Вы тут

Лукашэнка назваў галоўную мэту развязанай супраць Беларусі эканамічнай вайны


Уплыў міжнароднай сітуацыі на айчынную эканоміку абмеркаваў Прэзідэнт Беларусі з Саветам бяспекі ў пашыраным складзе.


Бягучую сітуацыю на знешнім контуры і яе ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў адным з найбольш актуальных пытанняў для дзяржавы, якое стаіць у адным шэрагу з забеспячэннем ваеннай бяспекі.

«Наступленне на нас пайшло па ўсіх франтах»

«Нам неабходна ацаніць, як складваецца абстаноўка ў краіне, у свеце і якія тэндэнцыі прасочваюцца. Якія высновы з гэтага трэба зрабіць, на што скіраваць намаганні, якія практычныя крокі зрабіць. Разгледзім і асноўныя напрамкі знешнепалітычнага курсу нашай краіны ў гэтых няпростых умовах. Эканамічная вайна супраць Беларусі вядзецца ўжо амаль два гады. З улікам падзей ва Украіне наступленне на нас пайшло па ўсіх франтах, як я кажу, за кампанію: у гандлі, фінансах, лагістыцы», — сказаў Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў, што галоўная мэта ціску — перакрыць экспартныя каналы, аслабіць праз імпартныя абмежаванні, каб у канчатковым выніку гэта адбілася на дабрабыце насельніцтва. Па словах кіраўніка краіны, хуткасць прыняцця санкцый, а таксама глыбіня іх прапрацоўкі сведчаць аб тым, што яны рыхтаваліся даўно.

«Пры гэтым зразумела, што іх увялі б незалежна ад развіцця расійска-ўкраінскіх адносін. Санкцыі былі б. Мы зацыкліліся на частцы праблемы ў сусветным маштабе. Санкцыі супраць Расіі, супраць нас, канфлікт ва Украіне, глабальна, — гэта спрацьстаянне Злучаных Штатаў Амерыкі і Кітая. Як тут з Кітаем разабрацца, калі блытаецца пад нагамі гігант у выглядзе Расіі?! Ды яшчэ і Беларусь далучылася?! Праходзячы міма, вырашаючы глабальную праблему пераўладкавання свету (з’явіўся новы магутны гулец Кітай), спрабуюць разабрацца з Расіяй і Беларуссю. Будзе вельмі дрэнна, калі саюз Беларусі і Расіі не вытрымае», — сцвярджае Прэзідэнт.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у цэлым наша краіна рыхтаваліся да падобнага развіцця падзей і пра гэта ён папярэджваў яшчэ з пачаткам пандэміі.

«Нагадаю, я вам тады сказаў: мы не ведаем, ці рукатворная гэта пандэмія ці не, але што наступствы яе будуць вельмі складаныя — гэта дакладна. Так і адбылося. Я папярэдзіў усіх, што размова ідзе аб перадзеле свету. Сёння пра гэта хто толькі ні гаворыць. Мы ведалі, што будзе. І спрабавалі прыняць меры. Важную падтрымку нам аказвала, асабліва ў эканамічным плане, Расія», — успомніў Прэзідэнт. 

Ён расказаў, што і ў час нядаўняга візіту ў Маскву з Прэзідэнтам Пуціным яны таксама разгледзелі пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў прамысловасці, грузаперавозках, паліўна-энергетычнай і фінансавай сферах.

«Галоўнае — мы аднолькава ацэньваем сітуацыю, якая склалася вакол Беларусі і Расіі. Для нашых краін сапраўды адчыняюцца новыя „вокны“ магчымасцяў. З сыходам заходніх кампаній з рынку Саюзнай дзяржавы вызваліліся вялікія нішы, якія нам трэба будзе асвоіць. Пытанне ў тым, што нам перашкаджала гэта рабіць раней — лабісты, канкурэнцыя, карупцыя? Верагодна, усё ў цэлым. Многія краіны, якія рушылі за моцнымі гэтага свету і бяздумна далучыліся да санкцый, ужо пачынаюць задумвацца і нешта разумець. Некаторыя заходныя кампаніі пабеглі, асобныя вяртаюцца назад. Частка і не сыходзіла, а толькі зрабіла пра гэта заявы», — канстатуе кіраўнік краіны.

