Вы тут

Ансамбль «Васілёк» атрымаў Гран-пры конкурсу «Час танцаваць»


Узорны харэаграфічны ансамбль «Васілёк» з Бабруйска атрымаў званне лепшага калектыву і Гран-пры адкрытага рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Час танцаваць».


Узорны харэаграфічны ансамбль «Васілёк»

Творчае спаборніцтва адбылося на мінулых выхадных у канцэртнай зале «Мінск» і аб’яднала больш за 1000 удзельнікаў з 15 гарадоў Беларусі.

Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, Узорны тэатр танцаў «Прэм’ер-Спонайд» з Полацка.

Маштабны сацыяльны праект вызначыў лепшых у самых розных катэгорыях — ад класічнай харэаграфіі да вулічных кірункаў. 

Прафесійнае журы праглядзела больш за 80 нумароў. Танцоры выступалі ў такіх намінацыях як «Народна-стылізаваны танец», «Народны танец», «Вольны кірунак», «Класічны танец», «Сучасная харэаграфія», «Эстрадны танец» і інш.

Дырэктар рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіравання справамі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Сідарэнка адзначыў, што на мерапрыемстве прысутнічалі як прафесійныя, заслужаныя калектывы, так і аматарскія, прыватныя студыі танца, адпаведна, быў і розны ўзровень падрыхтоўкі, аднак у плане харэаграфіі ўсе выступалі годна.

- Ёсць што паглядзець і паказаць на сцэне, - кажа Аляксандр Сідарэнка. Прыемна, што актыўна гэта ўспрымаюць гледачы і ўдзельнікі конкурсу, якія з вялікай цікавасцю сачылі за выступленнямі розных калектываў і вучыліся, дэманстравалі свой вопыт. Цікава было назіраць збоку, як педагогі ўспрымалі іншыя калектывы, як яны прыкмячалі новыя падыходы, рухі, касцюмы. Дакладна разумееш, што гэты вопыт памнажаецца, потым разляціцца па ўсіх кутках краіны і будзе прымяняцца на практыцы.

Каб адчуць дух сапраўднай конкурснай барацьбы, дастаткова было зазірнуць за кулісы і пагаварыць з самімі ўдзельнікамі.

Нам удалося пагутарыць з улудальнікам Гран-пры - Станіславам Уценкам, адным з кіраўнікоў калектыву. Малады чалавек падзяліўся, што сам з дзяцінства займаўся ў «Васільку», а пасля заканчэння бабруйскага каледжа мастацтваў вярнуўся па размеркаванні ў родны ансамбль, дзе і працягвае займацца танцамі, але ўжо ў якасці харэографа.

- Канкурэнцыя сапраўды была вельмі вялікая, - кажа бабруйчанін. — На сцэне было вельмі шмат розных калектываў, шмат годных нумароў. У «Васілька» былі тры нумары пад народную стылізацыю —«Пастушкі», «Варанька» і «Кола». Гэта рознаўзроставыя групы. На конкурс нас прыехала 43 чалавекі — цэлы аўтобус. Мы, вядома, вельмі рады перамозе і ўдзячныя ўсім, хто арганізаваў такі цудоўны конкурс!

Калектыву Узорнага ансамбля танца «Забавушка», каб прыехаць з Ліды ў Мінск, прыйшлося падняцца ў тры гадзіны ночы. Аднак нягледзячы на гэта, дзеці ў бадзёрым настроі рыхтаваліся да чарговага выхаду на сцэну. Кіраўнік калектыву Наталля Валюшкевіч расказала, што ў першым аддзяленні конкурснай праграмы яе старэйшыя выхаванцы дуэтам выконвалі пастаноўку «Чаяванне» і танец «Баявая калясніца». У другой палове дня танцаваў малодшы склад, гэта дзеці 8-10 гадоў, якія прадставілі на суд журы эстрадны танец «Няўлоўны Джо». У галоўнай ролі выступаў Максім Ціхно. Танцамі ён займаецца ўжо сёмы год, і гэта не першы конкурс хлопчыка.

— Мне вельмі падабаецца ўдзельніаць у конкурсах, гэты не першы, аднак усё роўна я хваляваўся, — адказаў маленькі артыст.

Наталля Валюшкевіч адзначыла, што ў іх дзіцячай школе мастацтваў, пры якой дзейнічае ансамбль, дзеці займаюцца і народным, і класічным, і сучасным танцамі.

— Наша школа таксама арганізоўвае конкурсы, і мы вось глядзім, вучымся. Нам вельмі падабаецца, ад конкурсу толькі станоўчыя пачуцці. Усё цудоўна арганізавана, наш куратар дапамагаў на працягу ўсяго дня, мы вельмі задаволеныя.

І сапраўды, рэдка яшчэ дзе можна было ўбачыць адначасова столькі танцораў, захопленых і падрыхтаваных, якія вельмі хацелі паказаць сябе і свае калектывы. Сярод іх былі і зусім юныя.

Валерыі Мальцавай усяго шэсць гадоў. На конкурс яна прыйшла з мамай Юліяй. Маленькая балерына прадставіла нумар з класічнай харэаграфіі — варыяцыю «Анюты» з аднайменнага балета.

