Вы тут

«Гарадніцкі Вандроўнік»


У рамках трансгранічнага праекта ў свет выйшла ілюстраванае выданне, прысвечанае знакамітаму палітычнаму дзеячу ХVIII стагоддзя, гродзенскаму статасце Антонію Тызенгаўзу. Ён нарадзіўся на Навагрудчыне ў 1733 годзе. Больш дакладная дата невядома. Пражыў 52 гады. Дзень памяці гродзенскага старасты адзначаецца 31 сакавіка.


У Жалудку знаходзіцца ўсыпальніца роду Тызенгаўзаў, дзе ў крыпце пад алтаром мураванага касцёла разам з бацькам і братам, пахаваны сам Антоній, а таксама іншыя прадстаўнікі роду. У Фарным касцёле Гродна можна ўбачыць помнік з барэльефам вядомага палітычнага дзеяча. Яго ўстанавілі нашчадкі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яго імя носіць адна з цэнтральных плошчаў Гродна. Дык што гэта быў за чалавек і чаму заслужыў такую павагу будучых пакаленняў?

Ён жыў у складаны час. Войны, паўстанні, падзелы дзяржавы — у такіх умовах праходзіла яго рэфарматарская дзейнасць. Ён зразумеў, якая патрэба была ў нацыянальнай прамысловасці, хаця і меў нямала праціўнікаў прагрэсу. І толькі пасля смерці — у ХІХ-ХХ стагоддзях — Антоній Тызенгаўз ператварыўся ў сімвал мадэрнізацыі. З яго асобай звязаны першыя гаспадарчыя рэформы па стварэнні сучаснай прамысловасці, транспартнай інфраструктуры, першага вопыту трансфера еўрапейскіх тэхналогій, першай сістэмы прафесійнай адукацыі, першага вопыту рацыянальнай гарадской планіроўкі і тыпавой забудовы. Таксама ён вядомы сваёй культурна-асветніцкай дзейнасцю. І Гродзенскае ваяводства напрыканцы ХVIII, і Гродзенская губернія напачатку ХІХ стагоддзяў грунтаваліся менавіта на спадчыне Тызенгаўза. А зроблена было нямала. 

Невыпадкова, што месцам рэфарматарскіх ідэй стала Гродзеншчына — тут былі яго радавыя маёнткі. Да таго ж у сярэдзіне ХVIII стагоддзя горад лічыўся каралеўскай сядзібай, дзе працавалі дзяржаўныя установы, у тым ліку Вайсковая і Скарбовая (па-сучаснаму, фінансвая ці бюджэтная) камісіі. На часы кіравння Тызенгаўза прыпадае інтэнсіўны будаўнічы рух ва ўсіх каралеўскіх эканоміях, асабліва на Гарадзеншчыне. Узводзяцца бровары, цагельні, масты, ветракі, млыны. Тызенгаўз, як стараста, сачыў за папаўненнем казны. У тым ліку за сялянскія падатки, што выклікала незадаволенасць. Таму сяляне адносіліся да рэформаў асцярожна і нават варожа. 

Між тым тэмпы гаспадарчага развіцця дазволілі падскарбію штогод уносіць у каралеўскую казну значны прыбытак, даходы павялічыліся за год у некалькі разоў. Гэта двала магчымасць рабіць значныя інвестыцыі. 
Сродкі ішлі як на патрэбы каралеўскага двара, так і на развіццё новага адміністрацыйна-прамысловага цэнтра эканомікі Гарадніцы, свайго роду новы мікрарён, які межаваў з самім горадам. У выніку тут з’явілася новая вулічная сетка, якая ўдала ўпісвалася ў прыродны ландшафт, былі ўзведзены шматлікія будынкі адміністрацыйнага, культурнага, прамысловага і жылога прызначэння. І хаця падскарбій не паспеў ажыццявіць усе задуманыя планы, напрыклад пабудаваць тэатр оперы, абсерваторыю і шпіталь, яго дасягненні ўражвалі суайчыннікаў сваім размахам.

Галоўная вуліца тады называлася Раскоша (зараз Элізы Ажэшкі). Паабапал былі пабудаваны 20 басняцкіх дамоў з прускага муру (захаваўся адзін, там месціцца Музей гісторыі Гарадніцы). Паўночны бок плошчы займалі дзве афіцыны. У адной з іх «крывой» працавала музычная школа. Насупраць знаходзілася афіцына віцэ-губернатара. Гэтыя будынкі захаваліся, а сучасная музычная школа, якая месціцца ў адным з іх, носіць імя Тызенгаўза, як і сама плошча. 

