Вы тут

Фантомныя болі лімітрофа. Дзе захоўваецца тэкст Акта аб незалежнасці Літвы?


Гісторыя першай паловы ХХ стагоддзя на нашай і блізкіх ад нас тэрыторыях нагадвае часам захапляльны дэтэктыў, часам — авантурны раман. Яшчэ цікавей становіцца, калі пачынаеш праводзіць паралелі паміж тым часам і сённяшнім. Многае становіцца зразумелым, многае можаш растлумачыць. Пра нас, пра суседзяў, пра адносіны.

Вось, напрыклад, Літва. Самы блізкі (па адлегласці паміж сталіцамі) і самы няўрымслівы на сёння сусед. Адкуль што бярэцца? І пачыналі ж, здаецца, разам — і ў сярэднявеччы, і пасля Першай сусветнай. А шляхі ўрэшце кардынальна разышліся. Ці два гады назад усё пачалося? А можа, нашмат раней, яшчэ сто гадоў назад?

Каб адказаць — трэба ведаць. Ведаем няшмат. А гісторыя, як і наогул у першай палове ХХ стагоддзя, — цікавая. Асабліва калі гутарыць пра яе са спецыялістам, які «ў тэме». Напрыклад, з Сяргеем Траццяком, кандыдатам гістарычных навук, загадчыкам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


— Сяргей Аляксандравіч, у мінулым нашым расповедзе пра Брэсцкі мір вы згадалі цікавы факт, за які я не магла не зачапіцца, каб не распытаць пра яго асобна. Акт аб незалежнасці Літвы, самы важны для дзяржавы дакумент, аказваецца, яшчэ з 1918 года захоўваецца ў іншай краіне. Як так атрымалася?

— Тут трэба пачынаць з 1915 года, калі тэрыторыя сучаснай Літвы, якая была часткай Расійскай імперыі, апынулася пад нямецкай акупацыяй. Германскія войскі, якія вялі ваенныя дзеянні пад сцягам вызвалення малых народаў з-пад прыгнёту імперыялістаў (сябе Германія імперыялістам не лічыла), захапіўшы гэтыя тэрыторыі, першае, што зрабілі, заявілі, што гэтыя землі ніколі не вернуцца пад уладу Расіі, што лёс гэтых тэрыторый будуць вызначаць самі народы. Іншая справа, якія народы на тых тэрыторыях немцы мелі на ўвазе. Вільгельм ІІ зыходзіў з таго, што трэба аднавіць Польшчу ў колішніх граніцах. Больш за тое, у яго «Дэкларацыі да літоўскага народа» (меўся на ўвазе народ колішняга ВКЛ) Вільня называлася «перлінай Кароны Польскай». Спачатку на акупаванай тэрыторыі было дазволена выданне газет і часопісаў на польскай мове, з вялікай цяжкасцю ўдалося дабіцца выдання беларускіх газет, таго ж «Гомана», а літоўская прэса была ўвогуле забаронена...

— А пасля ўспомнілі і пра літоўцаў?

— Праз нейкі час у Берліне зразумелі, што вялікая моцная Польшча не ў інтарэсах Германіі. Бо Каралеўства Польскае, якое было створана на акупаванай тэрыторыі былога Царства Польскага, што ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, павінна было, паводле планаў пасляваеннага ўрэгулявання, трапіць у сферу інтарэсаў Аўстра-Венгрыі. Каралём польскім, як меркавалася, будзе хтосьці з дому Габсбургаў. Узмацненне дому Габсбургаў вялікімі тэрыторыямі ішло насуперак інтарэсам Германіі, якая бачыла сябе галоўнай дзяржавай Цэнтральнай Еўропы. Разумеючы гэта, немцы адмовіліся ад ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай у граніцах 1772 года. Да таго ж у іх былі свае захопніцкія планы ў Прыбалтыцы. У прыватнасці, тэрыторыі сённяшніх Латвіі і Эстоніі павінны былі стварыць Балтыйскае герцагства, якое б непасрэдна падпарадкоўвалася Германіі.

