Вы тут

У Мінску стартуе акцыя «30 дзён да Перамогі»


У наступным месяцы Беларусь адзначыць знамянальную дату — 77 гадоў з дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аднак мінскія грамадскія арганізацыі разам з жыхарамі і гасцямі сталіцы ўжо сёння пачынаюць падрыхтоўку да гэтага свята. Яны анансавалі акцыю «30 дзён да Перамогі», якая пачнецца 9 красавіка.


Фота: БелТА

Комплекс мерапрыемстваў будзе прысвечаны святкаванню перамогі ў ВАВ — гэта датычыцца і сустрэч з вязнямі канцлагераў. Вольга Чамаданава, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, адзначыла, што арганізатары пастараюцца максімальна прыцягнуць да мерапрыемства жыхароў Мінска.

— Акцыя стартуе 9 красавіка аўтапрабегам. Мерапрыемства пачнецца ў Трасцянцы, каля мемарыяла ўрочышча Благаўшчына — там будзе праведзены мітынг, дзе збяруцца прадстаўнікі грамадскіх арганізацый горада, мінчане і астатнія ўдзельнікі акцыі. Таксама з нашым мерапрыемствам звязана дата 11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў. Затым аўтапрабегам мы пройдзем у мемарыяльны комплекс Хатынь, дзе таксама разам ускладзём кветкі.

Акрамя яскравых падзей на гістарычна значных для Беларусі месцах, плануецца правядзенне дыялогавых пляцовак з моладдзю, у якіх усе тэмы будуць прысвечаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут пра каштоўнасці падрастаючага пакалення выказаўся першы сакратар Мінскага гаркама БРСМ Раман Бандарук:

— Наша моладзь заўсёды гатова пайсці насустрач. Напрыклад, у Мінску налічваецца 181 воінскае пахаванне — там маладое пакаленне будзе наводзіць парадак і ўскладаць кветкі. Мы сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы па справах моладзі запусцім праект «Старонкі ваеннай гісторыі», дзе з 9 красавіка да 9 мая кожны малады чалавек можа размяшчаць факты, фота і пасты, звязаныя з гісторыямі сваіх сваякоў у перыяд ВАВ.

У акцыі «30 дзён да Перамогі» прыме ўдзел і Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь». Наталля Воранава, якая з'яўляецца старшынёй Цэнтральнай раённай арганізацыі ў Мінску, зрабіла акцэнт на абноўленай Канстытуцыі Беларусі:

— Сёння мы назіраем перапісванне старонак гісторыі з росквітам ідэй нацызму ў асобных пунктах планеты. Невыпадкова, што тэрмін аб захаванні праўды аб Вялікай Айчыннай вайне замацаваны ў абноўленай Канстытуцыі.

Старшыня Мінскага гарадскога аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Аляксандр Шчаковіч растлумачыў, што перад прафсаюзнымі арганізацыямі стаіць задача паказаць моладзі больш аб'ектаў, якія нагадваюць аб Вялікай Айчыннай вайне:

— Забаўляльныя і культурныя месцы можна наведаць заўсёды, але ў Год гістарычнай памяці важна паказаць спадчыну, якую нам захавалі прадзеды, дзяды і бацькі. За намі замацаваны «Курган Славы» — прыносім туды экспанаты, наводзім парадкі на гэтым вялікім помніку.

Уся інфармацыя аб галоўных падзеях акцыі будзе размешчана на сайце Мінгарвыканкама. Там ахвотныя даведаюцца аб датах, месцах правядзення і ўдзельніках мерапрыемстваў.

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны агульная для ўсіх нашых арганізацый. Мы максімальна зацікаўлены, каб пра яе гаварылі, абмяркоўвалі. Гэта той перыяд гісторыі, які не павінен заставацца ўбаку, — адзначыла Вольга Чамаданава.

Аляксей КАРПУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?