Вы тут

Богдан: Беларускі саюз жанчын стаў значнай сілай у дзяржаве


У Барысаўскім раёне прайшло выязное пасяджэнне праўлення Беларускага саюза жанчын на тэму «Захоўваем гістарычную памяць у імя будучыні». Месца правядзення выбралі невыпадкова. Гэты край мае найбагацейшую гісторыю. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут дзейнічалі партызанскія атрады і злучэнні, падполле. У гэтым рэгіёне фашысты спалілі 133 вёскі.


Напачатку ўдзельнікі пасяджэння азнаёміліся з прамысловым патэнцыялам Барысаўскага раёна на прыкладзе закрытага акцыянернага таварыства «Белджы», наведалі мемарыяльны комплекс вайны 1812 года «Брылёўскае поле». Побач з барысаўскай сярэдняй школай № 25 пасадзілі «Алею памяці ў гонар жанчын — гераінь Вялікай Айчыннай вайны», пабывалі ў музеі «Ад бацькі да Бацькаўшчыны», які створаны ў гэтай установе адукацыі. Прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын папоўнілі экспазіцыю новымі экспанатамі — успамінамі, фотальбомамі ўдзельніц вайны.

Валянціна Пятроўна Баранава з Гродна прайшла ўсю вайну, вызваляла Прагу, брала Берлін. Сёння ёй 98 гадоў, але яна вядзе актыўны лад жыцця, сочыць за модай, іграе на фартэпіяна і акардэоне. Яна сама напісала ўспаміны для музея.

Наталля Якаўлеўна Кучынская была вязнем канцлагера, лячыла народных мсціўцаў у партызанскім атрадзе. Ветэран пражывае ў Бабруйску, выхавала выдатных сыноў, дачакалася ўнукаў. Жанчына працавала на швейнай фабрыцы «Славянка», таму заўсёды старалася, каб яе родныя выглядалі модна, як з іголачкі.

Клаўдзія Рыгораўна Логінава на пачатку Вялікай Айчыннай прасілася на фронт добраахвотнікам, але ў ваенкамаце ёй адмовілі. Павестку дзяўчыне ўручылі, калі ёй споўнілася 19 гадоў. У падмаскоўнай школе яна вывучылася на снайпера, на фронт трапіла ў 1944-м. Пасля вайны жыла ў Чалябінску, затым пераехала ў Мінск.

Уклад жанчын у Вялікую Перамогу вельмі значны, падкрэслівалі ўдзельніцы пасяджэння. І гэта сапраўды так, 90 з іх атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку 10 беларусак. Многія змагаліся з ворагам на фронце, у партызанскіх атрадах, падполлі, кавалі перамогу ў тыле на заводах, працавалі на калгасных палях. Пасля заканчэння вайны аднаўлялі гарады, сёлы, народную гаспадарку.

Шмат увагі надаюць гераічнаму мінуламу савецкага народа ў Беларускім саюзе жанчын. На гэтую тэму рэалізоўваюцца розныя праекты. У прыватнасці, некалькі гадоў ажыццяўляецца праект намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Ліліі Ананіч «Жаночы твар Перамогі».

«У мінулым годзе да Дня народнага адзінства мы зладзілі вялікае свята, — падкрэсліла старшыня БСЖ Алена Богдан. — Напярэдадні Дня Канстытуцыі правялі сустрэчу з дзецьмі, дзе расказалі аб змяненнях у Асноўны Закон краіны, што былі прыняты на Усенародным рэферэндуме. Падчас акцыі «Маміны пірагі» з пачастункамі наведалі вайсковыя часці, фарміраванні, падзяліліся матуліным цяплом з тымі, хто стаіць на варце абароны Радзімы. Цяпер рыхтуемся да вялікага рэспубліканскага мерапрыемства — жаночага форуму «Мір у руках жанчыны».

Лілія Ананіч акцэнтавала ўвагу на тэме гістарычнай памяці.

— У мінулым годзе быў прыняты Закон аб генацыдзе беларускага народа. Пад патранатам Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь ва ўсіх рэгіёнах краіны ствараюцца музейныя экспазіцыі, — расказала яна. — Распрацоўваецца электронны рэсурс «Спаленыя вёскі Барысаўскага раёна». Такі электронны фармат — спалучэнне розных ініцыятыў. Я чым магу, дапамагаю. Лічу, што мы, жанчыны, павінны паглядзець на гэтую тэму ў сваіх раёнах. Мы можам знайсці магчымасць, каб хоць якімі ўмоўнымі знакамі ўвекавечыць памяць аб вёсках, якія проста сцёрты з зямлі.

— Зразумела, што нельга паўсюль уладкаваць мемарыялы, помнікі. Але электронная форма цалкам даступная, дзякуючы ёй тэма генацыду можа стаць вядомай будучым пакаленням. Мы, як дэпутаты, будзем падключацца, каб дапамагчы кожнаму наладжваць кантакты з Цэнтральным архівам, дзе захоўваецца інфармацыя аб кожным знішчаным населеным пункце. Гэта сёння вельмі важна, — звярнулася Лілія Ананіч да ўдзельнікаў пасяджэння.

Дэпутат анансавала мерапрыемства, якое будзе прысвечана тэме жанчын на вайне, гістарычнай памяці. Яно адбудзецца 4 мая і рыхтуецца сумесна з архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

— Самае галоўнае, што мы працягваем абаграваць сваім цяплом усіх жанчын-ветэранаў вайны, якія яшчэ сярод нас. Ёсць яны і на Барысаўшчыне, — дадала парламентарый. — Вельмі важна, каб усё, што мы робім, было захавана як у нашым сэрцы, так і ў сэрцах нашых маладых людзей. І мы, як маці, бабулі, сваім прыкладам, разуменнем павінны перадаваць гістарычную памяць моладзі і наступным пакалення. У кожнай вобласці ў нашых арганізацыях шмат напрацовак у гэтым плане.

У 2022 годзе Мінскай абласной і раённымі арганізацыямі Беларускага саюза жанчын плануецца правесці больш за 700 тэматычных мерапрыемстваў, якія маюць гістарычнае і грамадска-палітычнае значэнне.

— Ужо іх прайшло больш за 100. Напярэдадні рэферэндуму ў Жодзіне быў арганізаваны абласны жаночы форум «Будуем будучыню разам», які стаў вялікай пляцоўкай для абмеркавання абноўленай Канстытуцыі. Жанчыны прынялі самы актыўны ўдзел у мітынгах, прымеркаваных да 33-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана, — канстатавала старшыня Мінскай абласной арганізацыі БСЖ Тамара Красоўская.

— Мы з'яўляемся нашчадкамі народа-пераможцы. Рэха вайны адбіваецца болем не толькі ў сэрцах беларусаў, але і мільёнаў людзей свету, якія глядзяць на праўду той вайны расплюшчанымі вачыма і разумеюць, што ў нацызму няма нацыянальнасці, і вераць, што зло будзе пакарана. Беларускі саюз жанчын будзе рабіць усё, каб захаваць у тых, хто жыве цяпер, і ў будучых пакаленнях гістарычную памяць, — рэзюмавала Тамара Красоўская.

Таццяна ГЕОРГІЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».