Вы тут

Грыбное вяселле, вясёлыя задачкі ды мурашы-ратавальнікі


Дзеці — бадай самая патрабавальная чытацкая аўдыторыя. Каб захапіць іх увагу, дарослым даводзіцца прыдумваць самыя неверагодныя і непрадказальныя сюжэты. Выдавецкі дом «Звязда» якраз і супрацоўнічае з такімі аўтарамі-чараўнікамі, якія ўмеюць падабраць ключык да дзіцячага сэрца.


Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «Сакрэты аднаго каралеўства». Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022.

У адным каралеўстве жыццё было мірнае і спакойнае. Жыхары весяліліся, танцавалі, працавалі, займаліся любімымі справамі. І раптам прыйшла страшная вестка. З каралём здарылася бяда... Якая — даведаецеся з казкі, персанажы якой — не людзі, не жывёлы, не расліны... А грыбы ў выкшталцоных рознакаляровых капялюшыках. Яны ўмеюць размаўляць, хадзіць пад зямлёй па грыбніцы і круцяць такія інтрыгі, што адарвацца немагчыма.

Дарэчы, акрамя інтрыгуючага сюжэта, які захопіць увагу не толькі маленькіх дэтэктываў, але і іх бацькоў, у кнізе ёсць інтэрактыўныя элементы. У прыватнасці, па старонках, бы ягадкі, рассыпаныя каляровыя літары. Яны дапамогуць разгадаць загадку: «Што памірыла і ўз'яднала жыхароў Грыбной дзяржавы?». За ўдзел у гульні-вандроўцы «Ціхае паляванне» можна атрымаць ад аўтаркі — кніжнай феі — электронную паштоўку з казачнага каралеўства. Акрамя таго, чытачоў напрыканцы кнігі чакае сюрпрыз — буктрэйлер і размалёўкі. І, вядома ж, сачыце за анонсамі і абавязкова прыходзьце з дзецьмі на прэзентацыі кніг аўтаркі. Казачная фея Кацярына Хадасевіч-Лісавая, якая пераўвасабляецца ў герояў сваіх гісторый, заўсёды прыдумае штосьці цікавае і таямнічае.

Уладзімір Ліпскі. «Прыгоды Нуліка». Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2021.

Гайда знаёміцца з Нулікам! «А хто гэта такі?» — спытаеце вы. Спачатку Нулік быў ніхто, нічый, ніякі. Ён уяўляў сабой роўны абадок, які нібыта саскочыў з курынага яйка. Жыў сумна, абы-як. Таму што быў адзінокі. Ні з кім не сябраваў, ні да кога не хадзіў у госці. Нічога не рабіў, толькі палежваў: то на правым баку, то на левым... Аднойчы Нуліку надакучыла ляжаць, і ён, як Калабок, пакаціўся. Не, не ў лес... А ў горад, дзе яму пашанцавала пазнаёміцца з Міколкам. Хлопчык дамаляваў Нуліку вочы, нос, рот, вушы, рукі, ногі, — і той пачаў размаўляць і хадзіць. З гэтага моманту жыццё Міколкі і Нуліка змянілася да непазнавальнасці. Яны сталі добрымі сябрамі. Малявалі, правяралі даўжыню зубной пасты ў цюбіку, рашалі вясёлыя задачкі, прыдумвалі розныя гульні-забавы, «галавамыйкі», «адгадалкі». Вось толькі некаторыя з іх. «У кошыку ляжалі чатыры яблыкі. Мама пачаставала трох маіх сяброў. І мне адзін дала. Пасля гэтага ў кошыку застаўся адзін яблык. Чаму так атрымалася?» «Каля нашай дачы растуць чатыры бярозы. На кожнай з іх спее па два яблыкі. Колькі ўсяго яблыкаў на дрэве?» У кнізе багата падказак, як ператварыць вывучэнне лічбаў і колераў у гульню. Напрыканцы гісторыі, вы не паверыце, Нулік збег ад Міколкі. Як і чаму гэта здарылася і чым усё скончылася, даведаецца толькі той, хто дачытае аповесць-казку да канца.

Ніна Галіноўская. «У казачным лесе». Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022.

З гэтай кніжкай добра адправіцца гуляць у лес з дзецьмі. Тады прагулка абавязкова стане казачнай. Якраз ужо прачнуліся мурашы, таму чаму б не спыніцца і не паназіраць, як яны працуюць? І пачытаць вершык «Мурашыны бой» пра тое, як ахоўнікі лесу выратавалі арэшыну ад Вусеня-нягодніка.

Вусень сціх назаўсёды.

І ў дрэва — свабода!

Лесам коціцца рэха:

— Будуць, будуць арэхі!

А верш «Хата для шпакоў» можа натхніць татку разам са сваім сынам зрабіць шпакоўню сваімі рукамі і зладзіць наваселле для птушак.

Стас пілуе дошкі зранку

І габлюе іх рубанкам.

Побач — скрыначка цвікоў.

Будзе хата для шпакоў.

Ёсць у зборніку і некалькі вершаў-гульняў, якія дапамогуць дзецям разам з дарослымі цікава і з карысцю правесці час. У прыватнасці, вывучыць колеры («Заняткі ў дзіцячым садзе»).

«Стаіць у жыце васілёк

І ўсміхаецца здалёк.

Да кветкі цягнецца рука.

Які берэт у васілька?

А пасля таго, як памалявалі, чаму б не зрабіць размінку разам з дожджыкам («Дзеці і дожджык»)

«Не лянуйцеся вы, ножкі,

Патанцуйце, ножкі, трошкі...

...Кап-кап-кап і туп-туп-туп,

Натаўку я водных круп».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.