Вы тут

«Дом Бернарды Альбы» у Новым драматычным тэатры: драма ці трагедыя?


Тэма жанчыны ва ўсіх яе іпастасях — маці, каханая, сястра, дачка — на працягу мінулых стагоддзяў гучала ў неабходнай ступені далёка не заўсёды. Здаецца, часцей тыя ці іншыя катаклізмы спрыялі таму, каб адбывалася пераасэнсаванне ролі жанчыны не толькі ў грамадстве, але і ў сям’і. Сёння, калі чалавецтва прайшло праз мноства этапаў, у тым ліку што тычыцца дадзенага прадмета ўвагі, — новы ўзровень дыскусій, і закранае ён у значнай ступені асновы і традыцыі розных народаў, якія лічацца жорсткімі і разбуральнымі, бязлітаснымі і бессэнсоўнымі. Натуральна, усё гэта адлюстроўваецца ў сучасным мастацтве і літаратуры.


У Новым драматычным тэатры прадставілі прэм’еру — своеасаблівую «драму з жыцця жанчын» «Дом Бернарды Альбы» рэжысёра Лізаветы Машковіч (мастаком-пастаноўшчыкам выступіла Лідзія Малашэнка, рэжысёрам па пластыцы — Марына Баранава, мастаком па святле — Уладзіслаў Рыхтэр). Стваральнікі спектакля звярнуліся да знакамітай п’есы іспанскага паэта і драматурга Федэрыка Гарсіа Лоркі, напісанай у чэрвені 1936 года, за два месяцы да смерці, і вырашылі не мяняць нават арыгінальную назву, падкрэсліваючы гэтым нязменнасць аўтарскай канцэпцыі. У пачатку спектакля «голас за кадрам» зачытвае паведамленне Федэрыка Гарсіа Лоркі: у аснову гэтай п’есы пакладзены сапраўдныя падзеі, якія ён імкнуўся перадаць з дакументальнай фатаграфічнай дакладнасцю. Прататыпам галоўнай гераіні лічыцца багатая землеўладальніца Фраскіта Альба Сьеры, дом якой знаходзіўся насупраць маёнтка бацькі пісьменніка. Сам Лорка не паспеў пракаментаваць тыя ці іншыя здагадкі і асацыяцыі.

Дзеянне ў творы адбываецца, як мяркуюць даследчыкі, у пачатку мінулага стагоддзя ў адным іспанскім паселішчы. Перад гледачом Новага тэатра — дом, паказаны праз мінімум дэкарацый (шмат прасторы, змрок, ненатуральнае святло, выразныя і дакладныя лініі ўсяго «памяшкання», крэслы, на якіх невыпадкова зроблены акцэнт). Яны не адцягваюць увагу і, трэба сказаць, толькі падкрэсліваюць душэўны стан гераінь.

А на сцэне будуць толькі жанчыны, за невялічкім выключэннем, аб якім гаворка пойдзе крыху пазней. Галоўны персанаж — гаспадыня Бернарда Альба (Наталля Капітонава). Яна двойчы была ў шлюбе, мае пяць дачок і ў пачатку твора становіцца ўдавой. У доме знаходзіцца таксама маці Бернарды, вар’ятка Марыя Хасэфа (Людміла Баталава), і служанка Понсія (Ірына Карніевіч). Кардынальна ўплывае на сюжэт з’яўленне мужчыны — Пепе Рымляніна (Валянцін Уласень). У сям’і становіцца вядома аб яго будучым шлюбе са старэйшай з дачок Ангустыяс (Аксана Баранок), якая лічыцца самай непрывабнай, аднак толькі ў яе варты пасаг (успомнім — і не раз — найпапулярнейшую «Беспасажніцу» Аляксандра Астроўскага). Малодшая дачка Адэла (Ксенія Харашкевіч) таксама аддала сваё сэрца Пепе, і пазней становіцца вядома, што не яна адна: сваё каханне да гэтага мужчыны тоіць і дачка Марцірыа (Ксенія Асташонак). Крыху меней увагі аддаецца іншым сёстрам — Магдалене (Мілана Іванова), якая абстрагуецца ад усіх праз рэлігію, і Амеліі (Ганна Цырэльчук) — яна саркастычна пакеплівае з сёстраў, з сітуацыі ў доме.

