Вы тут

Як на тэрыторыі Беларусі фашысты знішчалі цыганскае насельніцтва


Іх схапілі проста ў полі, два табары, забралі ўсіх: мужчын, жанчын, старых, малых, прывезлі ў Міхнаўскі лес, на тэрыторыю Калдычэўскага лагера смерці, і расстралялі. Прыкладна 200 чалавек, дакладна ніхто не ведае. Лагер у Калдычэве Баранавіцкага раёне быў адным з самых жорсткіх канцэнтрацыйных лагераў часоў акупацыі. Усяго тут загінула каля 22 тысяч чалавек розных нацыянальнасцяў.


Помнік з колам ад павозкі

Пра трагедыю цыганоў раней асабліва не гаварылі. І помнік ім з'явіўся тут толькі ў 2004 годзе. Яго ўзвяла Беларуская цыганская дыяспара. На месцы расстрэлу ўстанавілі вялікі крыж. Каля яго нацягнулі калючы дрот, на якім прымацавалі кола ад цыганскай павозкі. На крыжы ёсць таблічка з надпісам «Тут ляжаць нашы браты-цыганы». На той час гэта быў адзіны помнік цыганам-ахвярам вайны на тэрыторыі краін СНД і Балтыі.

У Год гістарычнай памяці Баранавіцкая цэнтралізаваная раённая бібліятэчная сістэма наладзіла шэраг экскурсій ў Калдычэўскі лагер.

— Толькі за тыдзень з 21 да 27 сакавіка ў Калдычэва мы звазілі 8 груп, — расказвае дырэктар Таццяна Лайша. — Больш за дзве сотні чалавек. У асноўным гэта былі школьнікі. Для малодшых груп у нас распрацавана асобная экскурсія, яе праводзім больш ашчадна, без падрабязнасцяў і жахаў. З вучнямі 10-11 класаў гаворым адкрыта. Да нас едуць таксама сем'і, прадстаўнікі працоўных калектываў. Экскурсіі працягваюцца. На красавік ёсць заяўкі не толькі з нашага, з суседніх раёнаў. Экскурсантам абавязкова паказваем помнік ахвярам фашызму — людзям цыганскай нацыянальнасці. Адзіны ў нашай краіне. Пра гэту старонку трагічнай гісторыі наведвальнікі, як правіла, ведаюць мала альбо не ведаюць зусім. Помнік наведваем з усімі экскурсіямі.

На нашай зямлі цыганы жывуць больш за 500 гадоў. Навуковыя выданні паведамляюць, што ў Еўропу гэтыя людзі некалі прыйшлі з Індыі. Ёсць версія іх сыходу з Егіпта. Самі ж яны называюць сябе «Рома» альбо «Рамалы», што ў перакладзе азначае «чалавек». Паводле дакументальных сведчанняў, дазвол на вандраванне па землях Вялікага Княства Літоўскага яны атрымалі ў 1501 годзе. Тады цыганскі барон атрымаў грамату з рук вялікага князя ВКЛ.

Ідэалагічнае забеспячэнне генацыду

За гэты час улады з пераменным поспехам спрабавалі прывучыць цыганоў да аседлага ладу жыцця. Але яны ўсё роўна ў пэўнай меры заставаліся «дзецьмі ветру». Хоць многія з прадстаўнікоў народа, як вядома, станавіліся знакамітымі артыстамі, спевакамі, атрымлівалі адукацыю і працавалі ў розных сферах. Вядома пра 11 удзельнікаў вайны, Герояў Савецкага Саюза цыганскай нацыянальнасці. Напрыклад, у 1927 годзе ў Віцебскім раёне быў заснаваны цыганскі калгас, пазней такі ж з'явіўся ў Жлобінскім раёне. Аўтару гэтых радкоў у канцы 80-х гадоў даводзілася пісаць пра даярку-чарырохтысячніцу з Пружанскага раёна, уганараваную за працу ордэнамі і медалямі, цыганку па нацыянальнасці. І хоць такія прыклады былі, хутчэй, адзінкавымі, цыганы на працягу стагоддзяў ужываліся побач з беларусамі. І ніякіх праблем асабліва не было.

