Вы тут

Як атрымаць статус бежанца ў Беларусі?


Падрыхтаваць хадайніцтва аб атрыманні статусу бежанца і пракансультаваць прыезджых з краіны-суседкі аб іх правах і абавязках на тэрыторыі Беларусі — такое рашэнне прыняла Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў (БРКА) і саветы тэрытарыяльных калегій адвакатаў кожнай вобласці, каб дапамагчы людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і мусілі пакінуць родную дзяржаву, а таксама членам іх сямей.


Нароўні з беларусамі

Адвакаты Беларусі гатовыя пракансультаваць аб умовах прадастаўлення грамадзянам Украіны і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай абароны, прыстанішча і часовай абароны ў Беларусі, запэўніў Максім Церашкоў, старшыня Мінскай абласной калегіі адвакатаў:

— Пакуль адны стараюцца «злавіць хайп» на падзеях, што адбываюцца ва Украіне, або зарабіць сабе папулярнасць, ствараючы бачнасць спачування праз лісты ў нікуды і заклікі ні да чаго, пры гэтым самі знаходзяцца ў камфортных і мірных умовах, іншыя намагаюцца дапамагчы ў сілу сваіх паўнамоцтваў. Беларускія адвакаты выступаюць толькі за мір, і нам неабыякавы далейшы лёс нашых суседзяў, якія мусілі бегчы з роднай краіны, таму мы гатовыя аказваць ім юрыдычную дапамогу. Толькі спецыялісты падкажуць, якія дакументы патрэбныя, каб атрымаць статус бежанца, і што трэба дзеля гэтага зрабіць.

Кожны чалавек, які прыязджае ў любую дзяржаву, павінен знаходзіцца ў ёй легальна, і беларускія адвакаты найперш расказваюць пра асаблівасці атрымання пэўнага статусу для легальнага пражывання ў Беларусі. Людзі, якія атрымліваюць у нас статус бежанца, набываюць у краіне шэраг правоў нароўні з беларусамі, а таксама магчымасць карыстацца пэўнымі выгодамі. Гэта права на часовае або пастаяннае пражыванне ў нашай краіне, атрыманне праязных дакументаў, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, адукацыю, судовую абарону і шэраг іншых правоў.

— У Беларусі на заканадаўчым і практычным узроўнях створана сістэма дапамогі, пры якой асоба, якая звернецца па дапамогу, не застанецца за дзвярыма пэўнага дзяржоргана. Людзі, якія прыехалі ў Беларусь у пошуках абароны, не будуць адчуваць сябе ўшчэмленымі з-за свайго веравызнання ці палітычных меркаванняў, нацыянальнай прыналежнасці ці аднясення да нейкай сацыяльнай групы, — падкрэсліў адвакат. — Тое, да чаго мы прывыклі ў Беларусі і лічым нормай, зусім па-іншаму можа быць арганізавана ў іншых дзяржавах. У нас «хуткая дапамога» не стане найперш высвятляць нумар страхавога поліса ці пашпартныя даныя, а толькі пасля спыняць кроў з разарванай артэрыі. Зусім наадварот: у нас урач акажа дапамогу, а пасля пачне высвятляць дакументальныя рэчы. А ў некаторых іншых краінах нормай лічыцца смерць ад 10 да 20 тысяч асоб пенсіённага ўзросту, якія памерлі ад пераахаладжэння ва ўласных дамах ці кватэрах. У Беларусі нават цяжка ўявіць, як гэта — замерзнуць у кватэры.

Бежанцы ў Беларусі могуць прэтэндаваць таксама на яднанне са сваёй сям'ёй і садзейнічанне ў атрыманні звестак аб сваяках ці асобах, якія пражывалі з імі да ўцёкаў з краіны. Яны маюць права на атрыманне грашовай дапамогі, памер і парадак выдзялення якой вызначаюцца Саўмінам Беларусі, а таксама выезд на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву.