У такім выпадку паўставала пытанне: калі не Рэч Паспалітая — што рабіць з тэрыторыямі сучаснай Літвы і Заходняй Беларусі? І ў 1916 годзе быў узяты курс на тое, каб падтрымаць нацыяналізм малых народаў — без адраджэння буйных дзяржаўных утварэнняў. Фельдмаршал Гіндэнбург абвясціў курс на роўнае стаўленне да ўсіх нацый. (Пры гэтым, праўда, руская мова на акупаваных тэрыторыях была забаронена). У 1916 годзе быў дадзены поўны дазвол на літоўскую нацыянальную прапаганду на тэрыторыі Жмудзі, Віленшчыны і Заходняй Беларусі. Было дазволена выдаваць літоўскія газеты і часопісы. Фактычна было дадзена «добра на стварэнне так званай Малой Літвы ў межах ваенна-каланіяльнага ўтварэння Обер-Ост...

— І тут, напэўна, абурыліся палякі...

— Так. Яны ўбачылі, што ніякай Польшчы ў граніцах 1772 года немцы не жадаюць, што яе не будзе. Больш за тое, тыя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, якія ў 1916 годзе не былі акупаваныя Германіяй, нямецкі ўрад быў згодны пакінуць пад уладай Расіі ў выпадку мірнага ўрэгулявання (праўда, з агаворкай, што ўся Прыбалтыка, як гаварылася вышэй, павінна была стаць нямецкай. Немцы нават склалі план, як абмяняць аўстра-венгерскую Галіцыю на расійскую Прыбалтыку). Вялікая польская мара разбуралася на вачах...

Але тут здарылася Лютаўская рэвалюцыя 1917 года ў Расіі. Яна прывяла да таго, што Часовы ўрад вымушаны быў дазволіць у імперыі свабодную нацыянальную агітацыю. У сакавіку 1917 года Часовы ўрад прыняў рашэнне, што Польшча стане па выніках вайны незалежнай. Літоўскія актывісты, якія на той момант апынуліся ў Расіі, пачалі ствараць свае арганізацыі і выступілі з патрабаваннямі дзяржаўнай аўтаноміі Літвы ў складзе федэратыўнай дэмакратычнай Расіі (у той час як сама Літва была пад немцамі). І тады германскі ўрад даў дазвол на правядзенне ў Вільні літоўскай палітычнай канферэнцыі. Яе старшынёй быў абраны Антанас Смятона, лідар партыі літоўскіх нацыяналістаў. На канферэнцыі была створана Літоўская Тарыба (Савет), якая ўзяла на сябе функцыі па падрыхтоўцы стварэння незалежнай дзяржавы. 11 снежня 1917 года Тарыба выдала дэкларацыю аб тым, што жаданай формай дзяржаўнага ўладкавання Літвы ў пасляваенным свеце яна бачыць каралеўства ў складзе ці ў цесным саюзе з Германскай імперыяй. Прычым каралём павінен быў стаць адзін са шматлікіх германскіх прынцаў. Нават у якасці валюты ў пасляваеннай Літве мусіла хадзіць нямецкая марка...

— Ну, калі б яны заявілі інакш, немцы проста б не далі ходу іхнім ідэям.

— Несумненна. Але якраз у гэты час пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі было абвешчана права народаў на самавызначэнне аж да поўнага аддзялення. (Мелася на ўвазе не толькі ад Расіі, але і ад іншых імперыялістычных дзяржаў таксама). Пачынаецца Брэсцкая мірная канферэнцыя. Літоўскай дэлегацыі на ёй няма, але ў якасці дарадцы дэлегацыі Украінскай Народнай Рэспублікі прысутнічае літоўскі палітычны дзеяч Аўгусцінас Вальдэмарас. Ён быў з тых літоўцаў, што апынуліся на тэрыторыі Расіі, але ў савецкую дэлегацыю ўвайсці не мог, бо не падтрымліваў бальшавікоў. З Брэста ён пачаў ліставацца з Тарыбай і даў інфармацыю, што не трэба рабіць стаўку на Германію, бо тая можа пацярпець паражэнне ў вайне. Таму, маўляў, дэкларацыя аб незалежнасці Літвы павінна быць складзена ў такім ключы, каб любы пераможца ў вайне мог прызнаць гэты дакумент і Літву як самастойную дзяржаву...

— Наўрад ці гэта спадабалася б немцам, пад юрысдыкцыяй якіх Тарыба дзейнічала...

