Вы тут

Развіццё эканомікі будзе ісці з улікам генетычных даследаванняў


Аб тым, што развіццё эканомікі будзе ісці з улікам прагнозаў генетычных даследаванняў паведаміла дырэктар Гродзенскага навукова-даследчага цэнтра інавацыйных тэхналогій Вольга Епішка. Днямі яна брала ўдзел у пасяджэнні Савета Рэспублікі, дзе разглядалася пытанне аб унясенні змяненняў у Закон «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі». Чарговыя папраўкі датычаць каардынацыі генетычнага патэнцыялу з улікам ДНК-тэхналогій. Калі раней такія даследаванні для гаспадарак мелі рэкамендацыйны характар, цяпер яны сталі абавязковымі.


Новыя гарызонты селекцыі

Аснову цэнтра інавацыйных тэхналогій складае навукова-даследчая лабараторыя ДНК-тэхналогій. Створаны ён пры Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце на базе біятэхналагічнага факультэта. Дарэчы, будынак лічыцца гістарычнай каштоўнасцю, у пачатку ХХ стагоддзя тут месцілася рэальнае вучылішча, затым — гімназія, пазней — шпіталь, а ў 1950-х гадах ён быў перададзены аграрнаму ўніверсітэту.

Аддзелы лабараторыі невялікія, кампактныя, з шклянымі перагародкамі. Першае, што ўражвае — прыборы і абсталяванне. Дырэктар цэнтра называе іх робатамі. Сапраўды, яны цалкам апрацоўваюць матэрыял і выдаюць гатовы адказ. Напрыклад, прыбор, які дазваляе вызначыць генетычную каштоўнасць жывёлы, набыты за 1 мільён долараў. Часткова сродкі атрыманы з абласнога інавацыйнага фонду. У лабараторыі працуе 17 спецыялістаў, на год праводзіцца каля 40 тысяч экспертыз.

Пасля ўводнай экскурсіі размаўляем пра дзейнасць цэнтра.

— Раней племянная работа вялася доўгім шляхам традыцыйнай селекцыі, на гэта ішло 5-7 гадоў, траціліся вельмі вялікія сродкі. Але і гэтая работа не заўсёды прыносіла патрэбны вынік, — расказвае Вольга Епішка. — Калі выкарыстоўваем ДНК-тэхналогіі, мы не трацім сродкі на вырошчванне жывёлы, а можам прадказаць яе племянную каштоўнасць яшчэ на ўзроўні эмбрыёна. Вось чаму ўпор у новым Законе «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі» будзе зроблены менавіта на найноўшыя тэхналогіі. Цяпер кожная жывёліна павінна прайсці працэс вызначэння генатыпа, каб прагназаваць яе племянную каштоўнасць.

Закон ухвалены Саветам Рэспублікі — верхняй палатай парламента Беларусі — і ў хуткім часе будзе абавязковы для выканання. Па словах суразмоўніцы, Гродзенскі інавацыйны цэнтр гатовы да работы ў новых умовах. Лабараторыя мае ўсе патрэбныя акрэдытацыі, у тым ліку ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Усе методыкі і тэст-сістэмы распрацаваны самім цэнтрам, таму санкцыі ніякім чынам не могуць паўплываць на работу лабараторыі, заўважыла дырэктар цэнтра. У сваю чаргу, сродкі, якія ўдасца сэканоміць на племянной справе, могуць быць накіраваны, напрыклад, на мадэрнізацыю і будаўніцтва фермаў.

Малако без алергенаў

Навукоўцы называюць гэтае малако А2. Яно добра засвойваецца, бо яго бялок адрозніваецца ад звычайнага малака А1.

— Мы распрацавалі сістэму больш шырокага атрымання малака А2. Цяпер яно ёсць на прылаўках крамаў. Напрыклад, Лунінецкі малаказавод выпускае яго пад назвай «Асаблівае». Яго кошт ад 4 да 5 рублёў за 800 грамаў. Мы год фарміравалі гэты малочны статак, — распавядае дырэктар цэнтра. — Таксама ў малаку А2 зацікаўленае прадпрыемства «Беларуськалій», у сельгасгаспадарках якога 10 тысяч дойнага статка. Яны ўжо другі год тэсціруюць свой статак, каб атрымаць менавіта такое гіпаалергеннае малако.

Па словах суразмоўніцы, гэты від малочнай прадукцыі можа стаць добрай экспартнай пазіцыяй у будучым. Напрыклад, Кітай гатовы купляць яго за 10 долараў за літр. Але для гэтага патрэбныя вялікія аб'ёмы. А спецыяльныя ўпакоўкі дазваляюць захоўваць такое малако нават на працягу года.

ДНК-тэхналогіі дапамагаюць дабіцца атрымання такога малака на генетычным узроўні. Для гэтага трэба замяніць у бялковым ланцужку адну амінакіслату. «Новае» малако нічым па смаку не адрозніваецца ад звычайнага, яно рэкамендуецца людзям, якія маюць праблемы з яго ўжываннем. А такіх людзей не так і мала, у тым ліку дзяцей.

Таксама дойны статак можа мець «сырны» альбо «тварожны» кірунак. У залежнасці ад таго, які генатып будзе запраграмаваны.

