Вы тут

Міклашэвіч: Канстытуцыйны суд — арбітр у сістэме дзяржаўнай улады


Перадача шматлікіх паўнамоцтваў, датычных судовай улады, Усебеларускаму народнаму сходу (УНС), права беларусаў заяўляць індывідуальную канстытуцыйную скаргу, магчымасць афіцыйнага тлумачэння Канстытуцыі і аб'яўлення імпічмента Прэзідэнту. Пра гэтыя і іншыя змены ў канстытуцыйным правасуддзі Беларусі, якія будуць адлюстраваны ў Канстытуцыі, расказалі прадстаўнікі галіны.


УНС і закон аб грамадзянскай супольнасці

Мяркуецца, што УНС набудзе статус найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Беларусі і зможа выбіраць і вызваляць ад пасады старшынь і суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. А дэлегатамі сходу могуць быць прэзідэнт краіны, прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, а таксама грамадзянскай супольнасці. Аднак на заканадаўчым узроўні не вызначана, што прадстаўляе сабой грамадзянская супольнасць, якія суб'екты ў яе ўваходзяць, заўважыў Тадэвуш Варановіч, суддзя Канстытуцыйнага Суда:

— Прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці сёння сябе часта называюць тыя асобы ці аб'яднанні, якія фактычна знаходзяцца ў апазіцыі да існуючай улады. Але ж гэта не так. Грамадзянская супольнасць — значна больш грунтоўная, яе прадстаўнікі выступаюць за нашу дзяржаву, жадаюць дабрабыту нашаму народу. Каб у далейшым фарміраваць Усебеларускі народны сход, абавязкова будзе прыняты і закон аб грамадзянскай супольнасці.

Паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда (КС) у новай рэдакцыі Канстытуцыі істотна перагледжаны. Адной з грунтоўных змен, чаго раней ніколі не было, стала магчымасць для беларусаў падаваць індывідуальную канстытуцыйную скаргу на парушэнне праў і свабод у канкрэтнай справе, разгледжанай судом, калі чалавек лічыць, што закон не адпавядаў Канстытуцыі.

— Каб гэтая норма запрацавала, павінна быць адпаведная працэдура. Яе неабходна прапісаць у законе аб канстытуцыйным судаводстве. Таму мы рыхтуем свае прапановы аб тым, якія трэба ўносіць змены ў закон аб канстытуцыйным судаводстве. Палажэнні Канстытуцыі павінны ўвасабляцца ў пэўных законах і іншых нарматыўных актах — тады галоўны закон краіны будзе жывы, і мы будзем па ім жыць, — падкрэсліў суддзя.

А вось амаль незаўважнай зменай у Канстытуцыі стала выдаленне інфармацыі пра гранічны 70-гадовы ўзрост суддзяў для выканання імі прафесійных абавязкаў. Гэтая мяжа і так вызначана ў Законе аб статусе суддзяў і судаводстве, і яна там засталася. А вось калі ўзнікне неабходнасць нешта памяняць ва ўзроставым вызначэнні суддзяў, зрабіць гэта будзе значна прасцей, змяніўшы закон, а не Канстытуцыю, патлумачыў Тадэвуш Варановіч.

Праверка ад упаўнаважаных суб'ектаў і грамадзян

Цяперашні будынак КС узведзены ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. З 1990-га тут змяшчаўся Камітэт дзяржкантролю, а да гэтага — Інстытут гісторыі партыі, а затым архіў. На першым паверсе — зала судовых пасяджэнняў, у якой няма вокнаў. Кажуць, што гэта проста асаблівасці архітэктуры. На другім паверсе — невялікі музей, экспанаты якога расказваюць аб гісторыі стварэння Канстытуцыйнага Суда, які, як вядома, равеснік Канстытуцыі.