Па сутнасці, гэтыя абмежавальныя меры ў адносінах да Расіі і нашай краіны, уведзеныя ЗША і іх саюзнікамі, у выніку становяцца санкцыямі для ўсяго свету, робяць слабейшымі дзяржавы, якія іх уводзяць, дадаў Прэзідэнт.

«Вазьміце Еўрапейскі саюз. Не хапае паліва, падскочылі цэны, не хапае харчавання. Сельская гаспадарка вельмі насцярожылася, бо недастаткова мінеральных угнаенняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, зачапілі санкцыі і Кітай, бо гэта «асцярожная краіна» таксама пачынае актыўна выступаць супраць абмежаванняў.

Прэзідэнт не сумняваецца, што з пачаткам расійскай спецаперацыі ва Украіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха — ва ўмовах абвастрэння супрацьстаяння вядучых гульцоў імкліва фарміруецца новы «водападзел» паміж Усходам і Захадам. Аляксандр Лукашэнка лічыць: каб выйсці на сутыкненне з Кітаем, ЗША неабходна было разабраца з Еўропай і Расіяй.

«І пачалося гэта, як мінімум, з майдана. Не апошняга, а папярэдняга перад ім. Неабходна было з Украінай і Беларуссю разабрацца, каб потым разбірацца з Расіяй. Ва Украіне ў выніку двух майданаў, што адбылося, вы ведаеце. Наступнымі былі мы. У 2020 годзе паспрабавалі, зламалі рогі і зубы — не атрымалася, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Спецыяльная ваенная аперацыя Расіі на Украіне паслужыла спускавым кручком, каб пачаць антырасійска-беларускую аперацыю, якая працягваецца. Далей будзе Кітай, таму ён так захваляваўся».

«Галоўнае, каб быў вынік»

Па словах Прэзідэнта, у гэтай сітуацыі выбар Беларусі быў відавочны: пасля выяўлення бясспрэчных фактаў аб рэальнай пагрозе нацыянальнай бяспецы своечасова былі прыняты ўсе неабходныя меры для абароны сваёй краіны, абсалютна правамерна задзейнічаны механізм ваеннай падтрымкі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

«Больш за тое, амаль адразу пасля пачатку актыўнай фазы баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны, Беларусь традыцыйна пастаралася наладзіць дыялог паміж бакамі канфлікту. Для тых, хто крычыць „Не вайне“: нам гэта вайна не патрэбная, бо ў выніку канфлікту больш за ўсіх можам пацярпець мы. Мы чарговы раз прапанавалі Расіі і Украіне камфортную і бяспечную пляцоўку для перагавораў. Наша ініцыятыва была імі пачута і з удзячнасцю прынятая. У Беларусі ўжо прайшлі тры сустрэчы расіян і ўкраінцаў», — нагадаў кіраўнік краіны.

Аднак прафесійныя дзеянні нашых вайскоўцаў і дыпламатаў засталіся незаўважанымі на Захадзе, сцвярджае Прэзідэнт. Паводле яго, апаненты не хацелі бачыць Беларусь міратворчай пляцоўкай і таму прапанавалі Стамбул. «Мы не настойваем. Хай там праводзяць гэтыя перагаворы. Галоўнае, каб быў вынік. Бяздоказна і беспадстаўна Беларусь была абвешчана „памагатым агрэсара“, якія ж тады у нас перагаворы?! А ўслед за гэтым неадкладна рушылі чарговыя санкцыі», — дадаў Прэзідэнт.

