Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


(Працяг. Пачатак можна прачытаць тут).

У час маёй службы ў войску загадчык кафедры алгебры і геаметрыі дацэнт Яўген Веніямінавіч Карабенок даслаў мне ліст, у якім пасля дэмабілізацыі запрашаў мяне на пасаду асістэнтам гэтай кафедры і нават вызначаў будучую спецыялізацыю — алгебру і тэорыю лічбаў. І я ўжо на службе пачаў рыхтаваца да новай працы. У прафкам вяртацца не хацелася. Калі праца са студэнцкім актывам мне падабалася, то прафсаюзная каса мяне шчыра дапякла. Бухгалтара ў мяне не было, я быў адзін у двух асобах. Перадаручыць грашовыя аперацыі як грамадскую нагрузку каму-небудзь з членаў прафкама не дазвалялася, таму кнігі трат і даходаў вёў асабіста. Балансы ў мяне ніколі не сыходзіліся, прычым заўсёды ў бок нядастачы. Грашовыя ўзносы, чэкавыя кніжкі, банкаўскія аперацыі, частыя рэвізіі — усё гэта было зусім не па мне. Таму прапанове Яўгена Веніямінавіча я ўзрадаваўся, тым болей што да службы ў войску вёў за ім жа практычныя заняткі па праектыўнай геаметрыі. 

Вярнуўшыся з войска, адразу падаў дакументы на ўдзел у конкурсе на замяшчэнне пасады асістэнта кафедры алгебры і геаметрыі. І раптам мяне выклікаюць да рэктара — Кудрашоў прапаноўвае мне ўзначаліць камітэт камсамола інстытута. Ён — з правамі райкама, пасада сакратара — вызваленая, вопыт працы ў грамадскай арганізацыі ў мяне ёсць — усё сыходзіцца! Але я заўпарціўся. Мне хацелася выкладаць, прафесійна займацца матэматыкай, паступіць у аспірантуру, абараніць дысертацыю. Рэктар настойваў, даў час падумаць. Мне пасля сказалі, што яго, мякка кажучы, не зразумелі ў гарадскіх партыйных органах: як гэта рэктар не можа «запрэгчы» свайго студэнта. Сітуацыя станавілася крытычнай, мяне ж у такім разе маглі і асістэнтам у інстытут не ўзяць. 

Выйсце падказалі сябры, у прыватнасці, першы сакратар Кастрычніцкага райкама камсамола Аляксандр Козыр: трэба спаслацца на катэгарычны пратэст, ажно да развода, з боку жонкі. Яна, маўляў, ужо бачыла маю выключную занятасць на грамадскай працы і баіцца згубіць мужа і бацьку маленькай дачкі. Зберажэнне сям’і партыйныя і дзяржаўныя органы ў тыя часіны аберагалі свята. Гэта спрацавала, рэктар дазволіў мне ісці працаваць асістэнтам. Але ў той сітуацыі я яшчэ раз адчуў напружанасць і адказнасць працы кіраўніка ВНУ, асабліва ў адносінах да людзей. 

Упэўнены, мая катэгарычная адмова Кудрашову не спадабалася. Але я тады быў ад рэктарата далёка, выкладчыцкая праца мяне захапіла і цалкам праглынула. Пра што думаў рэктар у адносінах да мяне і ці думаў увогуле, мне невядома. Да гэтай тэмы мы з Яўгенам Паўлавічам ніколі не вярталіся. 

Аднак цалкам ад грамадскай працы ў мяне адыйсці не атрымалася. На партыйным сходзе інстытута мяне абралі членам парткама. Гэта, безумоўна, надавала мне вагі, але абавязкі ў парткаме для мяне вызначылі канкрэтныя і масштабныя — камандаваць народнай дружынай інстытута. У месяц — 17 выхадаў на патруліраванне групай у 30 студэнтаў, з іх 6 разоў — з аўтамабілем. Дзесяць гадоў я камандаваў дружынай і ўсё жыццё буду помніць гэтыя выхады, клопаты і прыгоды. 

