Вы тут

Майстар-клас па высадцы маладога лесу ад гомельскіх следчых


Супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці аднымі з першых у рэгіёне сталі валанцёрамі рэспубліканскай экалагічнай акцыі «Тыдзень лесу-2022».


Так, кампанія па аднаўленні лясоў на Гомельшчыне аб’яднала кіраўніцтва і супрацоўнікаў усіх структурных падраздзяленняў УСК вобласці. Гомельскія следчыя на чале з начальнікам упраўлення Сяргеем Удовікавым выйшлі на работу — у лес. Другі год запар супрацоўнікі ведамства дапамагаюць аднаўляць малады лес лесаводам Стара-Дзятлавіцкага лясніцтва Гомельскага вопытнага лясгаса. Летась следчыя таксама бралі ўдзел у высадцы маладога лесу на адведзенай лясніцтвам тэрыторыі. Сёлета ад ляснічых новае заданне — дапамагчы высадзіць хвойкі і бярозкі на месцы высечак саспелага лесу. Дадзены і новы «квадрат» для працы: каля двух гектараў, адведзеных пад пасадкі. Абавязковы інструктаж, дзяленне на пары: барозны пад сеянцы падзелены паміж удзельнікамі акцыі.

Начальнік упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў на «Тыдзень лесу» асабіста выходзіць трэці год запар. Кіраўнік ведамства ў рэгіёне лічыць, што магчымасць пабачыць рэальны вынік прыкладзеных намаганняў і разуменне карысці экалагічнага следу, безумоўна, матывуе браць удзел у падобных акцыях.

— Летась мы адмыслова з’ездзілі на дзялянку, якую дапамагалі работнікам лясніцтва аднаўляць маладым лесам годам раней. Глядзелі, як прыняліся дрэвы. І вось, калі бачыш вынік, то і працаваць — у задавальненне, — упэўнены Сяргей Удовікаў. — Такія акцыі, лічу, — гэта таксама і выдатная магчымасць згуртаваць калектыў.

Многія ўдзельнікі акцыі ўжо апрабавалі сябе і сваіх калег у працы летась: спяшаюцца ўстаць у тую ж пару. Але ёсць супрацоўнікі падраздзяленняў, якія толькі і пазнаёміліся ў цяперашнім экалагічным дэсанце. Такімі напарнікамі «Тыдзень лесу», на прыклад, зрабіў супрацоўніцу СК Таццяну Цыбульнік і следчага адзела ДТЗ Віктара Сысу. Мужчына ў пары — кіруецца з «мячом Колесава», а дама адказвае за пасадку сеянцаў у лункі. Таццяна і Віктар бадзёра асвойваюць пад малады лес адведзеную баразну. Але не саромеюцца і просяць дасведчаных лесаводаў лясгаса праверыць тэхніку выканання высадкі саджанцаў.

Вядома, кажуць, следчыя, прыжывальнасць будучых дрэўцаў залежыць ад таго, ці добра была выканана менавіта гэта задача.

— Ці прыжыўся сеянец, стане зразумела ўжо праз некалькі тыдняў. Павінна прачнуцца верхняя пупышка на парастку, — тлумачыць ляснічы Стара-Дзятлавіцкага лясніцтва Гомельскага вопытнага лясгаса Рыгор Рабцаў, які дапамагае ў працы следчым на лесасецы.

За год маладзенькія парасткі будучага лесу, высаджанага гомельскімі следчымі, паспее за першы год вырасці амаль на 10 сантыметраў, а пасля толькі прыбаўляць і прыбаўляць.

— Толькі б абавязкова прыжыліся, — з цеплынёй у голасе, закрываючы лунку з саджанцам, кажа следчы па асабліва важных справах Кацярына Сабадаш. — Са школы памятаю, высаджваюць звычайна змешаны лес, сасну і бярозу.

Адказвае на мае пытанні Кацярына Уладзіміраўна і яе напарнік па экалагічным дэсанце Андрэй Коркуц без адрыву ад работы. Абодва — супрацоўнікі ўпраўлення працэсуальнага кантролю УСК, кажуць, таксама разам удзельнічалі ў акцыі «Тыдзень лесу» летась. Таму і цяпер працуюць з сеянцамі вельмі зладжана. Аднымі з першых «закрываюць» першы засеяны шэраг даўжынёй каля 200 метраў.

— Мне яшчэ ў школе прыходзілася высаджваць малады лес. Сам родам з Ельскага раёна. У маёй роднай вёсцы Валаўск — лясніцтва, і нас школьнікамі бралі дапамагаць лесаводам, — прызнаецца старэйшы следчы Андрэй Коркуц і ў яго голасе адчуваецца настальгія па старых мясцінах.

Так, кажа, — на малой радзіме зараз атрымоўваецца бываць не так часта, як хацелася б. Таму такая магчымасць зноў апынуцца ў ролі памагатых ляснічым, бы вярнуць імгненне школьных гадоў.

Папрацаваць фізічна на свежым паветры і атрымаць задавальненне ад працы на добрую справу для роднай прыроды — магчымасці, якія з году ў год вабяць усе больш і больш супрацоўнікаў ведамства Гомельшчыны далучыцца да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі. Увогуле ж следчыя абласнога ўпраўлення СК далучаюцца да «Тыдняў лесу» шмат гадоў запар. Але актыўна і найбольш масава праваахоўнікі рэгіёну з вясновым экалагічным дэсантам прыходзяць на дапамогу лесаводам шосты год. Пачыналі з дапамогі работнікам Каранёскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу НАН Беларусі.

— Высаджвалі маладыя ялінкі, якія пазней лясгасы рэалізуюць падчас навагодніх свят. Летась ездзілі спецыяльна наведвалі тую высаджаную дзялянку. Ужо дрэвы дасягнулі больш за 70 сантыметраў у вышыню. Пройдзе час, і мы зможам убачыць на навагодніх ёлачных кірмашах дрэўцы, якія высадзілі супрацоўнікі нашага ведамства, — падзяліўся намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Аркадзь Траццякоў. — Між тым, варта адзначыць, што ўдзельнікамі рэспубліканскай экалагічнай акцыі «Тыдзень лесу-2022» стануць супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта вобласці ў кожным раёне Гомельшчыны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: УСК па Гомельскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.