У аснове пастаноўкі ляжыць не столькі канфлікт (а ён невырашальны), колькі чалавечыя якасці, якія да яго прывялі. Ганарыстасць і шматвяковыя сямейныя прымхі старэйшага пакалення супрацьпастаўляюцца палкасці і зайздрасці малодшага. Усё гэта прыводзіць да адкрытай варожасці і неразумення, прымушаючы забыць нават пра родную кроў, і заканчваецца трагедыяй. Тэмы, вядома, вечныя і не маюць прывязкі да эпохі ці краіны. «Дом Бернарды Альбы» не ў апошнюю чаргу — гісторыя пра каханне і барацьбу за права кахаць; яна паказвае, што адбываецца з жанчынамі, якім забаронены пачуцці, і на што яны аказваюцца здольныя, каб абараніць сваю свабоду. Аднак спектакль расказвае пра розныя віды кахання: ад сляпога матчынага да ўсёпаглынальнага гарачага, якое туманіць розум і прыводзіць да страшных вынікаў. Каханне як рабства і каханне як свабода… Але гэта толькі агульныя словы. У цэнтры сюжэта, які, як ужо падкрэслівалася, узяты з жыцця, — дзяўчыны, чые адзінокія сэрцы імкнуцца да пяшчоты. Але дзверы ў свет ім зачынілі: пахаваўшы мужа, Бернарда аб’явіла васьмігадовую жалобу ў адпаведнасці са сваёй сямейнай традыцыяй, і цяпер у яе дом няма доступу «ні мужчынам, ні ветру». Маці гатова на ўсё, каб абараніць гонар дачок. Толькі з яе дазволу мог здзейсніцца шлюб Пепе Рымляніна і Ангустыяс. Астатніх мужчын паселішча яна не палічыла вартымі ўвагі.

Важная частка твора — самасуд над незамужняй жанчынай, якая нарадзіла і забіла сваё дзіця. Усё сямейства выступае за такое пакаранне. Акрамя Адэлы, якая, што зразумела з некаторых рэплік і сцэн, тайна сустракаецца з Пепе. Тут час успомніць пра, здаецца, невынішчальныя рэчы — рознага тыпу забабоны, рэлігійны фанатызм, сямейную тыранію, якія калі і не з’яўляюцца канкрэтнай прычынай тых ці іншых страшных дзеянняў з боку жанчыны, то дакладна падштурхоўваюць да іх. Колькі непатрэбных забарон, колькі навязаных стэрэатыпаў атачаюць жанчын у жыцці, якое часта становіцца для іх турмой у той час, як для мужчын яно — свабода. Такой жа ахвярай можна назваць і Бернарду, заложніцу грамадскіх асноў, нявольніцу прымхаў, якая жыве ў пастаянным страху, што хто-небудзь даведаецца аб сапраўдным становішчы спраў. Не з такіх, як яна, усё пачалося і не імі скончыцца.

Нібы прывід спектакля — Марыя Хасэфа. Зняволенне гэтага персанажа яшчэ больш жорсткае, паколькі яе турма — уласны пакой, а турэмшчык — дачка Бернарда. Старая хварэе і знаходзіцца на мяжы вар’яцтва, але патрэбна для таго, каб паказаць люстраны адбітак заглушаных бакоў дачкі, сутнасць жаночай прыроды, яе натуральных законаў. Эратычнае трызненне гэтага персанажа выглядае крамольным у вышэйназваных абставінах, аднак падсвядомасць — тое, што немагчыма кантраляваць.

