Вы тут

Новыя паліклініка, загс, жылыя мікрараёны...


Пра новыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры ў Маладзечанскім раёне, якія з'явяцца ў гэтай пяцігодцы, расказаў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў:


— У сакавіку гэтага года ў Маладзечне пасля капітальнага рамонту адкрылася новая бібліятэка. У 2021-м з падтрымкай дзяржавы пабудаваны дзіцячы сад — пачатковая школа. Больш за тры мільёны рублёў было накіравана на добраўпарадкаванне бальніцы № 1. За гэтыя сродкі ўладкавана прылеглая да медыцынскай установы тэрыторыя, адрамантаваны аддзяленні, у тым ліку і радзільнае. Летась завяршылі капітальны рамонт паліклінікі № 1, а сёлета яе адкрылі. Гэта самая буйная паліклініка ў раёне, абслугоўвае больш як 70 тысяч чалавек.

У развіцці сацыяльнай сферы вялікую падтрымку аказвае дзяржава. Шмат сродкаў укладваецца ў развіццё спорту. У прыватнасці, ідзе капрамонт дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маладзечна. Яна спецыялізуецца на такім відзе спорту як футбол. Летась дзякуючы падтрымцы Мінаблвыканкама і Федэрацыі футбола тут уладкавалі штучныя палі. Адно з іх стандартнае, другое невялікае — для трэніровак. Апошняе лічыцца адным з найлепшых у свеце. З абласной інвестыцыйнай праграмы выдзелены сродкі для заканчэння капітальнага рамонту спартыўнай школы. Тут будуць створаны найлепшыя ўмовы для дзяцей, педагогаў, трэнераў, тэхнічнага персаналу. Прадугледжаны раздзявалкі, душавыя, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Гэты аб'ект плануецца адкрыць да 3 ліпеня.

Вядома, гораду, дзе шмат моладзі, неабходны новы загс. Яго пачнуць будаваць у найбліжэйшай перспектыве. Праектна-каштарысная дакументацыя падрыхтавана, выдзелены сродкі. Узвядзенне зойме крыху больш за дванаццаць месяцаў. Мяркуецца, што загс адкрыецца налета 9 Мая або 3 Ліпеня — падчас знакавых дат для Беларусі. Гэты аб'ект упрыгожыць горад, размясціўшыся на цэнтральнай плошчы. Сюды пераедзе і служба «Адно акно», якая знаходзіцца пакуль у сціснутых умовах.

З падтрымкай Мінаблвыканкама ў хуткім часе пачнём распрацоўваць праектна-каштарысную дакументацыю для будаўніцтва ў Маладзечне новай паліклінікі, дзе падабрана пляцоўка, якая ўнесена ў генеральны план развіцця горада. У планах — узвядзенне лячэбнага корпуса бальніцы № 1. Да 2025 года гэтыя аб'екты могуць быць уведзены ў дзеянне.

Вядуцца работы і па абнаўленні пуцеправода, які быў пабудаваны ў 1975 годзе. Гэтая артэрыя — адна з самых працяглых у вобласці, цягнецца на 1,3 кіламетра. Абследаванне паказала, што мост не мае вялікіх пашкоджанняў, але капітальны рамонт асобных канструкцый неабходны. Праектная дакументацыя накіравана на карэкціроўку, паколькі распрацоўвалася ў 2017 годзе і патрабуе актуалізацыі.

Што датычыцца дваровых тэрыторый, то гэтае пытанне для Маладзечна больш актуальнае, чым для іншых райцэнтраў Міншчыны. У нас больш за 1200 жылых шматкватэрных дамоў. Сёлета з раённага бюджэту выдзелілі сродкі на іх добраўпарадкаванне. Мы робім гэта не толькі ў райцэнтры, але і такіх буйных населеных пунктах як Радашковічы, Чысць, Беразінскае. Усе дваровыя тэрыторыі ўладкавалі ў Баярах і Турцы, дзе пражывае больш за тысячу чалавек. На гэта было выдаткавана 250 тысяч рублёў.

Шмат увагі аддаецца будаўніцтву жылля. У гэтым годзе пачнецца ўзвядзенне 11 шматпавярховікаў з дзяржаўнай падтрымкай, у першую чаргу для шматдзетных сем'яў. Летась забяспечылі жыллём 134 такія сям'і, сёлета абзавядуцца дахам над галавой 590 сем'яў. Вырашаюцца і жыллёвыя праблемы ваеннаслужачых, работнікаў сацыяльнай сферы — адукацыі, аховы здароўя, культуры.

Многія, хто стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, магчыма, будуць жыць у новых мікрараёнах. У прыватнасці, узводзіцца з нуля мікрараён імя Янкі Купалы. Тут плануецца 8 дамоў, 4 з іх з'явіліся ў гэтым годзе, 4 плануецца здаць у наступным. Ушчыльняецца і мікрараён № 4, дзе дабудоўваюцца тры дамы. Распрацавана канцэпцыя плана дэтальнай планіроўкі новага мікрараёна № 8. Ёсць шэраг пляцовак, над якімі працуем адпаведна з генеральным планам. Таму гэтых пляцовак дастаткова, каб у найбліжэйшую пяцігодку забяспечыць жыхароў горада жыллём.

Штогод у Маладзечне адкрываецца каля 20 невялікіх прамысловых прадпрыемстваў, дзе працуе да 100 чалавек. Два гады таму Маладзечанскі раён уваходзіў у пералік рэгіёнаў з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Цяпер ён выключаны з гэтага спісу, сітуацыя стабілізавалася. Каля 100 чалавек стаіць на чарзе ў цэнтры занятасці насельніцтва. Прычым у горадзе прапаноўваецца 1000 вакансій.

Маладзечна стаў адным з 11 гарадоў з колькасцю жыхароў больш за 80 тысяч, дзе рэалізоўваецца канцэпцыя паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця. У межах дадзенага дакумента распрацаваны адпаведны план, які дасць штуршок для інтэнсіўнага развіцця ўсіх сфер раёна.

Запісала Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».