляў, глядзіце, я ваенная. Я ж вырашыла пражыць лёс кожнага вайсковага спецыяліста, пастраляць з тэхнікі, акунуцца ў будні ўсіх падраздзяленняў. Для мяне гэта ўнікальны шанц. Кожны раз перажываю, ці атрымаецца. Гэта толькі здаецца, што я такая баявая. Нядаўна кіравала гусенічнай тэхнікай. Так страшна! Ты сядзіш унутры, бачыш толькі тое, што адбываецца наперадзе, і больш нічога! Ведаю, калі рэзка затармажу, магу пабіць сабе лоб. А колькі ўсяго за спінай! З чаго толькі не страляла. У мяне часам рукі трасуцца, але я пераборваю свой страх: наступаю на яго абцасам або берцам і іду спрабаваць».

З нядаўняга часу яна вядзе і аўтарскую праграму «Па форме» на тэлеканале «Беларусь-1». Там Аня іншая. Прызнаецца, што ёй вельмі цікава працаваць у такім фармаце. Па яе словах, аўтарская журналістыка сёння вельмі патрэбная. «Я заўсёды лічыла, што журналіст — гэта асоба, — удакладняе Ганна. — Зразумела, што за ўсім, што чалавек бачыць на экране або на старонках выдання, стаіць вялізная работа каманды, але гледачы і чытачы ведаюць усяго некалькіх людзей. Журналістыка будуецца на асобах».

Афіцэр

Аня выдатна страляе з пісталета Макарава, аўтамата Калашнікава, дзясяткі разоў адціснецца ад падлогі. І гэта не карцінка для яе чарговага тэлесюжэта. Чалавек, які носіць пагоны, а тым больш падпалкоўніка, — у першую чаргу ваеннаслужачы. А гэта азначае, што неабходна не толькі ўмець карыстацца зброяй, ведаць воінскі ўстаў і выконваць загады тых, хто вышэй за цябе ў званні. Калі спатрэбіцца, трэба будзе стаць і на абарону Радзімы. І абсалютна няважна, што ты — жанчына.

— Насіць пагоны — вялікая адказнасць, — заўважае яна. — Калі пачалася спецыяльная аперацыя ва Украіне, я зразумела, што пра зброю, тэхніку можна не толькі расказваць. Яна можа выкарыстоўвацца і па прызначэнні. Калі чуеш пра вайну, якая адбываецца дзесьці далёка, па-іншаму да яе ставішся. Калі ж яна зусім блізка, разумееш, наколькі важнай справай займаешся: што азначаюць твае пагоны, якім падраздзяленнем у такім званні можна камандаваць, успамінаюцца словы клятвы на вернасць Радзіме.

На «ВаенТБ» Ганна кіруе аддзелам. У яе падначаленні — тры чалавекі. Усе — мужчыны. «У нас не проста калектыў, а каманда, — адзначае Ганна Чыж-Літаш. — Ведаю, што ў любы момант, калі мне спатрэбіцца, — няважна, знаходжуся я ў студыі, дома або на полі бою, — яны мне дапамогуць. Нават магу перад імі расплакацца, і гэта ніколькі не панізіць мой аўтарытэт. Пад любымі пагонамі — людзі. Розныя, але ўсе прыкладна адчуваюць адно і тое ж: боль, смутак, каханне».

Неаднойчы ёй даводзілася чуць: «Ты не жанчына, а афіцэр». Іншыя кажуць, што дома яна павінна быць мамай, на рабоце — афіцэрам.

— Не магу з гэтым пагадзіцца, — кажа яна. — Я ўвесь час, з раніцы да ночы, мама. І гэтаксама я заўсёды афіцэр. Ніколі не дазволю весці сябе непрыстойна нават тады, калі я ў гэты час не ў ваеннай форме. Мне не падабаецца, калі некаторыя кажуць: маўляў, што з мяне, жанчыны, узяць. Мая праграма — адказ гэтым людзям на тое, што жанчына здольная на многае. У нас столькі крутых жанчын у арміі: і ў спецназе, і ў сувязі, чым яны толькі не кіруюць! Калі жанчына здольная на свет нарадзіць дзіця, то і з танкам, калі спатрэбіцца, разбярэцца.

Безумоўна, бацька вельмі ганарыцца сваёй дачкой. У свой час ён хацеў сына. Нарадзіліся дзве прыгажуні дачушкі, абедзве ўжо носяць пагоны падпалкоўніка. «Я, у сваю чаргу, вельмі ганаруся сваім бацькам, — прызнаецца Ганна. — Прычым ён не толькі сумленны чалавек і афіцэр. Ён добры гаспадар, сем'янін. Напэўна, так доўга замуж не магу выйсці менавіта па той прычыне, што ўвесь час параўноўваю мужчын з ім. Прычым гэта адбываецца несвядома».

Пісьменніца

Пётр Літаш — чалавек ва Узброеных Сілах вядомы. Знаёмыя з ім і чытачы Ганны: свайго бацьку пад літаратурным псеўданімам палкоўнік Вінаградаў пісьменніца зрабіла галоўным героем пяці дэтэктываў. Толькі ў кнізе ён міліцыянер, а не вайсковец.

Аб тым, што з'яўляецца героем дэтэктыўнага сюжэта, Пётр Літаш даведаўся толькі тады, калі дачка заканчвала працаваць над першай кнігай. Ганна прызнаецца, што ў яе ніколі не было жадання стаць знакамітай. Сваёй кнігай яна хацела падтрымаць бацьку, якога раней часу адправілі на пенсію, ён жа вельмі хацеў працаваць. У выніку палкоўнік Вінаградаў стаў кумірам у чытачоў.

