Вы тут

Тэст на людскасць


Купель праваслаўнай веры — Кіеў. Вера гэтая яшчэ вельмі цяжкая і складаная. Цяжкая — як галгофскі крыж, складаная — быццам шлях з прэторыі на лобнае месца. І самае цяжкае на гэтым шляху — не страціць любоў.


Уся неабдымная, як сэрца Богачалавека, Беларусь — у сваёй міралюбнасці. Міралюбнасці, якая ў нашай ментальнасці з малаком маці, міралюбнасці, якая ўпісана ў нашу рэчаіснасць сухімі літарамі дзяржаўных нормаў і правіл. Міралюбнасці, якая ў словах і мелодыі гімна. Але ж ці можна прымусіць любіць? «Не», — скажуць вам насельнікі топкіх палескіх мясцін, гаспадары прывабных мястэчак Панямоння, жыхары шырокага, як і іх сэрцы, Віцебска. У Слуцку — усё па-людску: падхопяць сакуны і запросяць у хату.

І ўся гэтая гасцінная Беларусь утульна ўмяшчаецца на плошчы чатырох веравызнанняў. Калі хто хоча насамрэч паразважаць пра дэмакратычная свабоды і межы гуманізму — калі ласка, завітайце ў Іўе. Дэпутатаў Еўрапарламента, праваабаронцаў з Бруселя і Вашынгтона трэба сюды вазіць на экскурсіі. Канешне, пасля азнаямлення з крэпасцю над Бугам, маўляў, там мы трымаліся, пасля ў Хатынь — так нас знішчалі. І ўжо тады — у Іўе — усе на плошчу, а вось што значыць беларускі свет. І абавязкова даць магчымасць паласавацца беларускімі каўбасамі ды вяндлінай. Не пластыкавымі, як у Еўропе, а натуральнымі. Краіна, як і прадукты, — сапраўдная.

Не збяднеем. Колькі ўжо дапамагалі і дапамагаем пакутнікам ад самых дэмакратычных «пэраменаў». Я спецыяльна гэтае слова напісаў так. На манер самай вядомай манахіні Беларусі — ігуменні Гаўрыілы з Гродна. Бо менавіта яна з вялікім праваслаўным крыжом і падарункамі некалькі разоў наведвала дзяцей мусульманскага свету ў Брузгах. Цяпер Брагін. Усюды былі руплівыя рукі беларускіх валанцёраў. Геаграфічныя назвы розныя — сэнс адзіны: чулае сэрца Беларусі.

Нездарма ж мудрыя хасіды адразу пасля ўкраінскіх падзей амаль пешшу накіраваліся ў Беларусь. Каля сотні чалавек. Што такое сотня? Калі ў Беларусі зараз прытулак знаходзяць тысячы ўкраінцаў. І навошта вылучаць асабліва хасідаў?

Вылучаю, бо ўжо такое было. Дэмакратычная Украіна, перанасычаная печывам ад Нуланд і заклікамі да свабод, разрабаваная зяцямі вашынгтонскіх эліт, проста не пусціла да сябе хасідаў. Што-што, а псаваць святы і жыццё свайму насельніцтву кіеўскія сюзераны ўмеюць. За гэта іх і трымаюць. Добра адпрацоўваюць ганарар. Дарэчы, мара крывавых ідэолагаў Нэзалэжнай спраўдзілася. Украіна ператварылася ў сапраўдную імперыю. Імперыю мрояў. Вопыт кінематаграфічнай і гумарыстычнай сцэны спатрэбіўся. Карцінку ўмеюць ствараць. А рэчаіснасць іншая.

Нацыяналісты ў доты ператвараюць нават рэлігійныя ўстановы. Умань. Старадаўняе мястэчка. Менавіта сюды ішлі на свята хасіды. Украіна іх сустрэла ўзброенымі парубкамі ў камуфліраванай форме натаўскай афарбоўкі. Беларусь дала прытулак. Урок не вывучаны. Ізноў — Умань, сінагога. Украінская палітычная рэчаіснасць.

У базу ўмоўнага «Азова» ператварылі сінагогу. Спачатку нацыяналісты ставілі сваю (ну як сваю, армейскі сэкэнд-хэнд ад заходніх дарадцаў) тэхніку сярод дзіцячых пляцовак — гэта, на жаль, стаўпы дэмакратыі не заўважаюць. У мяне адразу ўсплывае ў памяці карцінка з фільма «Брэсцкая крэпасць». Але то былі ворагі, а нашы жанчыны, дзеці і параненыя для зямлякоў Шылера — нелюдзі.

А хто тады ўкраінскія вайскоўцы і хто для ўкраінскіх вайскоўцаў дзеці Украіны? Жывы шчыт. Тады зразумела, за каго яны ваююць. За сваю ўладу альбо толькі за свае шкуры. Ну, у Вялікую Айчынную ў паліцаі і батальёны дырленвангераў разам з ідэйнымі забойцамі ішлі шкурнікі. Вось такая жудасная анталогія сучасных ВСУ. Нічога святога.

Адсюль зразумела, чаму каля сцен Святагорскай лаўры нацыяналісты размяшчаюць сістэмы паветранай абароны, а сінагогу Умані ператвараюць у склад зброі. Можна казаць пра парушэнне міжнароднага і гуманітарнага права, нормаў маралі. Яны ўсе ўмясціліся ў скрыні і мяхі са зброяй. А самі «ваякі» не грэбуюць перамяшчацца ў аўтобусах з пазнакай «Дзеці».

Калі раней нацыяналістаў параўноўвалі з нацыстамі, дык зараз гэты жудасны сінанімічны шэраг можна працягнуць. Цяпер украінскія нацыяналісты нагадваюць яшчэ і тэрарыстаў ІГІЛА. Тыя разбуралі сусветныя хрысціянскія святыні, гэтыя — святыні сваёй краіны. Нічога святога.

Усё святое для ўкраінскага народа ўжо даўно прададзена на Захад, сапраўдная гісторыя растаптана абцасамі нацысцкіх маршаў, а бясцэнны скарб абражаны рогатам гумарных пляцовак у прайм-тайм.

І хрысціяне, і іўдзеі ведаюць гэтыя прарочыя словы: «Гора тым, якія зло называюць дабром і дабро — злом, цемру шануюць святлом і святло — цемраю, горкае лічаць салодкім і салодкае — горкім». І нават зараз Зяленскі працягвае кпіцца. Яўрэяў абразіла яго заява, звернутая да Ізраіля. Маўляў, сітуацыя ва Украіне нагадвае халакост. А Тэль-Авіў ніякай дапамогі Кіеву не аказвае. У Кнэсеце адказалі: то недарэчныя паралелі. Маўляў, яўрэі памятаюць, як украінскія нацыяналісты знішчалі іх продкаў.

Адны толькі беларусы працягваюць аказваць дапамогу, не зважаючы на гісторыю сваіх вогненных вёсак. Нашу палітычную рэчаіснасць адлюстроўвае плошча ў Іўі, а Умань — гэта люстэрка палітыкі Кіева. Дарэчы, насамрэч сітуацыя ва Украіне нагадвае халакост. Супраць Бога і людзей.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».