Вы тут

У Магілёве ўшанавалі памяць малалетніх вязняў Вялікай Айчыннай вайны


Сёння, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, у Магілёве каля помніка «Дзецям вайны» адбыўся жалобны мітынг-рэквіем, да мемарыялу былі ўскладзены кветкі.


Прадстаўнікі мясцовай ўлады, працоўных калектываў, грамадзянскіх арганізацый, моладзь. Успомнілі пра тое, якія жахі вайны прыйшлося перажыць дзецям вайны. Асвенцым, Майданек, Трэблінка, Трасцянец, Азарычы, Алітус, 9-ы форт Каўнаса, Чырвоны Бераг — гэтыя і іншыя лагеры смерці сталі месцамі масавага знішчэння людзей, у тым ліку дзяцей. На тэрыторыі Магілёўскай вобласці існавала некалькі дзесяткаў лагераў. Самыя буйныя з іх — Лупалаўскі, Бабруйскі і Крычаўскі. 

Сёння ў Магілёўскай вобласці засталося меней чым 400 чалавек з ліку непаўналетніх вязняў вайны. 

— Мы робім усё для таго, каб данесці суровую праўду той вайны да сённяшняга пакалення, — паведаміла член Магілёўскай абласной асацыяцыі малалетніх вязняў фашысцкай няволі Вольга Гапеева. — Уцешна, што пра нас памятаюць, адзначаюць, шануюць. Мы перажылі такое, што нікому б не пажадаў. Ні ў якім разе нельга дапусціць, каб вайна паўтарылася. Я нарадзілася ў 1943-м годзе і цудам засталася жыць. Пры адступленні з Магілёва немцы ўсю нашу сямю, у тым ліку і мяне, вывезлі на тэрыторыю Польшчы. Але ў ходзе вызвалення тэрыторыі Польшчы савецкія войскі нас адбілі. 

Мітынгі, сустрэчы, хвіліны памяці, прысвечаныя Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў прайшлі сёння па ўсёй Магілёўскай вобласці. У вёсцы Гарадзішча Семукацкага сельсавета адбылася сустрэча з сямю вязніцамі вайны. Жанчыны ўспомнілі сваё ваеннае дзяцінства, а навучэнцы школы зрабілі для іх невялічкі канцэрт. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Магілёўскага райвыканкама, Савета ветэранаў, раённага цэнтра сацаблагоўвання, БРСМ. 

У Магілёве ў гасцях у былых вязніц, якія зараз жывуць у Доме ветэранаў, пабывала член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Наталля Тарасенка. Яна падзякавала ім за іх мужнасць і самаадданасць, за прыклад у рабоце і цвёрдую грамадзянскую пазіцыю і ўручыла прадуктовыя пакеты. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ (Дом ветэранаў)

Фота мітынга-рэквіема з сайта mogilev-region.gov.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.