Народная дружына таксама многаму навучыла. Перш за ўсё, працы з людзьмі, з актывам. Дала вопыт выбудоўвання арганізацыйнай сістэмы, выхавала адказнасць за даручаную справу, паказала жыццё людзей з усіх бакоў. З атрадам студэнтаў-дружыннікаў заўсёды на дзяжурства выходзіў выкладчык. Я таксама гэта рабіў рэгулярна, таму што хацеў асабіста бачыць, дзе, з кім і ў якіх умовах нясуць службу па ахове грамадскага парадку мае студэнты. Наглядзеўся, канешне, шмат чаго. Хуліганы, грубіяны нападпітку на вуліцах і каля крам вялікіх праблем не дастаўлялі. Вакол многа людзей, святла хапае, побач міліцэйскі нарад — парадак у такім выпадку навесці было не складана. А вось рэйды па рабочых інтэрнатах, дамах з так званымі «маласямейкамі» выклікалі не толькі напружанне, але часам і страх. П’яныя кампаніі, сямейныя скандалісты, нейкія цёмныя асобы. Нават мне, даросламу чалавеку, загартаванаму службай у войску, выхаванаму ў сям’і афіцэра міліцыі, часта ў такіх сітуацыях было не па сабе. А студэнты ж зусім яшчэ дзеці, прычым у нас вучыліся ў асноўным дзяўчаты. 

Аднойчы гэтыя дзяўчаты пасля дзяжурства гуськом пайшлі ў свой інтэрнат кароткім шляхам, па даволі цёмных вулачках. А там у пад’ездзе аднаго з дамоў стаялі з гітарай мясцовыя хлопцы. Яны ўслед маім дзяўчатам-дружынніцам толькі свіснулі. І як жа мой баявы атрад у колькасці 30 дружыннікаў ірвануў наўцёкі ад гэтых хлопцаў. 

Даводзілася забяспечваць парадак і на танцавальных вечарах. У нашым раёне найболей небяспечнымі былі суботнія мерапрыемствы ў бібліятэчным тэхнікуме. Туды збіралася ўся мясцовая шпана, і ад іх пранікнення праз дзверы і вокны абарону даводзілася трымаць не на жарт. Тым вечарам дзяжурылі мае студэнты з фізмата. Мы забяспечылі поўны парадак, у будынак тэхнікума ніхто з пастаронніх прасачыцца не змог, таму я чакаў справядлівай помсты ад мясцовых хлопцаў. Папярэдзіў студэнтаў, што сыходзім групай, разам, ніхто не павінен нават адстаць. Але Коля Гарбачоў толькі нагнуўся завязаць на бацінку шнурок і дагнаў нас ужо з разбітым да крыві тварам. 

Участковым інспектарам у нашым мікрараёне быў капітан Асколкін Мікалай Анціпавіч — сумленны, прынцыповы і вельмі адказны афіцэр. Мы з ім пасябравалі. Але былі ў нас і істотныя разыходжанні ў арганізацыі гармадскага парадку. Я ад яго патрабаваў, каб для бяспекі студэнтаў з кожнай падгрупай дружыннікаў у нарад заступаў паставы міліцыянер. А Мікалай Анціпавіч патрабаваў ад мяне на кожную падгрупу выкладчыка. Аднойчы я не вытрымаў і з гэтай нагоды яму заявіў: 

 Згодзен! Я буду выходзіць усялякі раз на дзяжурства са сваімі студэнтамі, а ты, Мікалай Анціпавіч, будзеш чытаць за мяне лекцыі па вышэйшай алгебры. У мяне ж не будзе часу вечарамі да іх рыхтавацца! 

Дзесяцігадовы вопыт кіраўніцтва народнай дружынай пераканаў мяне ў тым, што ўсялякі чалавек павінен займацца сваёй справай! 