— Так яно і выйшла. 16 лютага 1918 года Літоўская Тарыба прыняла акт, якім абвясціла незалежнасць і ад Расіі, і ад Германіі. Прычым пытанне аб дзяржаўнай уладзе і форме праўлення абышла... Зразумела, што камандуючаму Усходнім фронтам прынцу Леапольду Баварскаму, як і іншым высокім нямецкім чынам гэта, мякка кажучы, не вельмі спадабалася. Тэкст дэкларацыі германцы ў Тарыбы літаральна адабралі і вывезлі ў Берлін. А саміх дзеячаў, якія яе складалі і падпісвалі, пасадзілі пад хатні арышт, пакуль яны не абдумаюцца. Тыя абдумаліся даволі хутка і вярнуліся да палажэнняў Дэкларацыі ад 11 снежня 1917 года — дзе і саюз з Германіяй, і нямецкі прынц на чале (Дарэчы, прынцу ўжо і імя было абранае — Міндаўгас ІІ)...

— Атрымліваецца, арыгінал таго лютаўскага дакумента, які так не спадабаўся немцам, і грунтуючыся на якім сучасная Літва адзначае Дзень незалежнасці, і сёння знаходзіцца дзесьці ў Германіі...

— Так, у архіве МЗС Германіі. Некалькі гадоў таму, на святкаванне юбілею незалежнасці Літвы, Германія прадставіла гэты дакумент на выставу. А калі выстава скончылася — забрала назад. Нават копію зрабіць не дазволіла.

Арыгінал Акта аб незалежнасці Літвы знайшлі ў нямецкіх архівах пяць гадоў назад. Літве яго так і не аддалі.

— Карацей, пасля падпісання Брэсцкага міру на карце Еўропы павінна было з'явіцца Літоўскае Каралеўства...

— Яно так і не з'явілася. Даць сапраўдныя атрыбуты дзяржаўнасці і суверэнітэту літоўцам Германія збіралася толькі пасля заканчэння вайны... У лістападзе 1918 года загадала адышла ў нябыт Германская імперыя, нямецкія войскі пачалі адыходзіць. І ў тым жа лістападзе Савецкая Расія анулявала Брэсцкі мір і ўсе дадатковыя да яго пагадненні... А ў Літве тым часам узвысілі голас тыя дзеячы, што выступалі за поўную незалежнасць ад Германіі: маўляў, спадзяёмся на Антанту, яна нам дапаможа. 2 снежня 1918 года ў Коўне (сённяшні Каўнас) адбыўся, калі яго можна так назваць, дзяржаўны пераварот. Вальдэмарас сіламі сваіх узброеных прыхільнікаў адхіліў ад улады сябраў Тарыбы, ануляваў снежаньскую дэкларацыю, рэабілітаваў лютаўскую і сфарміраваў Часовы ўрад з сабой на чале. Але гэтаму ўраду не давялося доўга пакіраваць: у правячых колах пачалася мітусня. За 1919 год у так званай Ковенскай Літве змяніліся тры ўрады.

— І ўсё гэта адбывалася на вельмі невялікай тэрыторыі са сталіцай у Коўне...

— Прытым, што часовая Канстытуцыя Літвы, прынятая ўрадам Вальдэмараса, абвясціла Вільню вечнай і непадзельнай сталіцай дзяржавы. Той жа ўрад выставіў тэрытарыяльныя прэтэнзіі амаль да ўсіх суседзяў. Ад Латвіі патрабавалі аддаць Латгалію, Дзвінск на той падставе, што калісьці Інфлянты ўваходзілі ў склад ВКЛ. Былі выстаўлены тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Польшчы: «аддайце нам нашы Сувалкі». Да Германіі таксама былі пытанні: літоўцы лічылі сваёй усю Усходнюю Прусію. Прэтэнзіі былі і на землі Беларусі. Карацей кажучы, урад Вальдэмараса здолеў пасварыцца з усімі суседзямі. Але краіны Антанты, у якіх ён шукаў заступніцтва, не пайшлі насустрач яго тэрытарыяльным дамаганням, і урэшце Ковенская Літва аказалася бедным родзічам. Да таго ж у яе з'явіўся сур'ёзны праціўнік — створаная на занятых Чырвонай Арміяй тэрыторыях спачатку Савецкая Рэспубліка Літвы, а крыху пазней — ЛітБел. Прычым літоўскія камуністы таксама мелі свае віды на тэрыторыі — яны выставілі патрабаванне, каб пад юрысдыкцыю Савецкай Літвы былі перададзены ўсе тэрыторыі, якія Германія ўключыла ў меркаванае Літоўскае Каралеўства — у тым ліку і Заходнюю Беларусь. Справа дайшла да лакальнага ваеннага канфлікту паміж Савецкай Беларуссю і Савецкай Літвой — не маглі падзяліць тэрыторыю Віленшчыны. «Літоўскі Ленін» Вінцас Міцкявічус-Капсукас вельмі хваравіта рэагаваў нават на тое, што мінскія тэлеграфісты прыехалі аднаўляць правадную сувязь на тэрыторыях, якія ён лічыў літоўскімі... А калі была створана ЛітБел, якая праіснавала паўгода, з трох губерняў гэтай аб'яднай рэспублікі Віленскую і Гродзенскую яе кіраўнік Міцкявічус-Капсукас без сумненняў аднёс да Літвы...