Ён на нарадзе ўпершыню абазначыў пазіцыю Беларусі ў дачыненні да перагавораў па Украіне. Яна гучыць наступным чынам:"Не можа быць перагавораў без удзелу Беларусі. Калі вы нас увязалі ў гэта (найперш заходнія краіны), на перагаворах павінна гучаць пазіцыя Беларусі. Мы сыходзім не з таго, што нас у адзін кошык з Расіяй пасадзілі, а з таго, што гэта вайна — за плотам нашай краіны і яна сур’ёзным чынам уплывае на сітуацыю ў Беларусі. Таму ніякіх за спінай Беларусі сепаратных дамоўленасцяў быць не можа. Я перакананы, што Расія такую пазіцыю разумее. Але гэта будзе супярэчыць задуме Захаду«, — паведаміў Прэзідэнт.

Ён мяркуе, што, калі Украіна зоймецца аднаўленнем сваёй краіны, Захад не будзе бескарысліва дапамагаць.

«Яны калі і будуць будаваць нейкі завод — гэта будзе не ўкраінскага народа завод, а той краіны, якая будзе аднаўляць. Небяспечна, што ва Украіне нічога не застанецца ўкраінскага. Нават алігархічнага. Усё будзе падмятае алігархамі Злучаных Штатаў Амерыкі і буйных краін Еўрапейскага саюза», — разважае Аляксандр Лукашэнка.

Таму ён чарговы раз прапаноўвае тром славянскім народам нарэшце сесці за стол перагавораў і дамовіцца на роўных.

«Пакутуйце, як хочаце, але пастаўлена адна задача — эканоміка»

Беларусь і далей будзе жорстка адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы, кажа Прэзідэнт. «А саюзнікі, якія пакуль яшчэ сумняваюцца, павінны зразумець — без найхутчэйшага згуртавання нашай „цывілізацыі“, без умацавання палітычных, эканамічных і ваенных сувязей нас заўтра можа ўжо і не быць. Таму ў цяперашняй сітуацыі разам з безумоўным развіццём сувязей з дружалюбнымі дзяржавамі вельмі важна адшукваць і прасоўваць перспектыўныя напрамкі, актыўна выкарыстоўваць, я сказаў бы, „кропкавую дыпламатыю“, дасягаць канкрэтных вынікаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, ад эфектыўнасці работы эканомікі ва ўмовах гандлёвай і фінансавай блакады з боку Захаду і правільна расстаўленых знешнепалітычных прыярытэтаў у многім залежыць і ўнутрыпалітычная стабільнасць дзяржавы.

Ад выступоўцаў Прэзідэнт заявіў, што хацеў бы пачуць адказы на пытанні: як урад ацэньвае бягучую эканамічную сітуацыю і якія пагрозы праглядаюцца на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, якія ёсць рэзервы для супрацьстаяння санкцыям і якая агульная стратэгія ўрада.

«Ах складаная сітуацыя! Цяжкасці і праблемы! Ніякіх цяжкасцяў і праблем няма, акрамя дзвюх-трох пазіцый. Таму няма чаго пакутаваць. Але можаце пакутаваць. Я гэта перш за ўсё кажу эканамічнаму блоку і ўраду. Вы пакутуйце, як хочаце, але пастаўлена адна задача — эканоміка», — зарыентаваў Прэзідэнт.

Яго цікавіць, і наколькі эфектыўна рэалізуюцца беларуска-расійскія дамоўленасці аб узаемнай падтрымцы ў сувязі з жорсткім ціскам Захаду і якія неабходныя дадатковыя меры? Гэта яго хвалюе з нагоды хуткай сустрэчы з кіраўніцтвам Расіі.

Яшчэ адно пытанне нарады — якія карэктывы неабходна ўнесці ў знешнепалітычную дзейнасць, якія неадкладныя меры прыняць з улікам істотнай змены сітуацыі вакол нашай краіны і наяўных прагнозаў?

Першым адказваць на іх пачаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Пачаў ён з тэзісу, што, уцэлым, эканоміка вытрымлівае ціск санкцый — прадпрыемствы працуюць, людзі занятыя і сваечасова атрымоўваюць заробкі.

