Вы тут

Першапраходзец касмічнай тэмы ў беларускай літаратуры. Да 100-годдзя Міколы Гамолкі


Няма такога паэта, які б не прысвячаў твораў сваёй малой радзіме. Не выключэнне і Мікола Гамолка. У адным сваім вершы ён так прызнаецца ў любові да яе: 


У ёй крышталь-вада.

Майго дзяцінства ты сталіца — 

Далёкая Найда.

Яна пры возеры чароўным 

На берагах яго стаіць.

Тут звоняць ланцугамі чоўны 

Пад крыллем зараніц.

Сёй-той здзівіцца: Мікола Гамолка — паэт? Ён жа быў празаікам. Што праўда, то праўда. Аднак празаікам стаў пазней, выдаўшы два паэтычныя зборнікі. Не ў Найдзе, што ў Жыткавіцкім раёне, нарадзіўся 11 сакавіка 1922 года, у Брынёве Петрыкаўскага раёна. Але калі яму споўнілася ўсяго два гады, памерла маці. Яшчэ праз тры вясны бацька завёў новую сям’ю, прыстаўшы ў прымы да ўдавы ў Найдзе.

Памяць пяцігадовага Міколкі назаўсёды захавала пярэбары ў Найду, пра што Мікола Іванавіч пісаў у аўтабіяграфіі «Мой шлях»: «Падвода, нагружаная сялянскім скарбам, паволі валюхаецца па вузкай і змрочнай дарозе. А абапал — лясы, лясы, лясы... Такі наш край, славутае Палессе». Са сталеннем усё больш упэўніўся ў гэтым. Шукаць прыгажосць не трэба было, яна паўставала поруч з хатай, што стаяла воддаль ад вёскі, каля самага лесу. Непадалёку знаходзілася і возера, таксама Найда. Не такое і вялікае, ды на беразе яго так хораша марылася. Асабліва ў маленстве. 

Ці не гэтае захапленне паспрыяла таму, што, калі настаўнік Рыгор Мультан прапанаваў вучням напісаць сачыненне на вольную тэму, у яго зусім і не сачыненне атрымалася, а «сапраўднае мастацкае апавяданне». Прынамсі, так ацаніў педагог тое, што з’явілася з-пад пяра найбольш стараннага чацвёртакласніка. У раннім узросце ён і вершы пачаў пісаць. Хоць часам і не да іх было. Сям’ю не мінулі нягоды калектывізацыі. Толькі не пакідала вера ў тое, што ў далейшым усё будзе лепш. Таму і нараджаліся радкі светлыя, аптымістычныя. У нечым і далёкія ад рэчаіснасці. Ды такі быў час, калі і вопытныя паэты нярэдка жаданае выдавалі за сапраўднае, а што ў такім разе казаць пра рамантычнага юнака. Пісаў і допісы ў раённую газету «Новае Палессе», іх ахвотна друкавалі.

Гэта не магло не радаваць. Але з прачытаннем кожнага чарговага нумара прыходзіла і расчараванне. Дасылаў жа і вершы, але ніводнага з іх у газеце не бачыў. Як кажуць, ні прывітання, ні адказу. «Ну, думаю, — вырашыў хлапец, — пашлю ў раёнку цэлы цыкл вершаў. Не можа таго быць, каб цяпер яны не спадабаліся рэдактару. Толькі адказу не было. Вершы як скрозь зямлю праваліліся. Ды месяцы праз два ў вёску на маё імя нечакана прыходзіць важкі пакет. Калі распячатаў, нямала здзівіўся. Гэта былі мае вершы, што былі дасланы ў нашу райгазету».

Што вярнулі — непрыемна. Ды дагэтуль нічога падобнага не назіралася. Паслаў верш — на гэтым усё скончылася. Праз імгненне стала вядома, што і да чаго: «Калі адгарнуў другую старонку ліста, вочы асляпіў подпіс: “З прывітаннем Якуб Колас”. Ого, аказваецца, рэдакцыя маімі вершамі патрывожыла народнага паэта Беларусі, паслала іх як бы на экспертызу». Здзівіўся — не тое слова. Народны пясняр не проста прачытаў яго творы, але і падрабязна прааналізаваў іх, даў парады. Не паленаваўся і ўласнаручна чырвоным алоўкам напісаў адказ. Усё жыццё Мікола Іванавіч перажываў, што гэты водгук Якуба Коласа згубіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Першыя яго вершы былі надрукаваны ў 1937 годзе. Адзін з іх — «Вясёлы сад» — у «Піянеры Беларусі». Два — у бабруйскай акруговай газеце «Камуніст». У Бабруйску ён вучыўся пасля заканчэння сямігодкі, а сярэднюю адукацыю атрымаў у Жыткавічах. Пашчасціла трапіць і на старонкі рэспубліканскай «Чырвонай змены». Гэтыя публікацыі не прайшлі незаўважанымі. У 1938 годзе Міколу Гамолку запрасілі на творчы семінар, што праходзіў у Мазыры. Там пазнаёміўся з таксама маладымі на той час літаратарамі Усеваладам Краўчанкам і Іванам Мележам.