Закон «Аб дзейнасці Канстытуцыйнага Суда» быў прыняты 30 сакавіка 1994 года, праз два тыдні пасля прыняцця Канстытуцыі. Яго галоўнай задачай стаў кантроль за канстытуцыйнасцю ўсіх нарматыўна-прававых актаў (НПА).

— На першым этапе (з 1994 да 1996) праходзіла станаўленне Канстытуцыйнага Суда. Дзейнасць яго адбывалася на падставе прапаноў упаўнаважаных суб'ектаў, у ліку якіх быў Прэзідэнт, старшыня Вярхоўнага Савета, не менш як 70 дэпутатаў, генеральны пракурор, урад, Вярхоўны і Вышэйшы гаспадарчы суды, — нагадаў старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч. — Пасля канстытуцыйнай рэформы на рэферэндуме 1996-га пачаўся другі этап канстытуцыйнага правасуддзя. КС быў пазбаўлены права ініцыяваць разгляд спраў. Адаведна, скарацілася колькасць упаўнаважаных суб'ектаў, правамоцных звяртацца ў суд. Такая прэрагатыва засталася ў Прэзідэнта, дзвюх палат урада, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў. За гэты час на разгляд паступіла 76 зваротаў, і больш як 50 актаў рознага ўзроўню было прызнана неканстытуцыйнымі.

Трэцім этапам стаў 2008 год, калі быў прыняты Дэкрэт Прэзідэнта № 14, які пашырыў кампетэнцыі КС. Прэзідэнт надзяліў КС паўнамоцтвамі праверкі ўсіх законаў, прынятых парламентам, перш чым яны накіроўваліся на подпіс кіраўніку дзяржавы. За гэты час больш за 1200 законаў прайшлі абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці, а Канстытуцыйным Судом было сфармулявана больш за 250 прававых пазіцый, у якіх парламенту было ўказана на прававыя прабелы і нявызначанасці, што патрабавалі ўстаранення.

— Грамадзяне не мелі права на зварот у Канстытуцыйны Суд, таму ў 2014-м мы ініцыявалі змены ў заканадаўства (8 студзеня 2014-га быў прыняты Закон «Аб канстытуцыйным судаводстве». — Аўт.), каб людзі маглі звяртацца ў КС калі не напрамую, то ўскосна — праз упаўнаважаных суб'ектаў. Штогод да ўпаўнаважаных асоб такім чынам паступала 50—70 такіх зваротаў, — расказаў старшыня КС.

Магчымасць прамога звароту грамадзян у КС дзеля ўстаранення прабелаў у прававой нявызначанасці нарматыўна-прававых актаў, калі гэта закранае канстытуцыйныя правы і свабоды, была замацавана ў главе 24 закона. На падставе зваротаў ад грамадзян было прынята больш
за 50 рашэнняў па ўстараненні прававой нявызначанасці.

Тлумачэнне Канстытуцыі і імпічмент Прэзідэнту

Сёлета настае чацвёрты этап развіцця канстытуцыйнага правасуддзя, паўнамоцтвы якога значна пашыраюцца. Да гэтага ў КС на канстытуйным узроўні было замацавана дзве функцыі: праверка канстытуцыйнасці НПА па прапановах упаўнаважаных суб'ектаў і дача заключэння аб наяўнасці фактаў сістэматычнага ці грубага парушэння палатамі парламента Канстытуцыі. Цяпер жа іх будзе 11, паведаміў старшыня КС:

— Кантроль за канстытуцыйнасцю НПА захаваўся, пры гэтым дадаўся новы ініцыятар — прэзідыум УНС. Калі сход будзе сфарміраваны, яго прэзідуум мае права звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд і праверыць канстытуцыйнасць таго ці іншага нарматыўна-прававога акта. Мы пазбаўляемся ад абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў і пераходзім да так званага факультатыўнага папярэдняга кантролю іх канстытуцыйнасці.

