Вы тут

Ігар Тур: Я за тое, каб год пажыць без інтэрнэту!


Мой суразмоўнік — Ігар Тур — палітычны аглядальнік тэлеканала АНТ. Чалавек, які з дзяцінства марыў стаць журналістам, але не дзеля славы, падарожжаў ці грошай. Галоўная мэта — ведаць пра тое, што адбываецца на самай справе. У 2021 годзе наш Прэзідэнт на просьбу Ігара задаць пытанне адказаў: «А чаго ты не ведаеш? Ты ж усё ведаеш!» Сапраўды, у 2020 годзе Тур стаў адным з тых журналістаў, якія актыўна ўключыліся ў супрацьстаянне інфармацыйнай агрэсіі ў нашай краіне. Ён і сёння ўзнімае самыя актуальныя і неадназначныя тэмы, развенчвае фэйкі, стварае аўтарскія праграмы, бярэ актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, вядзе свой тэлеграм-канал.


— Ігар, ёсць меркаванне, што ў адрозненне ад класічнай вайны, мэта якой — знішчэнне жывой сілы і інфраструктуры праціўніка, мэта інфармацыйнай вайны — знішчэнне самасвядомасці, змяненне ментальнай асновы грамадства, наступствы якой праявяцца праз пакаленне, калі зрабіць штосьці будзе немагчыма. Наколькі вы згодныя з гэтым меркаваннем?

— Сапраўды, калі казаць пра інфармацыйную вайну супраць нас — славян, то канчатковая стратэгічная мэта, вядома, у змяненні свядомасці, каб праз нейкі час на тэрыторыі Беларусі і Расіі сфарміравалася тое грамадства, якое сфарміравалася на тэрыторыі Украіны і Прыбалтыкі. Яно адмаўляе савецкае мінулае, выступае супраць агульнай гісторыі і мае вялікае жаданне далучыцца да Еўропы — тэрыторыі дабрабыту.

Але кожная вайна, інфармацыйная ў тым ліку, дзеліцца на пэўныя спецаперацыі, у якіх ёсць лакальныя мэты. Напрыклад, у 2020 годзе тактычная задача інфавайны ў Беларусі складалася ў тым, каб дэманізаваць вобраз існуючай улады. Беларусам навязвалася думка: калі наш Прэзідэнт пакіне сваю пасаду, то адразу ў нас наступіць райскае жыццё. Што датычыцца Расіі цяпер, сітуацыя ідэнтычная. Чаго толькі ні пішуць пра Уладзіміра Пуціна! Дасягненне кожнай тактычнай мэты — гэта крок да таго, каб завалодаць мысленнем людзей, якія пражываюць на пэўнай тэрыторыі. Што адбываецца далей? Калі забіраецца розум людзей, працэс на гэтым не заканчваецца, трэба штосьці прапанаваць наўзамен. Наступны крок — гэта ўкараненне ідэі глабалізацыі з яе ўсеагульнымі дабротамі: свабодны рынак, аніякіх меж. У выніку ў дзяржавах, якія больш слабыя, вымываецца эканоміка, пераразмяркоўваецца рабочая сіла. Укараненне глабалізацыі дае перавагу выключна краінам-лідарам. Еўропа зацікаўленая ў рабочай сіле на сваёй тэрыторыі, яе не цікавіць развіццё іншых краін. Калі мы страцім розум і паддадзімся на інфармацыйнае ўздзеянне, то наша краіна проста апусцее.

— «Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам». Наколькі сёння гэты тэзіс актуальны? І ці можам мы канстатаваць, што падчас інфармацыйнай вайны больш важна валодаць не інфармацыяй, а ведамі пра тое, як працуе галаўны мозг чалавека?

— « Гэты тэзіс сёння страціў сваю актуальнасць, таму што інфармацыяй пачалі валодаць усе. Акрамя таго, усе пачалі інфармацыю ствараць. Чалавек, які бачыць у інфармаванні псіхалагічнае ўздзеянне, разумее, перш за ўсё, тэхнічны працэс гэтага ўздзеяння. Я за тое, каб тлумачыць, асабліва маладому пакаленню, што такое псіхалогія народных мас, як гэта працуе. Гэта рэчаіснасць, і наша задача — жыць у ёй асэнсавана. Лічу, што сёння вельмі важна асновы псіхалогіі вывучаць з ранняга ўзросту. Каб людзі разумелі, што інфармацыя — гэта не проста «быць у курсе падзей», гэта інструмент псіхалагічнага ўздзеяння, і ўсё гэта працуе па пэўных законах, якія даўно вывучаны і даследаваны.