Калі праз год паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, знаёмцамі сталі Мікола Аўрамчык і Аляксей Коршак. Як і іншыя студэнты, якія не толькі захапляліся літаратурай, але і самі пісалі. Разам выпусцілі два нумары рукапіснага часопіса «Першыя крокі». Ды вучоба для яго была нядоўгай. Восенню 1940 года прызвалі ў армію. У войсках хімічнай абароны праслужыў да 1946 года. Быў салдатам, а, атрымаўшы званне лейтэнант, стаў камандзірам узвода.

Некалькі разоў наведваўся ў Маскву. Сустракаўся з Васілём Віткам, Пятром Глебкам, Максімам Танкам, Кузьмой Чорным і іншымі літаратарамі. І працягваў пісаць вершы. Некаторыя з іх, а таксама напісаныя пасля Перамогі склалі змест яго першай кнігі «Зварот шчасця» (1946), праз чатыры гады выйшла — «Б’юць куранты». Тое, што ўвайшло ў іх, калі казаць шчыра, было не горшае за напісанае іншымі паэтамі, якія вярнуліся да мірнага жыця. Аднак і не лепшае. Гэтага не мог не разумець і сам Мікола Іванавіч. А тут яшчэ знаёмства з тым, чыімі творамі зачытваўся ў маленстве. Сведчыў: «Пад уплывам Янкі Маўра, відаць, тады ў мяне зарадзілася жаданне пайсці следам за ім, пісаць для дзяцей».

З першымі апавяданнямі выступіў у газеце «Зорька». Неўзабаве ўзяўся і за больш «вялікі» жанр. Задумаў напісаць аповесць «Добры дзень, школа!». Завяршыў яе ў 1952 годзе і прапанаваў рукапіс для азнаямлення свайму літаратурнаму куміру. Праз два тыдні Янка Маўр патэлефанаваў і запрасіў да сябе дадому. Іван Міхайлавіч да твора паставіўся надзвычай сур’ёзна, аб чым сведчылі зробленыя заўвагі, але ў цэлым аповесць ухваліў. Дапрацаваная Міколам Гамолкам, праз год яна выйшла асобнай кнігай.

У гэты час ён ужо працаваў над новай аповесцю — «Лета ў Калінаўцы». Таксама з жыцця хлопчыкаў і дзяўчынак пасляваеннага часу. Праўдзівасці і пераканаўчасці дасягнуў таму, што прататыпаў асноўных літаратурных герояў ведаў добра. А ў характарыстыцы галоўнай гераіні, дзіцяці вайны Ніны Воранавай, нямала ўзяў фактаў з жыцця сваёй жонкі. Першы варыянт твора — па-руску, удалы. У 1956 годзе аповесць пабачыла свет у Маскве. Тым не менш першапачатковы варыянт яго не задаволіў. Асобныя месцы дапрацоўваў, рыхтуючы беларускамоўны варыянт. Пасля гэтага з’явіліся яшчэ два выданні «Лета ў Калінаўцы».

Добраму веданню Міколам Гамолкам школьнага жыцця паспрыяла і тое, што ў 1951–1962 гадах ён быў адказным сакратаром часопіса «Бярозка». Дарэчы, Мікола Іванавіч — з пісьменнікаў, перакананых, што пастаянны занятак не шкодзіць творчай працы. Пасля дэмабілізацыі з войска, у 1947 годзе, прыйшоў у Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Быў і «лімаўцам», хоць і нядоўга, загадчыкам аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», а пасля «Бярозкі» — адказным сакратаром камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў рэспублікі, літаратурным кансультантам, а потым дырэктарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аднак гэтай праблематыкай яго творчыя памкненні не абмяжоўваліся: «Мяне даўно прываблівала тэма пакарэння чалавекам космасу. Гэтаму садзейнічалі працы Цыялкоўскага, адкрыццё атамнай энергіі. Захацелася зазірнуць у заўтрашні дзень, адказаць сродкамі мастацкай фантастыкі на пытанні, якія хвалявалі мяне, ды і іншых, імкнучыся задаволіць разнастайныя культурныя патрабаванні моладзі».

А яшчэ адзін з навукоўцаў ускосна падштурхнуў яго ўзяцца і за касмічную тэму. Было гэта падчас працы Міколы Гамолкі ў выдавецтве. Слова за словам гэты наведвальнік заўважыў: а чаму б не выпускаць кнігі пра палёты ў космас? Сапраўды, у гэтым кірунку быў непачаты край работы. Чаму б самому, падумаў Мікола Іванавіч, не паспрабаваць абжываць амаль непачатую беларускай літаратурай дзялянку. Так напісалася аповесць «За вялікую трасу», працягам якой стала «Цытадэль неба». Пад адной вокладкай яны выйшлі як навукова-фантастычны раман «Шосты акіян» (1959). А п’еса «Бітва ў космасе» была пастаўлена тэатрам юнага гледача.