Абавязацельствы за прыстанішча і страта статусу

Часам стабільнасць чалавеку надакучвае, і тады яму хочацца драйва ці трэшу. Такія сустракаюцца і сярод тых, хто прыязджае ў пошуках прыстанішча ў іншыя краіны. Аднак у Беларусі такога кшталту сацыяльнага і прававога экстрыму шукаць не варта. У нашай краіне неабходна прытрымлівацца ўстаноўленых парадкаў і нацыянальных каштоўнасцяў, перакананы старшыня адвакацкай калегіі:

— Тыя, хто цяпер да нас звяртаецца па дапамогу, атрымліваюць не толькі правы, але і абавязкі. А падрыхтаваныя адвакатамі дакументы для аддзела грамадзянства і міграцыі дапамагаюць людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не застацца сам-насам са сваімі праблемамі і не нарабіць з-за адчаю непапраўнага.

Асобы, што атрымалі статус бежанца, дарэчы, павінны на працягу пяці дзён стаць на ўлік у аддзел па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ) па месцы свайго часовага пражывання. У такі ж тэрмін яны павінны паведаміць пра змену свайго месца жыхарства (часовага ці пастаяннага), свайго імя, прозвішча, імя па бацьку ці сямейнага статусу, або пра набыццё грамадзянства іншай дзяржавы. Калі бежанцы захочуць пакінуць Беларусь, пра гэта таксама трэба будзе паведаміць у АГіМ.

Прыстанішча ў Беларусі можа атрымаць іншаземец (ці асоба без грамадзянства), які быў вымушаны пакінуць дзяржаву свайго грамадзянства, паколькі там ён праследаваўся за палітычныя ці рэлігійныя погляды або нацыянальную прыналежнасць. Прыстанішча даецца на час, пакуль у краіне, з якой збег чалавек, захоўваюцца прычыны, з-за якіх у Беларусі яму такое прыстанішча прадаставілі.

— Калі бежанец не можа самастойна пасяліцца на тэрыторыі Беларусі (у сям'і грамадзяніна нашай краіны ці іншаземца, якія мае права на пастаяннае пражыванне тут), ён можа пажыць у месцах часовага пасялення, — удакладніў адвакат. — У такіх месцах бежанец можа пажыць да афармлення дазволу на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, аднак не даўжэй за адзін год. Прыстанішча бежанцу можа быць прадастаўлена і ў спецыяльных жылых памяшканнях, якія прызначаны менавіта для часовага пражывання такой катэгорыі замежнікаў (калі ёсць свабодныя месцы).

За легальнае знаходжанне бежанцаў на тэрыторыі краіны адказваюць адпаведныя дзяржструктуры, задача якіх — якраз праверка ўсіх звестак пра такіх асоб. Парушаючы свае абавязацельствы бежанца, можна пазбавіцца гэтага статусу і прыстанішча. Страціць гэта можна з многіх прычын, і далёка не заўжды яны звязаныя з пэўнымі правапарушэннямі.

— Найперш статус бежанца аўтаматычна страчваецца, калі асоба атрымлівае грамадзянства Беларусі або скарысталася абаронай дзяржавы, грамадзянствам якой яна валодае, — удакладніў Максім Церашкоў. — Страчваецца статус бежанца і ў выпадках, калі ў дзяржаве, з якой уцякаў чалавек, больш няма падстаў, з-за якіх яму прадаставілі статус бежанца, або добраахвотна адмаўляецца ад статусу бежанца ці прыстанішча.

Статус бежанца або дадатковая абарона асобы могуць быць і ануляваны. Напрыклад, калі чалавек прадставіў няпэўныя або лжывыя звесткі аб сабе ці дакументы для атрымання статусу бежанца. Або калі чалавек не з'явіўся для пастаноўкі на ўлік у АГіМ на працягу трох месяцаў пасля накіравання яму копіі рашэння аб прадастаўленні статусу бежанца ці адмове ў гэтым.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.