Вы тут

Як паглыбіць веды па інфарматыцы і знайсці першае рабочае месца яшчэ ў школе?


Два касмічныя апараты спрабуюць сесці на паверхню Месяца. Пасадачная капсула набліжаецца да яе з пэўнай хуткасцю. Яна таксама прыцягваецца планетай і, каб не дапусціць яе падзення, выкарыстоўваецца тармазны рухавік. Для ажыццяўлення мяккай пасадкі на хуткасці не больш як два метры ў секунду трэба аўтаматычна, па распрацаваным алгарытме, задаваць расход паліва на чарговую секунду палёту. Выйграе гулец, які здзейсніць мяккую пасадку за найменшы час. Нічыя магчымая ў двух выпадках: або абедзве капсулы разбіліся, або яны селі адначасова. Распрацаваць алгарытмы і напісаць праграмы для вырашэння гэтай задачы, пазмагацца з імі за перамогу прапануюць удзельнікам анлайн-турніру па гульнявым праграмаванні «Місія: Месяц». Турнір — гэта частка адукацыйнага праекта «Праграмаванне — першая прафесія», у аснове якога ляжыць навучанне праз гульню.


Свядомы выбар 

— ІТ-галіна сёння вельмі прыцягальная і для абітурыентаў, і для іх бацькоў. І не сакрэт, што даволі часта прафесійны выбар робяць за маладога чалавека яго маці і бацька, не задумваючыся пра тое, што будзе далей. Але ІТ-прафесіі, як, уласна кажучы, і любыя іншыя, патрабуюць свядомага выбару, наяўнасці пэўных здольнасцяў, разумення таго, чаму ты будзеш навучацца і чым займацца пасля заканчэння вучобы. А вось з гэтым ёсць праблемы, — расказвае загадчык кафедры тэлекамунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта Юрый ВАРАТНІЦКІ. — Для праграмавання патрабуецца наяўнасць сістэмнага мыслення, уменне пабудаваць алгарытм, уявіць, як будзе працаваць праграма, спачатку ў сябе ў галаве. Я шмат гадоў чытаў праграмаванне на першым курсе і бачыў, што частка студэнтаў не ў стане яго асвоіць. Значыць, ім будзе цяжка падчас вучобы і ў іншых абласцях ведаў, якія патрабуюць такіх здольнасцей. Лепш адразу спыніцца, задумацца і ні ў якім разе не падтрымліваць пазіцыю бацькоў «ну калі ўжо паступіў, то атрымай спачатку дыплом, а там разбяромся». Калі становіцца нецікава і незразумела, студэнт выпадае з агульнага адукацыйнага кантэксту, прапускае заняткі і нічым добрым такая гісторыя не заканчваецца.

Па словах Юрыя Варатніцкага, адукацыйны праект «Праграмаванне — першая прафесія» — гэта сумесная ініцыятыва Навукова-тэхналагічнай асацыяцыі «Інфапарк» і факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Праект накіраваны на стварэнне комплекснай сістэмы навучання, забеспячэнне практыкай і стажыроўкамі ў галіне праграмавання — перш за ўсё, школьнікаў 13-17 гадоў.

Навучанне праз гульню

Трэба заўважыць, што спрэчкі вакол школьнага курса інфарматыкі не сціхаюць. Хтосьці лічыць, што яе выкладанне трэба распачынаць яшчэ ў пачатковай школе. Што ўменне ўключыць — выключыць камп’ютар, скапіраваць файл, загрузіць і адправіць па інтэрнэце фатаграфію нельга лічыць лічбавай адукаванасцю. Ёсць думка, што ў школе ўвогуле не патрэбны асобны прадмет «Інфарматыка». Напрыклад, у Эстоніі, якая лічыцца адной з самых «прасунутых» у лічбавым плане краін у Еўропе, такога прадмета няма: інфарматыка інтэграваная ва ўсе школьныя дысцыпліны. 