Міжваенная карыкатура ў польскай прэсе «Адносіны Польшчы і Літвы» Пілсудскі: «На табе, цюцька, каўбаскі» (на каўбасцы напісана «Згода») Цюцька (Літва): «Нават калі мне дадуць Вільню, я ўсё роўна буду брахаць, каб аддалі Гродна і Беласток, бо такі я ёсць...»

Пакуль Савецкая Літва высвятляла адносіны з Ковенскай Літвой, якую абвясціла сваім галоўным ворагам, палякі захапілі Вільню... І пакідаць яе не думалі, бо Пілсудскі ішоў з ідэяй адраджэння ўсё той жа Рэчы Паспалітай. Хоць ён гатовы быў пакінуць літоўцам Ковенскую Літву — пад поўным польскім кантролем.

У 1920 годзе Савецкая Літва ўжо не існавала, а ў Ковенскай Літве да ўлады прыйшоў Антанас Смятона. У той час было зразумела, што Чырвоная Армія пойдзе на Захад, і было прынята рашэнне ўрэгуляваць адносіны з Савецкай Расіяй. У ліпені 1920-га быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога за літоўцамі прызнаваліся і Віленскі край, і беларускія Гродна, Ліда, Ваўкавыск... А Літоўская Рэспубліка давала магчымасць Расіі скарыстацца сваёй тэрыторыяй для баявых дзеянняў супраць Польшчы. Яна і скарысталася: «чырвоныя» занялі і Вільню, і Гродна, праўда, пад юрысдыкцыю Літвы перадаваць гарады не спяшаліся: маўляў, вось скончыцца вайна, тады...

— Але гэта было ненадоўга.

— У кастрычніку 1920 года польскі генерал Люцыян Жалігоўскі, які ўзбунтаваўся супраць Пілсудскага, здзейсніў марш-кідок на Вільню, заняў яе і абвясціў аб стварэнні новай дзяржавы — Сярэдняя Літва. Яна праіснавала да самага падпісання Рыжскага дагавора...

Антанта ж падтрымлівала Ковенскую Літву. Урэшце падчас перагавораў у Рызе на гэту невялікую рэспубліку было прапанавана распаўсюдзіць тыя ж прэферэнцыі, што на Эстонію і Латвію. У 1923 годзе Савет Лігі нацый пастанавіў перадаць Клайпедскі край Літве, якая дзякуючы гэтаму атрымала выхад да мора.

Антанас Смятона — «правадыр народа»,  аж да 1940-га не дапускаў да ўлады канкурэнтаў.

— А пытанне з Вільняй так і не было вырашана...

— Так, дэклараваная сталіца апынулася «пад Польшчай». Але менавіта ў гэты час у Літве былі створаны ўсе дзяржаўныя інстытуцыі. Упарадкавалася сістэма мясцовай улады, у Каўнасе быў створаны ўніверсітэт... Аднак пры ўсім гэтым на ўсіх пляцоўках Літва заяўляла, што палова яе тэрыторыі знаходзіцца пад акупацыяй Польшчы.

— Такой невялічкай краіне нават да эпохі глабалізацыі было цяжка выжыць...