Стаўшы адным з першапраходцаў касмічнай тэмы ў беларускай літаратуры — следам за «Фантамабілем прафесара Цылякоўскага» Янкі Маўра і творамі Уладзіміра Шыціка, ён належаў і да тых, хто адным з першых пачаў плённа асвойваць прыгодніцкі жанр у дзіцячай літаратуры. Пачатак гэтаму паклаў аповесцю «Дзяўчына ішла па вайне». Але большы рэзананс мела «Лясная крэпасць», заснаваная на рэальных фактах, што мелі месца ў гады Вялікай Айчыннай вайны каля возера Чырвонае Жыткавіцкага раёна.

Сюжэт падказаў настаўнік са Старых Дарог, які партызаніў у тых мясцінах. Сталася так, што ў час варожай аблавы ён апынуўся з адным юным партызанам на зыбкім паўвостраве. У час бамбёжкі яны страцілі прытомнасць. Калі ж апрытомнелі, убачылі, што паўвостраў адарвала ад сушы. Сітуацыя ў нечым быкаўская. Яна сведчыць аб тым, што на вайне магчыма і такое, у што паверыць цяжка. У гэта ніяк не хацелі верыць і ў выдавецтве, калі прапанаваў рукапіс гэтай аповесці. Літаратурных персанажаў падлетка Цітка і Вадзіма Мікалаевіча «ўратаваў» Васіль Быкаў. Рэцэнзія Васіля Уладзіміравіча запаліла перад рукапісам зялёнае святло. Ён пісаў: «Лясная крэпасць» — вострасюжэтны твор для дзяцей. Аўтару ўдалося добра пабудаваць інтрыгу, стварыць прывабныя вобразы нашых людзей і агідных акупантаў. Дзеянне разгортваецца паволі і дасягае кульмінацыі ў самым канцы, што спрыяе павелічэнню займальнасці твора. Самай вялікай удачай яго, аднак, трэба лічыць вобраз хлопчыка Цітка, абаяльная сіла якога роўная яго мужнасці«.

Віктар жа Казько зычліва паставіўся да аповесці Міколы Гамолкі «Сокалы-сакаляты». Таксама з элементамі прыгодніцтва, драматычным сюжэтам, але разам з тым праўдзівым, дзе характары выпісаны псіхалагічна глыбока. «Дапамагалі» Міколу Іванавічу і чытачы, якім спадабалася яго аповесць «Дзяўчына ішла па вайне». Ім хацелася даведацца пра далейшы лёс юнай партызанкі Ніны Воранавай. Пасля гэтага, праз 17 гадоў пасля папярэдняй, з’явілася аповесць «Партызанскія сёстры». Але так і застаўся ненадрукаваным раман «Люблю і ненавіджу». Як і першая частка рамана «Голуб у акне», завяршыць які Міколу Гамолку перашкодзіла смерць, што напаткала яго 3 мая 1992 года.

Мне пашчасціла не проста пазнаёміцца з Міколам Іванавічам. У адносінах склаліся прыязныя стасункі. Адбылося гэта дзякуючы яго сябру, а майму, не пабаюся гэта сказаць, старэйшаму сябру Аляксандру Капусціну, які пэўны час працаваў намеснікам галоўнага рэдактара «ЛіМа». А яшчэ больш зблізіў мяне з Міколам Гамолкам даволі цікавы выпадак.

Аляксандр Пятровіч, ужо вядомы «дарослы» пісьменнік, у 1975 годзе прапанаваў у «Бібліятэку часопіса “Вожык”» рукапіс сваёй першай гумарыстычна-сатырычнай кніжкі. У той час падобныя зборнікі выходзілі з абавязковай прадмоўкай. Я згадзіўся яе напісаць, аднак у рэдакцыі запярэчылі. Бо хто я быў на той час? Кніжкі ніводнай, у Саюз пісьменнікаў БССР не ўступіў. Не паклапаціўся і аб членстве ў Саюзе журналістаў. Тады Аляксандр Капусцін папрасіў Міколу Іванавіча. Але той запярэчыў, што ў яго не атрымаецца. Трэба ж коратка, ды каб хоць крыху гумару.

Выйсце знайшлі ў тым, што пішу я, а прозвішча ставяць Міколы Гамолкі. Заплацілі годна. Добра памятаю, што амаль 25 рублёў. Амаль чвэртка «лімаўскага» акладу. Лёгка знайшлі і яшчэ адно выйсце. Няблага пасядзелі ўтрох у рэстаране «Лето», які некалі знаходзіўся ў Мінску на вуліцы Ульянаўскай, непадалёку ад моста праз Свіслач, насупраць парку.

Пачаў я пра літаратуру, а закончыў... Аднак літаратура ж, калі казаць коратка, — адлюстраванне жыцця. А ў ім жа самае рознае бывае. І няблага б пра літаратараў часцей пісаць не толькі як пра пісьменнікаў, але і як жывых людзей.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота – Мікола Гамолка, вокладкі кніг

Друкуецаа ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».