А вось нацысты перад вайной падрыхтавалі ідэалагічнае забеспячэнне генацыду цыганскага насельніцтва. Амерыканскі даследчык Пол Леві так напісаў: «Цыганы ўспрымаліся з пункту гледжання нацысцкай расавай тэорыі як пагроза расавай чысціні немцаў. Сцвярджалася, што цыганы, якія жывуць у Еўропе, уяўляюць сабой плод змяшэння «арыйскага племя» з самымі ніжэйшымі расамі ўсяго свету. Нібы гэта тлумачыць іх бадзяжніцтва і даказвае іх асацыяльнасць. Цыганы, нават аселыя, прызнаваліся патэнцыйна асацыяльнымі па прычыне сваёй нацыянальнасці». Генацыд народа рома атрымаў назву Porajmos (вынішчэнне). Ён ажыццяўляўся ў маштабах усёй акупаванай Германіяй тэрыторыі Старога Свету. Даследчыкі гавораць як мінімум пра 9 тысяч ахвяр беларускага сегмента народу рома, што азначае знішчэнне 75 працэнтаў цыганскага насельніцтва нашай тэрыторыі. Хоць лічбы, трэба думаць, вельмі прыблізныя.

Вынішчэнне

Расстрэлы пачаліся з восені 1941 года. У Віцебскай, Магілёўскай абласцях, у Вілейцы адбыліся карныя аперацыі па знішчэнні цыганскага насельніцтва. Далей забойствы працягваліся ў Клецку, хваля расстрэлаў нібы насоўвалася з поўначы краіны на поўдзень, на Брэстчыну. Расстрэл адбыўся ў Ляхавічах. Побач — Баранавічы, пра Калдычэўскі лагер гаварылася вышэй. Сотні людзей адпраўляліся ў канцэнтрацыйныя лагеры. Так, у маі 1943 года адбылася зачыстка ў беларускім тады Беластоку і ваколіцах. Адсюль у Асвенцім прыбыло 1100 цыганоў. Праз два тыдні іх жыццёвы шлях скончыцца ў газавых камерах.

Загінулі многія грамадзяне цыганскай нацыянальнасці мястэчка Лыскава Пружанскага раёна. Вось што піша пружанская краязнаўца Вера Церахава: «Цыганы здаўна жылі ў пасёлку Лыскава. Да вайны нярэдка цыганскія павозкі прыпыняліся каля хутара Разалін. Але атабарваліся далей — у полі ці каля лесу. Цыганскія дзеці прасілі ежу, дарослыя прапаноўвалі купіць у іх нажы, падковы, пярсцёнкі. Цыганкі дакучалі прапановамі паваражыць. Але паступова яны ўсё ж мянялі лад жыцця, паціху забываючы пра начлег у полі і медныя катлы каля вогнішча. Толькі па-ранейшаму найлепшым сябрам цыгана заставаўся конь. Нездарма ў цыганскай песні пяецца, што цыган без каня — як птушка без крылаў. Дзяўчаты не выходзілі замуж, калі ў жаніха не было каня. Вось чаму маладыя хлопцы з бедных сем'яў часам і кралі коней. А тыя, хто быў багацейшы, самі іх разводзілі і прадавалі. Лыскаўскія цыганы святкавалі нават асаблівае «конскае» свята. У гэты дзень яны добра кармілі коней, не працавалі на іх. Нібы аддаючы даніну падзякі гэтай жывёліне. А яшчэ аб'язджалі маладых коней, вучылі дзяцей асаблівасцям конегадоўлі.

Цыганы з Лыскава рабілі прыгожы драўляны посуд, верацёны, дзежкі, дзіцячыя цацкі, плялі лапці і кошыкі. Быў вядомы на ўсю акругу гваздар Марк Кралевіч, ён каваў да 50 цвікоў у дзень. Адным словам, іх рамесніцкая прадукцыя карысталася попытам у мясцовага насельніцтва.