— Да таго ж Літва страціла ўсе свае рынкі, усіх контрагентаў на Усходзе. Галоўным гандлёвым партнёрам для Літвы стала Германія, якая літаральна выкручвала Літве рукі, прымушаючы гандляваць па выгадных для немцаў цэнах. Калі ж не сыходзіліся на думках — пастаўкі той ці іншай прадукцыі з Літвы проста блакаваліся. Дайшло да таго, што паміж краінамі ў 1924 годзе ўсчалася так званая Гусіная вайна. Германія рэзка абмежавала квоты на завоз з Літвы жывой і бітай птушкі. А менавіта гусяціна была на той час адным з найважнейшых экспартных тавараў Літвы. Прыйшлося прэзідэнту краіны выдаваць указ, згодна з якім кожны чыноўнік павінен быў купіць за свае грошы ад шасці да дванаццаці птушак — такім чынам спрабавалі выратаваць дзяржаўны бюджэт.

— Вельмі падобна на сённяшнія санкцыі...

— Так, толькі мэты ў немцаў былі выключна эканамічныя — яны хацелі купляць гусяціну па выгаднай для сябе цане.

— А з СССР адносіны наладзіць не спрабавалі?

— Спрабавалі — на глебе агульнай варожасці да Польшчы. У 1926 годзе справа дайшла нават да перагавораў аб падпісанні савецка-літоўскага ваеннага пагаднення. Але яно так і не было сцверджана. Бо 17 снежня 1926 года Антанас Смятона здзейсніў дзяржпераварот, захапіў уладу, абвясціў сябе прэзідэнтам, атрымаўшы ад парламента тытул «правадыра народа». Адразу ж пасля гэтага парламент быў распушчаны (і не склікаўся да 1936 года), а ў краіне ўведзена ваеннае становішча. Пераварот атрымаў падтрымку і адабрэнне з боку Вялікабрытаніі. І ніякага ваеннага пагаднення з СССР, накіраванага супраць Польшчы, быць не магло, бо брытанцы Польшчай апекаваліся...

— Атрымліваецца, пэўны час у Літве ўсё вырашаў адзін чалавек?

— Так, «правадыр народа» правіў да чэрвеня 1940 года, не дапускаючы да ўлады канкурэнтаў. Праўда, як толькі паўстала пытанне ўласнай бяспекі, калі пачаўся працэс пераўтварэння Літвы ў народную рэспубліку, ён склаў паўнамоцтвы і хуценька з'ехаў у Германію, з Германіі ў Швейцарыю, а адтуль у ЗША. А там загінуў у 1944 годзе на пажары ва ўласным доме...

— Ад самага пачатку абвяшчэння і да 1940 года, з якога ў сучаснай Літве вядуць адлік «савецкай акупацыі», ці была Літва ў нейкі перыяд сапраўды незалежнай?

— Яна не была эканамічна самастойнай дзяржавай. Гандаль, як я казаў, быў завязаны на Германіі. З Латвіяй рэспубліка была ў контрах, з Польшчай дэмаркацыйная лінія звалася лініяй варожасці. Галоўнымі крэдыторамі Літвы ў той час былі англійскія і французскія банкі. Атрыбуты незалежнай дзяржавы былі створаны, але яны не былі падмацаваныя эканомікай... А яшчэ з прыбалтыйскіх краін міжваеннай незалежнасці быў, бадай што, самы высокі працэнт эміграцыі насельніцтва.

— Англічане і французы, фінансуючы эканоміку Літвы, мелі свае інтарэсы?

— Літва была для іх краінай-лімітрофам, часткай «санітарнай зоны» паміж СССР і Еўропай. Меркавалася, што ў выпадку канфлікту лімітрофы ўступяць у вайну з Саветамі. Але Літва была ненадзейным саюзнікам. Яна знаходзілася ў варожых адносінах з галоўным, самым буйным лімітрофам — Польшчай, а яшчэ з Латвіяй. Таму зрабіць яе абавязанай сваім крэдыторам было вельмі важна, і логіка еўрапейскіх краін тут абсалютна зразумелая...

— З невялікімі папраўкамі на сучаснасць — нібы пра сённяшні дзень гаворым...

— Маленькая дзяржава з вялікімі фантомнымі болямі...

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.