— Наш школьны курс разлічаны, хутчэй, на сярэдняга вучня, — разважае Юрый Варатніцкі. — Інфарматыка вывучаецца з шостага да адзінаццага класа. У праграме два кірункі — інфармацыйныя тэхналогіі і праграмаванне. Але ёсць дзеці, якія хацелі б прасоўвацца ў праграмаванні наперад хутчэй, што яны і робяць. Шчыра кажучы, нам усім сёння праблематычна паспець за нашымі вучнямі з той колькасцю крыніц інфармацыі, якія з’яўляюцца, за іх новым успрыманнем інфармацыі. І вось тут паўстае пытанне: а як нам не страціць іх цікавасць да праграмавання? Вядома, ёсць ІТ-курсы па-за школай, якія фарміруюць базавыя веды па праграмаванні, але яны не забяспечваюць дастатковай практыкай для адпрацоўкі профільных навыкаў. А наш праект ліквідуе гэты прабел і дапамагае матываваным школьнікам і студэнтам першых курсаў паглыбіць веды па інфарматыцы і замацаваць іх прымяненне. 

У аснове праекта ляжыць ідэя навучання праз гульню. На спецыяльна створанай платформе WEAZET.COM (https://weazet.com/) карыстальнікі пішуць камп’ютарныя праграмы і спаборнічаюць паміж сабой. Платформа падхоплівае алгарытмы, якія ў аўтаматычным рэжыме «гуляюць» адзін з адным. Сёння каталог уключае гульні «Марскі бой», «Каровы і быкі», «Крыжыкі-нолікі», але ў далейшым іх спіс будзе пашырацца. Спаборніцтвы — гэта заўсёды захапляльна. Да таго ж мы развіваем у школьнікаў творчыя здольнасці, таму што алгарытмы для спаборніцтваў не маюць адназначна правільнага рашэння. Ты ствараеш свой праграмны прадукт, а хтосьці выстаўляе свой. Праграмы бываюць розныя, але вынік звычайна аднолькавы. А ў нашым выпадку і вынікі — розныя. Хтосьці перамагае. Да таго ж мы даём будучым абітурыентам магчымасць паглыбіцца ў іх будучую прафесійную дзейнасць, забяспечваем рэальную практыку.

Алгарытм для перамогі 

Стартавым мерапрыемствам праекта стане анлайн-турнір па гульнявым праграмаванні «Місія: Месяц», прысвечаны Дню касманаўтыкі. Канкурсантам прапануецца напісаць алгарытмы кіравання мяккай пасадкай касмічнага карабля на паверхню Месяца і выставіць іх на спаборніцтва. У дапамогу даступныя інструкцыі, якія накіроўваць да міждысцыплінарных ведаў па матэматыцы і фізіцы. Таксама ёсць магчымасць атрымаць кансультацыю ад распрацоўшчыкаў платформы. Праграму можна распрацаваць на адной з трох моў праграмавання: Pascal, С++ ці Python. 

«А ведаеце, чаму менавіта факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій задзейнічаны ў праекце? У БДУ ёсць факультэты прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, механіка-матэматычны... Яны быццам бы больш «праграмісцкія», — інтрыгуе Юрый Варатніцкі. — Проста сёння на першы план выходзяць міждысцыплінарныя веды. Напрыклад, у задачы, што мы прапанавалі для турніру, прысутнічаюць не толькі праграмаванне, але і фізіка, асновы касмічнай механікі, матэматыка. На платформе ёсць спасылка да тых ведаў, без якіх праграму скласці будзе немагчыма. 

Факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій працуе менавіта на стыку розных галін ведаў. І ў нас ёсць уласны досвед правядзення, напрыклад, аэракасмічных даследаванняў, таму што менавіта нашы студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў стваралі першы ўніверсітэцкі нанаспадарожнік, які знаходзіцца на калязямной арбіце ўжо больш як чатыры гады. Праграмнае забеспячэнне для яго функцыянавання распрацавана нашымі вучонымі. Палётная праграма стваралася індывідуальна пад тэхнічныя характарыстыкі ракеты-носьбіта, службовай платформы спадарожніка і мэтавай апаратуры. 