— Мы з трох гадоў наведваем балетную школу «Little swan» і асобна бяром урокі па рэпертуары ў прымы нашага Вялікага тэатра оперы і балета, народнай артысткі Ірыны Яромкінай, яна наш кіраўнік, — расказала Юлія.

І нават пры ўсім гэтым для мамы і дочкі месца не важнае, а важны ўдзел. Для дзіцяці, лічыць Юлія, выступленне на сцэне і ёсць свята, а таксама матывацыя і стымул займацца танцамі далей.

А вось для Заслужанага аматарскага калектыву Беларусі, Узорнага тэатра танцаў «Прэм’ер-Спонайд» з Полацка не ўпершыню ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах. Як адзначыла кіраўнік калектыву Вераніка Навіцкая, раней іх тэатр танца ездзіў вельмі часта на конкурсы, аднак з-за пандэміі быў невялікі перапынак. І нават у гэты час калектыў паспеў выступіць на «Славянскім базары». І калі даведаліся, што праходзіць такі конкурс, з вялікім задавальненнем адразу ж згадзіліся ў ім удзельнічаць.

— Мы прадставілі пяць нумароў — гэта вельмі шмат, прывезлі 60 чалавек. Усе нумары ў нас разнажанравыя — гэта стылізаваны танец, эстраднае шоу, проста эстрадныя нумары — на любы густ, — падзялілася Вераніка Навіцкая.

Усе ўдзельнікі конкурсу змагаліся па кожнай з прадстаўленых намінацый.

Склад прафесійнага журы быў сфарміраваны арганізатарамі конкурсу з ліку прафесійных харэографаў па ўсіх заяўленых кірунках, прадстаўнікоў арганізатара, партнёраў конкурсу. Гэта мастацтвазнаўцы, прафесійныя балетмайстры, харэографы-пастаноўшчыкі, народныя артысты Беларусі, мастацкія кіраўнікі і педагогі. Старшынёй журы конкурсу выступіла загадчыца кафедры харэаграфіі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат навук, член экспертнага савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва Святлана Гуткоўская.

Як адзначылі члены журы, усе ўдзельнікі конкурсу змагаліся за галоўнае месца ў цяжкай канкурэнтнай барацьбе. Каб патрапіць у фінал, неабходна было прайсці сур’ёзны адбор сярод найлепшых. Арганізатары пастараліся, каб ні адзін удзельнік не застаўся без увагі — кожны калектыў атрымаў дыплом удзельніка, найлепшым былі ўручаны дыпломы лаўрэатаў розных ступеняў. А вечарам на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання назвалі імя пераможца.

Трэба адзначыць, што ва ўдзельнікаў конкурсу была цудоўная магчымасць атрымаць канструктыўныя заўвагі па ўдасканаленні свайго харэаграфічнага майстэрства, набыць неацэнны вопыт. Дзеля гэтага на конкурс быў запрошаны балетмайстар - рэпетытар Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву «Крыжачок», заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігар Музалеўскі, які правёў з удзельнікамі майстар-клас па народнай харэаграфіі. Азам класічнай харэаграфіі вучыла заслужаная артыстка Беларусі, артыстка балета Вялікага тэатра оперы і балета Юлія Дзятко. А майстар-клас па сучаснай харэаграфіі правяла артыстка Zaleski Dance Design Show (D.J.ZS.K.I.) Алена Падольская.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Дзятко дае майстар-клас па класічным танцы

Па словах Аляксандра Сідарэнкі, майстар-класы - гэта неацэнны падарунак для тых, хто захапляецца танцам:

— На нашай конкурснай сцэне яны праводзіліся экспертамі ў сваім кірунку, і было бачна, што далёка не ўсе ўдзельнікі, хто выйшаў на майстар-клас, ведалі азы. Аднак у кожнага харэографа свае падыходы і спосабы падрыхтоўкі. Менавіта для гэтага мы і запрасілі заслужаных і народных артыстаў Беларусі. Па выніках праходжання майстар-класаў кіраўнікам калектываў выдалі спецыяльныя сертыфікаты, і я ўпэўнены, удзельнікі раз’едуцца па сваіх рэгіёнах, атрымаўшы новыя веды і навыкі, будуць над гэтым працаваць і рыхтавацца ўжо да наступных праектаў.

«Цікавасць да харэаграфічнага мастацтва настолькі шырокая, што ўкласціся ў адзін дзень сапраўды было складана. Мерапрыемства пачалося а восьмай раніцы, а завяршылася толькі а дзявятай вечара. Зразумела, што колькасць калектываў абавязвае да іншага фармату. Ёсць асобныя намінацыі, якія патрабуюць асобнага конкурсу. Аднак у краіне з-за пандэміі шматлікія праекты спыніліся, таму, вельмі важна цяпер даць дзецям магчымасць праявіць і паказаць сябе на сцэне», – падкрэсліў дырэктар рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіравання справамі.

Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы міністэрстваў культуры, адукацыі і інфармацыі, Нацыянальнага прэс-цэнтра. Генеральны партнёр – «Беларусбанк».

Надзея ЗУЕВА

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.