Вы тут

Якія новыя тэхналогіі прапануецца ўкараніць у сістэме ЖКГ?


«Разумныя» датчыкі на смеццевых баках могуць дазволіць адрэгуляваць вываз смецця такім чынам, каб тэхніка, якая выязджае на лінію, збірала адходы з цалкам напоўненых бакаў, а не, як гэта нярэдка здараецца цяпер, з напампаваных на траціну або, наадварот, перапоўненых настолькі, што побач складзіравана пакетаў яшчэ на дзве такія ж ёмістасці. Падобныя прылады функцыянуюць у Гродне на дзесяці пляцоўках з будаўнічымі кантэйнерамі і плануюцца да ўкаранення ў Дзяржынску на заглыбленых кантэйнерах. А ў Паставах на заводзе «Беліт» атрымліваюць цеплаэнергію ад спальвання адходаў тэкстыльных ануч і зношанага адзення. Спецыялісты сведчаць, што такая сыравіна здольная даць столькі ж цяпла, як дубовыя ці яловыя дровы і пры гэтым валодае меншай зольнасцю.


Фота: БелТА

Вугал нахілу смеццевых бакаў

Эксперты ўпэўнены, што з дапамогай датчыкаў, устаноўленых на сметніцах, вываз смецця стане аптымальным. Можна будзе пабудаваць аптымальныя маршруты смеццявозаў, а таксама кантраляваць месцазнаходжанне тэхнікі і сметніц. Датчыкі могуць функцыянаваць не толькі на спецыяльна распрацаванай пад іх платформе, але і з любой іншай сістэмай.

Прынцып работы досыць просты. З дапамогай ультрагукавых хваляў замяраецца адлегласць да цвёрдай паверхні ў кантэйнеры, і па сетцы інфармацыя пра гэта высылаецца на сервер. Паказчыкі напаўняльнасці здымаюцца раз на гадзіну і перадаюцца кожныя чатыры гадзіны. Аднак калі напаўняльнасць хуткая, то звесткі перадаюцца часцей, расказаў Іван Церах, начальнік тэхнічнага аддзела кампаніі «Ньюлэнд тэхноладжы», стваральнік датчыкаў напаўняльнасці смеццевых кантэйнераў:

— Праграмнае забеспячэнне аналізуе даныя, захоўвае іх і робіць справаздачы. Можна фарміраваць гнуткія справаздачы ў залежнасці ад інфармацыі, якая адпраўляецца на сервер. А таксама задаваць гранічныя ўмовы на фарміраванне пэўных з'яў — напрыклад, стварыць паведамленне для аператара, што бак напоўніцца праз дзве гадзіны. Арганізацыя, якая валодае такімі тэхналогіямі перадачы звестак, можа аналізаваць назапашванне адходаў і якасць прыборкі, правільна размяркоўваць паліўныя і машынныя рэсурсы на вываз смецця. Такім чынам можна прадбачыць неабходнасць у стварэнні новых смеццевых пляцовак або набыцця дадатковай тэхнікі.

Наяўнасць датчыкаў дазволіць таксама прадухіліць выпадкі паломкі, перакульвання, крадзяжу і нават узгарання бакаў. Прылада «бачыць», што са сметніцай адбываецца нешта не тое, і адразу паведамляе пра гэта на сервер, а аператар можа аператыўна зрэагаваць на атрыманы сігнал. Для гэтага дадаткова на сметніцу можна прыстасаваць датчык вугла нахілу і (або) gps-датчык.

На думку Анатоля Шагуна, начальніка ўпраўлення ўстановы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», такая сістэма аптымальная для домаўладанняў таварыстваў уласнікаў і розных аб'ектаў сацкультбыту (бальніцы, школы, паліклінікі), якія могуць дазволіць сабе кантэйнеры не па графіку, а па ступені напаўняльнасці:

— Аднак для ЖКГ у цэлым масава прымяніць новы падыход, з-за таго, што ў гаспадарцы існуе планава-рэгулярная сістэма, яшчэ цяжкавата. Сістэма вывазу смецця (колькасць кантэйнераў і графік іх вывазу) наладжвалася зыходзячы з вопыту, сярэдніх нарматываў, каэфіцыенту запасу аб'ёму кантэйнераў яшчэ з савецкіх часоў. Магчыма, можна паспрабаваць зрабіць гэта ў якасці эксперымента ў пэўнай арганізацыі, каб паглядзець на атрыманы вынік.

Зношанае адзенне як крыніца паліва

Кандыдатам на ролю аднаго з відаў мясцовага паліва ў Беларусі могуць стаць адходы з тэкстыльных ануч і зношанага адзення, лічаць спецыялісты, якія вывучаюць цеплатворную здольнасць гэтага смецця. На заводзе «Беліт» у Паставах з закупленай з-за мяжы сыравіны робяць старызну і прадаюць іншым арганізацыям. Тое, што застаецца, з 2021 года тут спальваюць у спецыяльнай устаноўцы.

Такая сыравіна добра збіраецца, не патрабуе асаблівых умоў захоўвання, не ўтрымлівае небяспечных для здароўя рэчываў, мае чацвёрты клас бяспекі, заўважыў Віктар Голубеў, загадчык сектара «Тэхналогіі ўтылізацыі адходаў» Інстытута энергетыкі НАН Беларусі:

— Для эксперыментаў бралі палову звычайных адходаў, палову — са спецадзення. Самым энерганасычаным аказалася штучнае футра (27,7 МДж/кг), абрэзкі тканіны даюць каля 20 МДж/кг, зашпількі маланкі — 19,4 МДж/кг. Падчас тэрмічнай апрацоўцы без доступу кіслароду (або піролізу) спачатку пачынаюць раскладацца баваўняныя валокны, пасля — віскоза і капрон, лаўсан і нарэшце гумападобныя злучэнні. Пасля піролізу адходы, якія ўжо сталі попелам, захоўваюць сваю форму — гэта сведчанне таго, што там яшчэ ёсць чаму дагараць. Так што гэта не самы рацыянальны шлях.

На думку навукоўцаў, аптымальная тэхналогія для выкарыстання адходаў вытворчасці старызны — газагенерацыя. На першым этапе з ануч атрымліваюць генератарны газ (пры строгім кантролі колькасці падаванага кіслароду). На другім — гэты газ спальваецца, а цеплаэнергіяй абаграюцца вытворчыя памяшканні прадпрыемства, а летам падаграецца вада.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».