У парткаме было цікава назіраць пэўнае супрацьстаянне рэктара і сакратара парткама. КПСС па тым часе была накіроўваючай сілай у краіне, таму сакратар парткама па ступені ўплыву ў кіраўніцтве інстытута стаяў фактычна ўпоравень з рэктарам. На крайні выпадак, ён мог вынесці на разгляд парткама ацэнку тых ці іншых дзеянняў і рашэнняў рэктара, прарэктараў, дэканаў і, угледзеўшы ў іх парушэнне статута, партыйнай дысцыпліны, аб’явіць вымову, ажно да выключэння з радоў КПСС. А наступствамі пакарання па партыйнай лініі мог аказацца крах не толькі адміністрацыйнай, але і выкладчыцкай кар’еры.У той самы час партыйныя пытанні на пасяджэнні рэктарата ўвогуле не разглядаліся. 

Сакратаром парткама ў нас доўгі час быў Мікалай Іванавіч Гадун — франтавік, прынцыповы, строгі нават знешне і вельмі адказны ва ўсіх справах чалавек. Яўген Паўлавіч у 1951 годзе закончыў геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута, выкладаў у Магілёўскай школе КДБ, вучыўся ў аспірантуры Інстытута эканомікі Акадэміі навук БССР, у 1966 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, шэсць гадоў працаваў дэканам гісторыка-геаграфічнага, пасля гістарычнага факультэта. Мікалай Іванавіч вучонай ступені не меў, і такой практыкі ў ВНУ ў яго не было, таму ў пытаннях перыпетый інстытуцкага жыцця крыху саступаў Кудрашову. На крайні выпадак, часта так здаралася, што пры разыходжанні меркаванняў сярод членаў парткама ўсе арыентаваліся перш-наперш на пазіцыю рэктара, а не сакратара парткама. І, з майго пункту гледжання, яна заўсёды гучала пераканаўча. 

Мне цяжка судзіць, ці былі канкурэнты ў Кудрашова пры яго прызначэннні рэктарам. Я тады быў студэнтам, і гэтыя пытанні мяне зусім не закраналі і не хвалявалі. Але калі я стаў працаваць старшынёю студэнцкага прафкама, асістэнтам, раз у месяц наведваў інстытуцкія партсходы і быў выбраны членам парткама, то ўбачыў, што Яўген Паўлавіч на рэктарскай пасадзе адчувае сябе ўпэўнена. Па адносінах да яго выкладчыкаў, студэнтаў і супрацоўнікаў інстытута было відаць, што яго паважаюць. Толькі з часам мне стала вядома, што ў Кудрашова была ў інстытуце і апазіцыя. Не ўсім падабаліся яго кадравыя прызначэнні, часам перадузятыя, як лічылі апаненты рэктара, адносіны да выкладчыкаў, вельмі круты нораў. У адпаведных зваротах у вышэйшыя інстанцыі былі нават падказкі на празмернае захапленне Яўгена Паўлавіча спіртным. Яму давялося не аднойчы трымаць спарваздачу пра сваю працу, адказваць на гэтыя крытычныя сігналы ў многіх вышэйшых інстанцыях ажно да ЦК КПСС. Але ўпэненасці ў праваце, у правільнасці свайго стылю кіраўніцтва інстытутам Кудрашову было не займаць. І ён быў на гэтых справаздачах пераканаўчым, таму заставаўся нашым рэктарам, і гэтыя байцоўскія якасці ў большасці выкладчыкаў інстытута выклікалі непрыхаваную павагу. Зразумела, што Яўген Паўлавіч, як і ўсялякі чалавек, не быў ідэальным: сваю незадаволенасць да некаторых выкладчыкаў нават не спрабаваў хаваць. Напрыклад, аднаго вельмі аўтарытэтнага дацэнта-гісторыка так незалюбіў, што выкрэсліваў яго прозвішча з любога спіска, ці то гэта былі прапановы для вымовы альбо на прадстаўленне да ордэна. Аднак дзеля аб’ектыўнасці скажу, што гэты гісторык у сілу свайго характару не падабаўся многім, у тым ліку і мне. Мог, зразумела, Яўген Паўлавіч і выпіць. Але нават немалую дозу спіртнога «трымаў» годна. І гэта я таксама бачыў непасрэдна. 