Ёсць і іншыя міждысцыплінарныя сферы, напрыклад, біяінфарматыка, кіберфізічныя сістэмы, камп’ютарная бяспека, якімі мы займаемся і якія могуць стаць прадметам для стварэння заданняў для спаборніцтваў. Плануем да гадавіны Курскай бітвы запусціць турнір па танкавым баі. Але гэта будзе не звычайная «стралялка», а напісанне алгарытмаў, каб твая баявая машына ў віртуальнай бітве перамагла праціўніка». 

Руцінны занятак

Наш адукацыйны праект называецца «Праграміст — першая прафесія», і я хацеў бы засяродзіць увагу не на слове «праграміст», а на словазлучэнні «першая прафесія», таму што мы, шчыра кажучы, не жадаем бачыць хлопцаў і дзяўчат з універсітэцкай адукацыяй звычайнымі праграмістамі, — падкрэслівае суразмоўнік.

— Праграмаванне мы разглядаем менавіта як першы крок у прафесію. Падлеткам трэба атрымаць пэўныя навыкі, якія дапамогуць ім рушыць далей. 

Гадоў 30-40 таму самастойную каштоўнасць уяўлялі выпускнікі інстытута замежных моў, таму што веданне замежнай мовы было прафесіяй. А цяпер, калі я хачу нармальна ўзаемадзейнічаць з навуковай супольнасцю, не проста ўмець чытаць, але і друкаваць свае артыкулы ў замежных часопісах, я сам павінен валодаць замежнымі мовамі. Прафесія перакладчыка стала адным з неабходных навыкаў. Тое ж самае адбываецца і з праграмаваннем. Каб быць праграмістам, вышэйшая адукацыя ўжо не патрабуецца. Не выключана, што зусім хутка праграмаванне, тэсціраванне праграмных прадуктаў увогуле перастануць быць чалавечай прафесіяй. Прамысловая рэвалюцыя калісьці вызваліла рабочых ад цяжкай руціннай фізічнай працы, а мы жывём у час лічбавай рэвалюцыі. Праграмаванне — гэта таксама руцінная праца. Таму выпускнікоў свайго факультэта мы бачым сістэмнымі архітэктарамі і бізнес-аналітыкамі, спецыялістамі ў сферы аналізу даных і штучнага інтэлекту, кібербяспекі і кіберфізічных сістэм. У сферы лічбавізацыі ўсё больш запатрабаванымі будуць творчыя здольнасці і тыя прафесіі, якія штучны інтэлект асіліць не зможа. 

Цяпер нельга атрымаць адну адукацыю на ўсё жыццё. Трэба пастаянна навучацца і «дабіраць» патрэбныя веды і навыкі, але з чагосьці ж трэба пачынаць. Вось мы і пачынаем з праграмавання. Чаму школьнікі? Напэўна, таму што ў гэтым узросце чалавек найбольш успрымальны да тых ведаў і навыкаў, якія потым стануць падмуркам у яго далейшай прафесійнай дзейнасці. Мы хочам даць магчымасць хлопцам і дзяўчатам, якія цікавяцца інфарматыкай і праграмаваннем, развівацца. І разумеем, што рабіць гэта трэба ва ўзаемадзейнічанні з настаўнікамі інфарматыкі. Мяркуем, што праз пэўны час зможам перадаць наш рэсурс педагогам, якія з яго дапамогай і з дапамогай творчых, нетрывіяльных задач арганізуюць дадатковае навучанне школьнікаў.

Мэта нашага адукацыйнага праекта — зрабіць усё для таго, каб будучыя абітурыенты разумелі, што самае цікавае — не звычайнае праграмаванне, а калі ты займаешся лічбавізацыяй той прадметнай вобласці, у якой з’яўляешся прафесіяналам.