Любімай кнігай пісьменніца лічыць «Дары Бога». Гэта ўжо не дэтэктыў. Гісторыю падлеткаў, якія сутыкаюцца з усімі жорсткасцямі гэтага свету, выбудоўваюць узаемаадносіны з навакольнымі, а самае галоўнае, вераць у цуды, чытачы ўспрынялі вельмі блізка. Працягам гісторыі пра падлеткаў стаў раман «Шаснаццаць», які з'яўляецца своеасаблівым пасланнем усім бацькам аб тым, што дзеці маюць патрэбу ў іх любові. Праз кнігу «Споведзь» пісьменніца вырашыла адкрыць сваю душу пасля аднаго з найцяжэйшых этапаў у сваім жыцці — разводу. Кніга дапамагла шматлікім жанчынам: аб гэтым сведчыць вялікая колькасць паведамленняў, якія дагэтуль працягвае атрымліваць Аня.

— Людзям трэба вучыцца дзяліцца сваімі перажываннямі, — лічыць пісьменніца. — Дэпрэсія для многіх стала нармальным станам. А чаму? Людзі трымаюць усе праблемы ў сабе, не разумеюць, што калі аб іх камусьці расказаць, хаця б таму ж псіхолагу, адразу адчуваецца палёгка. Калі ёсць неабходнасць, я іду да псіхатэрапеўта. І вельмі гэтым ганаруся. Адна справа — клапаціцца аб сваім целе. Іншая — аб сваёй душы. Трэба вучыцца спраўляцца са сваімі эмоцыямі, каб лішні раз не хварэць. Я зразумела гэта, і мне стала жыць нашмат лягчэй.

Ганна заканчвае працу над дзявятай кнігай. «Яна адрозніваецца ад папярэдніх, — раскрывае інтрыгу член Саюза пісьменнікаў Беларусі. — У аснову пакладзена мая гісторыя. Ніяк не магу яе скончыць. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў мяне такое адчуванне, што, калі пастаўлю кропку ў кнізе, пастаўлю кропку ў сваім асабістым жыцці».

Шчаслівая мама і ўпэўненая жанчына

Пры ўсёй сваёй занятасці Ганна — цудоўная мама пяцігадовай Ульяны. Яна выхоўвае дзяўчынку адна. І калі першыя тры гады, як сама прызнаецца, была ідэальнай маці (гатавала пюрэ з гародніны, у любое надвор'е па два-тры разы на дзень гуляла з малой на вуліцы), то цяпер з дачкой праводзіць не так шмат часу, як хацелася б.

— На гэтым фронце я цяпер прайграю: вельмі мала часу, — тлумачыць Аня. — Мы рэдка з ёй гуляем у цацкі. Я не тая мама, якая сядзіць і з лялькамі размаўляе. Лепш пачытаю дачцэ кнігу, проста з ёй паразмаўляю. Або мы разам будзем штосьці гатаваць і абмяркоўваць.

У жніўні Ульяне споўніцца шэсць. Аня плануе аддаць яе ў школу. Дзяўчынка ўсур'ёз займаецца балетам. Няпроста, але яна сама пагадзілася — відаць, характарам пайшла ў маму.

— Ульяна з нараджэння (і гэта было маёй прынцыповай пазіцыяй) спала ў сваім ложку, — расказвае Ганна. — Цяпер жа не выпускаю яе са свайго: мяне так мала ў жыцці дачкі, што я павінна быць з ёй хаця б у сне. У той жа час не лічу, што мама павінна класці сябе на алтар дзеля свайго дзіцяці. Яно ўсё роўна вырасце, пойдзе з дому. А так яно вырасце больш самастойным, з павагай да асабістай прасторы іншага. Яшчэ вельмі важна, каб дзіця прыняла той факт, што ў мамы ёсць асабістае жыццё. Калі шчаслівая мама, будзе шчаслівым і дзіця.

Пры ўсёй сваёй занятасці Ганна ў выдатнай фізічнай форме. Падчас абедзеннага перапынку паспявае пазаймацца ў спартыўнай зале, на выхадныя танцуе. Сочыць не толькі за сваім знешнім выглядам, але і за харчаваннем.

— Жанчынай, як і мамай, і афіцэрам, я з'яўляюся цэлыя суткі, — гаворыць яна. — Вядома, я павінна быць прыгожай на працы, але трэба думаць аб сваім знешнім выглядзе і дома. У любым выпадку, выхадны дзень ці не, я прачынаюся, іду ў душ, раблю макіяж, укладку. У мяне расце дзяўчынка. У свае пяць гадоў Ульяна сама выбірае сабе ўбранні, просіць яе заплесці. Няважна: дома мы ці кудысьці ідзём. Мне прыемна, што яна бярэ з мяне прыклад, хаця, шчыра скажу, што раблю гэта ў першую чаргу для сябе. Як кажа мой любімы псіхолаг Міхаіл Лабкоўскі, у якім бы целе вы ні былі, калі вы сябе любіце і пры гэтым шчаслівыя, вам будзе ўсё роўна, як вы выглядаеце. Каб палюбіць сябе, неабавязкова мазаць твар крэмам за сто долараў. Любіць сябе — гэта ў першую чаргу паважаць сябе, клапаціцца. Я вучуся гэтаму кожны дзень.

Вераніка КАНЮТА

Фо­та з ар­хі­ва ге­ра­і­ні пуб­лі­ка­цыі

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.