Прызначэнне Кудрашова рэктарам Магілёўскага педінстытута — прыклад прадуманай і дальнабачнай партыйнай кадравай палітыкі ў савецкі час. Мне і маім інстытуцкім сябрам і калегам было невядома, ці быў у Яўгена Паўлавіча ўплывовы «анёл»-ахоўнік, ці спрацавала адладжаная сістэма падбору і расстаноўкі кадраў ці Кудрашову ўдалося нейкім чынам праявіць сябе, але гэта было ўдалае ва ўсіх сэнсах прызначэнне. За час яго рэктарства Магілёўскі педінстытут стаў адным з лепшых у Савецкім Саюзе. Адным з доказаў такога прызнання з’яўляецца пераходны Чырвоны Сцяг, які мы тройчы атрымлівалі як пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва сярод педагагічных ВНУ СССР ў час рэктарства Кудрашова. 

Пасля прызначэння Яўгена Паўлавіча рэктарам наш інстытут пачаў прыкметна і ўсебакова развівацца. Безумоўна, тады ў краіне ўсё адбывалася ў адпаведнасці з планамі партыі і ўрада, але ўсе гэтыя ўказанні і рашэнні трэба было асэнсаваць і разумна рэалізаваць на месцах, у рэальным жыцці і праз канкрэтныя справы, арганізаваўшы для гэтага людзей-выканаўцаў. У Кудрашова гэта атрымлівалася. Пры ім адчыняліся новыя спецыяльнасці, кафедры, факультэты. Калектыў папаўняўся вядомымі ў краіне вучонымі і класнымі выкладчыкамі. Мы сталі ў сябе прымаць навуковыя канферэнцыі саюзнага масштаба, вучэбныя кабінеты і лабараторыі напаўняліся сучасным абсталяваннем, у тым ліку імклівай па тым часе ў сваім ўдасканальванні вылічальнай тэхнікай. Да галоўнага вучэбнага корпуса быў прыбудаваны велізарны дзевяціпавярховы будынак, які істотна дапоўніў інстытут аўдыторыямі і лабараторыямі, для студэнтаў ўзвялі дзевяціпавярховы гмах інтэрната. Толькі ўявіце, у гэтыя гады была адкрыта падрыхтоўка выхавальнікаў-метадыстаў для дзіцячых садкоў (практычна з нуля створаны адпаведныя кафедры і факультэт дашкольнай адукацыі), настаўнікаў фізічнага выхавання і школьных кіраўнікоў ваеннай падрыхтоўкі (створаны новыя кафедры, у тым ліку ваенная, і ваенна-спартыўны факультэт), настаўнікаў біялогіі, хіміі, геаграфіі (і гэта запатрабавала адпаведных новых кафедр і стварэння біялагічнага факультэта). У той самы час у краіне пачалася масавая інфарматызацыя, спатрэбіліся настаўнікі і выкладчыкі гэтага профіля. У сярэдзіне васьмідзесятых грымнула перабудова, пачалі рушыцца партыйныя бастыёны, патрапіў пад рэвізію марксісцка-ленінскі светапогляд, ва ўніверсітэце сфарміравалася апазіцыя рэктарату, якая актыўна падтрымлівала БНФ. І ўсё гэта — на рэктара Кудрашова! І ён годна вытрымаў гэтыя ўдары!

Аляксандр РАДЗЬКОЎ 

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 16 красавіка.

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.