Гэта значыць, калі ў Прэзідэнта перад падпісаннем узнікнуць сумненні ў канстытуцыйнасці закона ці нейкіх нормаў, ён зможа накіраваць дакумент у КС для праверкі яго канстытуцыйнасці. Суддзі на працягу двух тыдняў павінны даць заключэнне, ці адпавядае дакумент Галоўнаму закону краіны. Такім чынам, на думку суддзяў, да іх будуць трапяць найбольш грамадска значныя і рэзанансныя законы.

КС надзяляецца таксама правам афіцыйнага тлумачэння Канстытуцыі. Да апошніх змен гэтай магчымасцю валодаў толькі парламент, які цяпер не будзе гэтага рабіць. Суддзі Канстытуцыйнага Суда атрымаюць права і на разгляд канстытуцыйнасці выбараў Прэзідэнта і парламента — ці адпавядаюць гэтыя працэсы Канстытуцыі. КС таксама будзе правяраць канстытуцыйнасць пытанняў, вынесеных на рэферэндум. Прычым адбывацца гэта будзе (згодна з прапановай Прэзідэнта) перш чым рэферэндум прызначаць, паколькі ініцыяваць пытанні для яго могуць і грамадзяне, і парламент, і УНС.

— Мы таксама будзем даваць заключэнні аб сістэмным ці грубым парушэнні Канстытуцыі не толькі парламентам, але і Прэзідэнтам. Гэта будзе падставай для магчымага імпічмента Прэзідэнту. Такім чынам надзяленне КС такімі паўнамоцтвамі робіць яго рэальным канстытуцыйным арбітрам у сістэме дзяржаўнай улады, — падкрэсліў старшыня Канстытуцыйнага Суда.

Індывідуальная канстытуцыйная скарга

У новай рэдакцыі Канстытуцыі прадугледжана магчымасць чалавека падаваць індывідуальную скаргу ў КС (без звароту да ўпаўнаважаных суб'ектаў). Аднак тут існуюць два крытэрыі. Першы — гэта толькі норма закона і другі — каб праверыць законнасць прынятага ў судах агульнай юрысдыкцыі рашэння, яно павінна быць праверана на ўзроўні Вярхоўнага Суда. Да таго ж патрэбны час на прывядзенне ў парадак законаў, таму падаць канстытуцыйную скаргу чалавек зможа не раней, чым праз два гады. І новаўвядзенне зусім не азначае, што будзе разглядацца 100 % скаргаў, патлумачыў Пётр Міклашэвіч:

— Парламенту (згодна з Канстытуцыяй) адведзена два гады на тое, каб прыняць Закон аб УНС, адпаведныя змены ў Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Закон аб Канстытуцыйным судаводстве. Неабходна будзе скарэкціраваць каля сотні законаў і прыняць яшчэ шэраг законаў, каб яны адпавядалі палажэнням абноўленай Канстытуцыі. У расійскі Канстытуцыйны Суд штогод паступае 15—20 тысяч індывідуальных канстытуцыйных скаргаў ад грамадзян. Аднак суддзі разглядаюць прыкладна 500 з іх. Калі падаеш скаргу, трэба прывесці ў ёй аргументы, якія заслугоўваюць увагі, а не проста напісаць, што не падабаецца закон. Тады зварот будзе прыняты да разгляду з вынясеннем адпаведнага рашэння. У нас таксама будуць існаваць фільтры, каб разглядаць, ці ёсць у звароце грамадзяніна адпаведныя аргументы, каб прымаць рашэнне па скарзе.

Суддзі разлічваюць, што да падачы індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі будуць падключацца адвакаты, каб звароты былі аргументаваныя. А грамадзяне будуць праяўляць актыўнасць і ўзважанасць у прыняцці такіх рашэнняў.

Замацавана ў Галоўным законе і такое паўнамоцтва, як прэюдыцыйны запыт суда. Калі ў самога суда ўзнікнуць сумненні ў канстытуцыйнасці пэўнага НПА, які трэба прымяніць, то ён мае права прыпыніць справу і звярнуцца ў КС.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.