Ранняе працаўладкаванне 

Цікава, што сам Юрый Варатніцкі пасля заканчэння школы выбіраў паміж фізічным факультэтам і спецыяльнасцю «механіка» на механіка-матэматычным факультэце БДУ. Але сумненні зніклі пасля наведвання факультэта радыёфізікі і электронікі (як ён тады называўся). «На сустрэчы з будучымі абітурыентамі загадчык адной з кафедраў сказаў: «Хлопцы, фізіка — вельмі важная, матэматыка — таксама важная, але калі вы сёння задумаецеся аб сваёй прафесійнай кар’еры, пра тое, кім і дзе вы будзеце працаваць, то факультэт радыёфізікі і электронікі — ваш факультэт, таму што тут вы атрымаеце рэальна запатрабаваную прафесію, — расказвае ён. — Я некалькі разоў змяняў сферу сваёй дзейнасці. Пачынаў працаваць як спецыяліст у вобласці тэхнічнай электрадынамікі, абараніў кандыдацкую. У 1990-я гады сферай дзейнасці стала праграмаванне. Шмат гадоў узначальваў у БДУ Цэнтр інфармацыйных тэхналогій. Цяпер яго ўзначальвае мой вучань. А я займаюся канцэптуальным праектаваннем інфармацыйных сістэм, даволі запатрабаваны сістэмны архітэктар i, як кажуць, нядрэнны выкладчык».

Як запэўнівае Юрый Варатніцкі, у выпускнікоў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій насамрэч няма праблем з працаўладкаваннем, таму што фундаментальная падрыхтоўка на факультэце спалучаецца з прыкладной. «Мы кажам пра сябе, што мы адзіны ў краіне фізіка-тэхнічны факультэт, — усміхаецца ён. — У нас шмат напрамкаў: электроніка, аэракасмічныя даследаванні, тэлекамунікацыі, праграмна-апаратныя сродкі, сістэмы штучнага інтэлекту... Нашы выпускнікі ведаюць і апаратную частку, і «жалеза». І для іх заўсёды знойдзецца прымяненне... Што датычыцца адукацыйнага праекта «Праграмаванне — першая прафесія», то ў гэты стартап не было ўкладзена ні капейкі дзяржаўных сродкаў. Над стварэннем платформы WEAZET.COM працавалі ўсяго 4-5 чалавек. Кіраўнікамі выступаю я і навуковы кансультант ЗАТ «Мапсофт» Міхаіл Зэкаў. У праекта ёсць яшчэ адна мэта — падрыхтоўка шаснаццаці-сямнаццацігадовых хлопцаў і дзяўчат да працаўладкавання ў тыя беларускія ІТ-кампаніі, якія будуць працаваць над задачамі інфарматызацыі і лічбавай трансфармацыі нашай краіны. Не сакрэт, што некаторыя падлеткі пачынаюць падпрацоўваць у сферы ІТ яшчэ са школьных гадоў, працуюць і на першых курсах ВНУ. Таму лепш накіраваць гэты стыхійны працэс у патрэбнае нам рэчышча, каб яны маглі і вучыцца, і працаваць. Трэба забалансаваць гэтыя працэсы. Падлеткі, якія ярка праявяць сябе падчас спаборніцтваў, маюць усе шанцы трапіць у беларускія ІТ-кампаніі. Таму ўсім, каго цікавіць праграмаванне, запрашаем далучацца да нашых турніраў.


Рэгістрацыя для ўдзелу ў турніры адкрытая для школьнікаў і студэнтаў на партале WEAZET.COM да 12 красавіка. Распрацоўваць, тэсціраваць і абнаўляць гульнявы алгарытм без абмежаванняў можна адразу пасля аўтарызацыі да 22 красавіка. Аб’яўленне вынікаў турніру і ўзнагароджанне пераможцаў дыпломамі і каштоўнымі прызамі адбудзецца ў пачатку мая.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?