Адна са старажылак успамінала: «Цыганы, канечне, людзі асаблівыя. Але лыскаўцы ўспрымалі іх такімі, якімі яны былі. А жылі яны па старых традыцыях. Мову сваю перадавалі з пакалення ў пакаленне. Лячылі травамі, замовамі. Цыганкі пяклі сваю абрадавую выпечку і частавалі суседзяў. З суседам маглі падзяліцца дзічынай, злоўленай рыбай. Цыганскія дзеці вучыліся з нашымі ў школе, сябравалі. Спявалі яны па-заліхвацку».

І вось гэтых лыскаўскіх цыганоў таксама не абмінуў горкі лёс. У дакументах архіўнага фонду Брэсцкай абласной камісіі садзейнічання ў рабоце надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў за 1944—1946 гг. зафіксаваны прозвішчы грамадзян цыганскай нацыянальнасці жыхароў Лыскаўскага сельсавета. У ліку забітых — Марыя і Якуб Вансовічы, Уладзімір і Любоў Каспаровічы, вялікая сям'я Рудкоўскіх. Сярод іх ёсць дзеці.

Запавет дзяцей вайны

Гэтыя спісы зроблены па ўспамінах суседзяў, аднавяскоўцаў. А колькі іх засталося не запісанымі, не згаданымі, у безыменных магілах! Варта сказаць, што трагедыя гэтага народа падчас Другой сусветнай вайны ўтрымлівае больш белых плям, чым звестак. Тэма па-сапраўднаму не вывучаная. Вельмі мала якіх-небудзь звестак па згаданай тэме ў нашых музеях. Рыхтуючы гэты матэрыял, выпадкова знайшла даўняе сведчанне 83-гадовай мінчанкі Галіны Іванаўны Александровіч. Вось як яна ўспамінала трагедыю сваёй сям'і: «Я — дзіця вайны. Мы жылі ў вёсцы Норшты Ашмянскага раёна. Мне было чатыры гады. Пасля акупацыі немцы аб'явілі пра выдачу ўсім жыхарам пашпартоў. Гэта быў хітры ход. Такім чынам яны даведаліся, хто якой нацыянальнасці. У хуткім часе прыехалі немцы ў вёску, сагналі ўсіх рамалаў у хлеў, замкнулі. Патрымаўшы суткі, на другія вывелі ў лес і расстралялі 44 рамалы і аднаго яўрэя. Стралялі ў грудзі, у плечы. І толькі пасля гэтага ў галаву. Пэўна, для таго, каб бачыць жах на тварах людзей і пацешыцца. Забілі тады маіх бацькоў, многіх сваякоў, суседзяў. Мяне з сястрой і братам выратавала мясцовая жанчына. Схавала нас, а потым адправіла ў суседнюю вёску. Праз некаторы час маміна сястра знайшла нас і забрала, і мы жылі ў Шчучыне Гродзенскай вобласці да заканчэння вайны.

У 1990 годзе я знайшла месца расстрэлу, там быў помнік на брацкай магіле. Пазней побач я паставіла яшчэ адзін... Кожны год прыязджаю сюды на 9 мая. Кожны раз сціскаецца сэрца, працінае душэўны боль».


Аўстрыйска-цыганская мастачка і пісьменніца Цэя Стойка, якая дзіцем перажыла жах канцэнтрацыйных лагераў, некалі напісала: «Калі свет не зменіцца зараз... Калі ён не пабудуе праўдзівы свет, — каб у маіх праўнукаў быў шанц жыць у ім, я не змагу растлумачыць, чаму я перажыла Асвенцім, Берген-Бельзен і Равенсбрук».

Што можна ёй адказаць зараз? Сцвярджаць, што свет змяніўся, не атрымаецца. І нацызм, і расізм, і рознага роду дыскрымінацыя па нацыянальных прыкметах то тут, то там праяўляюць сябе, вылазяць нібы чорт з падваротні, калі іх зусім, здавалася б, няма адкуль чакаць. Застаецца хіба не забываць, вывучаць, помніць, нагадваць будучым пакаленням пра небяспеку забыцця.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва Баранавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і з адкрытых крыніц.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.