Тузік ці Тэадор?

Адзін з новых напрамкаў дзейнасці цэнтра ДНК-тэхналогій датычыць генетычнага вывучэння сабак. Робіцца аналіз па пацвярджэнні радаслоўнай, а таксама па выяўленні генетычных захворванняў.

— Генетыка сабак сёння вельмі папулярная. Кошт племянных сабак дасягае 15 тысяч еўра. Раней такія тэсты праводзіліся ў Расіі, а нядаўна мы пачалі практыкаваць гэту экспертызу ў сваім цэнтры. Распрацавалі методыкі амаль па ста пародах. Ведаем усіх заводчыкаў сабак, самі ездзім на выстаўкі, — расказала спецыяліст. — Нядаўна адкрылі ў сябе ветэрынарную клініку, таму адбор матэрыялу робім на месцы.

Здаць аналіз можна і дыстанцыйна. Для гэтага выдаецца спецыяльны набор з анкетай і правіламі. У лабараторыі выяўляюць да паўтары сотні розных хвароб. Запатрабаваныя і даследаванні, што «падказваюць» найбольш спрыяльную фазу для апладнення. Менавіта такія разлікі прагназуюць найбольшую колькасць шчанят.

Недаверлівыя бабулі

Лабараторыя мае вопыт пацвярджэння сваяцтва людзей. І гэты пласт не толькі цікавы, але і эмацыянальна складаны нават для саміх работнікаў. Бо ў некаторых выпадках вынік становіцца сапраўдным ударам для заяўнікоў. Як правіла, робіцца аналіз на роднасць мужчын і іх дзяцей. Вольга прыгадвае выпадак, калі мужчына, даведаўшыся, што дзіця не яго, страціў прытомнасць проста ў лабараторыі.

— Чаму такія сумненні ўзнікаюць? Магчыма, падчас нейкіх разладаў, разводаў, калі мужчына паграджае адабраць дзіця, а жонка парыруе, што яно наогул не яго, і гэта для яго ўдар. Між тым, менавіта ён фактычна з'яўляецца бацькам, таму жонка не мае права пазбавіць мужчыну дзіцяці, але людзі не заўсёды ведаюць юрыдычныя тонкасці, — паясняе навуковец.

За мінулы год колькасць такіх экспертыз вырасла ўдвая і дасягнула 400. Звычайна людзі робяць аналізы для сябе, бо для суда пры заборы матэрыялу патрэбная прысутнасць сведкаў. Не кожны хоча афішаваць гэты працэс. Экспертыза дапамагае вырашыць спрэчку ў дасудовым парадку. Як правіла, для аналізу бяруць эпітэлій за шчакой. Гэты матэрыял найбольш гарантуе дакладнасць.

Па словах дырэктара цэнтра ДНК-тэхналогій, даволі часта прыходзяць бабулі, каб упэўніцца, што іх сыны гадуюць родный дзяцей, а нявесткі не падманваюць. Але яны дарэмна сумняваюцца, кажа Вольга: у іх яшчэ не было выпадкаў, калі б аналізы матэрыялаў, прынесеныя недаверлівымі свякрухамі, пацвердзілі іх падазрэнні. Як правіла, ДНК-даследаванне пацвярджае сваяцтва, але здараюцца і кур'ёзы.

— Была жанчына, якая амаль год вадзіла мужчын, каб вызначыць бацьку ўласнага дзіцяці. Адзін, другі, трэці — ніводны не аказаўся бацькам. Тады яна засумнявалася, ці маці яна? Падумала, што, можа, дзіця падмянілі ў раддоме. Зрабілі экспертызу, аказалася, што яна маці. І толькі з чацвертага разу нарэшце бацька пацвердзіўся, прычым той, пра якога і не думала. Мы самі са спачуваннем сачылі за гэтай гісторыяй, — прызналася Вольга Епішка.

З апошніх методык цэнтра — экспертыза на рызыкі захворванняў у людзей. Таксама з дапамогай ДНК-тэхналогій з'явілася магчымасць дапамагаць сем'ям, якія плануюць нараджэнне дзяцей.

Цяпер вядзецца распрацоўка ДНК-тэста «Спорт», які дазволіць раскрыць фізічны патэнцыял будучых спартсменаў. Работнікі цэнтра будуць прапаноўваць праводзіць аналізы дзецям спартыўных школ. Бо часта бацькі аддаюць дзяцей для заняткаў спортам, але не заўсёды сям'я правільна вызначаецца з яго відам. На высвятленне часам ідзе не адзін год. Экспертыза можа даць патрэбную рэкамендацыю.

У канцы нашай размовы дырэктар установы заўважыла, што любая экспертыза — гэта яшчэ палова справы. Яна не дасць добрых вынікаў у той жа племянной селекцыі, калі не будзе галоўнага — якаснага кармлення і якаснага ўтрымання. Без гэтага жывёліны не рэалізуюць свой генетычны патэнцыял. Так і чалавек. У яго генетычна закладзены пэўны талент, але з-за розных фактараў ён не зможа яго развіваць, калі не прыкладзе для гэтага намаганняў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».