— Сапраўды, калі кожны чалавек мае магчымасць быць стваральнікам інфармацыі, у выніку ў інтэрнэт-прастору вывальваецца велізарны паток навін, многія з якіх фэйкавыя і ўздзейнічаюць найперш за ўсё, на эмоцыі. Як чалавеку ў такой сітуацыі не атрымаць інфармацыйную кантузію?

— Безумоўна, выбар за чалавекам: чытаць ці не чытаць. Калі казаць пра тое, што цяпер адбываецца ў інфармацыйным полі, то ўсе чытачы павінны разумець, што спецаперацыя ідзе не толькі рэальна, але і віртуальна, каб дэстабілізаваць праціўніка і ўздзейнічаць на супрацьлеглы бок, уключаючы мірнае насельніцтва. Прычым гэта робяць абодва бакі. Адносіцца з даверам да ўсяго неразумна. Што трэба рабіць, каб не з'ехаць з глузду? Адзіны інструмент, які, на мой погляд працуе, — гэта перанасыціць медыяполе такой колькасцю інфармацыі, каб чалавек, апынуўшыся на краі, сам сабе сказаў: «Усё, я больш не магу гэта чытаць і прымаць блізка да сэрца!» Толькі так і спрацуе, як мне здаецца. Вядома, можна параіць чытаць толькі афіцыйныя крыніцы інфармацыі. Але ж людзі робяць свой выбар самі і не заўсёды ў бок афіцыйных крыніц. Што мы бачым сёння: Украіна адчыніла сапраўдную скрыню Пандоры. І гэта вялікая праблема: афіцыйныя крыніцы з боку Кіева трансліруюць фэйкі. І гэта пацвярджалася шмат разоў. Такім чынам, тэзіс «карыстайцеся толькі праверанымі крыніцамі» сёння не працуе. Хлусіць могуць усе. І гэта вялікая праблема.

— Пры дапамозе якіх інструментаў сёння асабіста вы захоўваеце сябе?

— Мне пашанцавала: дзякуючы сваёй рабоце я вельмі недаверлівы чалавек. Каб я паверыў у праўдзівасць пэўнай інфармацыі, патрэбныя час і доказы яе сапраўднасці. Мне ў гэтым сэнсе прасцей. Мая прафесія дазваляе знаходзіць людзей, якія добра разумеюць тую ці іншую сітуацыю і могуць аргументавана данесці свой погляд. Такія зносіны вельмі каштоўныя. Я практычна не чытаю тэлеграм-каналы. Лічу, што цяпер гэта не мае сэнсу. Колькі б я не праглынуў гігабайтаў інфармацыі, на маё разуменне і на сутнасць працэсаў, якія адбываюцца вакол, гэта не паўплывае. Таму я шукаю людзей-прафесіяналаў у ваеннай справе, у эканоміцы, у палітыцы і абмяркоўваю з імі тое, што адбываецца сёння. Безумоўна, ёсць яшчэ адна крыніца інфармацыі — афіцыйная, але якая не прысутнічае ў адкрытым доступе. Яна самая каштоўная! І вось у гэтым сэнсе тэзіс «Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам» я б дапоўніў: хто валодае інфармацыяй, даступнай абмежаванай колькасці людзей, той валодае светам.

— Хто павінен падставіць чалавеку плячо падчас інфармацыйнай вайны, і як вы пазбаўляецеся ад негатыўных эмоцый, якіх сёння шмат?