Не вельмі зразумела, чаму «Дом Бернарды Альбы» ад самага стварэння лічыцца выключна драмай. У кожнай з гераінь свая трагедыя, але павернутая да гледача агульным для ўсіх бокам. Іх лёсы кантрастуюць адзін з адным, супадаючы толькі ў краху, і ўсе яны роўна неабходны для агульнай карціны трагедыі. У спектаклі пануюць чорны і зялёны колеры. Першы нібы хавае ў сабе ўсё, што зроблена нешчаслівым чалавекам. Зялёны — колер сукенкі, якую апранае Адэла ўжо ў першы дзень жалобы. Гэты колер у творы сімвалізуе стыхію, касмічную волю, зліццё з прыродай. Ён паказвае натуральную хаду жыцця, якой супрацьстаіць смерць у асобе ледзь не кожнага героя: Бернарды, Пепе, Ангустыяс… Між тым Лорка ў сваёй творчасці заўсёды выяўляў экзістэнцыяльнае адзінства кахання і смерці, аднак такая тэма для асобнай гутаркі.

Між тым смерцю ў мностве яе праяў і завяршаецца пастаноўка. Тут трэба засяродзіцца на выразным адрозненні ад арыгінальнага фіналу. У Лоркі Бернарда страляе ў Пепе, які ўцякае, але прамахваецца. Марцірыа хлусіць Адэлі пра яго забойства, тая губляе галаву ад гора і вешаецца. Бернарда загадвае ім пераапрануць сястру ў белае і маўчаць аб тым, што здарылася, і па якой прычыне яе не стала. Баязлівая тыранка хоча, каб ніхто і ніколі не даведаўся аб тым, што яе дачка памерла не нявіннай. У гэтым самагубстве шмат шэкспіраўскага (увогуле, нягледзячы на арыгінальнасць і непаўторнасць уласнага тэатра, Лорка звяртаецца да традыцый мастацтва сцэны), аднак у пастаноўцы Новага тэатра ад гэтага шэкспіраўскага пазбавіліся, як, дарэчы, і ў адметнай аднайменнай стужцы 1982 года рэжысёра Бедзіны Чхеідзэ. У спектаклі адсутнічае сцэна са стрэлам: «закаханы» Пепе не плануе забіраць дзяўчыну з сабой, ён пакідае яе ў гэтым доме.

Тут дарэчы звярнуцца да прысутнасці мужчын у творы. Галава сям’і згадваецца толькі некалькі разоў: як распуснік і чалавек, які пакінуў старэйшай з сясцёр, не роднай дачцэ, большую частку маёмасці. У п’есе адзначаецца, што толькі Магдалена яго любіла. Асоба Пепе Рымляніна яшчэ больш абстрактная. Ён з’яўляецца на сцэне толькі некалькі разоў (а гэта таксама адметнасць — звычайна гледачы толькі адчуваюць яго прысутнасць), не вымаўляе ніводнай рэплікі, увасабляючы не столькі мужчыну (аднак тут, як заўсёды, ёсць над чым паразважаць), колькі прыродную стыхію, імкненне да свабоды і апошнюю надзею на ўцёкі… Між тым у даволі традыцыйным спектаклі «Дом Бернарды Альбы» шмат спеваў і харэаграфічных нумароў.

Часам гераіні спрабуюць данесці да гледачоў усё недагаворанае жэстамі, паўзамі, узмахамі сукенак (хоць узмахаў гэтых, дарэчы, магло быць і менш)… Падчас дзеі гучаць не толькі звыклыя іспанскія матывы, але і іх адметныя «пераўвасабленні», напрыклад, кампазіцыя пад The Doors «Spanish Caravan». І калі яна яшчэ больш-менш упісваецца ў пастаноўку, то музыка, якую падабралі для паклону, абсалютна не падыходзіць пад агульны настрой. Яна нібы завяршае яркі канцэрт, а не драматычны спектакль з трагічным фіналам. Падзеі «Дома Бернарды Альбы» завязаны на гранічна эмацыянальных праявах чалавечай сутнасці: нянавісці, злосці, вар’яцтве, роспачы і разам з тым — жаданні любіць і дарыць сваю пяшчоту іншым. І ўсё гэта псуецца абсалютна недарэчным фонам.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Новага драматычнага тэатра

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.