У ХVIII стагоддзі ў Гродне пачынаюць развівацца мануфактуры. Быў створаны цэлы прамысловы комплекс — Кунштат, які мясціўся за горадам, на рэчцы Ласасянцы. Тут дзейнічалі мануфактуры па вырабу сукна. У другой французкія майстры пачалі вырабляць паясы па новых арыгінальных арнаментах. Праўда, працэс быў вельмі затратны, і вытворчасць праіснавала толькі шэсць гадоў. Але некалькі паясоў дайшлі да нашых часоў і захоўваюцца ў гродзенскіх музеях. Былі яшчэ спробы зладзіць залататкацкую і карункавую фабрыкі, але і яны былі асуджаны на няўдачы з-за дарагавізны сыравіны. І ўсё ж прамысловасць развівалася. З’явілася панчошная, васковая мануфактуры і нават карэтная фабрыка. Менавіта ў Гродне пачалі выпускаць першыя на Беларусі ігральныя карты, экзэмляры якіх ёсць у мясцовым музеі. 

У 70-я гады XVIII стагоддзя на Гарадніцы пачала развівацца металаапрацоўчая прамысловасць — кузні, майстэрні, прадпрыемства па вырабу зброі. Кароль наведаў майстэрню і заказаў паляўнічую зброю, пісталеты і стрэльбы. У той час пачала дзейнічаць гарбарная вытворчасць па перапрацоўцы скураў. На канец 70-х гадоў прамысловы Кунштат налічваў 23 прадпрыемствы, на якіх працавала больш за 1300 чалавек. Для рэалізацыі тавара ў Гродне была створана гандлёвая кантора, развіваліся шырокія кантакты з замежнымі краінамі. Тызенгаўз і сам ездзіў пад відам гандляра ў еўрапейскія сталіцы, каб набыць сыравіну і падпісаць дагаворы з банкамі. 

Трэба сказаць, што гродзенскі стараста рабіў стаўку не толькі на эканоміку. Ён добра ўсведамляў і сілу адукацыі, таму паступова стаў праводзіць асветніцкую палітыку. Такім чынам, у яго эканоміі было створана некалькі пачатковых школ. Для спецыялістаў ствараліся прафесійныя школы, нешта накшалт сённяшніх каледжаў. Самай вядомай гарадніцкай школай стала Медыцынская акадэмія, якая лічыцца першай на Беларусі. Будынак захаваўся да гэтага часу і зараз выстаўлены на продаж. Тагачасны батанічны сад стаў асновай сучаснага цэнтральнага гарадскога парку. З’явілася ў 1776 годзе у Гродне і свая друкарня. У гэты ж год выходзіць першая штотыднёвая газета. 

Пры Тызенгаўзе ў Гродне была створана музычная капэла і нават балетная трупа. Пачала дзейнічаць Гродзенская тэатральная школа, выкладчкамі якой былі пераважна італьянцы. Праўда, самога тэатру пабудавць ен не паспеў, хаця і марыў аб гэтым. Тэатр з’явіўся крыху пазней. 

Некаторыя праекты Тызенгаўза існавалі некалькі год, іншыя больш працяглы час, а некаторым не было наканавана адкрыцца. На паперы засталося будаўніцтва шэрагу металапрацоўчых праектаў, фабрыкі фаянсу, люстраў, цукроўні. Прычынамі няўдач яго сучаснікі адзначалі няўрымслівы характар Тызенгаўза, непаслядоўнасць яго дзеянняў, рызыкоўныя метады кіраўніцтва і памылковую кадравую палітыку. Мадэрнізацыя хоць і несла найноўшыя асветніцкія ідэі і тэхналогіі, грунтавалася на неэфектыўнай працы прыгонных сялян. Між тым, негледзячы на супярэчлівы характар яго метадаў кіравання і пераўтварэнняў, гродзенскі стараста пакінуў прыкметны след у гісторыі краіны. 

Некаторыя пабудовы былога адміністрацыйна-прамысловага раёну, які насіў назву Гарадніца, захаваліся і да сённяшняга часу. Усяго налічваецца каля дзесятка такіх будынкаў. У прыватнасці, былы басняцкі дом, дзе зараз месціцца музей гісторыі Гарадніцы. Дарэчы, баснякамі называлі конных пасланцаў, якія займаліся здабычай балотнай руды. На плошчы Тызенгаўза знаходзіцца некалькі старажытных будынкаў, у тым ліку, былая каралеўская гасцініца, якая нядаўна прайшла рэканструкцыю і зноў набыла рысы велічнага аб’екта. Зараз тут праходзяць урачыстыя мерапрыемствы і пасяджэнні. Дарэчы, менавіта тут можна ўбачыць усе былыя аб’екты той эпохі. Іх увасобілі мастакі на сваіх карцінах падчас пленэра. Зараз яны ўвайшлі у склад агульнай карціннай галерэі, якая адлюстроўвае гісторыю Гродна перыяда рэфарматарства. 

Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.