— Родныя і любімыя людзі. Калі дома чалавек акружаны пяшчотай і любоўю, мае падтрымку, то ўсё будзе добра. Калі прыносіць дамоў інфармацыйны шум і смецце, будзе толькі горш. Як паказаў 2020 год, разбураліся сем'і, людзі разводзіліся, таму што члены сям'і неслі ў сваю асабістую прастору негатыўныя эмоцыі ад інфармацыйнага ціску. У мяне з роднымі ёсць такое правіла: дом — гэта тэрыторыя, свабодная ад інфапатокаў, і мы не абмяркоўваем там аніякія навіны. Дома трэба акумуляваць пазітыў: дарыць адзін аднаму добры настрой, марыць, будаваць планы... Што датычыцца пазбаўлення ад негатыўных эмоцый, самы экалагічны спосаб — баня ці саўна. Пад уздзеяннем розных температур адключаецца галаўны мозг, адбываецца расслабленне і сапраўднае перараджэнне.

— Нават цяпер ёсць людзі, якія чакаюць нейкага вяртання назад, скажам, у пачатак 2020 года. Як вы лічыце, а ці будзе так, як раней?

— Чакаць не трэба! Так, як было раней, дакладна не будзе. Сядзець ціха і чакаць гэтага — тупік. Сёння самы час перабудоўваць сваё мысленне. Спачатку трэба разабрацца ў сабе, падумаць над сваім жыццём у апошнія гады, выявіць яго перавагі і недахопы ў сувязі з тым, што адбывалася ў краіне, і, зразумела, у адпаведнасці са сваімі асабістымі паводзінамі. Калі кожны чалавек сам сабе шчыра адкажа на пытанні: чаму яго жыццё менавіта такое, з якой прычыны ён прыйшоў у гэты пункт, а не ў іншы, — менавіта такі самааналіз дапаможа яму разабрацца не толькі ў сабе, у тым, што адбываецца ў свеце, але і вызначыць рэзерв для росту.

— Каб правесці такі карысны самааналіз, чалавек павінен самаізалявацца, а гэта сёння практычна немагчыма...

— Так, поўная адсутнасць адзіноты — гэта, на мой погляд, яшчэ адна праблема сучаснага чалавека. Мы прывыклі думаць пра гэты стан з адценнем негатыву. На самай справе перавага пабыць сам-насам з сабой для чалавека відавочная: гэта магчымасць падумаць пра самога сябе, пафіласофстваваць, правесці аналіз пэўных падзей, зрабіць свае вывады. А што мы маем у сённяшняй рэчаіснасці? Разуменне жыцця дэвальвавалася. Ты павінен пастаянна мець з кімсьці зносіны і дэманстраваць у сацыяльных сетках сваё жыццё. А калі табе няма чым заняцца, ты аўтаматычна бярэш у рукі смартфон і пачынаеш глядзець, чытаць, як жывуць іншыя.

— Вядомы расійскі псіхолаг Міхаіл Лабкоўскі лічыць: «Адзінокі чалавек — гэта не той чалавек, каму няма з кім пагутарыць, а той, якому не сумна самім з сабой»...

— Я падзяляю гэтае меркаванне. І лічу, што трэба выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб пабыць у адзіноце і, перш за ўсё, без тэлефона і без інтэрнэту. Перавагі відавочныя: ты пачынаеш больш шырока бачыць людзей і прастору вакол сябе, ты вяртаешся да сябе сапраўднага, ты зноў знаходзіш магчымасць фарміраваць свае асабістыя думкі і не дазваляеш тэлефону фарміраваць твае думкі за цябе. Я за тое, каб пажыць год без інтэрнэту. Каб мы проста вярнуліся да сябе сапраўдных, пераасэнсавалі каштоўнасці, стварылі новую сістэму каардынат.

— Як вы лічыце, інфармацыйная вайна можа калісьці скончыцца? І ці будуць у ёй пераможцы?

— У інфармацыйнай вайне няма канца, і не прадбачыцца. Сёння гэта наша рэчаіснасць. Калі адкінуць глабальны інтэрнэт-апакаліпсіс з адключэннем інтэрнэту ці рэзкім скарачэннем колькасці інфармацыйных крыніц, інфавайна за розум і свядомасць людзей з выкарыстаннем новых методык і інструментаў будзе працягвацца. Але ж пераможцаў у ёй, на жаль, не будзе. Урон будзе нанесены ўсім удзельнікам. Самы важны момант — мінімізаваць наступствы асабіста для сябе. І, калі ёсць магчымасць і жаданне не стаць ахвярай гэтай вайны, то гэтае рашэнне трэба прыняць цяпер!

Кацярына ТУМАС—ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Ігара Тура

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.