«ВУП склаўся на ўзроўні 101,2 працэнта. Прадукцыйнасць працы павялічылася на 3,8. Складскія запасы — мінімальныя. Экспарт тавараў за два месяцы вышэйшы, чым у мінулым годзе, на 21,5 працэнта, — паведаміў кіраўнік Саўміна. — Станоўчае сальда знешняга гандлю склалася на ўзроўні плюс 700 мільёнаў долараў ЗША. Нядрэнныя фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў. Чыста прыбытак узрос больш, чым у тры разы. Рэнтабельнасць продажаў перавысіла 9 працэнтаў. Захоўваецца дысцыпліна плацяжоў. Захавана дынаміка росту рэальных даходаў насельніцтва».

Прэзідэнт тут заўважыў, што ёсць добрыя прадпрымствы, але ёсць тыя, што працуюць дрэнна. На апошніх Аляксандр Лукашэнка мяркуе звярнуць асаблівую ўвагу і паглядзець, што перашкаджае ім.

«Гэта ў асноўным невялікія прадпрыемствы, што ствараюць неабходную на рынку прадукцыю. І па сыравіне для іх няма праблем, значыць дзесьці недапрацоўваем, расслабіліся», — дадаў кіраўнік краіны.

Прэм’ер канстатаваў, што з сакавіка санкцыі значна павялічыліся, уведзены дадатковыя гандлёвыя, фінансавыя абмежаванні. «У выніку рэзка ўзрос негатыўны ўплыў на нашу эканоміку. Да гэтага закрыты і ўкраінскі рынак як для тавараў, так і для транспарту. Уведзена забарона экспарту ў Еўрасаюз каліўных угнаенняў, нафтапрадуктаў, прадуктаў дрэваапрацоўкі і шэрагу іншых сектароў. Абмежаваны васокатэхналагічны імпарт інвестыцыйных тавараў. Шэраг банкаў адключаны ад сістэмы SWIFT», — заявіў Раман Галоўчанка.

Кіраўнік краіны імкнуўся патлумачыць: асноўнае з пераліку прэм’ера тое, што страчаны ўкраінскі рынак, асабліва ў плане лагістыкі.


Каментарый у тэму

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: 

— Сёння важна выпрацоўваць адэкватныя меры рэагавання на цяжкасці і ўсяму дзяржаўнаму механізму трэба працаваць зладжана, накіроўваючыся на выкананне задач, што ставяцца Прэзідэнтам і ўрадам. Мы бачым, што размова зараз ідзе не пра Украіну, а пра глабальны перадзел свету. Зараз асобныя краіны спрабуюць зразумець, што адбудзецца, і думаюць аб будучым светаўладкаванні. Можна зразумець логіку Расіі, вялікай дзяржавы, якую спрабуюць выкінуць на ўзбочыну сусветнага жыцця. Гэта непрымальна. Таму можна зразумець, што Расія прымае пэўныя намаганні па забяспечэнні сумленнага светаладкавання. Мы зацікаўлены, каб крызіс у суседняй Украіне як мага хутчэй спыніўся і было забяспечана спакойнае развіццё дзяржавы. Мы гатовы зрабіць максімум для гэтага.

Міністр сцвярджае, што Беларусь гатова ўнесці свой пасільны ўнёсак і ў перагаворны працэс аб міры на Украіне. «Мы ўпэўнены, што інтарэсы і гарантыя бяспекі павінны быць прадугледжаны не толькі ў адносінах да Украіны і Расіі, але і Беларусі як аднаго з трох славянскіх народаў, зацікаўленых у тым, каб тут былі мір і стабільнасць. Не важна, дзе адбудуцца заключныя сустрэчы. Але тое, што кіраўнік нашай краіны павінен удзельнічаць у гэтых пергаворах, гэта наша адназначнае меркаванне», — заявіў Уладзімір Макей.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».